Капітанская дачка/XI. Мяцежная слабада
← X. Аблога горада | Раздзел XI. Мяцежная слабада Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін Пераклад: Кузьма Чорны |
XII. Сірата → |
"В ту пору лев был сыт, хоть с роду он свиреп.
"За чем пожаловать изволил в мой вертеп?"
Спросил он ласково".
А. Сумарокаў.
Я пакінуў генерала і памчаў на сваю кватэру. Савельіч сустрэў мяне з звычайнымі сваімі ўшчункамі.
— Ахвота табе, васпан, пераведвацца з п'янымі разбойнікамі! Ці панская гэта справа? Да бяды недалёка; ні за што загінеш. І добра-б ужо хадзіў ты на турку або на шведа, а то грэх і сказаць на каго.
Я перапыніў яго гутарку пытаннем: колькі ў мяне ўсяго грошай?
— Хопіць з цябе, — адказаў ён з здаволеным выглядам. — Машэннікі як там не шарылі, а я ўсё-ткі паспеў схаваць. — І з гэтым словам ён выняў з кішэні даўгі вязаны кашалёк, поўны срэбра.
— Ну, Савельіч, — сказаў я яму, — аддай-жа мне цяпер палову, а астатняе вазьмі сабе. Я еду ў Белагорскую крэпасць.
— Бацюхна Пётр Андрэіч! — сказаў добры дзядзька дрыгатлівым голасам. — Пабойся бога; як табе пускацца ў дарогу ў цяперашні час, калі нікуды праезду няма ад разбойнікаў! Пашкадуй ты сваіх бацькоў, калі сам сябе не шкадуеш. Куды табе ехаць? Чаго? Пачакай трохі: войскі прыдуць, пераловяць машэннікаў; тады едзь сабе хоць на ўсе чатыры бакі.
Але намер мой быў цвёрда вырашаны.
— Позна разважаць, — адказаў я старому, — я павінен ехаць, я не магу не ехаць. Не сумуй, Савельіч: бог літасцівы; а можа ўбачымся! Глядзі-ж, не саромся і не скупіся. Купляй, што табе будзе патрэбна, хоць у тры разы даражэй. Грошы гэтыя я табе дару. Калі праз тры дні я не вярнуся...
— Што ты гэта, васпан? — перапыніў мяне Савельіч. — Каб я цябе пусціў аднаго! Ды гэтага і ў сне не прасі. Калі ты ўжо наважыў ехаць, дык я хоць пехатою ды пайду за табой, а цябе не пакіну. Каб я стаў без цябе сядзець за каменнай сцяною! Ды хіба я звар'яцеў? Воля твая, васпан, а я ад цябе не адстану.
Я ведаў, што з Савельічам спрачацца не было як, і дазволіў яму падрыхтавацца ў дарогу. Праз поўгадзіны я сеў на свайго добрага каня, а Савельіч на худую і кульгавую клячу, якую задарма аддаў яму адзін з гарадскіх жыхароў, не маючы больш чым карміць яе. Мы прыехалі да гарадскіх варот; вартавыя нас прапусцілі; мы выехалі з Орэнбурга.
Пачынала змяркацца. Шлях мой ішоў міма Бердскай слабады[1], прыстанішча пугачоўскага. Простая дарога замецена была снегам; але па ўсім стэпе відаць былі конскія сляды, якія штодня аднаўляліся. Я ехаў шпаркай рыссю. Савельіч ледзве мог паспяваць за мною здалёк і крычаў мне што хвіліны:
— Цішэй, васпан, богам прашу, цішэй! Праклятая кляча мая не ўгоніцца за тваім доўганогім чортам. Куды спяшаешся? Добра-б на баль, а то пад абух, таго і чакай... Пётр Андрэіч... бацюхна Пётр Андрэіч!.. Не пагубі!.. Госпадзі ўладыка, загіне панскае дзіця!
Неўзабаве замігцелі бердскія агні. Мы пад'ехалі да яроў, прыродных умацаванняў слабады. Савельіч ад мяне не адставаў, не спыняючы жаласных сваіх маленняў. Я спадзяваўся аб'ехаць слабаду шчасліва, як раптам убачыў у сузмроку проста перад сабой чалавек пяць мужыкоў, узброеных дубінкамі: гэта была перадавая варта пугачоўскага прыстанішча. Нас гукнулі. Не ведаючы пароля[2], я хацеў моўчкі праехаць міма іх; але яны мяне зараз-жа абкружылі, і адзін з іх схапіу каня майго за повад. Я выхапіў шаблю і ўдарыў мужыка па галаве; шапка выратавала яго, аднак ён захістаўся і выпусціў з рук повад. Іншыя збянтэжыліся і адбеглі; я скарыстаў гэту хвіліну, прышпорыў каня і памчаў.
Цемрадзь надыходзячай ночы магла збавіць мяне ад усякай небяспекі, як раптам, аглянуўшыся, убачыў я, што Савельіча са мною не было. Бедны стары на сваім кульгавым кані не мог уцячы ад разбойнікаў. Што было рабіць? Пачакаўшы яго некалькі хвілін і ўпэўніўшыся ў тым, што ён затрыман, я павярнуу каня і рушыў яго выручаць.
Пад'язджаючы пад яр, пачуў я здалёк шум, крыкі і голас майго Савельіча. Я паехаў хутчэй і неўзабаве апынуўся зноў паміж вартавымі мужыкамі, якія спынілі мяне некалькі хвілін таму назад. Савельіч быў сярод іх. Яны сцягнулі старога з яго клячы і рыхтаваліся вязаць. Калі я пад'ехаў, яны ўзрадваліся. Яны з крыкам кінуліся на мяне і ў момант сцягнулі з каня. Адзін з іх, відаць галоўны, абвясціў нам, што ён зараз павядзе нас да гасудара.
— А наш бацюхна, — дадаў ён, — загадае: зараз вас павесіць, ці дачакацца божага дня. Я не спіраўся; Савельіч узяў з мяне прыклад, і вартавыя павялі нас з урачыстасцю.
Мы перабраліся праз яр і ўвайшлі ў слабаду. Ва ўсіх хатах гарэлі агні. Шум і крыкі чуліся ўсюды. На вуліцы я сустрэў шмат народу; але ніхто ў цемрадзі нас не заўважыў і не пазнаў ва мне орэнбургскага афіцэра. Нас прывялі проста пад хату, якая стаяла на рагу скрыжавання. Каля варот стаяла некалькі вінных бочак і дзве гарматы.
— Вось і палац, — сказаў адзін з мужыкоў: — зараз аб вас даложым. — Ен увайшоў у хату. Я глянуў на Савельіча; стары хрысціўся, шэпчучы сам сабе малітву. Я чакаў доўга; нарэшце мужык вярнуўся і сказаў мне:
— Ідзі; наш бацюхна загадаў упусціць афіцэра.
Я ўвайшоў у хату або ў палац, як называлі яе мужыкі. Яна асветлена была двума сальнымі свечкамі, а сцены абклеены былі залатою папераю; урэшце, лаўкі, стол, рукамыйнік на аборачцы, рушнік на цвіку, вілкі ў кутку і шырокі прыпечак, устаўлены гаршкамі, — усё было як у звычайнай хаце. Пугачоў сядзеў пад абразамі, у чырвоным жупане, у высокай шапцы і важна падбачыўшыся. Каля яго стаяла некалькі з галоўных яго таварышоў, з выглядам прытворнай ліслівасці. Відаць было, што вестка аб прыбыцці афіцэра з Орэнбурга ўзняла ў бунтаўнікоў вялікую цікаўнасць, і што яны падрыхтаваліся сустрэць мяне з урачыстасцю. Пугачоў пазнаў мяне з першага погляду. Падробленая важнасць яго раптам знікла.
— А, ваша благароддзе! — сказаў ён мне з жвавасцю. — Як жывеш? Чаго цябе бог прынёс? — Я адказаў, што ехаў па сваёй справе, і што людзі яго мяне спынілі.
— А па якой справе? — спытаўся ён у мяне. Я не ведаў, што адказаць. Пугачоў, думаючы, што я не хачу сказаць пры сведках, звярнуўся да сваіх таварышоў і загадаў ім выйсці. Ўсе паслухаліся, акрамя двух, якія не крануліся з месца.
— Гавары смела пры іх,—сказаў мне Пугачоў: — ад іх я нічога не таю. — Я глянуў наўкось на прыбліжаных самазванца. Адзін з іх, шчуплы і згорблены дзядок з сівою барадою, не меў у сабе нічога выдатнага, акрамя блакітнай ленты, надзетай праз плячо па шэрай світцы. Але век не забуду яго таварыша. Ён быў высокага росту, уродны і шырокаплечы, і здаўся мне гадоў сорак пяць. Густая рыжая барада, шэрыя, бліскатлівыя вочы, нос без ноздраў і чырванаватыя плямы на ілбе і на шчоках надавалі яго рабому, шырокаму твару выраз невымоўны. Ён быў у чырвонай кашулі, у кіргізскім халаце і ў казацкіх шараварах. Першы (як даведаўся я потым) быў збеглы капрал Белабародаў[3]; другі — Афанасій Сокалаў (празваны Хлапушам[4]), ссыльны злачынец, які тры разы ўцякаў з сібірскіх капальняў. Не гледзячы на пачуцці, якія выключна мяне хвалявалі, кампанія, у якой я так нечакана апынуўся, дужа займала маё ўяўленне. Але Пугачоў прывёў мяне ў сябе сваім запытаннем:
— Кажы: па якой-жа справе выехаў ты з Орэнбурга?
Дзіўная думка прышла мне ў галаву: мне здалося, што лёс, які другі раз прывёў мяне да Пугачова, даваў мне выпадак пусціць у ход мой намер. Я адважыў яго скарыстаць і, не паспеўшы абдумаць тое, на што адважваўся, адказаў на запытанне Пугачова:
— Я ехаў у Белагорскую крэпасць вызваліць сірату, якую там крыўдзяць.
Вочы ў Пугачова заблішчэлі.
— Хто з маіх людзей можа крыўдзіць сірату? — закрычаў ён. — Будзь ён сем пядзяў у ілбе, а ад суда майго не міне. Кажы: хто вінаваты?
— Швабрын вінаваты, — адказаў я. — Ён трымае ў няволі тую дзяўчыну, якую ты бачыў, хворую, у пападдзі, і гвалтам хоча на ёй ажаніцца.
— Я правучу Швабрына, — сказаў грозна Пугачоў. — Ён будзе ведаць, як у мяне свавольнічаць і крыўдзіць народ. Я яго павешу.
— Загадай слова вымавіць, — сказаў Хлапуша хрыплым голасам. — Ты паспяшаўся прызначыць Швабрына ў каменданты крэпасці, а цяпер спяшаешся яго вешаць. Ты ўжо абразіў казакоў, пасадзіўшы двараніна ім у начальнікі; не пудзь-жа дваран, караючы іх па першай намове.
— Няма чаго іх ні шкадаваць, ні ўзносіць! — сказаў дзядок у блакітнай ленце. — Швабрына пакараць не бяда; а не дрэнна і пана афіцэра дапытаць парадкам: чаго з'явіўся сюды. Калі ён цябе за гасудара не прызнае, дык няма чаго ў цябе і ўправы шукаць; а калі прызнае, што-ж ён да сёнешняга дня сядзеў у Орэнбургу з тваімі супастатамі? Ці не загадаеш звадзіць яго ў прыказную, ды запаліць аганьку: мне здаецца, што яго міласць падасланы да нас ад орэнбургскіх камандзіраў.
Логіка старога ліхадзея здалася мне даволі пераканаўчаю. Мароз прабег па ўсім маім целе пры думцы, у чыіх руках я знаходзіўся. Пугачоў заўважыў маю збянтэжанасць.
— Ась, ваша благароддзе? — сказаў ён мне, падміргваючы. — Фельдмаршал мой, здаецца, кажа да рэчы. Як ты думаеш?
Насмешка Пугачова вярнула мне бадзёрасць. Я спакойна адказаў, што я знаходжуся пад яго ўладаю і што ён можа зрабіць са мною, як яму захочацца.
— Добра, — сказаў Пугачоў. — Цяпер скажы, у якім стане ваш горад.
— Дзякуй богу, — адказаў я; — усё добра.
— Добра? — паўтарыў Пугачоў. — А народ мрэ з голаду!
Самазванец казаў праўду; але я па абавязку прысягі пачаў запэўняць, што ўсё гэта хлуслівыя чуткі і што ў Орэнбургу даволі ўсякіх запасаў.
— Ты бачыш, — падхапіў дзядок, — што ён табе ў вочы маніць. Усе ўцекачы ў адзін голас паказваюць, што ў Орэнбургу голад і мор, што там ядуць мярцвечыну, і то, каб была; а яго міласць запэўняе, што ўсяго ўдосталь. Калі ты Швабрына хочаш павесіць, дык ужо на той-жа шыбеніцы павесь і гэтага малайца, каб нікому не было зайздросна.
Словы праклятага старога, здавалася, пахіснулі Пугачова. На шчасце Хлапуша пачаў пярэчыць свайму таварышу.
— Годзе, Навумыч, — сказаў ён яму. — Табе-б усё душыць і рэзаць. Што ты за багатыр? Паглядзець, дык у чым душа трымаецца. Сам у магілу глядзіш, а другіх губіш. Хіба мала крыві на тваёй душы?
— Ды ты што за ўгоднік? — сказаў на гэта Белабародаў. — У цябе гэта адкуль жаласлівасць узялася?
— Канешне, — адказаў Хлапуша, — і я грэшны, і гэта рука (тут ён сціснуў свой кастлявы кулак і, закасаўшы рукавы, адкрыў калматую руку), і гэта рука вінавата ў пралітай хрысціянскай крыві. Але я губіў супраціўніка, а не гасця; на вольным раздарожжы ды ў цёмным лесе, не дома, седзячы за печкаю; кісцянём і абухом, а не бабскай намоваю.
Стары адвярнуўся і прабурчэў словы:
— Ірваныя ноздры!
— Што ты там шэпчаш, стары грыб? — закрычаў Хлапуша. — Я табе дам ірваныя ноздры; пачакай, прыдзе і твой час; бог дасць, і ты клешчаў панюхаеш... А пакуль глядзі, каб я табе барадзёнкі не вырваў!
— Панове енералы! — агаласіў важна Пугачоў. — Годзе вам сварыцца. Не бяда, калі-б і ўсе орэнбургскія сабакі дрыгалі нагамі пад адной перакладзінай: бяда калі нашы між сабою перагрызуцца. Ну, памірыцеся.
Хлапуша і Белабародаў не сказалі ні слова і хмура глядзелі адзін на аднаго. Я ўбачыў неабходнасць змяніць гутарку, якая магла скончыцца для мяне вельмі невыгодным чынам, і, звярнуўшыся да Пугачова, сказаў яму з вясёлым выглядам:
— Ах! я быў і забыўся падзякаваць табе за каня і кажух. Без цябе я не дабраўся-б да горада і замёрз-бы на дарозе.
Манеўр мой удаўся. Пугачоў развесяліўся.
— Дар за дар[5], — сказаў ён, міргаючы і прыжмурваючыся. — Раскажы мне цяпер, якая табе справа да той дзяўчыны, якую Швабрын крыўдзіць? Ужо ці не зазноба сэрца маладзецкага? га?
— Яна нявеста мая, — адказаў я Пугачову, бачачы спрыяючую перамену пагоды і не адчуваючы патрэбы таіць праўду.
— Твая нявеста! — закрычаў Пугачоў. — Што-ж ты раней не сказаў? Ды мы цябе ажэнім, і на вяселлі тваім пагуляем! —Потым, звяртаючыся да Белабародава:
— Слухай, фельдмаршал! Мы з яго благароддзем старыя прыяцелі; сядзем ды павячэраем; "утро вечера мудренее". Заўтра паглядзім, што з ім зробім.
Я рад быў адмовіцца ад прапанаванай ласкі, але рабіць было няма чаго. Дзве маладыя казачкі, дочкі гаспадара хаты, заслалі стол белым абрусам, прынеслі хлеба, квашаніны і некалькі штофаў з віном і півам, і я другі раз апынуўся за адным сталом з Пугачовым і яго страшнымі таварышамі.
Оргія, якой я быў мімавольным сведкам, цягнулася да глыбокай ночы. Нарэшце хмель пачаў адольваць субяседнікаў. Пугачоў задрамаў, седзячы на сваім месцы; таварышы яго ўсталі і далі мне знак пакінуць яго. Я вышаў разам з імі. Па загаду Хлапушы, вартавы адвёў мяне ў прыказную хату, дзе я знайшоў і Савельіча і дзе мяне пакінулі з ім пад замком. Дзядзька быў так здзіўлены ўсім, што адбывалася, што не зрабіў мне ніякага запытання. Ён улёгся ў цемры і доўга ўздыхаў і вохаў; нарэшце захроп, а я аддаўся раздум'ям, якія праз усю ноч ні на хвіліну не далі мне задрамаць.
Раніцай прышлі мяне зваць ад імя Пугачова. Я пайшоў да яго. Каля варот яго стаяла кібітка, запрэжаная тройкаю татарскіх коней. Народ тоўпіўся на вуліцы. У сенцах сустрэў я Пугачова: ён быў апрануты па-дарожнаму, у футры і ў кіргізскай шапцы. Учарашнія субяседнікі абкружалі яго, узяўшы на сябе выгляд ліслівасці, які дужа пярэчыў усяму, чаму я быў сведкам напярэдадні. Пугачоў весела са мною прывітаўся і загадаў мне садзіцца з ім у кібітку.
Мы ўселіся.
— У Белагорскую крэпасць! — сказаў Пугачоў шырокаплечаму татарыну, які, стоячы, правіў тройкаю. Сэрца маё моцна забілася. Коні рушылі, званок загрымеў, кібітка паляцела...
— Стой! стой! — пачуўся-голас, вельмі мне знаёмы, — і я ўбачыў Савельіча, які бег нам насустрач. Пугачоў загадаў спыніцца. — Бацюхна Пётр Андрэіч! — крычаў дзядзька. — Не пакінь мяне на старасці гадоў сярод гэтых машэн...
— А, стары грыб! — сказаў яму Пугачоў. — Зноў бог даў убачыцца. Ну, садзіся на козлы.
— Дзякуй, гасудар, дзякуй, бацька родны! — гаварыў Савельіч, усаджваючыся. — Дай бог табе сто гадоў жыць за тое, што мяне, старога, не абмінуў і супакоіў. Век за цябе буду бога маліць, а пра заячы кажух і спамінаць ужо не стану.
Гэты заячы кажух мог нарэшце не на жарты раззлаваць Пугачова. На шчасце, самазванец або не расчуў, або не даў увагі недарэчнаму намёку. Коні паімчалі; народ на вуліцы спыняўся і кланяўся ў пояс. Пугачоў ківаў галавою на абодва бакі. Праз хвіліну мы выехалі з слабады і паімчаліся па гладкай дарозе.
Лёгка можна сабе ўявіць, што адчуваў я ў гэту хвіліну. Праз некалькі гадзін павінен я быў убачыцца з тою, якую лічыў ужо для мяне страчанаю. Я ўяўляў сабе хвіліну нашага злучэння... Я думаў таксама і пра таго чалавека, у чыіх руках знаходзіўся мой лес, і які па дзіўнаму спалучэнню абставін таемна быў са мною звязаны. Я ўспамінаў аб ачмурэлай лютасці, аб крыважэрных прывычках таго, хто вызываўся быць збавіцелем маёй любай! Пугачоў не ведаў, што яна была дачка капітана Міронава; раззлаваны Швабрын мог адкрыць яму ўсё; Пугачоў мог даведацца аб праўдзе і другім чынам... Што тады будзе з Мар'яй Іванаўнай? Холад прабег па майму целу, і валасы станавіліся дыбам...
Раптам Пугачоў перапыніў мае раздум'і, звярнуўшыся да мяне з запытаннем:
— Аб чым, ваша благароддзе, задумаўся?
— Як не задумацца, — адказаў я яму. — Я афіцэр і дваранін; учора яшчэ біўся супроць цябе, а сягоння еду з табой у адной кібітцы, і шчасце ўсяго майго жыцця залежыць ад цябе.
— Што-ж? — спытаўся Пугачоў. — Страшна табе?
Я адказаў, што, быўшы аднойчы ўжо ім памілаваны, я спадзяваўся не толькі на яго літасць, але нават і на дапамогу.
— І ты маеш рацыю, яй богу, маеш! — сказаў самазванец. — Ты бачыў, што мае хлопцы глядзелі на цябе скоса; а стары і сягоння настойваў на тым, што ты шпіён, і што трэба цябе катаваць і павесіць; але я не згадзіўся, — дадаў ён, знізіўшы голас, каб Савельіч і татарын не маглі яго пачуць, — помнячы тваю шклянку віна і заячы кажух. Ты бачыш, што я не такі яшчэ крывапівец, як кажа пра мяне ваша брація.
Я ўспомніў як бралася Белагорская крэпасць, але не палічыў патрэбным пярэчыць яму і не адказаў ні слова.
— Што кажуць пра мяне ў Орэнбургу? — спытаўся Пугачоў, памаўчаўшы трохі.
— Ды кажуць, што з табою зладзіць цяжкавата; няма чаго сказаць: даўся ты ў знакі.
На твары самазванца засвяцілася ганарлівая здаволенасць.
— Так, — сказаў ён з вясёлым выглядам. — Я ваюю хоць куды. Ці ведаюць у вас у Орэнбургу пра бітву над Юзеевай[6]? Сорак енералаў забіта, чатыры арміі ўзята ў палон. Як ты думаеш: прускі кароль мог-бы са мной пацягацца?
Выхваленне разбойніка здалося мне пацешным.
— Сам як ты думаеш? — сказаў я яму; — ці ўправіўся-б ты з Фрыдэрыхам[7]?
— З Фёдарам Фёдаравічам? А як-жа не? З вашымі енераламі я-ж упраўляюся; а яны яго бівалі. Дасюль зброя мая была шчаслівая. Дай час, ці тое яшчэ будзе, як пайду на Маскву.
— А ты думаеш ісці на Маскву?
Самазванец крыху задумаўся і сказаў упоўголас:
— Бог ведае. Вуліца мая цесная; волі мне мала. Хлопцы мае мудруюць. Яны зладзеі. Мне трэба трымаць вуха востра, пры першай няўдачы яны сваю шыю выкупяць маёю галавою.
— То-ж бо! — сказаў я Пугачову. — Ці не лепей табе адстаць ад іх самому, загадзя, ды звярнуцца да міласэрнасці гасударыні?
Пугачоў горка ўсміхнуўся.
— Не, — адказаў ён; — позна мне каяцца. Для мяне не будзе памілавання. Буду рабіць як пачаў. Як ведаць? А можа і ўдасца! Грышка Отрэп'еў пацараваў-жа над Масквою.
— А ведаеш ты, чым ён скончыў? Яго выкінулі з акна, зарэзалі, спалілі, набілі яго попелам гармату і стрэлілі!
— Слухай, — сказаў Пугачоў з нейкім дзікім натхненнем. — Раскажу табе казку, якую ў дзяцінстве мне расказвала старая калмычка. Аднойчы арол пытаўся ў ворана: — Скажы, воран-птушка, чаму жывеш ты на белым свеце трыста год, а я ўсяго толькі трыццаць тры гады? — Таму, бацюхна, адказаў яму воран, што ты п‘еш жывую кроў, а я жыўлюся мярцвечынай. Арол падумаў: давай паспрабуем і мы жывіцца тым-жа. Добра. Паляцелі арол ды воран. Вось убачылі здохлага каня; спусціліся і селі. Воран пачаў дзяўбці, ды пахвальваць. Арол дзеўбануў раз, дзеўбануў другі, махнуў крылом і сказаў ворану: не, брат воран; як трыста год жывіцца падлаю, лепш раз напіцца жывой крывёю, а там што бог дасць! — Як калмыцкая казка?
— Цікавая, — адказаў я яму. — Але жыць забойствам і разбоем, значыць, на маю думку, дзяўбці мярцвечыну.
Пугачоў паглядзеў на мяне з здзіўленнём і нічога не адказаў. Абодва мы замоўклі, акунуўшыся кожны ў свае раздум'і. Татарын завёў невясёлую песню; Савельіч, дрэмлючы, хістаўся на козлах. Кібітка ляцела гладкім зімовым шляхам... Раптам убачыў я вёску на крутым беразе Яіка, з частаколам і званіцай — і праз чвэртку гадзіны ўехалі мы ў Белагорскую крэпасць.
Зноскі
[правіць]- ↑ Бердская слабада – слабада каля Орэнбурга, адкуль Пугачоў кіраваў аблогай горада
- ↑ Пароль – умоўнае слова для пропуску
- ↑ І.Н. Белабародаў – адстаўны салдат-артылерыст, які ўзняў паўстанне сярод заводскіх рабочых на пермскіх заводах
- ↑ Хлапуша – селянін, адзін з буйнейшых правадыроў пугачоўшчыны, які кіраваў атрадамі паўстаўшых уральскіх рабочых
- ↑ Адпаведна руск. прыказцы ў арыгінале – «Долг платежом красен»
- ↑ Юзеева – вёска, пад якою Пугачоў нанёс 9 лістапада 1773 г. паражэнне ўрадавым войскам, пасланым пад начальствам генерала Кара на выручку Орэнбурга
- ↑ Фрыдэрых II – прускі кароль Фрыдрых Вялікі (1712-1786), адзін з найбольш славутых еўрапейскіх палкаводцаў XVIII века