Перайсці да зместу

Капітанская дачка/IX. Разлука

З пляцоўкі Вікікрыніцы
VIII. Няпрошаны госць Раздзел IX. Разлука
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Пераклад: Кузьма Чорны
X. Аблога горада

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




"Сладко было спознаваться
Мне, прекрасная, с тобой;
Грустно, грустно расставаться.
Грустно, будто бы с душой".
Хераскаў.[1]

На заўтра рана разбудзіў мяне барабан. Я пайшоў на зборнае месца. Там строіліся ўжо натоўпы пугачоўскія каля шыбеніцы, дзе ўсё яшчэ віселі ўчарашнія ахвяры. Казакі стаялі конна, салдаты са стрэльбамі на плячах. Сцягі развявался. Некалькі гармат, паміж якімі я пазнаў і нашу, пастаўлены былі на паходныя лафеты[2]. Усе жыхары знаходзіліся тут-жа, чакаючы самазванца. Каля ганка каменданцкага дома казак трымаў прыгожага белага каня кіргізскай пароды. Я шукаў вачыма цела камендантшы. Яно было аднесена крыху ўбок і прыкрыта рагожаю. Нарэшце Пугачоў вышаў з сяней. Народ зняў шапкі. Пугачоў спыніўся на ганку і з усімі павітаўся. Адзін з старшынь падаў яму мяшок з меднымі грашыма, і ён пачаў іх кідаць прыгаршчамі. Народ з крыкамі кідаўся іх падбіраць, і справа абышлася не без калецтва. Пугачова абкружылі галоўныя з яго супольнікаў. Між імі стаяў і Швабрын. Погляды нашы сустрэліся; у маім ён мог прачытаць пагарду, і ён адвярнуўся з выразам шчырай злосці і прытворнай насмешлівасці. Пугачоў, убачыўшы мяне ў натоўпе, кіўнуў мне галавою і падазваў да сябе:

— Слухай, — сказаў ён мне. — Рушай зараз-жа ў Орэнбург і абвясці ад мяне губернатару і ўсім генералам, каб чакалі мяне да сябе праз тыдзень. Парай ім сустрэць мяне з дзіцячай любасцю і паслухмянствам; іначай не мінуць ім лютай кары. Шчаслівай дарогі, ваша благароддзе! — Потым звярнуўся ён да народу і сказаў, паказваючы на Швабрына.

— Вось вам, дзетушкі, новы камандзір. Слухайцеся яго ва ўсім, а ён адказвае мне за вас і за крэпасць. — З жудасцю пачуў я гэтыя словы: Швабрын рабіўся начальнікам крэпасці; Мар'я Іванаўна заставалася пад яго ўладаю! Божа, што з ёю будзе! Пугачоў сышоў з ганка. Яму падвялі каня. Ён спрытна ўскочыў у сядло, не дачакаўшыся казакаў, якія хацелі былі падсадзіць яго.

У гэты час, з натоўпу народу, бачу, выступіў мой Савельіч, падыходзіць да Пугачова і падае яму аркуш пацеры. Я не мог прыдумаць, што з таго выйдзе.

— Гэта што? — спытаўся важна Пугачоў.

— Прачытай, там будзеш мець ласку бачыць, — адказаў Савельіч. Пугачоў узяў паперу і доўга разглядаў з выглядам многазначным.

— Што ты так мудравата пішаш? — сказаў ён нарэшце. — Нашы светлыя вочы не могуць нічога разабраць. Дзе мой обер-сакратар[3]?

Малады хлапчына ў капральскім мундзіры спрытна падбег да Пугачова.

— Чытай уголас, — адказаў самазванец, аддаючы яму паперу. Я надзвычай цікавіўся даведацца, аб чым дзядзька мой уздумаў пісаць Пугачову. Обер-сакратар гучна пачаў па складах чытаць наступнае:

"Два халаты, міткалевы і шоўкавы паласаты, на шэсць рублёў".

— Гэта што значыць? — сказаў, нахмурыўшыся, Пугачоў.

— Загадай чытаць далей, — адказаў спакойна Савельіч.

Обер-сакратар чытаў:

"Мундзір з тонкага зялёнага сукна, на сем рублёў.

"Штаны белыя суконныя, на пяць рублёў.

"Дванаццаць кашуль палатняных галандскіх з манжэтамі, на дзесяць рублёў.

"Паграбец з чайнаю пасудаю, на два рублі з паловаю..."

— Што за лухта?—перапыніў Пугачоў. — Якая мне справа да паграбцоў і да штаноў з манжэтамі?

Савельіч крэкнуў і пачаў тлумачыць.

— Гэта, бацюхна, маеш бачыць, рэестр панскаму дабру, раскрадзенаму ліхадзеямі...

— Якімі ліхадзеямі? — спытаўся грозна Пугачоў.

— Вінават: не тое сказаў, — адказаў Савельіч.— Ліхадзеі не ліхадзеі, а твае малайцы, такі пашарылі, ды парасцягалі. Не гневайся: конь мае і чатыры нагі ды спатыкаецца. Загадай ужо дачытаць.

"Коўдра паркалёвая, другая тафцяная на бавоўне, чатыры рублі.

"Футра лісіная, крытая чырвоным рацінам, 40 рублёў.

"Яшчэ заячы кажушок, падораны тваёй міласці на пастаялым дварэ, 15 рублёў".

— Гэта што яшчэ! — ускрыкнуў Пугачоў, бліснуўшы агністымі вачыма.

Прызнаюся, я перапалохаўся за беднага майго дзядзьку. Ён хацеў быў пусціцца зноў у тлумачэнні, але Пугачоў яго перапыніў:

— Як ты адважыўся лезці да мяне з такой дрэнню? — ускрыкнуў ён, выхапіўшы паперу з рук сакратара і кінуўшы яе ў твар Савельічу. — Дурны стары! Іх абабралі: якая бяда! Ды ты павінен, стары грыб, вечна бога маліць за мяне і за маіх малайцоў за тое, што ты і з панам сваім не вісіце тут разам з маімі непаслушнікамі... Заячы кажух! Я табе дам заячы кажух! Ды ці ведаеш ты, што я з цябе жывога скуру загадаю здзерці на кажухі?

— Як твая ласка, — адказаў Савельіч; — а я чалавек паднявольны, і за панскае дабро павінен адказваць.

Пугачоў быў, відаць, у прыпадку велікадушнасці. Ён адвярнуўся і ад'ехаў, не сказаўшы болей ні слова. Швабрын і старшыны рушылі за ім. Шайка выступіла з крэпасці ў парадку. Народ пайшоў праважаць Пугачова. Я застаўся на пляцы адзін з Савельічам. Дзядзька мой трымаў у руках свой рэестр і разглядаў яго з выглядам глыбокага жалю.

Бачачы маю добрую згоду з Пугачовым, ён думаў ужыць гэта на карысць; але мудры намер яму не ўдаўся. Я пачаў быў яго лаяць за недарэчную гарлівасць і не мог утрымацца ад смеху.

— Смейся, васпан, — адказаў Савельіч: — смейся; а як прыдзецца нам нанова заводзіцца ўсёй гаспадаркаю, дык паглядзім, ці смешна будзе.

Я спяшаўся ў дом свяшчэнніка ўбачыцца з Мар'яй Іванаўнай. Пападдзя сустрэла мяне з сумнай весткаю. Уночы ў Мар'і Іванаўны адкрылася моцная гарачка. Яна ляжала без памяці і ў трызні. Пападдзя ўвяла мяне ў яе пакой. Я ціха падышоў да яе ложка. Змена ў яе твары здзівіла мяне. Хворая мяне не пазнала. Доўга стаяў я перад ёю, не слухаючы ні айца Герасіма, ні добрай жонкі яго, якія, здаецца, мяне суцяшалі. Пахмурныя думкі хвалявалі мяне. Становішча беднай, адзінокай сіраты, пакінутай сярод злосных мяцежнікаў, уласнае маё бяссілле палохалі мяне. Швабрын, Швабрын больш за ўсё катаваў маё ўяўленне. Надзелены ўладаю ад самазванца, верхаводнічаючы ў крэпасці, дзе заставалася няшчасная дзяўчына — нявінны прадмет яго нянавісці, ён мог пайсці на ўсё. Што мне было рабіць? Як дапамагчы ёй? Як вызваліць з рук ліхадзея? Заставаўся адзін сродак: я вырашыў зараз-жа адправіцца ў Орэнбург, каб падагнаць вызваленне Белагорскай крэпасці, і па магчымасці таму садзейнічаць. Я развітаўся з свяшчэннікам і з Акулінай Памфілаўнай, з жарам даручаючы ёй тую, якую лічыў ужо сваёю жонкаю. Я ўзяў руку беднай дзяўчыны і пацалаваў яе, абліваючы слязмі.

— Бывайце, — гаварыла мне пападдзя, праважаючы мяне; — бывайце Пётр Андрэіч. А можа і ўбачымся ў лепшы час. Не забывайцеся на нас і пішыце нам часцей. Бедная Мар'я Іванаўна, акрамя вас, не мае зараз ні ўцехі, ні заступніка.

Вышаўшы на пляц, я спыніўся на хвіліну, глянуў на шыбеніцу, пакланіўся ёй, вышаў з крэпасці і пайшоў па Орэнбургскай дарозе разам з Савельічам, які ад мяне не адставаў.

Я ішоў, заняты сваім раздум‘ем, як раптам пачуў за сабою конскі тупат. Аглянуўся; бачу: з крэпасці скача казак, трымаючы башкірскага каня за павады і робячы здалёк мне знакі. Я спыніўся і неўзабаве пазнаў нашага ўрадніка. Ён, падскакаўшы, злез з свайго каня і сказаў, аддаючы мне павады другога:

— Ваша благароддзе! Бацька наш вам дорыць каня і футру з свайго пляча (да сядла прывязан быў аўчынавы кажух). Ды яшчэ, — дадаў запінаючыся ўраднік, — дорыць ён вам... поўрубля грошай... ды я пагубляў яго дарогаю: даруйце велікадушна. — Савельіч паглядзеў на яго скрыва і прабурчэў:

— Пагубляў дарогаю! А што-ж у цябе пазвоньвае за пазухай? Бяссовесны!

— Што ў мяне за пазухаю пазвоньвае? — сказаў на гэта ўраднік, ані не збянтэжыўшыся. — Бог з табою, старэнькі! Гэта брынкае вуздэчка, а не поўрубля.

— Добра, — сказаў я, перапыняючы спрэчку. — Дзякуй ад мяне таму, хто цябе прыслаў; а згублены поўрубель пастарайся падабраць варочаючыся назад і вазьмі сабе на гарэлку.

— Вельмі ўдзячан, ваша благароддзе, — адказаў ён, паварочваючы свайго каня; вечна за вас буду бога маліць. — Пры гэтых словах ён паскакаў назад, трымаючыся адной рукою за пазуху, і праз хвіліну знік.

Я надзеў кажух і сеў конна, пасадзіўшы за сабою Савельіча.

— Вось бачыш, васпан, — сказаў стары, — што я не дарма падаў машэнніку скаргу: злодзею стала сорамна, хоць башкірская доўгалыгая кляча ды кажух з аўчыны не варты і паловы таго, што яны машэннікі, у нас укралі, і таго, што ты яму сам меў ласку дарыць; ды ўсё-ж згодзіцца, а з ліхога сабакі хоць шэрсці клок.

Зноскі

[правіць]
  1. М.М. Хераскаў (1733-1807) – вядомы паэт XVIII века
  2. Лафет – станок, на якім умацоўваецца гармата
  3. Обер-сакратар – галоўны сакратар