Капітанская дачка/VIII. Няпрошаны госць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
VII. Прыступ Раздзел VIII. Няпрошаны госць
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Пераклад: Кузьма Чорны
IX. Разлука

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Няпрошаны госць горш за татарына.
Прыказка.

Пляц апусцеў. Я ўсё стаяў на адным месцы і не мог упарадкаваць думкі, збянтэжаныя гэткімі жахлівымі ўражаннямі.

Невядомасць пра лёс Мар‘і Іванаўны больш за ўсё мяне мучыла. Дзе яна? што з ёю? ці паспела схавацца? ці надзейны яе прытулак?.. Поўны трывожных думак, я ўвайшоў у камендандкі дом... Усё было пуста: крэслы, сталы, сундукі былі пераломаны; пасуда перабіта; усё парасцягана. Я ўзбег па маленькай лесніцы, якая вяла ў святліцу, і першы раз у жыцці ўвайшоў у пакой Мар'і Іванаўны. Я ўбачыў яе пасцель,перарытую разбойнікамі; шафа была разламана і абрабавана; лампадка цеплілася яшчэ перад апусцелым ківотам. Уцалела і люстэрка, якое вісела ў міжаконні... Дзе-ж была гаспадыня гэтай ціхай, дзявоцкай кельі? Жахлівая думка мільгнула ў галаве маёй: я ўявіў яе ў руках у разбойнікаў... Сэрца маё сціснулася... Я горка, горка заплакаў і голасна вымавіў імя маёй любай. У гэту хвіліну пачуўся лёгкі шум, і з-за шафы з'явілася Палаша, збялеўшая і трасучаяся.

— Ах, Пётр Андрэіч! — сказала яна, успляснуўшы рукамі. — Які дзянёк! Якое страхоцце!..

— А Мар'я Іванаўна? — спытаўся я нецярпліва. — Што Мар‘я Іванаўна?

— Паненка жыва, — адказала Палаша. — Яна схавана ў Акуліны Памфілаўны.

— У пападдзі! — ускрыкнуў я з жахам. — Божа мой! там-жа Пугачоў!..

Я кінуўся вон з пакоя, у момант апынуўся на вуліцы і кулём пабег у дом свяшчэнніка, нічога не бачачы і не адчуваючы. Там узнімаліся крыкі, рогат і песні... Пугачоў баляваў з сваімі таварышамі. Палаша прыбегла туды-ж за мною. Я падаслаў яе выклікаць ціхенька Акуліну Памфілаўну. Праз хвіліну пападдзя вышла да мяне ў сенцы, з пустым штофам у руках.

— Богам прашу! дзе Мар'я Іванаўна? — спытаўся я з невымоўным хваляваннем.

— Ляжыць, мая галубка, у мяне на ложку, там за пераборкаю, — адказала пападдзя. — Ну, Пётр Андрэіч, ледзь было не вышла бяда, ды, дзякуй богу, усё прайшло добра: ліхадзей толькі што ўсеўся абедаць, як яна, мая небарачка, прачнецца ды застогне! Я так і абмерла. Ён пачуў:

— А гэта хто ў цябе вохае, старая? Я злодзею ў пояс: пляменніца мая, гасудар, захварэла, ляжыць, вось ужо другі тыдзень.

— А маладая твая пляменніца?

— Маладая, гасудар.

— А пакажы мне, старая, сваю пляменніцу. — У мяне сэрца так і ёкнула, ды не было чаго рабіць.

— Будзь ласкаў, гасудар; толькі дзеўка не зможа ўстаць і прысці да тваёй міласці.

— Нічога, старая, я і сам пайду пагляджу. — І пайшоў-жа пракляты за пераборку; як ты думаеш! адшморгнуў шырму, глянуў ястрабінымі сваімі вачыма — і нічога... бог вынес! А ці верыш, я і бацька мой так ужо і прырыхтаваліся да мучаніцкай смерці. На шчасце, яна, мая галубка, не пазнала яго. Госпадзі ўладыка, дачакаліся мы свята! Няма чаго казаць! бедны Іван Кузьміч! хто-б падумаў!.. А Васіліса Егораўна? А Іван Ігнацьіч? Яго за што?.. Як гэта вас памілавалі? А які Швабрын, Аляксей Іваныч? Абстрыгся-ж у кружок і цяпер у нас тут-жа з імі балюе! Спрытны, няма чаго казаць! А як сказала я пра хворую пляменніцу, дык ён, ці верыш, так глянуў на мяне, быццам нажом наскрозь; аднак не выказаў, дзякуй яму і за тое. — У гэтую хвіліну пачуліся п'яныя крыкі гасцей і голас айца Герасіма. Госці патрабавалі віна, гаспадар клікаў сумяшканку. Пападдзя захадзілася.

— Ідзіце сабе дамоў, Пётр Андрэіч, — сказала яна; — цяпер не да вас: у ліхадзеяў папойка ідзе. Бяда, трапіцеся пад п'яную руку. Бывайце, Пётр Андрэіч. Што будзе, то будзе; а можа бог не пакіне!

Пападдзя пайшла. Трохі супакоены, я пайшоў да сябе на кватэру. Праходзячы паўз пляц, я ўбачыў некалькі башкірцаў, якія тоўпіліся каля шыбеніцы і сцягвалі боты з павешаных; ледзьве стрымаў я агонь абурэння, адчуваючы бескарыснасць заступніцтва. Па крэпасці бегалі разбойнікі, рабуючы афіцэрскія дамы. Усюды чуліся крыкі п'янствуючых мяцежнікаў. Я прышоў дамоў. Савельіч сустрэў мяне каля парога.

— Дзякуй богу!—ускрыкнуў ён, убачыўшы мяне. — Я ўжо думаў, што ліхадзеі ізноў цябе падхапілі. Ну, бацюхна Пётр Андрэіч! ці верыш? усё ў нас разграбілі машэннікі: адзежу, бялізну, рэчы, пасуду — нічога не пакінулі. Ды што ўжо! Дзякуй богу, што цябе жывога адпусцілі! А ці пазнаў ты, васпан, атамана?

— Не, не пазнаў; а хто-ж ён такі?

— Як, бацюхна? Ты і запамятаваў таго п'яніцу, які выманіў у цябе кажух на пастаялым дварэ? Заячы кажушок зусім навюсенькі; а ён, агіднік, яго так і распароў, напяльваючы на сябе!

Я здзівіўся. Сапраўды, падабенства Пугачова з маім важатым было надзвычайнае. Я пераканаўся, што Пугачоў і ён былі адна і тая-ж асоба, і зразумеў тады прычыну памілавання, зробленага мне. Я не мог не падзівіцца дзіўнаму спалучэнню акалічнасцей: дзіцячы кажушок, падораны брадзягу, выратоўваў мяне ад пятлі, і п'яніца, які туляўся па пастаялых дварах, браў крэпасці і сутрасаў дзяржавай!

— Ці не хочаш паесці? — спытаўся Савельіч, нязменны ў сваіх прывычках. — Дома нічога няма; пайду, пашару, ды што-небудзь табе прыгатую.

Застаўшыся адзін, я акунуўся ў раздум'е. Што мне было рабіць? Заставацца ў крэпасці, падуладнай ліхадзею, або ісці за яго шайкаю, было непрыстойна афіцэру. Абавязак вымагаў, каб я з'явіўся туды, дзе служба мая магла яшчэ быць карыснай бацькаўшчыне ў сапраўдных, цяжкіх абставінах... Але каханне моцна раіла мне заставацца пры Мар'і Іванаўне і быць ёй абаронцам і заступнікам. Хоць я і прадбачыў хуткую і несумненную змену ў акалічнасцях, але ўсё-ж не мог не дрыжэць, уяўляючы небяспеку яе становішча.

Раздум'е маё было перапынена прыходам аднаго з казакоў, які прыбег з паведамленнем, што, моў вялікі гасудар патрабуе цябе да сябе.

— Дзе-ж ён? — спытаўся я, гатовячыся пакарыцца.

— У каменданцкім, — адказаў казак. — Пасля абеду бацюхна наш адправіўся ў лазню, а цяпер адпачывае. Ну, ваша благароддзе, па ўсім відаць, што персона знатная: за абедам меў ласку з'есці двух смажаных парасят, а парыцца так заўзята, што і Тарас Курачкін не вытрымаў, аддаў венік Фомку Бікбаеву, ды ледзьве халоднай вадой адкачаўся. Няма чаго сказаць: усе прыёмы такія важныя. А ў лазні, чутно, паказваў царскія свае знакі на грудзях: на адным баку двугаловы арол, велічынёю з пятак, а на другім персона яго.

Я не палічыў патрэбным пярэчыць казаку і з ім разам адправіўся ў каменданцкі дом, загадзя ўяўляючы сабе спатканне з Пугачовым і стараючыся ўгадаць наперад, чым яно скончыцца. Чытач лёгка можа сабе ўявіць, што я не быў зусім спакойны.

Пачынала змяркацца, калі прышоў я к каменданцкаму дому. Шыбеніца з сваімі ахвярамі жудасна чарнела. Цела беднай камендантшы ўсё яшчэ валялася каля ганка, каля якога два казакі стаялі на варце. Казак, што прывёў мяне, пайшоў пра мяне далажыць і, зараз-жа вярнуўшыся, увёў мяне ў той пакой, дзе напярэдадні так пяшчотна развітваўся я з Мар'яй Іванаўнай.

Незвычайнае відовішча я ўбачыў. За стадом, засланым абрусом і ўстаўленым штофамі і шклянкамі, Пугачоў і чалавек дзесяць казацкіх старшынь сядзелі, у шапках і каляровых кашулях, разагрэтыя віном, з чырвонымі мордамі і бліскатлівымі вачамі. Між імі не было ні Швабрына, ні нашага ўрадніка, новабраных здраднікаў.

— А, ваша благароддзе! — сказаў Пугачоў, убачыўшы мяне. — Калі ласка; гонар і месца, міласці просім. — Субяседнікі паціснуліся. Я моўчкі сеў на рагу стала. Сусед мой, малады казак, стройны і прыгожы, наліў мне шклянку простага віна, да якога я не дакрануўся. З цікаўнасцю стаў я разглядаць зборню. Пугачоў на першым месцы сядзеў, аблакаціўшыся на стол і падпіраючы чорную бараду сваім шырокім кулаком. Рысы твара яго, правільныя і даволі прыемныя, не нагадвалі нічога лютага. Ён часта звяртаўся да чалавека гадоў пяцьдзесят, называючы яго то графам, то Цімафеічам, а часам велічаючы яго дзядзькам. Усе абыходзіліся між сабою як таварышы і не рабілі ніякай асаблівай перавагі свайму правадыру. Гутарка ішла аб ранішнім прыступе, аб поспеху паўстання і аб будучых дзеяннях. Кожны выхваляўся, прапаноўваў свае думкі і вольна спіраўся з Пугачовым. I на гэтым вось дзівачным ваенным совеце вырашана было ісці к Орэнбургу: рух дзёрзкі, і які ледзь было не скончыўся ліхім поспехам! Паход быў абвешчаны на заўтрашні дзень.

— Ну, браткі, — сказаў Пугачоў, — завядзем на сон наступны маю любімую песеньку. Чумакоў! пачынай! — Сусед мой завёў тонкім галаском сумную бурлацкую песню, і ўсе падхапілі хорам:

"Не шуми, мати зеленая дубровушка,
Не мешай мне, доброму молодцу, думу думати.
Что завтра мне доброму молодцу в допрос итти
Перед грозного судью, самого царя.
Еще станет государь-царь меня спрашивать:
Ты скажи, скажи, детинушка, крестьянский сын,
Уж как, с кем ты воровал, с кем разбой держал,
Еще много ли с тобой было товарищей?
Я скажу тебе, надежа православный царь,
Все правду скажу тебе, всю истину,
Что товарищей у меня было четверо:
Еще первой мой товарищ темная ночь,
А второй мой товарищ булатный нож,
А как третий-то товарищ, то мой добрый конь,
А четвертый мой товарищ, то тугой лук,
Что рассыльщики мои, то калены стрелы.
Что возговорит надежа православный царь:
Исполать тебе, детинушка, крестьянский сын,
Что умел ты воровать, умел ответ держать!
Я за то тебя, детинушка, пожалую
Среди поля хоромами высокими,
Что двумя ли столбами с перекладиной".

Немагчыма расказаць, якое ўражанне зрабіла на мяне гэта простанародная песня пра шыбеніцу, распяваемая людзьмі, асуджанымі на шыбеніцу. Іх грозныя твары, стройныя галасы, пануры выраз, які надавалі яны словам і без таго выразным, — усё ператрэсла мяне нейкім піітычным жахам.

Госці выпілі яшчэ па шклянцы, усталі з-за стала і развіталіся з Пугачовым. Я хацеў ісці за імі следам, але Пугачоў сказаў мне:

— Сядзі, я хачу з табою перагаварыць. — Мы засталіся адзін на адзін.

Некалькі хвілін цягнулася ўзаемнае наша маўчанне. Пугачоў глядзеў на мяне пільна, зрэдку прыжмурваючы левае вока, з дзіўным выразам шальмоўства і насмешлівасці. Нарэшце ён засмяяўся, і з такой непрытворнай веселатою, што і я, гледзячы на яго, пачаў смяяцца, сам не ведаючы чаго.

— Што, ваша благароддзе? — сказаў ён мне, — Злякаўся ты, прызнайся, калі малайцы мае накінулі табе вяроўку на шыю? Я думаю, неба з аўчынку здалося... А пагойдаўся-б на перакладзіне, калі-б не твой слуга. Я зараз-жа пазнаў старога грыба. Ну, ці думаў ты, ваша благароддзе, што чалавек, які вывеў цябе пад пастаялы двор, быў сам вялікі гасудар? (Тут ён зрабіў выгляд важны і таямнічы.) Ты моцна перада мной вінаваты, — казаў ён далей; — але я памілаваў цябе за тваё дабро, за тое, што ты зрабіў мне паслугу, калі змушаны я быў хавацца ад сваіх непрыяцеляў. Ці тое яшчэ ўбачыш! Ці так яшчэ цябе ўзнагароджу, калі атрымаю сваю дзяржаву! Ці абяцаешся служыць мне шчыра?

Пытанне машэнніка і яго дзёрзкасць здаліся мне гэткімі пацешнымі, што я не мог не ўсміхацца.

— Чаго ты ўсміхаешся? — спытаўся ён у мяне, нахмурыўшыся. — Ці ты не верыш, што я вялікі гасудар? Адказвай проста.

Я збянтэжыўся. Прызнаць брадзягу гасударом я не мог: гэта здавалася мне маладушнасцю невыбачнай. Назваць яго ў вочы ашуканцам — было падвесці сябе пад пагібель; і тое, на што быў я гатоў пад шыбеніцаю на вачах усяго народа і ў першым запале абурэння, цяпер здавалася мне бескарыснай выхвалкаю. Я хістаўся. Пугачоў хмура чакаў майго адказу. Нарэшце (і яшчэ зараз з самаздаволенасцю ўспамінаю гэту хвіліну) пачуццё абавязку ўзяло верх ва мне над слабасцю чалавечаю. Я адказаў Пугачову:

— Слухай: скажу табе ўсю праўду. Памяркуй, ці магу я прызнаць у табе гасудара? Ты чалавек кемлівы: ты сам убачыў-бы, што я хітрую?

— Хто-ж я такі, на тваю думку?

— Бог цябе ведае; але хто-б ты ні быў, ты строіш небяспечныя жарты.

Пугачоў глянуў на мяне шпарка:

— Дык ты не верыш, — сказаў ён, — каб я быў гасудар Пётр Фёдаравіч? Ну, добра. А хіба няма ўдачы ўдаламу? Хіба даўней Грышка Отрэп'еў не цараваў? Думай пра мяне што хочаш, а ад мяне не адставай. Што табе за справа да ўсяго іншага? Хто ні поп, той бацька. Паслужы мне верай і праўдаю, і я цябе ўзвышу і ў фельдмаршалы, і ў князі. Як ты думаеш?

— Не, — адказаў я з цвёрдасцю. — Я прыродны дваранін; я прысягаў гасударыні імператрыцы: табе служыць не магу. Калі ты сапраўды хочаш мне дабра, дык адпусці мяне ў Орэнбург.

Пугачоў задумаўся.

— А калі адпушчу, — сказаў ён, — дык абяцаешся прынамсі супроць мяне не служыць?

— Як магу табе гэта абяцаць? — адказаў я. — Сам ведаеш, не мая воля, загадаюць ісці супроць цябе — пайду, рабіць няма чаго. Ты цяпер сам начальнік, сам патрабуеш паслухмянасці ад сваіх. На што гэта будзе падобна, калі я ад службы адмоўлюся, тады, калі служба мая будзе патрэбна? Галава мая пад тваёю ўладай: адпусціш мяне — дзякуй; пакараеш — бог табе суддзя; а я сказаў табе праўду.

Мая шчырасць здзівіла Пугачова.

— Так і быць, — сказаў ён, ударыўшы мяне па плячы. — Караць дык караць, мілаваць дык мілаваць. Ідзі сабе на ўсе чатыры бакі і рабі што хочаш. Заўтра прыходзь са мною развітацца, а цяпер ідзі сабе спаць, і мяне ўжо на сон вядзе.

Я пакінуў Пугачова і вышаў на вуліцу. Ноч была ціхая і марозная. Месяц і зоркі ярка гарэлі, асвятляючы пляц і шыбеніцу. У крэпасці ўсё было спакойна і цёмна. Толькі ў карчме свяціўся агонь і чуліся крыкі позніх гуляк. Я глянуў на дом свяшчэнніка. Акяніцы і вароты былі запёртыя. Здавалася, усё ў ім было ціха.

Я прышоў да сябе на кватэру і знайшоў Савельіча, які гараваў, што мяне няма. Вестка пра маю волю ўзрадвала яго надзвычай.

— Дзякуй табе, божухна!—сказаў ён, перахрысціўшыся.—Ледзь заднее, пакінем крэпасць і пойдзем, куды вочы глядзяць. Я табе тое-сёе прыгатаваў; паеш, бацюхна, ды і спачывай сабе да раніцы, як у хрыста за пазухай.

Я паслухаўся яго парады і, павячэраўшы з вялікім апетытам, заснуў на голай падлозе, стомлены душэўна і фізічна.