Капітанская дачка/ІІ. Важаты

З пляцоўкі Вікікрыніцы
І. Сержант гвардыі Раздзел ІІ. Важаты
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Пераклад: Кузьма Чорны
ІІІ. Крэпасць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Сторона ль моя, сторонушка,
Сторона незнакомая!
Что не сам ли я на тебя зашел,
Что не добрый ли да меня конь завез:
Завезла меня, доброго молодца,
Прытость, бодрость молодецкая
И хмелинушка кабацкая”.
Старадаўняя песня.

Дарожнае раздум'е мае было не вельмі прыемнае. Пройгрыш мой па тагочасных цэнах быў нямалаважны. Я не мог не прызнацца ў душы, што паводжанне мае ў сімбірскай карчме было недарэчным, і адчуваў сябе вінаватым перад Савельічам. Усё гэта мяне мучыла. Стары панура сядзеў на козлах, адвярнуўшыся ад мяне, і маўчаў, зрэдку толькі пакрэктваючы. Я абавязкова хацеў з ім памірыцца і не ведаў, з чаго пачаць. Нарэшце я сказаў яму:

— Ну, ну, Савельіч! годзе, памірымся, вінаваты; бачу сам, што вінаваты. Я ўчора надурыў, а цябе дарэмна пакрыўдзіў. Абяцаюся далей трымаць сябе разумней і слухацца цябе. Ну, не сярдуй, памірымся.

— Эх, бацюхна, Пётр Андрэіч! — адказаў ён з глыбокім уздыхам. — Сярдую я на самога сябе; сам я кругом вінаваты. Як мне было пакідаць цябе аднаго ў карчме! Што рабіць? Грэх падвёў: уздумаў зайсці да дзячыхі, пабачыцца з кумою. Так яно: зайшоў к куме, ды засеў у турме. Бяда ды і толькі! Як пакажуся я на вочы панам? Што скажуць яны, калі даведаюцца, што дзіця п'е і гуляе.

Каб суцешыць беднага Савельіча, я даў яму слова надалей без яго згоды не ўзяць ніводнай капейкі. Ён трохі-па-трохі супакоіўся, хоць усё яшчэ зрэдку бурчэў сам сабе, хістаючы галавою:

— Сто рублёў! лёгка сказаць!

Я набліжаўся да месца майго прызначэння. Навокал мяне прасціраліся маркотныя пустыні, перасечаныя ўзгоркамі і ярамі. Усё засыпана было снегам. Сонца апускалася. Кібітка рухалася па вузкай дарозе або, дакладней, па следу, пракладзенаму сялянскімі санямі. Раптам фурман стаў паглядаць убок і, нарэшце, зняўшы шапку, павярнуўся да мяне і сказаў:

— Пан, можа загадаеш вярнуцца?

— Гэта чаму?

— Час ненадзейны: вецер трохі ўзнімаецца; — бач, як змятае парошу.

— Што-ж за бяда?

— А бачыш там што? (фурман паказаў пугаю на ўсход.)

— Я нічога не бачу, акрамя белага стэпу ды яснага неба.

— А вунь-вунь: гэты воблачак.

Я ўбачыў сапраўды на краі неба белы воблачак, які палічыў быў спярша за далёкі ўзгорачак. Фурман растлумачыў мне, што воблачак паказваў на буран.

Я чуў пра тамашнія завеі і ведаў, што цэлыя абозы бывалі імі замецены. Савельіч, згаджаючыся з думкаю фурмана, раіў вярнуцца. Але вецер здаўся мне невялікім; я паспадзяваўся дабрацца заўчасна да наступнай станцыі і загадаў ехаць хутчэй.

Фурман паімчаў; але паглядаў на ўсход. Коні беглі дружна. Вецер між тым час-ад-часу мацнеў. Воблачак ператварыўся ў белую хмару, якая цяжка ўзнімалася, расла і паволі абкладала неба. Пайшоў дробны снег — і раптам паваліў клоччам. Вецер завыў; узнялася мяцеліца. У адзін момант цёмнае неба змяшалася з снегавым морам. Усё знікла.

— Ну, пан, — закрычаў фурман, — бяда: буран[1]!..

Я глянуў з кібіткі: усё было мрок і віхор. Вецер выў з такой лютай выразнасцю, што здаваўся жывым; снег засыпаў мяне і Савельіча; коні ішлі ступою — і хутка сталі.

— Што-ж ты не едзеш? — спытаўся я ў фурмана з нецярплівасцю.

— Ды што ехаць? — адказаў ён, злазячы з козлаў; — нямаведама і так куды заехалі: дарогі няма, і імгла навокал. — Я пачаў быў яго лаяць. Савельіч за яго заступіўся:

— І ахвота было не слухацца, — казаў ён сярдзіта, — вярнуўся-б на пастаяды двор, напіўся-б чаю, спачываў-бы сабе да раніцы, бура-б сціхла, рушылі-б далей. І куды спяшаемся? Добра-б каб на вяселле! — Савельіч казаў праўду. Рабіць не было чаго. Снег так і валіў. Каля кібіткі ўзнімаўся сумёт. Коні стаялі, панурыўшы галовы і зрэдку ўздрыгваючы. Фурман хадзіў кругом, ад няма чаго рабіць папраўляючы збрую. Савельіч бурчэў; я глядзеў ва ўсе бакі, спадзеючыся ўбачыць хоць след жылля або дарогі, але нічога не мог распазнаць, акрамя мутнага кружэння мяцеліцы... Раптам убачыў я нешта чорнае.

— Гэй, фурман! — закрычаў я, — глядзі: што там такое чарнее? — Фурман пачаў углядацца.

— А бог ведае, пан, — сказаў ён, сядаючы на сваё месца; — воз не воз, дрэва, не дрэва, а здаецца што варушыцца. Напэўна або воўк, або чалавек.

Я загадаў ехаць на незнаёмы прадмет, які зараз-жа і стаў пасоўвацца нам насустрач. Праз дзве хвіліны мы параўняліся з чалавекам.

— Гэй, добры чалавек! — закрычаў яму фурман. — Скажы, ці не ведаеш, дзе дарога?

— Дарога то тут; я стаю на цвёрдай паласе, — адказаў падарожны, — ды які толк?

— Паслухай, мужычок, — сказаў я яму, — ці ведаеш ты гэту старану? Можа возьмешся ты давезці мяне да начлегу?

— Старана мне знаёмая, — адказаў падарожны, — дзякуй богу, выхаджана і выезджана ўдоўж і ўпоперак. Ды бач якое надвор'е: якраз саб'ешся з дарогі. Лепш тут спыніцца, ды перачакаць, а можа буран сціхне ды неба праясніцца: тады знойдзем дарогу па зорах.

Яго спакойныя словы падбадзёрылі мяне. Я ўжо адважыўся, здаўшы сябе на волю боскую, начаваць сярод стэпу, як раптам падарожны сеў спрытна на козлы і сказаў фурману:

— Ну, дзякуй богу, жыллё недалёка; зварочвай управа, ды едзь.

— А чаму ехаць мне ўправа?—спытаўся фурман з незадаволенасцю. — Дзе ты бачыш дарогу? Нябось: коні чужыя, хамут не свой, паганяй, не стой. — Мне здавалася, што фурман гаворыць праўду.

— Сапраўды, — сказаў я: — чаму думаеш ты, што жыллё недалёка?

— А таму, што вецер адтуль патхнуў, — адказаў падарожны, — і я чую, дымам запахла; відаць, веска блізка. — Кемлівасць яго і тонкасць чуцця мяне здзівілі. Я загадаў фурману ехаць. Коні цяжка ступалі па глыбокім снезе. Кібітка паволі рухалася, то ўз'язджаючы на сумёт, то правальваючыся ў яр і перакульзаючыся то на адзін, то на другі бок. Гэта падобна было на плаванне судна па бурным моры. Савельіч вохаў, кожную хвіліну тоўхаючыся аб мае бакі. Я апусціў цыноўку, захутаўся ў футру і задрамаў, закалыханы спевамі буры і гойданнем ціхай язды.

Мне прысніўся сон, якога ніколі не мог я запамятаць і ў якім да гэтай пары бачу нешта прарочае, калі спалучаю з ім дзіўныя акалічнасці майго жыцця. Чытач прабачыць мяне: бо, напэўна, ведае з практыкі, як уласціва чалавеку аддавацца прыхамаці, не гледзячы на ўсю пагарду да забабонаў.

Я знаходзіўся ў тым стане пачуццяў і душы, калі істотнасць, уступаючы лятуценням, злучаецца з імі ў няясных прывідах першаснення. Мне здавалася, буран яшчэ лютаваў, і мы яшчэ блукалі па снежнай пустыні... Раптам убачыў я вароты і ўехаў на панскі двор нашага маёнтка. Першай думкай маёй была боязнь, каб бацюхна не ўгневаўся на мяне за мімавольны зварот у бацькаўскі дом і не палічыў-бы яго наўмысным непаслушэнствам. З трывогаю я выскачыў з кібіткі і бачу: матухна сустракае мяне на ганку з выглядам глыбокага засмучэння.

— Ціха, — кажа яна мне, — бацька хворы, пры смерці і хоча з табой развітацца. — Апанаваны жахам, я іду да яго ў спальню. Бачу, пакой слаба асветлены; каля пасцелі стаяць людзі з сумнымі тварамі. Я ціхенька падыходжу да пасцелі; матухна прыпадымае полаг і кажа:

— Андрэй Пятровіч, Пятруша прыехаў; ён вярнуўся, даведаўшыся пра тваю хваробу; блаславі яго. Я стаў на калені і ўтаропіў вочы мае на хворага. Што-ж?.. Заместа бацькі майго бачу ў пасцелі ляжыць мужык з чорнай барадою, весела на мяне паглядаючы. Я збянтэжаны павярнуўся да матухны, кажучы ёй:

— Што гэта значыць? Гэта не бацюхна. І чаму гэта мне прасіць блаславення ў мужыка?

— Усё роўна, Пятруша, — адказала мне матухна, — гэта твой пасаджоны бацька; пацалуй яму ручку, і хай ён цябе блаславіць... — Я не згаджаўся. Тады мужык усхапіўся з пасцелі, выхапіў сякеру з-за спіны і пачаў махаць ва ўсе бакі. Я хацеў уцякаць... і не мог; пакой напоўніўся мёртвымі целамі; я спатыкаўся аб целы і слізгаўся ў крывавых лужах... Страшны мужык ласкава мяне клікаў, кажучы:

— Не бойся, падыйдзі пад маё блаславенне... — Жах і неўразуменне апанавалі мяне... І ў гэту хвіліну я прачнуўся; коні стаялі; Савельіч трымаў мяне за руку, кажучы:

— Выходзь, васпан: прыехалі.

— Куды прыехалі? — спытаўся я, праціраючы вочы.

— На пастаялы двор. Бог памог, натыкнуліся проста на плот. Выходзь, васпан, хутчэй, ды абагрэйся.

Я вышаў з кібіткі. Буран яшчэ лютаваў, хоць з меншаю сілаю. Было так цёмна, што хоць пальцам у вока. Гаспадар сустрэў нас каля варот, трымаючы ліхтар пад палою, і ўвёў мяне ў святліцу, цесную, але даволі чыстую; лучына асвятляла яе. На сцяне вісела вінтоўка і высокая казацкая шапка.

Гаспадар, родам яіцкі казак[2], здаваўся мужыком гадоў шэсцьдзесят, яшчэ свежы і бадзёры. Савельіч унёс за мной паграбец, патрабаваў агню, каб грэць чай, які ніколі так не здаваўся мне патрэбным. Гаспадар пайшоў старацца.

— Дзе-ж важаты? — спытаўся я ў Савельіча.

— Тут, ваша благароддзе,—адказваў мне голас зверху. Я глянуў на палаткі і ўбачыў чорную бараду і двое бліскаючых вачэй.

— Што, брат, змёрз?

— Як не змерзнуць у адной дрэнненькай світцы! Быў кажух, ды што грэх таіць? — заклаў учора ў шынкара: мароз здаўся невялікі. — У гэту хвіліну гаспадар увайшоў з кіпучым самаварам; я запрапанаваў важатаму нашаму кубак чаю; мужык злез з палатак. З выгляду ён мне здаўся надзвычайным. Ён быў гадоў сарака, росту сярэдняга, хударлявы і шырокаплечы. У чорнай барадзе яго паказвалася сівізна; жывыя вялікія вочы так і бегалі. Твар яго быў даволі прыемны, але хітрэцкі. Валасы былі абстрыжаны пад круг; на ім была пашарпаная світка і татарскія шаравары. Я паднёс яму кубак чаю; ён паспытаў і паморшчыўся.

— Ваша благароддзе, зрабіце мне такую ласку, — загадайде паднесці шклянку віна; чай не наша казацкае пітво. — Я з ахвотаю выканаў яго жаданне. Гаспадар выняў з стаўца штоф і шклянку, падышоў да яго і, глянуўшы яму ў твар:

— Эхе, — сказаў ён, — зноў ты ў нашым краі! адкуль бог прынёс? — Важаты мой міргнуў і адказаў прымаўкаю:

— У гародзе лётаў, каноплі кляваў; шпурнула бабуля каменьчыкам — ды міма. Ну, а што вашы?

— Ды што нашы! — адказаў гаспадар, працягваючы іншасказную гутарку. — Пачалі было на вячэрню званіць, ды пападдзя не дазваляе: поп у гасцях, чэрці на царковішчы.

— Маўчы, дзядзька, — запярэчыў мой брадзяга,— будзе дожджык, будуць і грыбкі; а будуць грыбкі будзе і кош. А цяпер (тут ён міргнуў зноў) заткні сякеру за спіну: ляснічы ходзіць. Ваша благароддзе! за ваша здароўе! — Пры гэтых словах ён узяў шклянку, перахрысціўся і выпіў адным духам. Потым пакланіўся мне і вярнуўся на палаткі.

Я нічога не мог тады зразумець з гэтай зладзейскай гутаркі; але пасля ўжо здагадаўся, што справа ішла пра справу яіцкага войска, у той час толькі што ўсміранага пасля бунта 1772 года[3]. Савельіч слухаў з выглядам вялікай незадаволенасці. Ён паглядаў з падазронасцю то на гаспадара, то на важатага. Пастаялы двор або, па-тамашняму, умёт, знаходзіўся на водшыбе, у стэпе, далёка ад якога-б не было селішча, і дужа быў падобны на разбойніцкі прытулак. Але рабіць не было чаго. Нельга было і падумаць пускацца зноў у дарогу. Непакойлівасць Савельіча вельмі мяне пацяшала. Між тым я размясціўся начаваць і лёг на лаўку. Савельіч наважыў пайсці на печ; гаспадар лёг на падлозе. Хутка ўся хата захрапла, і я заснуў як забіты.

Прачнуўшыся раніцаю даволі позна, я ўбачыў, што бура сціхла. Сонца ззяла. Снег ляжаў сляпучай пялёнкаю на неабсяжным стэпе. Коні былі запрэжаны. Я расплаціўся з гаспадаром, які ўзяў з нас такую памяркоўную плату, што нават Савельіч з ім не спрачаўся і не стаў таргавацца, як зазвычай, і ўчарашняя падазронасць згладзілася зусім з галавы яго. Я пазваў важатага, дзякаваў за дапамогу і загадаў Савельічу даць яму поўрубля на гарэлку. Савельіч нахмурыўся.

— Поўрубля на гарэлку! — сказаў ён,—за што гэта? За тое, што ты-ж меў ласку падвезці яго да пастаялага двара? Воля твая, васпан: няма ў нас лішніх поўрублёвікаў. Кожнаму даваць на гарэлку, дык самому хутка давядзецца галадаць. — Я не мог спрачацца з Савелычам. Грошы, па майму абяцанню, знаходзіліся пад поўным яго загадам. Мне было прыкра аднак-жа, што не мог аддзякаваць чалавеку, які выручыў мяне калі не з бяды, то прынамсі — з дужа непрыемнага становішча.

— Добра, — сказаў я спакойна; — калі не хочаш даць поўрубля, дык вынь яму што-небудзь з майго адзення. Ён адзеты вельмі лёгка. Дай яму мой заячы кажух.

— Злітуйся, бацюхна Пётр Андрэіч! — сказаў Савельіч. — Нашто яму твой заячы кажух? Ён яго прап'е, сабака, у першым шынку.

— Гэта, дзедка, ужо не твая бяда, — сказаў мой брадзяга, — ці прап'ю я, ці не. Яго благароддзе мне дорыць футру з свайго пляча: яго на тое панская воля, а твая халопская справа не спрачацца і слухацца.

— Бога ты не баішся, разбойнік! — адказаў яму Савельіч сярдзітым голасам. — Ты бачыш, што дзіця яшчэ не цяміць нічога, а ты і рад яго абабраць, з-за яго прастаты. Нашто табе панскі кажушок? Ты і не напяліш яго на свае праклятыя плечышчы.

— Прашу не быць надта разумным, — сказаў я свайму дзядзьку; — зараз нясі сюды кажух.

— Госпадзі ўладыка! — прастагнаў мой Савельіч. — Заячы кажух амаль навюсенькі! І добра-б каму, а то п'яніцу згалеламу!

Аднак заячы кажух з'явіўся. Мужычок тут-жа пачаў яго прымяраць. Сапраўды, кажух, з якога паспеў і я вырасці, быў крышку для яго вузкі. Аднак ён так-сяк умудрыўся і надзеў яго, распароўшы па швах. Савельіч ледзь не завыў, пачуўшы, як ніткі затрашчэлі. Брадзяга быў надзвычайна здаволены маім падарункам. Ён правёў мяне да кібіткі і сказаў з нізкім паклонам:

— Дзякуй, ваша благароддзе! Дай вам бог шчасця за вашу дабрату. Век не забуду вашай міласці. — Ён пайшоў усвой бок, а я рушыў далей, не звяртаючы ўвагі на злосць Савельіча, і хутка забыўся пра ўчарашнюю завею, пра свайго важатага і пра заячы кажух.

Прыехаўшы ў Орэнбург, я проста з'явіўся да генерала. Я ўбачыў мужчыну росту высокага, але ўжо згорбленага старасцю. Даўгія валасы яго былі зусім белыя. Стары палінялы мундзір нагадваў воіна часоў Анны Іоанаўны[4], а ў яго гутарцы моцна адчувалася нямецкае вымаўленне. Я падаў яму ліст ад бацюхны. Пры імені яго ён глянуў на мяне шпарка:

— Пожа мой! — сказаў ён. — Ці таўно, зтаецца, Андрэй Пятровіч быў яшчэ ў тваіх гатах; а цяпер вось ушо які ў яго малацец! Ах, час, час! — Ён распячатаў ліст і стаў чытаць яго ўпоўголас, робячы свае заўвагі: — "Міласлівы гасудар Іван Карлавіч, спацяюся, што ваша прэвасхаціцельства"... Гэта што за сірамоніі? Фуй, як яму не сорамна! Канешне: дысцыпліна першая справа, але ці так пішуць да старога камрад[5]?... "ваша прэвасхадзіцельства не забылася"... гм... "і... калі... нябожчыкам фельдмаршалам Мін...[6] паходзе... таксама і... Каралінку"... Эхе брудэр[7]! дык ён яшчэ помніць стары нашы дурот? "Цяпер аб справе... да вас майго вісуса"... гм... "трымаць у ёжавых рукавіцах"... Што такое ёшаві рукавіц? Гэта мусіць руска пагаворк... Што такое „трымаць у ёшавых рукавіцах?" — паўтарыў ён, зварачаючыся да мяне.

— Гэта значыць,—адказаў я яму з выглядам як можна больш беззаганным,—абыходзіцца ласкава, не вельмі строга, даваць паболей волі, трымаць у ёжавых рукавіцах.

— Гм, разумею... "І не даваць яму волі"... не, відаць ёшавы рукавіцы значаць не тое... "Пры гэтым... яго пашпарт"... Дзе-ж ён? А вось... "адпісаць у Сямёнаўскі"... Добра, добра: усё будзе зроблена... "Дазволіш без чыноў абняць сябе і... старым таварышам і другам" — а! нарэшце здагадаўся... і іншае, і іншае... "Ну, бацюхна,—сказаў ён, прачытаўшы ліст і адклаўшы ўбок мой пашпарт, — усё будзе зроблена: ты будзеш афіцэрам пераведзены ў *** полк, і, каб табе часу не траціць, дык заўтра-ж едзь у Белагорскую крэпасць, дзе ты будзеш у камандзе капітана Міронава, добрага і сумленнага чалавека. Там ты будзеш на службе сапраўднай, навучышся дысцыпліне. У Орэнбургу рабіць табе няма чаго; раскідлівасць шкодна маладому чалавеку. А сягоння міласці просім адабедаць у мяне".

"Час ад часу не лягчэй! — падумаў я сам сабе: — што дапамагло мне тое, што амаль у чэраве маткі я быў ужо гвардыі сержантам! Куды гэта мяне завяло? У *** полк і ў глухую крэпасць на граніцу Кіргіз-кайсацкіх стэпаў[8]!.." Я адабедаў у Андрэя Карлавіча, утраіх з яго старым ад'ютантам. Строгая нямецкая эканомія панавала за яго сталом, і я думаю, што страх бачыць часам лішняга госця за сваім халастым сталом быў часткова прычынаю спешнай адпраўкі маёй у гарнізон.

На другі дзень я развітаўся з генералам і накіраваўся да месца майго прызначэння.

Зноскі[правіць]

  1. Буран – завіруха, завея, снежная бура
  2. Яіцкія казакі – казакі, якія жылі на берагах ракі Яіка, перайменаванай пасля пугачоўскага паўстання ва Урал. Яіцкія казакі складалі асобую вайсковую арганізацыю, так званае яіцкае войска.
  3. Паўстанне казацкай беднаты, у часе якога паўстаўшымі быў перабіт урадавы атрад на чале з генералам Траубенбергам. Паўстанне было усмірана самым лютым чынам, і ўсе вайсковыя прывілеі былі адменены
  4. Анна Іоанаўна – руская імператрыца, якая царавала з 1730 па 1740 г.
  5. Камрад (Kamerad – ням.) – таварыш
  6. Гэта знач. Мініхом
  7. Брудэр (ням.) – брат
  8. Кіргіз-кайсацкія стэпы – стэпы на ўсход ад ракі Урала (зараз Казахстан)