Капітанская дачка/І. Сержант гвардыі
Раздзел І. Сержант гвардыі Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін Пераклад: Кузьма Чорны |
ІІ. Важаты → |
"Был-бы гвардии он завтра-ж капитан.
"Того не надобно: пусть в армии послужит".
Изрядно сказано! Пускай его потужит...
Да кто его отец?"
Княжнін.[1]
Бацька мой, Андрэй Пятровіч Грынёў, у маладосці сваёй служыў пры графу Мініху[2] і вышаў у адстаўку прэм'ер-маёрам[3] у 17... годзе. З той пары жыў ён у сваёй сімбірскай вёсцы, дзе і ажаніўся з дзяўчынай Аўдоццяй Васільеўнай Ю., дачкой беднага тамашняга двараніна. Нас было дзевяць чалавек дзяцей. Усе мае браты і сёстры памерлі ў маленстве. Я быў запісан у Сямёнаўскі полк сержантам[4], з ласкі маёра гвардыі князя Б., блізкага нашага сваяка. Я лічыўся ў водпуску да сканчэння навук. У той час выхоўваліся мы не па-цяперашняму. З пяцігадовага ўзросту аддадзены я быў на рукі страмянному Савельічу, за цвярозае паводжанне адпісанаму мне ў дзядзькі.[5] Пад яго наглядам, на дванаццатым годзе навучыўся я рускай грамаце і мог вельмі разумна разважаць пра ўласцівасці харта. У гэты час бацюхна наняў для мяне француза мус'е Бапрэ, якога выпісалі з Масквы разам з гадавым запасам віна і праванскага масла. Прыезд яго дужа не спадабаўся Савельічу.
— Дзякуй богу, — бурчэў ён сам сабе, — здаецца, дзіця абмытае, прычэсанае, накормленае. Гэткая патрэба ўжо траціць лішнія грошы і наймаць мус'е, як быццам і сваіх людзей не хапіла!
Бапрэ на бацькаўшчыне сваёй быў цырульнікам, потым у Прусіі салдатам, потым прыехаў у Расію pour être outchitel[6], не вельмі разумеючы значэнне гэтага слова. Ён быў добры чалавечына, але ветраны і бяспутны да апошняга. Галоўнай яго слабасцю была магнасць да пекнага роду; часта за свае пяшчоты атрымліваў ён штурханцы, ад якіх вохаў цэлымі суткамі. Да таго-ж не быў ён (паводле яго слоў) і ворагам бутэлькі, гэта значыць (кажучы па-руску) любіў сербануць лішняе. Але як віно падавалася ў нас толькі ў часе абеду, і то па чарачцы, прычым настаўніка звычайна і абміналі, то мой Бапрэ вельмі хутка прывык да рускай настойкі і нават пачаў уважаць яе лепш за віны сваёй бацькаўшчыны, як не ў прыклад больш карысную для жывата. Мы зараз-жа паладзілі, і хоць па кантракту павінен ён быў вучыць мяне па-французску, па-нямецку, і ўсім навукам, але ён узяў за лепшае наспех вывучыцца ад мяне так-сяк калякаць па-руску, — і потым кожны з нас займаўся ўжо сваёй справай. Мы жылі душа ў душу. Другога ментара[7] я і не жадаў. Але неўзабаве лёс нас разлучыў, і вось па якому выпадку.
Прачка Палашка, тоўстая і рабая дзеўка, і крывая кароўніца Акулька неяк згадзіліся ў адзін час кінуцца матухне ў ногі, прызнаючыся ў злачыннай слабасці і з плачам скардзячыся на мус'е, які спакусіў іх неспрактыкаванасць. Матухна жартаваць гэтым не любіла і паскардзілася бацюхну. У яго расправа была кароткая. Ён зараз-жа загадаў паклікаць да сябе паганца француза. Далажылі, што мус'е праводзіць са мною заняткі. Бацюхна пайшоў у мой пакой. У гэты час Бапрэ спаў на ложку сном праведнага. Я быў заняты справаю. Патрэбна ведаць, што для мяне выпісана была з Масквы геаграфічная карта. Яна вісела на сцяне без ніякага ўжытку і даўно спакушала мяне шырынёю і дабратою паперы. Я наважыў зрабіць з яе змея і, карыстаючыся сном Бапрэ, узяўся за работу. Бацюхна ўвайшоў у той самы час, як я прыладжваў мачальны хвост да мыса Добрай Надзеі[8]. Убачыўшы мае практыкаванні па геаграфіі, бацюхна смаргануў мяне за вуха, потым падбег да Бапрэ, разбудзіў яго вельмі неасцярожна і пачаў абсыпаць дакорамі. Бапрэ ў пярэпалаху хацеў быў прыўстаць, і не мог: няшчасны француз быў п'яны, як зямля. "Семь бед, один ответ". Бацюхна за каўнер прыпадняў яго з ложка, выпхнуў з дзвярэй і ў той-жа дзень прагнаў з двара, на невымоўную радасць Савельіча. Тым і скончылася мае выхаванне.
Я жыў недараслем, ганяючы галубоў і гуляючы ў чахарду з дваровымі хлапчукамі. Між тым мінула мне шаснаццаць гадоў. Тут лес мой змяніўся.
Аднойчы ўвосень матухна варыла ў гасцінай мядовае варэнне, а я, аблізваючыся, глядзеў на кіпучую пенку. Бацюхна каля акна чытаў Прыдворны каляндар, які ён атрымліваў штогод[9]. Гэта кніга мела заўсёды на яго моцны ўплыў: ніколі не перачытваў ён яе без асаблівага ўзрушэння, і чытанне гэта ўзнімала ў ім заўсёды дзіўнае хваляванне злосці. Матухна, якая ведала напамяць усе яго звычаі і абычаі, заўсёды старалася засунуць няшчасную кнігу як мага далей, і такім чынам Прыдворны каляндар не трапляў яму на вочы часам цэлыя месяцы. За тое, калі ён выпадкова яго знаходзіў, дык бывала цэлымі гадзінамі не вьпускаў ужо з сваіх рук. Значыцца, бацюхна чытаў Прыдворны каляндар, зрэдку паціскаючы плячыма і паўтараючы ў поўголаса: "Генерал-паручнік[10]!.. Ён у мяне ў роце быў сержантам!.. Абодвух расійскіх ордэнаў кавалер[11]!.. А ці даўно мы?.." Нарэшце бацюхна шпурнуў каляндар на канапу і акунуўся ў задуменнасць, якая не абяцала нічога добрага. Раптам ён звярнуўся да матухны:
— Аўдоцця Васільеўна, а колькі год Пятрушу?
— Ды вось пайшоў семнаццаты гадок, — адказала матухна. — Пятруша радзіўся ў той самы год, як скалечыла вока цётка Настася Герасімаўна, і калі яшчэ...
— Добра, — перапыніў бацюхна, — пара яго ў службу. Годзе яму бегаць па дзявоцкіх ды лазіць на галубятні.
Думка аб хуткай разлуцы са мною гэтак скаланула матухну, што яна выпусціла лыжку ў каструльку, і слёзы пацяклі па яе твары. Якраз наадварот гэтаму цяжка апісаць маю радасць. Думка аб службе злучалася ўва мне з думкамі аб волі, аб прыемнасцях пецербургскага жыцця. Я ўяўляў сябе афіцэрам гвардыі, што на думку маю было верхам шчасця чалавечага.
Бацюхна не любіў ні змяняць свае намеры, ні адкладаць іх выкананне. Дзень ад'езду майго быў прызначаны. Напярэдадні бацюхна абвясціў, што мае намер пісаць праз мяне да будучага майго начальніка і патрабаваў пяра і паперы.
— Не забудзься, Андрэй Пятровіч, — сказала матухна, — перадаць паклон і ад мяне князю Б.; я, моў, спадзяюся, што ён не абміне Пятрушу сваёй ласкай.
— Што за лухта! — адказаў бацюхна, нахмурыўшыся. — З якой прычыны стану я пісаць да князя Б.?
— Ды ты-ж сказаў, што хочаш пісаць да начальніка Пятрушы.
— Ну, а там што?
— Ды начальнік-жа Пятрушаў — князь Б. Пятруша-ж запісаны ў Сямёнаўскі полк.
— Запісаны! А мне што да гэтага, што ён запісаны? Пятруша ў Пецербург не паедзе. Чаму навучыцца ён, служачы ў Пецербургу? Мантачыць ды лайдачыць? Не, хай паслужыць ён у арміі, ды пацягне лямку, ды панюхае пораху, ды будзе салдат, а не шаматон[12]. Запісаны ў гвардыі! Дзе яго пашпарт? Падай яго сюды.
Матухна адшукала мой пашпарт, які хаваўся ў яе шкатулцы разам з сарочкай, у якой мяне хрысцілі, і дала яго бацюхну дрыгатлівай рукой. Бацюхна прачытаў яго з увагаю, паклаў перад сабой на стол і пачаў свой ліст.
Цікаўнасць мяне мучыла. Куды-ж адпраўляюць мяне, калі ўжо не ў Пецербург? Я не спускаў вачэй з пяра бацюхнавага, якое рухалася даволі павольна. Нарэшце ён скончыў, запячатаў ліст у адным пакеце з пашпартам, зняў акуляры і, падазваўшы мяне, сказаў:
— Вось табе ліст да Андрэя Карлавіча Р., майго даўняга таварыша і друга. Ты едзеш у Орэнбург служыць пад яго начальствам.
Значыць, усе мае бліскучыя надзеі раскідаліся!
Заместа вясёлага пецербургскага жыцця чакала мяне нудота ў старане глухой і далёкай. Служба, пра якую я хвіліну назад думаў з такім захапленнем, здалася мне цяжкім няшчасцем. Але спрачацца было нельга! На другі дзень раніцою падвезена была пад ганак дарожная кібітка; уклалі ў яе чамадан, паграбец[13] з чайным начыннем і клумкі з булкамі і пірагамі, апошнімі знакамі хатняга балаўства. Бацькі мае блаславілі мяне. Бацюхна сказаў мне:
— Бывай, Пётр. Служы аддана, каму прысягнеш; слухайся начальнікаў; за іх ласкай не ганяйся; на службу не напрошвайся; ад службы не адмаўляйся; і помні прыказку: беражы адзежу знову, а гонар змоладу. — Матухна у слязах наказвала мне берагчы мае здароўе, а Савельічу глядзець за дзіцём. Надзелі на мяне заячы кажух, а наверх лісіную футру. Я сеў у кібітку з Савельічам і рушыў у дарогу, абліваючыся слязмі.
У тую-ж ноч прыехаў я ў Сімбірск, дзе павінен быў прабыць суткі для закупкі патрэбных рэчаў, што і было даручана Савельічу. Я спыніўся у карчме. Савельіч з раніцы адправіўся па крамах. Занудзіўшыся глядзець праз акно на брудны завулак, я пайшоў блукаць па ўсіх пакоях. Увайшоўшы ў більярдную, убачыў я высокага пана, гадоў трыццаці пяці, з даўгімі чорнымі вусамі, у халаце, з кіем у руцэ і з люлькай у зубах. Ён гуляў з маркерам[14], які пры выйгрышы выпіваў чарку гарэлкі, а пры пройгрышы павінен быў лезьці пад більярд на чацвярэньках. Я стаў глядзець на іх гульню. Чым далей яна цягнулася, тым прагулкі на чацвярэньках рабіліся часцей, пакуль, нарэшце, маркер застаўся пад більярдам. Пан вымавіў над ім некалькі моцных выразаў у выглядзе надгробнага слова, і прапанаваў мне згуляць партыю. Я адмовіўся па няўмельству. Гэта здалося яму, як відаць, дзіўным. Ён паглядзеў на мяне нібыта з жалем; аднак мы разгаварыліся. Я даведаўся, што яго завуць Іванам Іванавічам Зурыным, што ён ротмістр гусарскага палка і знаходзіцца ў Сімбірску пры прыёме рэкрутаў[15], а стаіць у карчме. Зурын запрасіў мяне адабедаць з ім разам чым бог паслаў, па-салдацку. Я з ахвотаю згадзіўся. Мы селі за стол. Зурын піў шмат і частаваў мяне, кажучы, што трэба прывыкаць да службы; ён расказваў мне армейскія анекдоты, ад якіх я са смеху ледзь не валяўся, і мы ўсталі з-за стала поўнымі прыяцелямі. Тут вызваўся ён навучыць мяне гуляць на більярдзе.
— Гэта, — казаў ён, — неабходна для нашага брата служывага. У паходзе, напрыклад, прыдзеш у мястэчка; чым загадаеш заняцца? Не ўсё-ж біць яўрэяў. Мімаволі пойдзеш у карчму і станеш гуляць на більярдзе; а для таго патрэбна ўмець гуляць!
Я цалкам быў пераконаны і з вялікай стараннасцю ўзяўся за вучэнне. Зурын голасна хваліў мяне, дзівіўся з маіх шпаркіх поспехаў і, пасля некалькіх практыкаванняў, прапанаваў мне гуляць на грошы, па адным грашу, не дзеля выйгрыша, а так, каб толькі не гуляць дарма, што, паводле яго слоў, самая дрэнная прывычка. Я згадзіўся і на тое, а Зурын загадаў падаць пуншу і ўгаварыў мяне паспрабаваць, паўтараючы, што да службы патрэбна мне прывыкаць; а без пуншу, што там служба! Я паслухаўся яго. Між тым гульня наша ішла. Чым часцей прысёрбваў я з маёй шклянкі, тым станавіўся адважнейшым. Шары што хвіліны лёталі ў мяне за борт; я гарачыўся, лаяў маркера, які лічыў бог ведае як, час ад часу павялічваў гульню, словам, — трымаў сябе як блазан, які вырваўся на волю. Між тым час прайшоў непрыкметна. Зурын глянуў на гадзіннік, паклаў кій і абвясціў мне, што я прайграў сто рублёў. Гэта мяне крыху збянтэжыла. Грошы мае былі ў Савельіча. Я пачаў прасіць прабачэння. Зурын мяне перапыніў:
— Будзь ласкаў! Не турбуйся. Я магу і пачакаць, а пакуль паедзем да Арынушкі.
Што загадаеце? Дзень я скончыў гэтак-жа бяспутна, як і пачаў. Мы павячэралі ў Арынушкі. Зурын кожную хвіліну мне падліваў, паўтараючы, што трэба да службы прывыкаць. Устаўшы з-за стала, я ледзь трымаўся на нагах; апоўначы Зурын адвёз мяне ў карчму.
Савельіч сустрэў нас на ганку. Ён ахнуў, убачыўшы пэўныя адзнакі маёй руплівасці да службы.
— Што гэта, васпан, з табою зрабілася? — сказаў ён жаласным голасам. — Дзе гэта ты набраўся? Ах, божухна! зроду такога грэху не бывала!
— Маўчы, грыб! — адказаў я яму, запінаючыся; — ты мусіць п'яны, пайшоў спаць... і ўкладзі мяне.
На другі дзень я прачнуўся з болем у галаве, цьмяна прыпамінаючы ўсе ўчарашнія здарэнні. Раздум'е маё перапынена было Савельічам, які ўвайшоў да мяне з кубачкам чаю.
— Рана, Пётр Андрэіч,—сказаў ён мне, хістаючы галавой, — рана пачынаеш гуляць. І ў каго ты ўдаўся? Здаецца, ні бацюхна, ні дзядуля п'яніцамі не былі; пра матухну і казаць няма чаго: зроду, акрамя квасу, у рот нічога не брала. А хто ўсяму вінен? Пракляты мус'е. Раз-у-раз, бывала, да Анціп'еўны забяжыць: "Мадам, жэ ву пры[16], гарэлкю". Вось табе і жэ ву пры! Няма чаго казаць: дабру навучыў, сабачы сын. І трэба было наймаць за дзядзьку басурмана, як быццам у пана нехапіла і сваіх людзей!
Мне было сорамна. Я адвярнуўся і сказаў яму:
— Ідзі вон, Савельіч; я чаю не хачу. — Але Савельіча нялёгка было суняць, калі, бывала, возьмецца за пропаведзь.
— Вось бачыш, Пётр Андрэіч, як добра падгульваць. І галоўцы цяжка, і есці не хочацца. Чалавек, які п'е, ні на што не варты... Выпі агурочнага расолу з мёдам, а за ўсё-б лепей пахмяліцца поўшклянкай настойкі. Можа загадаеш?
У гэты час хлопчык увайшоў і падаў мне запіску ад І. І. Зурына. Я разгарнуў яе і прачытаў наступныя радкі:
- "Шаноўны Пётр Андрэевіч, калі ласка прышлі мне з маім хлопчыкам сто рублёў, якія ты мне ўчора прайграў. У мяне вялікая патрэба ў грошах.
- Гатовы да паслуг
- Іван Зурын".
Рабіць было няма чаго. Я ўзяў на сябе выгляд роўнадушны і, звярнуўшыся да Савельіча, які быў і грошай і бялізны, і спраў маіх гарлівец, загадаў аддаць хлопчыку сто рублёў.
— Як! Нашто? — спытаўся здзіўлены Савельіч.
— Я іх яму павінен, — адказаў я з якою толькі можна халоднасцю.
— Павінен! — запярэчыў Савельіч, упадаючы ўсё ў большае здзіўленне; — ды калі-ж, васпан, паспеў ты яму завінаваціцца? Справа нешта нядобрая. Воля твая, васпан, а грошай я не выдам.
Я падумаў, што калі ў гэту рашучую хвіліну не зламлю ўпартага старога, дык потым ужо цяжка мне будзе вызваліцца ад яго апекі, і, глянуўшы на яго горда, сказаў:
— Я твой пан, а ты мой слуга. Грошы мае. Я іх прайграў, таму што так мне ўздумалася. А табе раю не быць надта разумным і рабіць тое, што табе загадваюць.
Савельіч гэтак быў здзіўлены маімі словамі, што ўспляснуў рукамі і аслупянеў.
— Што-ж ты стаіш! — закрычаў я сярдзіта. Савельіч заплакаў.
— Бацюхна Пётр Андрэіч, — вымавіў ён дрыготкім голасам, — не рэж майго сэрца. Свет ты мой! паслухай мяне, старога: напішы гэтаму разбойніку, што ты пажартаваў, што ў нас і грошай такіх не водзіцца. Сто рублёў! Божа ты літасцівы! Скажы, што табе бацькі строга наказалі не гуляць, акрамя як на арэхі...
— Годзе хлусіць, — перапыніў я сурова, — падавай сюды грошы, ці я цябе ў каршэнь праганю.
Савельіч паглядзеў на мяне з глыбокай горасцю і пайшоў па мой доўг. Мне было шкода беднага старога; але я хацеў вырвацца на волю і даказаць, што ўжо я не дзіця. Грошы былі дастаўлены Зурыну. Савельіч паспяшаўся вывезці мяне з праклятай карчмы. Ён з'явіўся з паведамленнем, што коні гатовы. З неспакойным сумленнем і з маўклівым раскаяннем выехаў я з Сімбірска, не развітаўшыся з маім настаўнікам і не думаючы з ім ужо калі-небудзь убачыцца.
Зноскі
[правіць]- ↑ Я.Б. Княжнін (1742 – 1791) – рускі драматург XVIII века.
- ↑ Граф Мініх (1683 – 1767) – выдатны ваенны і палітычны дзеяч, які паступіў на рускую службу пры Пятры I і асабліва ўзвысіўся пры Анне Іоанаўне і Анне Леапольдаўне, пры якой зрабіўся адзін час самым уплывовым чалавекам у Расіі; пасля дварцовага перавароту 1741 г., які даў уладу Елізавеце, быў высланы апошняй у Сібір, дзе прабыў дваццаць гадоў і адтуль быў вернуты Пятром III. У часе дварцовага перавароту 1762 г., у выніку якога ўлада была захоплена Екацерынай II, заставаўся на баку Пятра III, што Пушкін з спачуваннем адзначаў у «Маёй радаслоўнай». Выхад у адстаўку старога Грынёва, як відаць з далейшага, звязаны з падзеннем Мініха ў1741 г.
- ↑ Прэм’ер-маёр – афіцэрскі чын XIII в., які адпавядаў падпалкоўніку.
- ↑ Паводле ўказу Пятра I дваране абавязаны былі пачынаць ваенную службу з салдацкіх чыноў. У абход гэтага багатыя дваране фіктыўна прыпісвалі сваіх дзяцей яшчэ ў малым узросце да якога-небудзь палка ў чыне сержанта – вайсковы чын, які ідзе непасрэдна перад афцэрскім. Гэта давала магчымасць апошнім пасля «выслугі гадоў» пачынаць фактычную ваенную службу адразу ў афіцэрскім чыне. Сямёнаўскі полк – адзін з старэйшых і самых відных гвардзейскіх палкоў
- ↑ Дзядзька – прыгонны слуга-выхавальнік
- ↑ Каб стаць настаўнікам
- ↑ Ментар – настаўнік
- ↑ Мыс Добрай Надзеі – мыс на паўднёвай канечнасці Афрыкі
- ↑ «Прыдворны каляндар» – штогодняе афіцыйнае выданне, у якім, акрамя агульных каляндарных вестак, друкаваліся спісы вышэйшых ваенных і цывільных чыноў імперыі
- ↑ Генерал-паручнік – даўні генеральскі чын
- ↑ Абодвух расійскіх ордэнаў кавалер – узнагароджаны двума вышэйшымі ордэнамі: Андрэя Первазваннага і Аляксандра Неўскага, устаноўленымі пры Пятры I і Екацярыне I
- ↑ Шаматон – марнатравец, гуляка
- ↑ Паграбец – дарожная скрынка для шклянак і бутэлек
- ↑ Маркер – прыслужнік пры більярдзе, які адзначае лік гульні
- ↑ Рэкрут – навабранец
- ↑ Васпані, прашу вас