Капітанская дачка/ІІІ. Крэпасць
← ІІ. Важаты | Раздзел ІІІ. Крэпасць Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін Пераклад: Кузьма Чорны |
IV. Паядынак → |
"Мы в фортеции[1] живем,
Хлеб едим и воду пьем;
А как лютые враги
Придут к нам на пироги,
Зададим гостям пирушку:
Зарядим картечью пушку".
Салдацкая песня.
"Старинные люди, мой батюшка."
Недарасль.
Белагорская крэпасць знаходзілася за сорак вёрст ад Орэнбурга. Дарога ішла па крутым беразе Яіка. Рака яшчэ не замерзла і яе свінцовыя хвалі сумна чарнелі ў аднастайных берагах, пакрытых белым снегам. За імі прасціраліся Кіргізскія стэпы. Я акунуўся ў раздум'е, пераважна маркотнае. Гарнізоннае жыццё мела мала для мяне прывабнасці. Я стараўся ўявіць сабе капітана Міронава, майго будучага начальніка, і ўяўляў яго строгім, сярдзітым старыком, які не ведае нічога, акрамя сваёй службы, і гатовы за ўсякую драбніцу саджаць мяне пад арышт, на хлеб і ваду. Між тым пачало змяркацца. Мы ехалі даволі хутка.
— Ці далёка да крэпасці? — спытаўся я ў свайго фурмана.
— Недалёка, — адказаў ён, — Вунь ужо відаць, — Я глядзеў ва ўсе бакі, чакаючы ўбачыць грозныя бастыёны[2], вежы і вал; але нічога не бачыў, акрамя вёсачкі, абкружанай плотам з бярвення. З аднаго боку стаялі тры або чатыры скірты сена, поўзасыпаныя снегам; з другога пакрыўлены млын з лубянымі крыллямі, лена апушчанымі.
— Дзе-ж крэпасць? — спытаўся я з здзіўленнем.
— Ды вось яна, — адказаў фурман, паказваючы на вёсачку, і з гэтым словам мы ў яе ўехалі. Каля варот убачыў я старую чыгунную гармату; вуліцы былі цесныя і крывыя; хаты нізкія і ў большасці крытыя саломаю. Я загадаў ехаць да каменданта, і праз хвіліну кібітка спынілася перад драўляным дамком, пабудаваным на высокім месцы, каля драўлянай-жа царквы.
Ніхто не сустрэў мяне. Я пайшоў у сенцы і адчыніў дзверы ў пярэднюю. Стары інвалід, седзячы на стале, нашываў сінюю латку на локаць зялёнага мундзіра. Я загадаў яму далажыць пра мяне.
— Уваходзь, бацюхна, — адказаў інвалід: — нашы дома, — Я ўвайшоў у чысценькі пакоік, прыбраны па-старасвецкаму. У кутку стаяла шафа з пасудаю; на сцяне вісеў дыплом афіцэрскі за шклом і ў рамцы; каля яго красаваліся лубачныя малюнкі, якія паказвалі ўзяцце Кістрына і Очакова[3], таксама выбар нявесты і пахаванне ката[4]. Каля акна сядзела старая жанчына ў целагрэйцы і з хусткаю на галаве. Яна разматвала ніткі, якія трымаў, распастрыўшы на руках, аднавокі старычок у афіцэрскім мундзіры.
— Што вам трэба, бацюхна? — спыталася яна, не кідаючы свайго занятку. Я адказаў, што прыехаў на службу і з'явіўся па абавязку свайму да пана капітана, і з гэтым словам звярнуўся быў да крывога старычка, прымаючы яго за каменданта; але гаспадыня перапыніла завучаную мною прамову.
— Івана Кузьміча дома няма, —сказала яна; ён пайшоў у госці да айца Герасіма; ды ўсёроўна, бацюхна, я яго гаспадыня. Прашу любіць і не цурацца. Сядай, бацюхна. — Яна гукнула дзеўку і загадала ёй паклікаць урадніка. Старычок сваім адзінокім вокам паглядаў на мяне з цікаўнасцю.
— Асмельваюся запытацца, — сказаў ён; — вы ў якім палку мелі ласку служыць? — Я задаволіў яго цікаўлівасць.
А асмелюся запытацца, — казаў ён далей, — чаму мелі ласку вы перайсці з гвардыі ў гарнізон? — Я адказаў, што такая была воля начальства.
— Напэўна, за непрыстойныя гвардыі афіцэру ўчынкі, — не ўнімаўся няўтомны дапытвальнік.
— Годзе вярзці глупства, — сказала яму капітанша; — ты бачыш, малады чалавек з дарогі стаміўся; яму не да цябе... (трымай рукі раўней...) А ты, мой бацюхна, — сказала яна далей, зварачаючыся да мяне, — не маркоцься, што цябе ўпяклі ў нашу глуш. Не ты першы, не ты апошні. Сцерпіцца, злюбіцца. Швабрын Аляксей Іванавіч вось пяты год ужо як да нас пераведзены за смертазабойства. Бог ведае, які грэх яго падбіў; ён, бачыш, паехаў за горад з адным паручнікам, ды ўзялі з сабою шпагі, і ну адзін у аднаго пароць; а Аляксей Іванавіч і закалоў паручніка, ды яшчэ пры двух сведках! Што загадаеш рабіць? На грэх майстра няма.
У гэту хвіліну ўвайшоў ураднік, малады і стройны казак.
— Максімыч! — сказала яму капітанша, — Адвядзі п. афіцэру кватэру, ды пачысцей.
— Слухаю, Васіліса Егораўна, — адказаў ураднік. — Ці не змясціць яго благароддзе ў Івана Паляжаева?
— Брэшаш, Максімыч, — сказала капітанша: — у Паляжаева і так цесна; ён-жа мне кум і памятае, што мы яго начальнікі. Адвядзі п. афіцэра... як ваша імя і па бацьку, мой бацюхна?
— Пётр Андрэіч.
— Адвядзі Пятра Андрэіча да Сямёна Кузава. Ён, машэннік, каня свайго пусціў ка мне ў гарод. Ну што, Максімыч, ці ўсё добра?
— Усё, дзякуй богу, ціха, — адказаў казак; — толькі капрал[5] Прохаў пабіўся ў лазні з Усцінняй Нягулінай за ражку гарачай вады.
— Іван Ігнацьіч! — сказала капітанша аднавокаму старычку. — Разбяры Прохарава з Усцінняй, хто вінаваты, хто не. Ды абодвух і пакарай. Ну, Максімыч, ідзі сабе з богам. Пётр Андрэіч, Максімыч адвядзе вас на вашу кватэру.
Я развітаўся. Ураднік прывёў мяне ў хату, якая стаяла на высокім беразе ракі, на самым краі крэпасці. Палова хаты занята была сям'ёю Сямёна Кузава, другую адвялі мне. Яна складалася з адной святліцы, даволі чыстай, падзеленай надвое перагародкаю. Савельіч стаў у ёй парадкавацца; я стаў глядзець у вузенькае акенца. Перад мною прасціраўся сумны стэп. Наўкось стаяла некалькі хатак; па вуліцы блукала некалькі курыц. Старая баба, стоячы на ганку з карытам, звала свіней, якія адказвалі ёй прыязным рохканнем. I вось у якой старане асуджаны я быў праводзіць маю моладасць! Туга апанавала мяне; я адышоў ад акна і лёг спаць без вячэры, не гледзячы на ўпрошванні Савельіча, які паўтараў з скрухаю:
— Госпадзі ўладыка! нічога есці не хоча! Што скажа пані, калі дзіця занядужае?
На другі дзень раніцаю я толькі што пачаў адзявацца, як дзверы адчыніліся, і да мяне ўвайшоў малады афіцэр невысокага росту, з тварам смуглым і выразна непрыгожым, але надзвычайна жывым.
— Прабачце мне, — сказаў ён мне па-французску,—што я без цырамоніі прыходжу з вамі пазнаёміцца. Учора даведаўся я аб вашым прыездзе; жаданне ўбачыць нарэшце чалавечы твар так апанавала мяне, што я не вытрымаў. Вы гэта зразумееце, калі пражывеце тут яшчэ колькі часу.— Я здагадаўся, што гэта быў афіцэр, выпісаны з гвардыі за паядынак. Мы зараз-жа пазнаёміліся. Швабрын быў вельмі не дурны. Гутарка яго была вострая і цікавая. Ён з вялікай веселатою апісаў мне сям'ю каменданта, яго кола і край, куды завёў мяне лес. Я смяяўся ад чыстага сэрца, як увайшоў да мяне той самы інвалід, які правіў мундзір у пярэдняй каменданта, і ад імя Васілісы Егораўны паклікаў мяне да іх абедаць. Швабрын вызваўся ісці са мною разам.
Падыходзячы да камендантскага дома, мы ўбачылі на пляцоўцы чалавек дваццаць старэнькіх інвалідаў з доўгімі косамі і ў трохраговых капелюшах. Яны выстраены былі ва фрунт. Наперадзе стаяў камендант, старык бадзёры і высокага росту, у калпаку і ў кітайчатым халаце. Убачыўшы нас, ён да нас падышоў, сказаў мне некалькі ласкавых слоў і пачаў зноў камандаваць. Мы спыніліся былі глядзець на вучэнне; але ён прасіў нас ісці да Васілісы Егораўны, абяцаючы быць услед за намі.
— А тут, — дадаў ён, — няма чаго вам глядзець.
Васіліса Егораўна прыняла нас проста і сярдэчна і абышлася са мною як-бы век была знаёма. Інвалід і Палашка накрывалі стол.
— Што гэта мой Іван Кузьміч сягоння гэтак завучыўся! — сказала камендантша. — Палашка, пакліч пана абедаць. Ды дзе-ж Маша? — Тут увайшла дзяўчына гадоў васемнаццаці, круглатварая, румяная, са светларусымі валасамі, гладка зачэсанымі за вушы, якія ў яе так і гарэлі. З першага погляду яна не вельмі мне спадабалася. Я глядзеў на яе з прадузятасцю: Швабрын апісаў мне Машу, капітанскую дачку, поўнай дурнуляй. Мар'я Іванаўна села ў кут і пачала шыць. Між тым падалі капусту. Васіліса Егораўна, не бачачы мужа, другі раз паслала па яго Палашку. — Скажы пану: госці, моў, чакаюць, капуста астыне; дзякуй богу, вучэнне не ўцячэ; паспее накрычацца. — Капітан неўзабаве з'явіўся разам з аднавокім старычком.
— Што гэта, мой бацюхна? — сказала яму жонка. — Яда даўно пададзена, а цябе не дазавешся.
— А чуеш ты, Васіліса Егораўна, — адказаў Іван Кузьміч, — я быў заняты службаю: салдацікаў вучыў.
— I, годзе! — запярэчыла капітанша. — Толькі слава, што салдат вучыш: ні ім служба не даецца, ні ты ў ёй толку не ведаеш. Сядзеў-бы дома, ды богу маліўся, гэтак было-б лепей. Дарагія госці, міласці просім за стол.
Мы селі абедаць. Васіліса Егораўна не змаўкала ні на хвіліну і абсыпала мяне пытаннямі; хто мае бацькі, ці жывы яны, дзе жывуць і як багаты? Пачуўшы, што ў бацюхны трыста душ сялян,
— Ці бачылі! — сказала яна; — ёсць-жа на свеце багатыя людзі! А ў нас, мой бацюхна, усяго душ адна дзеўка Палашка; ды, дзякуй богу, жывем памаленьку. Адна бяда: Маша; дзеўка на выданні, а якое ў яе прыданае? густы грэбень ды венік, ды алтын дзенег[6] (даруй божа!), з чым у лазню схадзіць. Добра, калі знойдзецца добры чалавек; а то сядзі сабе ў дзеўках векавечнай нявестаю. — Я глянуў на Мар'ю Іванаўну, яна ўся пачырванела, нават слёзы капнулі на яе талерку. Мне стала шкада яе, і я спяшаўся змяніць гутарку.
— Я чуў, — сказаў я даволі не дарэчы, — што на вашу крэпасць збіраюцца напасці башкіры.
— Ад каго, бацюхна, ты меў ласку гэта чуць? — спытаўся Іван Кузьміч.
— Мне так казалі ў Орэнбургу, — адказаў я.
— Глупства! — сказаў камендант. — У нас даўно нічога не чуваць. Башкірцы — народ напалоханы, ды і кіргізы правучаны. Нябось, на нас не сунуцца, а пасунуцца, дык я такой задам ім пачосткі, што гадоў на дзесяць уціхаміру.
— І вам не боязна, — казаў я далей, звяртаючыся да капітаншы, — заставацца ў крэпасці, падлеглай такім небяспекам?
— Прывычка, мой бацюхна, — адказала яна. — Таму гадоў дваццаць як нас з палка перавялі сюды, і не дай бог, як я баялася праклятых гэтых нехрысцяў! Як згледжу, бывала, рысіныя шапкі, ды як пачую іх віск, ці верыш, любы мой, сэрца так і замрэ! А цяпер так прывыкла, што і з месца не крануся, калі прыдуць нам сказаць, што зладзеі каля крэпасці гайсаюць.
— Васіліса Егораўна вельмі храбрая дама, — заўважыў важна Швабрын. — Іван Кузьміч можа гэта пасведчыць.
— Але, чуеш ты, — сказаў Іван Кузьміч; — баба не з баязлівага дзесятка.
— А Мар'я Іванаўна? — спытаўся я; — гэткая-ж смелая, як і вы?
— Ці смелая Маша? — адказала яе маці — Не, Маша баязліўка. Да гэтай пары не можа чуць стрэлу са стрэльбы: так і закалоціцца. А як назад таму два гады Іван Кузьміч выдумаў на мае імяніны паліць з нашай гарматы, дык яна, мая галубка, ледзь ад страху на той свет не выправілася. З той пары ўжо і не страляем з праклятай гарматы.
Мы ўсталі з-за стала. Капітан з капітаншаю адправіліся спаць, а я пайшоў да Швабрына, з якім і правёў цэлы вечар.
Зноскі
[правіць]- ↑ Фартэцыя – крэпасць
- ↑ Бастыён – крэпасное ўмацаванне ў форме пяцікутніка
- ↑ Кістрын – Кюстрын, адна з мацнейшых крэпасцей таго часу ў Прусіі. Очакоў – турэцкая крэпасць у Чорнамор’і, узятая ў 1737 г. фельдмаршалам Мініхам.
- ↑ «Пахаванне ката мышамі» – адзін з найбольш папулярных малюнкаў палітычнага зместу (накіраваны супроць Пятра I)
- ↑ Капрал – першы салдацкі чын пасля радавога
- ↑ Алтын дзенег – тры капейкі (шастак) грошай