Капітанская дачка/IV. Паядынак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
ІІІ. Крэпасць Раздзел IV. Паядынак
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Пераклад: Кузьма Чорны
V. Каханне


— "Ин изволь и стань же в позитуру[1].
Посмотришь, проколю как я твою фигуру".
Княжнін.

Прайшло некалькі тыдняў, і жыццё мае ў Белагорскай крэпасці зрабілася для мяне не толькі трывалым, але нават і прыемным. У доме каменданта быў я прыняты як родны. Муж і жонка былі людзі самыя шаноўныя. Іван Кузьміч, які вышаў у афіцэры з салдацкіх дзяцей, быў чалавек неадукаваны і просты, але самы сумленны і добры. Жонка яго ім кіравала, што было пад лад з яго бесклапотнасцю. Васіліса Егораўна і на справы службы глядзела, як на свае гаспадарскія, і кіравала крэпасцю гэтак-жа, як і сваім домам. Мар'я Іванаўна хутка перастала са мною дзічыцца. Мы пазнаёміліся. Я ў ёй знайшоў разважную і чуллівую дзяўчыну. Непрыкметна я прывык да добрай сям'і, нават да Івана Ігнацьіча, аднавокага гарнізоннага паручніка, пра якога Швабрын выдумаў, быццам ён быў у недазволенай сувязі з Васілісай Егораўнай, што не мела і цені праўды; але Швабрына гэта мала абыходзіла.

Я быў узведзены ў афіцэры. Служба мяне не абцяжарвала. У богам ратованай крэпасці не было ні аглядаў, ні вучэнняў, ні каравулаў. Камендант па ўласнай ахвоце вучыў часам сваіх салдат; але яшчэ не мог дабіцца, каб усе яны ведалі, які бок правы, які левы. У Швабрына было некалькі французскіх кніг. Я пачаў чытаць і ва мне з'явілася ахвота да літаратуры. Раніцамі я чытаў, практыкаваўся ў перакладах, а часам і ў складанні вершаў. Абедаў амаль заўсёды ў каменданта, дзе звычайна праводзіў рэшту дня і куды ўвечары часам з'яўляўся айцец Герасім з жонкаю Акулінай Памфілаўнай, першаю вястунняю ва ўсім наваколлі. З А. І. Швабрыным, зразумела, бачыўся я кожны дзень; але час ад часу гутарка з ім рабілася для мяне менш прыемнаю. Заўсёдныя жарты яго наконт сям'і каменданта мне дужа не падабаліся, асабліва ўпіклівыя заўвагі пра Мар'ю Іванаўну. Другой кампаніі ў крэпасці не было; але я другой і не жадаў.

Не гледзячы на прадраканні, башкірцы не паўставалі. Спакой панаваў вакол нашай крэпасці. Але мір быў перарваны раптоўнай міжсобіцаю.

Я ўжо казаў, што я займаўся літаратураю. Практыкаванні мае, для таго часу, былі досыць удалыя, і Аляксандр Пятровіч Сумарокаў[2], праз некалькі гадоў потым, вельмі іх пахвальваў. Аднойчы ўдалося мне напісаць песеньку, якой быў я здаволены. Вядома, што пісьменнікі часам, пад выглядам патрабавання парады, шукаюць прыхільнага слухача. Значыцца, перапісаўшы маю песеньку, я панёс яе да Швабрына, які адзін ва ўсёй крэпасці мог ацаніць твор вершатворца. Пасля невялічкай прадмовы выняў я з кішэні свой сшытачак і прачытаў яму наступныя вершыкі:

Мысль любовну истребляя,
Тщусь прекрасную забыть.
И ах, Машу избегая,
Мышлю вольность получить!

Но глаза, что мя пленили,
Всеминутно предо мной;
Они дух во мне смутили,
Сокрушили мой покой.

Ты, узнав мои напасти,
Сжалься, Маша, надо мной,
Зря меня в сей лютой части,
И что я пленен тобой.

— Як ты глядзіш на гэта? — спытаўся я ў Швабрына, чакаючы пахвальбы, як даніны, мне абавязкова павіннай. Але, на вялікую шкоду, Швабрын, звычайна выбачны, рашуча абвясціў, што песня мая дрэнная.

— Чаму так? — спытаўся я ў яго, хаваючы сваю прыкрасць.

— Таму, адказаў ён, — што такія вершы варты настаўніка майго, Васілья Кірылавіча Трэдзьякоўскага[3], і вельмі нагадваюць мне яго любоўныя куплецікі.

Тут ён узяў ад мяне сшытачак і пачаў бязлітасна разбіраць кожны радок і кожнае слова, здзекваючыся з мяне самым упіклівым чынам! Я не сцярпеў, вырваў з рук яго мой сшытак і сказаў, што ўжо ніколі не пакажу яму сваіх твораў. Швабрын пасмяяўся і з гэтай пагрозы.

— Паглядзім, — сказаў ён, — ці стрымаеш ты сваё слова: вершатворцам патрэбен слухач, як Івану Кузьмічу графінчык гарэлкі перад абедам. А хто гэта Маша, перад якой прызнаешся ў пяшчотнай страсці і ў любоўнай напасці? Ужо ці не Мар'я Іванаўна?

— Не твая справа, — адказаў я, нахмурыўшыся, — хто-б ні была гэта Маша. Не трэба мне ні тваёй думкі, ні тваіх здагадак.

— Ого! Ганарысты вершатворац і сціплы палюбоўнік! — казаў далей Швабрын, усё больш расцвельваючы мяне; — але паслухайся сяброўскай парады: калі ты хочаш мець поспех, то раю дзейнічаць не песенькамі.

— Што гэта, васпан, значыць? Будзь ласкаў растлумачыць.

— З ахвотаю. Гэта значыць, што калі хочаш, каб Маша Міронава хадзіла да цябе на цямку, дык замест пяшчотных вершаў падары ёй пару завушніц.

Кроў мая закіпела.

— А чаму ты пра яе такой думкі? — спытаўся я, ледзьве стрымліваючы свае абурэнне.

— А таму, — адказаў ён з пякельнай усмешкай, — што ведаю з практыкі яе нораў і звычай.

— Ты хлусіш, паганец! — ускрыкнуў я ў шаленстве, — ты хлусіш самым бессаромным чынам.

Швабрын змяніўся ў твары.

— Гэта табе так не пройдзе, — сказаў ён, сціснуўшы мне руку. — Вы мне дасце сатысфакцыю[4].

— Будзь ласкаў, калі хочаш! — адказаў я, узрадаваўшыся. У гэту хвіліну я гатоў быў разарваць яго.

Я зараз-жа адправіўся да Івана Ігнацьіча і застаў яго з голкаю ў руках: па даручэнню камендантшы, ён нанізваў грыбы для сушкі на зіму.

— А, Пётр Андрэіч! — сказаў ён, убачыўшы мяне, — калі ласка! Як гэта вас бог прынёс? Па якой справе, асмельваюся запытацца? — Я ў кароткіх словах расказаў яму, што я пасварыўся з Аляксеем Іванавічам, а яго, Івана Ігнацьіча, прашу быць маім секундантам. Іван Ігнацьіч выслухаў мяне з увагаю, вытарашчыўшы на мяне сваё адзінае вока.

— Вы маеце ласку гаварыць, — сказаў ён мне, — што хочаце Аляксея Іваныча закалоць і хочаце, каб я пры гэтым быў сведкам? Гэтак? асмельваюся запытацца.

— Гэтак.

— Злітуйцеся, Пётр Андрэіч! Што гэта вы задумалі! Вы з Аляксеем Іванычам палаяліся? Вялікая бяда! Лаянка на каўняры не вісіць. Ён вас палаяў, а вы яго вылайце; ён вас у рыла, а вы яго ў вуха, у другое, у трэцяе — і разыйдзецеся; а мы вас памірым ужо. А то: ці жарты закалоць свайго бліжняга, асмелюся запытацца. І добра-б ужо калі-б закалолі вы яго: бог з ім, з Аляксеем Іванычам; я і сам да яго не ахвотнік. Ну, а калі ён вас прасвідруе? На што гэта будзе падобна? Хто будзе ў дурнях, асмелюся запытацца?

Словы разважнага паручніка не пахіснулі мяне. Я застаўся пры сваім намеры.

— Як сабе хочаце, — сказаў Іван Ігнацьіч; — рабіце, як разумееце. Але чаго-ж мне тут быць сведкам? Навошта? Людзі б'юцца; што за дзіва, асмелюся запытацца? Дзякуй богу, хадзіў я пад шведа, пад турку: усяго наглядзеўся.

Я так-сяк пачаў тлумачыць яму абавязак секунданта, але Іван Ігнацьіч ніяк не мог мяне зразумець.

— Воля ваша, — сказаў ён. — Калі ўжо мне і ўмяшацца ў гэту справу, дык хіба пайсці да Івана Кузьміча і данесці яму па абавязку службы, што ў фартэцыі замышляецца злачынства, супраціўнае казённаму інтарэсу: ці не пажадана будзе пану каменданту ўжыць адпаведныя меры.

Я спалохаўся і пачаў прасіць Івана Ігнацьіча нічога не казаць каменданту; ледзьве яго ўгаварыў; ён даў мне слова, і я вырашыў ад яго адступіцца.

Вечар правёў я, як зазвычай, у каменданта. Я стараўся здавацца вясёлым і роўнадушным, каб не выклікаць ніякай падазронасці і пазбегнуць дакучных пытанняў; але прызнаюся, я не меў таго халоднага спакою, якім хваляцца амаль заўсёды тыя, якія знаходзіліся ў маім становішчы. У гэты вечар я схільны быў да пяшчотнасці і да расчулення. Мар'я Іванаўна падабалася мне больш звычайнага. Думка, што, можа быць, бачу яе ў апошні раз, надавала ёй у маіх вачах нешта жаласлівае. Швабрын з'явіўся тут-жа. Я адвёў, яго ўбок і паведаміў яму пра сваю гутарку з Іванам Ігнацьічам.

— Нашто нам секунданты? — сказаў ён мне суха: — без іх абыйдземся. — Мы ўмовіліся біцца за скіртамі, што знаходзіліся каля крэпасці, і з'явіцца туды на другі дзень а сёмай гадзіне раніцы. Мы гутарылі, відаць, так прыязна, што Іван Ігнацьіч, ад радасці прагаварыўся:

— Даўно-б так, — сказаў ён мне з задаволеным выглядам; — дрэнны мір лепей за добрую сварку, а і не сумленны, дык здаровы.

— Што, што, Іван Ігнацьіч? — сказала камендантша, якая ў кутку гадала на карты: — я не пачула.

Іван Ігнацьіч, заўважыўшы з майго боку знакі нездаволення і ўспомніўшы свае абяцанне, збянтэжыўся і не ведаў, што адказаць. Швабрын прыспеў да яго на дапамогу.

— Іван Ігнацьіч, — сказаў ён, — адабрае нашу міравую.

А з кім гэта, мой бацюхна, ты сварыўся?

— Мы былі паспрачаліся даволі моцна з Пятром Андрэічам.

— За што так?

— Проста за драбніцу; за песеньку, Васіліса Егораўна.

— Знайшлі за што сварыцца! за песеньку!.. ды як-жа гэта здарылася?

— Ды вось як: Пётр Андрэіч напісаў нядаўна песьню і сягоння запеў яе пры мне, а я завёў маю любімую:

“Капитанская дочь,
Не ходи гулять в полночь”.

Вышаў разлад. Пётр Андрэіч быў і раззлаваўся; але потым разважыў, што ўсякі можа пець, што каму да спадобы. Тым і справа скончылася.

Бессаромнасць Швабрына ледзь мяне не ўзбясіла; але ніхто, акрамя мяне, не зразумеў грубых яго намёкаў; прынамсі, ніхто не звярнуў на іх увагі. Ад песенак гутарка перайшла да вершатворцаў, і камендант заўважыў, што ўсе яны людзі бяспутныя і горкія п'яніцы і па-сяброўску раіў мне пакінуць вершатворства, як справу, якая службе супраціўна і ні да чаго добрага не даводзіць.

Прысутнасць Швабрына была мне няўсцерп. Я хутка развітаўся з камендантам і з яго сям'ёй; прышоўшы дамоў, аглядзеў сваю шпагу, паспрабаваў яе канец і лёг спаць, загадаўшы Савельічу разбудзіць мяне на сёмую гадзіну.

На другі дзень у прызначаны час я стаяў ужо за скіртамі, чакаючы майго супраціўніка. Неўзабаве і ён з'явіўся.

— Нас могуць застаць, — сказаў ён мне; — трэба спяшацца. — Мы знялі мундзіры, засталіся ў адных камзолах[5] і агалілі шпагі. У гэту хвіліну з-за скірты раптам паказаўся Іван Ігнацьіч і чалавек пяць інвалідаў. Ён патрабаваў нас да каменданта. Мы падпарадкаваліся з прыкрасцю; салдаты нас абкружылі і мы накіраваліся ў крэпасць услед за Іванам Ігнацьічам, які вёў нас з урачыстасцю, ступаючы наўздзіў паважна.

Мы ўвайшлі ў каменданцкі дом. Іван Ігнацьіч адчыніў дзверы, выгукнуўшы ўрачыста:

— Прывёў! — Нас сустрэла Васіліса Егораўна.

— Ах, мае бацюхны! На што гэга падобна? Як? што? у нашай крэпасці заводзіць смертазабойства! Іван Кузьміч, зараз іх пад арышт! Пётр Андрэіч! Аляксей Іваныч! давайце сюды вашы шпагі, давайце, давайце! Палашка, аднясі гэтыя шпагі ў камору. Пётр Андрэіч! Гэтага я ад цябе не чакала. Як табе не сорамна? Добра Аляксей Іваныч: ён за душагубства і з гвардыі выпісаны, ён і ў госпада бога не верыць; а ты што? туды-ж лезеш?

Іван Кузьміч цалкам згаджаўся з сваёю дружынаю і прыгаварваў: — А чуеш ты, Васіліса Егораўна праўду кажа. Паядынкі фармальна забаронены ў вайсковым арцікуле[6]. — Між тым Палашка ўзяла ў нас нашы шпагі і аднесла ў камору. Я не мог не засмяяцца. Швабрын захаваў сваю важнасць.

— Пры ўсёй маёй павазе да вас, — сказаў ён ёй з халодным спакоем, — не магу не заўважыць, што дарэмна вы турбуецеся, аддаючы нас вашаму суду. Здайце гэта Івану Кузьмічу: гэта яго справа.

— Ах, мой бацюхна! — запярэчыла камендантша; — ды хіба муж і жонка не адзіны дух і адзінае цела? Іван Кузьміч! Што ты зяваеш! Зараз-жа рассадзі іх па розных кутках на хлеб ды на ваду, каб у іх дурота прайшла; ды няхай айцец Герасім накладзе на іх эпітымію, каб малілі бога дараваць ім, ды каяліся перад людзьмі.

Іван Кузьміч не ведаў, на што адважыцца. Мар'я Іванаўна была надзвычайна бледная. Трохі-патрохі бура сціхла; камендантша супакоілася і прымусіла нас адзін аднаго пацалаваць. Палашка прынесла нам нашы шпагі. Мы вышлі ад каменданта, як быццам прыміраныя. Іван Ігнацьіч ішоў з намі разам.

— Як вам не сорамна было, — сказаў я яму злосна, — даносіць на нас каменданту пасля таго, як далі мне слова гэтага не рабіць?

— Як бог свят, я Івану Кузьмічу гэтага не казаў, — адказаў ён. — Васіліса Егораўна выведала ўсё ад мяне. Яна ўсім і распарадзілася без ведама каменданта. Урэшце, дзякуй богу, што ўсё так скончылася. — З гэтым словам ён павярнуў дамоў, а Швабрын і я засталіся адны.

— Наша справа гэтым скончыцца не можа, — сказаў я яму.

— Канешне, — адказаў Швабрын, — вы сваёю крывёю будзеце адказваць мне за вашу дзёрзкасць; але за намі напэўна пачнуць прыглядаць. Некалькі дзён нам трэба будзе прытварацца. Да спаткання! — I мы рассталіся, як ні ў чым не бывала.

Вярнуўшыся да каменданта, я, як зазвычай, падсеў да Мар'і Іванаўны. Івана Кузьміча не было дома; Васіліса Егораўна занята была гаспадаркаю. Мы гутарылі ўпоўголаса. Мар'я Іванаўна з пяшчотнасцю выгаварыла мне за непакой, зроблены ўсім маёю сваркаю з Швабрыным.

— Я так і абмерла, — сказала яна, — калі сказалі нам, што вы намераны біцца на шпагах. Якія мужчыны дзіўныя! За адно слова, на якое праз тыдзень пэўна-б яны забыліся, яны гатовы рэзацца і ахвяроўваць не толькі жыццём, але і сумленнем, і шчасцем тых, якія... Але я ўпэўнена, што не вы завадыяш сваркі, пэўна вінаваты Аляксей Іваныч.

— А чаму-ж вы так думаеце, Мар'я Іванаўна?

— Ды так... Ён такі насмешнік! Я не люблю Аляксея Іваныча... Ён вельмі мне праціўны; а дзіўна: ні за што-б я не хацела, каб і я яму таксама не падабалася. Гэта мяне непакоіла-б страшэнна.

— А як вы думаеце, Мар‘я Іванаўна? падабаецеся вы яму, ці не?

Мар'я Іванаўна заікнулася і пачырванела.

— Мне здаецца, — сказала яна, — я думаю, што падабаюся.

— Чаму-ж вам так здаецца?

— Таму, што ён да мяне сватаўся.

— Сватаўся! Ён да вас сватаўся? Калі-ж?

— У мінулым годзе. Месяцы за два да вашага прыезду.

— І вы не пайшлі?

— Як бачыце. Аляксей Іваныч, канешне, чалавек разумны, і добрай фаміліі, і багаты; але як падумаю, што трэба будзе пад вянцом пры ўсіх з ім пацалавацца... Ні за што! ні за якое шчасце!

Словы Мар'і Іванаўны адкрылі мне вочы і растлумачылі мне шмат што. Я зразумеў упартае зласлоўе, якім Швабрын яе закідаў. Напэўна, заўважаў ён нашу ўзаемную прыхільнасць і стараўся адцягнуць нас адзін ад аднаго. Словы, якія далі повад да нашай сваркі, здаваліся мне яшчэ больш агіднымі, калі, заместа грубай і непрыстойнай насмешкі, убачыў я ў іх абдуманую брахню. Жаданне пакараць дзёрзкага зласліўца ўзнялося ва мне яшчэ мацней і я з нецярплівасцю стаў чакаць зручнага выпадку.

Я чакаў нядоўга. На другі дзень, калі сядзеў я за элегіяй і грыз пяро ў чаканні рыфмы, Швабрын пастукаўся пад маім акном. Я кінуў пяро, узяў шпагу і да яго вышаў.

— На што адкладваць? — сказаў мне Швабрын; — за намі не глядзяць. Сыйдзем пад раку. Там ніхто нам не перашкодзіць. — Мы рушылі моўчкі. Спусціўшыся па крутой сцежцы, мы спыніліся каля самай ракі і агалілі шпагі. Швабрын быў больш умелы ў гэтым за мяне, але я дужэйшы і смялейшы, і monsieur Бапрэ, які быў некалі салдатам, правёў са мною некалькі практыкаванняў у фехтаванні, што я і скарыстаў. Швабрын не чакаў сустрэць ва мне гэткага небяспечнага супраціўніка. Доўга мы не змаглі зрабіць адзін аднаму ніякай шкоды; нарэшце, заўважыўшы, што Швабрын слабее, я стаў з жвавасцю на яго наступаць і загнаў яго амаль у самую раку. Раптам пачуў я сваё імя, голасна крыкнутае. Я аглянуўся і ўбачыў Савельіча, які збягаў да мяне па нагорнай сцежцы... У гэты самы час мяне моцна кальнула ў грудзі ніжэй правага пляча; я ўпаў і страціў прытомнасць.

Зноскі[правіць]

  1. Пазітура – палажэнне (поза) пры фехтаванні.
  2. А.П. Сумарокаў (1718-1777) – паэт і драматург, які карыстаўся ў свой час вялізнай папулярнасцю
  3. В.К. Трэдзьякоўскі (1703-1769) – паэт, крытык і перакладчык, які быў побач з Ламаносавым адным з пачынальнікаў рускай літаратуры XVIII века. Пад канец жыцця жыў вельмі бедна, вучачы дзяцей прыватным парадкам. Вершы Трэдзьякоўскага адзначаліся крайняй цяжкасцю і нязграбнасцю, што рабіла яго аб’ектам заўсёдных кпін сучаснікаў і патомства
  4. Сатысфакцыя – задавальненне
  5. Камзол – у XVIII веку накшталт жылеткі (камізэлькі)
  6. «Вайсковы арцікул» – збор вайсковых законаў, створаны пры Пятру I. Паводле «Вайсковага арцікула» дуэлі былі «як найстражэй забаронены», і ўдзел у іх караўся смяротнай караю – павешаннем. Фармальна гэты закон заставаўся ў сіле да пушкінскага часу, але фактычна ў справе не ўжываўся (смяротная кара замянялася, як правіла, куды больш лёгкаю караю: пераводам у салдаты, высылкаю, а часам проста кароткачасовым арыштам).