Перайсці да зместу

Канстанцыя Буйло

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Алёйзія З Пашкевічаў Кейрысовая (Цётка) Канстанцыя Буйло
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1918
Крыніца: Našy pieśniary: Litaraturna-sacyjalnyja narysy
Зьмітрок Бядуля (Луцкевіч)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Цётка і Буйло — бясспорна, найбольш выдатныя жаноцкія сілы ў беларускай паэзіі, але якія ж гэта розныя тыпы!

Цётка — уся адзін парыў у выш, да вялікіх ідэалаў. Яна б’ецца са злыбедамі жыцьця, надрываючы свае сілы, яна змагаецца зь нядоляй і няволяй свайго народу, а шчасьце асабістае — гэта толькі ціхае, таёмнае жаданьне збалелай душы. Буйло — маладая, поўная сіл і ахвоты да жыцьця дзяўчына, каторая глядзіць на сьвет такімі вачыма, як павінна глядзець дзяўчына з гарачым сэрцам і чыстай душой, маючы 18—20 гадоў. І ня дзіва, што на першым месцы ў яе стаіць асабістае шчасьце, што ў яе вершах чуюцца гарачыя словы каханьня, што яна жджэ тэй любові, якую бачыць толькі ў марах-снах, якую душа яе прачувае.

 Ўжо сьвечка пагасла, ўжо ноч за вакном...
У пасьцелі мне душна, ня сьпіцца...
О сон! Ты самкні мае вочы скарэй,
Мо мілы сягоньня прысьніцца! («Дзяўчына»)

І сны прыносяць ей абразы мілага — ніколі ня бачанага, незнаёмага:

 Я шукала цябе, мілы мой, ужо даўно, —
Я шукала цябе, выглядала
Вось такога, як сьніўся ў дзявочых мне снах,
Хоць тагды я цябе йшчэ ня знала!

Хоць ніколі цябе йшчэ ня бачыла я, —
Ты мне сьніўся штоноч такі самы,
Як цяпер вось стаіш, поўны дзіўнай красы,
З прамяністымі ўзгляду лучамі.

Ты мне сьніўся штоноч — такі пекны, як бог,
Твае вочы так мякка ясьнелі,
І здавалася мне, што то анял сьвяты
Прыбыў сон мой сьцярэгч у пасьцелі... («Я шукала...»)

Сіла прачуваньня ў Канстанцыі Буйло — гэткая, што яна напярод перажывае і радасьць спатканьня невядомага «мілага», і мукі любові без адказу, і жаль за мінулымі сьветлымі мамэнтамі:

Адна, ізноў адна, як колас той у полі,

Ня сьцяты ў час жніва нагостраным сярпом,

Зламаны ветрамі, гулячымі на волі

Між апусьцелых ніў, спалосканых дажджом.


Адна, ізноў адна... Тужліва сэрца ные.

Наўкола пуста, глуш... Ноч цёмная стаіць.

А за вакном віхор так жаласьліва вые,

Як бы сканаць ня мог, ня хочучы больш жыць.


І сумна, сумна мне... Дзе ж той, каго любіла?

Дзе ж тыя, што мяне любілі так даўней?..

Адны забыліся, другіх ўзяла магіла...

І жаль мне прошлых мар, шчасьлівых шкода дней.


Адна, ізноў адна... А вецер думцы ўторыць

І стогнамі мяне ўцяшае ён сваймі:

— Я — брат табе, я — друг, — мне стогнучы гаворыць, —

Адзін нас ломіць боль — дык плачма ж разам мы!..

(«Адна»)

Эратычная інтуіцыя — гэта характэрная адзнака творчасьці Канстанцыі Буйло, і з гэтага пагляду мы маглі б назваць «песьнямі каханьня» вершы яе, сабраныя ў томіку пад загалоўкам «Курганная кветка» (Вільня, 1914). Але гэтым не абмежываюцца тэмы яе вершаў, бо, пры яе інтэлектуальным разьвіцьці, жыцьцё вабіць яе ўсемі сваімі праявамі — вабіць і ідэйная работа:

О, не кажы ты мне, што жыцьце надаела

І што на сьвеце жыць ня хочаш болей ты,

Бо ўжо ад мук жыцьця душа твая збалела,

А ў сьвеце столькі ёсьць гразі і цемнаты!

....................................................................

Нам сьветачамі быць! У цемнаце ніводнай

Ня бачна зорачкі?.. Мы будзем распаляць!

Да працы час, браты! Ніхто няхай ня сьмее

Магутную руку бясьсільна апускаць.


Да працы час, браты! Мы туманы разьвеем:

Бо, як у пялёнках, ў іх наш сумны край ляжыць;

Каханьнем маладым мы дух яго сагрэем, —

Нізіны кіне ён і вышай узьляціць.

(«Да працы»)

Буйло горача любіць свой край і народ, бо ня можа не любіць: каханьнем сагрэта ў яе ўсё, што яна робіць, што піша. Адгэтуль — шчыры спогад чужому няшчасьцю, спогад усім, каго гоніць і прасьледуе сьвет:

 Каб я крыльле лёгкай птушкі
Салавейкі мела,
Ў гай вясёлы, гай зялёны
Я б не паляцела.

Каб я мела голас звонкі,

Голас салаўіны,

Я б сьпяваці не ляцела

На дрэўцаў вяршыны.

Я бы зь песьняй паляцела

Ў горад той далёкі:

Там ёсьць дом пануры, сумны,

Цёмны і высокі.

На вакне закратаваным

Зь песьняй бы я села

І вастрожнікам няшчасным

Сваю песьню б пела.

Я пяяла б аб свабодзе,

Аб шчасьлівай долі

І забыліся б пры песьні

Яны аб няволі.

Галасамі дзіўных чараў

Я бы залівалась,

Лясоў нашых, ніў прывольле

Ўспомніць ім старалась.

І пад песьню маю думкі

Іх бы прасьвятлелі,

Твары радасным бы сьмехам,

Шчасьцем заясьнелі.

І ня цяжкая была бы

Ім тады няволя.

Бо пад песьню яны б сьнілі

Аб шчасьлівай долі.

(«Каб я мела...»)

Жаласьць да ўсіх нешчасьлівых глыбока пранікае ў сэрца пясьняркі, вызываючы ў ім востры боль. Гэты боль лечыць толькі хараство прыроды:

Як я лесам іду — на душы лёгка мне:

Я адна у лясной цішыне;


Аддыхаю душой. Тут, між елак, бяроз,

Не чуваць ані енкаў, ні сьлёз;


Тут між іх я люблю так хадзіць і хадзіць

Слухаць толькі, што лес гаманіць.


Часам хочацца птушкай у высь узьляцець,

Між зялёных галінак запець,


І шчасьліва пажыць, і ня відзець бяды,

Што пануе ў людзей заўсяды.


Тут люблю я глядзець, як дубочак з сасной

Ціха шэпты вядуць між сабой;


Як з расою-сьлязінай бярозка адна,

Як бы мужа схаваўшы жана,


Да зямлі валасы апусьціўшы стаіць,

Чагось сумна і нудна шуміць...

(«У лесе»)

Любіць Буйло і старыя народныя легенды-казкі, любіць адкрываць страніцы мінуўшчыны, аб каторай ей апавядае вечна жывая прырода:

Ціхім гоманам гордых вяршын,

Шапатаньнем зялёных галін

Лес адвечную казку казаў;

Казкі той зразумець не маглі

Птушкі, што у ём гнёзды вілі,

Ані вецер, што там пралятаў.


Казку ту зразумеў чалавек:

Лес казаў пра даўнейшы той век —

Ён гісторыю пеў старыны,

Што была таму сотні гадоў,

Аб жыцьці-быцьці нашых дзядоў —

Як і дзе пражывалі яны.


Ён аб войнах крывавых казаў —

З кім і дзе прадзед наш ваяваў, —

Пеў аб долі-нядолі яго;

Ён аб веры яго гаварыў:

Ў што той верыў, каго другам быў

І за ворага меў ён каго.


Ціхім гоманам гордых вяршын,

Шапатаньнем зялёных галін

Лес казаў пра аджыты ўжо век,

І хоць казкі спазнаць не маглі

Птушкі, што у ём гнёзды вілі,

Яе ўсю зразумеў чалавек.

* * *

Пасьля такога пекнага ўступу Буйло дае нам некалькі легенд, напісаных вельмі ўдачна. Да лепшых твораў яе можна залічыць такжа напісаны белым вершам «Русалкі» — з добра вытрыманай рытмікай. Прабуе яна пісаць і фантастычныя сцэнічныя абразкі («Кветка папараці»), і драматычныя рэчы («Сягоньняшнія і даўнейшыя», драма ў 3 дзеях, вершам). Але з гэтых спроб, зь літаратурнага пагляду цэнных, яшчэ нельга судзіць аб нашай паэтцы: гэта — яшчэ маладая сіла, каторая можа даць многа, залежна ад таго, куды завядзе яе толькі што пачаўшаеся жыцьцё.