Перайсці да зместу

Алёйзія З Пашкевічаў Кейрысовая (Цётка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Максім Багдановіч (Луцкевіч) Алёйзія з Пашкевічаў Кейрысовая (Цётка)
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1918
Крыніца: Našy pieśniary: Litaraturna-sacyjalnyja narysy
Канстанцыя Буйло

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зь імем Цёткі злучаюцца першыя зачаткі беларускай работы ў Вільні — у 1904— 1905 гадох, калі, поруч з рэвалюцыйным рухам па ўсей Расеі, пачаўся ў шырокіх масах народных рух беларускі. Пад той час у Вільні пачалі ладзіцца беларускія работніцкія арганізацыі — кружкі Беларускай Сацыялістычнай Грамады, і тут Цётка выказала свае арганізатарскія здольнасьці. Яе можна было бачыць на ўсіх вялікіх работніцкіх сходах, — а калі настаў час вялікіх публічных мітынгаў, Цётка выступала ўсюды, будзячы агульны спогад сваімі шчырымі, гарачымі беларускімі прамовамі. Асаблівую энэргію выявіла Цётка ў часе сваей нядоўгай працы ў Новавілейскай бальніцы: яна была тут у самым цэнтры работніцкіх арганізацый Нова-Вілейска.

Ужо пад самы канец рэвалюцыйнага пэрыяду ў Вільні пачала выходзіць першая беларуская легальная газэта «Наша Доля», і Цётка прыняла ў ей гарачае ўчасьце. Маючы вялікія пісарскія здольнасьці, яна друкавала тут свае творы, каторыя станавілі прадоўжаньне яе першых паэтыцкіх спроб на сучасныя палітычныя тэмы.

Калі рэакцыя пачала шырыцца ўсё болей і Цётку пацягнулі пад суд, яна прымушана была выехаць за граніцу. Яна знайшла сабе прыпынак у Львове — між братамі-ўкраінцамі. Тут хадзіла ва ўнівэрсытэт — на гістарычна-філялягічны факультэт і спэцыяльна працавала над беларушчынай. Як тэму для дактарату выбрала беларускія батлейкі і сабрала багаты матэрыял да гэтага.

Выйшаўшы замуж і зьмяніўшы гэтак імя, Цётка вярнулася назад у родны Край, каб далей працаваць між сваімі. Тут, у Вільні, яна была пры закладзінах беларускага тэатру, беларускіх грамадзкіх арганізацый. Працавала дзеля школьнай справы, падгатаваўшы кніжкі для пачатковых школ і выпусьціла ў сьвет сваё «Першае чытаньне». Нейкі час была ў Пецярбурзе, дзе працавала ў беларускай калёніі, пісала і памяшчала свае творы ў «Маладой Беларусі». Пасьля наладзіла ў Мінску месячнік для маладзёжы — «Лучынку» і была там глаўнай літаратурнай кіраўнічкай.

Калі пачалася вайна, Цётка запісалася ў сёстры міласэрдзя і пад кулямі на палёх бітв аказвала помач раненым, не зьвяртаючы ўвагі на небясьпечнасьць. Пасьля, каб быць у Вільні, паступіла ў тутэйшы тыфусовы барак і працавала блізка да апошніх дзён расейскага панаваньня. І тут, спатыкаючы хворых салдатаў-беларусаў, Цётка вяла між імі сваю беларускую работу. Толькі перад самым адходам расейцаў, баючыся, каб яе ня вывезьлі разам з адступаючым войскам, Цётка папрасіла даць ей на нейкі час отпуск.

Калі — пасьля прыходу немцаў — пачалася шырокая беларуская работа дзеля наладжаньня беларускіх школ, Цётка была тут першая: яна вышуквала вучыцельскія сілы, зьбірала дзяцей, сама кіравала школьнай работай. Гэтаксама яе стараньнем былі ўрэшце адкрыты беларускія вучыцельскія курсы ў Вільні, на каторых Цётка выкладала пэдагогіку, гігіену і інш. Поруч з тым яна знаходзіла яшчэ час і дзеля таго, каб вясьці работу між сваімі старымі знаёмымі — віленскімі работнікамі.

У часе гэткай працы Цётку спаткаў цяжкі ўдар: у роднай вёсцы — у Лідчыне — памёр яе бацька. Паехаўшы хаваць бацьку, Цётка і там не ўсядзела без работы: яна аб’яжджала вёскі, дзе панаваў пад той час тыфус, каб даць справаздачу ў Вільні і прасіць помачы для зруйнаваных вайной сялян, — ды тут заразілася на тую хваробу, каторая яе не чапіла ў часе працы ў тыфусовым бараку. Аслабеўшыя ад надмернай працы сілы былі прычынай таго, што Цётка не перанесла хваробы і ў ноч з 4 на 5 лютага 1916 году аддала Богу душу. Яе пахавалі на вясковых могілках — між тымі шэрымі гаротнікамі, для каторых яна працавала ўсё сваё жыцьцё.

* * *

Незвычайная разнароднасьць грамадзкай працы, жаданьне ўсюды прылажыць руку да сьвятой справы адраджэньня беларускага народу і авочнасьць7 работы сьведчаць найлепей аб духовым багацьці гэтай першай беларускай паэткі і пісьменьніцы. Ды гэта выяўляецца і ў творах яе, дзе дух пясьняркі бунтуецца проці тых путаў, у якія закавалі наш народ, закавалі вольную волю чалавека. Гэты бунтаўнічы дух то шыбае ў недасяжную вышу, то ізноў, змучаны няўстаннай барацьбой, прынікае да зямлі і расплываецца ў горкіх сьлёзах...

Першы пэрыяд паэтыцкай творчасьці Цёткі — гэта вершы на палітычныя тэмы, пісаныя ў 1905—[190]6 гадах. Яркія прадвесьнікі расейскай рэвалюцыі — вялізарныя работніцкія дэманстрацыі, безь міласэрдзя расстрэліваныя царскім урадам, тэрарыстычныя акты і, наагул, уся расейская рэвалюцыя вызываюць у душы Цёткі жывыя адгалоскі, каторыя выліваюцца ў цыклу вершаў: «Мора» (народная рэвалюцыя), «Хрэст на свабоду», выдаваных у Вільні нелегальна ў дзясятках тысяч экзэмпляраў на асобных лістках (1905—[190]6 гг.), ды іншых, сабраных у зборнічку пад агульным загалоўкам «Хрэст на свабоду», друкаваным у Кракаве ў 1906 гаду. У бойкай, жывой вершаванай форме апавядае Цётка аб здарэньнях дня:

Бомба трах! Сяргей у шматы!

Мірскі бяжыць аж да хаты.

Цар у страху, сэнат млее,

Беданосцаў аж хварэе.

(«Хрэст на свабоду»).

Страшэнная палітычная рэакцыя, пачаўшаяся пасьля выбуху рэвалюцыі, пакіравала творчасьць Цёткі на новую дарогу — на дарогу індывідуальных перажываньняў, зьвязаных вельмі крэпка з усім беларускім рухам. І гэта зьвязь — лёгка зразумела: для тэй невялікай жмені людзей, каторыя тварылі беларускую ідэю, справа беларуская станавіла быццам інтэгральную, неаддзялімую часьць іх душы.

Як усе натуры, каторыя працуюць парывамі — выбухова, Цётка пачынала пісаць многа, але давадзіла да канца толькі нязначную частку распачатых прац. Ды ў гэтым адыграла сур’ёзную роль яе хвароба — сухоты, з каторай нашай пасьнярцы даводзілася змагацца пры вельмі цяжкіх варунках. Нядзіва, што і аб сыстэматычнай працы ў сваей Бацькаўшчыне Цётка не магла думаць, і найбольш плодны пэрыяд яе творчасьці прыпадае на час пражываньня за граніцай — у Кракаве і Львове. Тут разлука з родным краем служыла за магутны чыньнік у паэтыцкай працы Цёткі. Адгэтуль яны пісала сваім таварышам у Вільню:

І душна, і цесна, і сэрца самлела

Мне тут на чужыне, здалёк ад сваіх...

Як птушка, на скрыдлах ляцець бы хацела,

Як хваля па моры, плыла бы да іх!


Зьнялася б, здаецца, расінкай на хмары,

А хмары бы ветрам казала я гнаць

Далёка, далёка, гдзе сьняцца мне чары,

Гдзе боры густыя над Нёмнам шумяць,


Гдзе пацеркай белай Вільля прабягае,

Гдзе Вільня між бораў гняздо сабе ўе,

Гдзе кожна дарога і крыж мяне знае,

Гдзе ўсё, усё чыста вярнуцца заве!


Там я нарадзілась і вырасла ў волю,

Там першыя словы вучылась казаць...

Затое сягоньня ляцела б стралою

Там зь імі, з усімі Год Новы спаткаць!


О, мілыя, мілыя, сьнегам пакрыты

Загоны, лясочкі, дарожкі мае!

Эх, як вы у сэрцы маім незабыты,

Як часта абраз ваш у думцы ўстае!


А вы, бледны твары, панураны ў працы,

І ты, друг мой смутак зь іх сьлёзных вачэй,

Прыміце сягоньня прывет мой гарачы,

Каб жыць нам было ў гэтым годзе лягчэй!..

(«З чужыны»)

Вачыма душы сваей бачыла Цётка з далёкай чужыны родны край, сваіх землякоў, і шчыры спогад бядзе і нядолі кратаў струны яе ліры. Сколькі шчырасьці і спогаду хоць бы ў гэтым вершыку, ахвярованым «Вясковым кабетам»:

 Ой, сястронкі, ой, вясковы,
Ой, вы кветкі прызавяты!
Вашы твары, як васковы,
Вашы шчокі сьлязьмі зьмяты...

Як каліну град страсае,
Як пярун каменьне крышыць,
Так лёс рана вас ламае,
Так жыцьцё красу вам нішчыць.

Сколькі болю ў вачах хмурных,
Сколькі скаргі з губ зьбялелых,
Сколькі срэбра ў косах густых,
Сколькі поту з рук абмлелых...

А за гэта вам дзьве дошкі
І крыж з хвоек ледзьве зьбіты,
І у памяць плачуць дочкі,
Бо й яны, як вы, забіты.

Ой, кабеты, ой, вясковы,
Ой, вы кветкі прызавяты!
Ой, лілейкі вы бяз мовы,
Ой, вы птушкі бескрыдлаты!..

Бунтуецца душа пясьняркі, гледзячы на гора і пакуту нашага народу. Яна мае адно жаданьне: хоць самым скромным спосабам быць карыснай сваім братом і роднай зямлі:

Хацела б быць зярном пшаніцы,

Упасьць на ніўкі вёскі,

Зазалаціцца без мятліцы,

Даць хлеб смачнейшы трошкі.

Хацела б быць я рэчкай быстрай,

Абегчы родны край!

Гдзе напаіць, а гдзе — скупаць,

А гдзе — ўтуліцца ў гай.

То зашумець, то зашаптаць,

То стаць ў салодкім сьне,

То зноў сарвацца, зноў гуляць,

Агнём кіпець у дне.

Ды так разгрэцца і сьпяніцца,

Каб у неба хваляй здаць,

Украсьць сонца, зноў спусьціцца,

І больш сьвету людзям даць.

Прыгарнуць усё ў дарозе,

І каплю шчасьця, долі ўліць,

Думаць ўсюды аб народзе,

Родны край усюды сьніць.

То рассыпацца расою

Па галінках, па лісткох;

То абняцца так зь зямлёю,

Каб нас ніхто разьняць ня мог.

Але гэтае жаданьне пясьняркі — далёка ад спаўненьня. І Цётка зьмяняе рытм верша, а словы яе звучаць цьвёрда, як баявы кліч:

 Альбо ветрам абярнуся
Ды над сьветам пралячу,
Цёмным віхрам закручуся,
Ўверх на месяц заскачу.
З усей сілы і размаху
Горкай скаргай ў зьвёзды здам.
Сыпнуць іскрай сноп ад страху,
Задрыжыць аж месяц сам:
«Хто ты? Скуль ты? Чаго хочаш?
Чаго выеш і шуміш?
То празь сьлёзы нам рагочаш,
То гарыш ўвесь і дрыжыш?»
— Я — пасланец, вецер буйны,
Прыляцеў на суд вас зваць:
У нас цёмна, край наш хмурны,
Як замёршы, людзі сьпяць.
Я там віўся, я там біўся,
Я ім хаты паламаў,
Але ўсё ж я не дабіўся,
Каб народ свой голас даў.
(«Я хацела б...»)

Праз усё сваё жыцьцё Цётка папраўдзе гарэла, і шыбка таялі яе сілы, каторыя так шчодра аддавала беларускай справе. І, шыбаючы ўверх — да сонца і да зор, яна разам чула сваю слабасьць, бясьсільнасьць. Яна жаліцца на гэта ў вершу «Грайка», падпісаным ужываным часам паэткай псэўданімам Мацей Крапіўка:

Граў бы я многа, ды сіл не хватае,

І рвецца за стрункаю струнка,

Хоць песьня яшчэ не замерла ўдалая,

Хоць родзіцца думка за думкай.


Граў бы я многа, ды сьмерць кажа: «годзе!»

Ў магілку мне ладзіцца кажа...

Эй, рвецеся струны, што гэта мне шкодзе?

Ў магілку супольна мы ляжам!


Можа з тэй ліры вырасьце іва,

З парваных струн — белыя кветкі;

Можа вясною будуць ігрыва

У дрэўца цяню гуляць дзеткі;


Можа хто зь дзетак скруце жалейку,

Ўнучку паломанай ліры,

І так заіграе, што ўсенька зямелька

Пачуе мой водгалас шчыры!


Дзедавы струны, рана парваныя,

Зноў громка азвуцца, як звоны,

Песьня, за жыцьця яго недаграная,

У сэрцы ўнука дасьць плёны.


А на задушкі пад цёмнаю івай

Жывое пачуецца слова,

Што песьня ўстала з статысячнай сілай,

Жыве мая ліра нанова!

Аднак ня страх сьмерці, не баязьнь утраты ўцех жыцьця становіць трагедыю душы Цёткі: яе бурны тэмпэрамэнт кіруецца толькі ў чыста грамадзкім кірунку, выяўляецца ў творчай працы, і сьмерць, і хвароба мучаць пясьнярку затым, што яна чуе ўтрату сіл да працы, што ў мамэнты адмогі чуецца непатрэбнай, лішняй. А тады наступае жаль па зьнішчаным жыцьці, — жаль, што ў няўстаннай рабоце дзеля ідэалу так мала было ясных праменьняў асабістага шчасьця, шчасьця для сябе і празь сябе. Слабее гарт душы, і панаваць хоча цела, — але цела ўжо бясьсільнае... Безьмяжовы сум і безнадзейнасьць вее ад кароценькіх імпрэсій Цёткі, як «Лішнія», «Асеньнія лісты» («Маладая Беларусь», сшытак 1, 1912 г.) і інш. пісаных прозай. І ажно ня хочацца верыць, што 5—6 гадоў перад гэтым тая ж Цётка вуснамі работніка, селяніна і салдата («Сон над крывавымі разорамі» — «Наша Доля» № 1 — 1906) кідала быццам каваныя са сталі прарочыя словы:

«Мы сіла! Мы права!»

што з тых жа грудзей з вулканічнай сілай вырываўся кіпучы верш:

Цяпер, брацьця, мы з граніту!

Душа наша — з дынаміту!

Рука — цьвёрда, грудзь — акута,

Пара, брацьця, парваць пута!

(«Скрыпка беларуская»)

Цётка пакінула даволі багатую літаратурную спадчыну ў рукапісах, але ў ваенным часе нельга было ні пазнаёміцца зь імі, ні выкарыстаць іх. Гэта праца — для будучыны, каторая мо адкрые новыя староны ў душы і творчасьці без пары зышоўшай са сьвету выдатнай грамадзкай работніцы і пясьняркі.