Перайсці да зместу

Канкардат

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Канкардат
Публіцыстыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1925 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 9 (1), студзень–чэрвень 1925 г., б. 94—98
Нёман і Няміга

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАНКАРДАТ.

10 лютага г. г. ў Рыме быў падпісаны канкардат між Польшчай і Ватыканам. Пры вяршэньні гэтай умовы Ватыкан выступае як прадстаўнік усясьветнай Хрысціянскай Рыма-Каталіцкай цэркві, Польшча—як валадарка зямель, ўходзячых у цяперашнія яе межы. Ад імені Ватыкана умову падпісаў кардынал Гаспары, папежскі сэкрэтар, ад імені Польшчы — вядомы вшэхполяк Ст. Грабскі. Дзеля таго, што ў склад цяперашняй Польшчы ўходзяць і Заходна-Крыўскія землі, то п. Грабскі гаварыў з Ватыканам і ад Беларускіх (крыўскіх) зямель і аднаго мільёну каталікоў-Беларусаў. А Ватыкан ня толькі ня спытаў п. Грабскага, ці мае ён на гэта упаважненьня ад Беларусаў-каталікоў, але „забыўся“ спытаць, ці мае сама Польшча моральнае права загартаць чужыя землі і на загорнутых воўчым правам землях вынішчаць няпольскія народнасьці? Забыўся Ватыкан аб гэтым спытаць, бо п. Грабскі прывёз некалькі мільёнаў лір, якія Польшча высмактала з поту і крыві паняволеных ёю народнасьцяў. Гэтыя, ліпкія ад крыві і поту, грошы Ватыкан схаваў у „Апостальскі“ скарб і пачаў тварыць з Польшчай ўгоду, заткнуўшы вушы на стогны катаваных ў Польскай Турме каталікоў. І вось Апостальскі пасад пастанаўляе:

1) Кождай нядзелі і на 3-га траўня ва усіх каталіцкіх касьцёлах будуць ксяндзы маліцца за Польшчу і за яе прэзыдэнта.

Будуць маліцца за Польшчу, якая судзіць і разстрэлівае бязвінных людзей, ў тым ліку і каталікоў. Будуць маліцца за Польшчу, якая рукамі свае паліціі заганяе іголкі пад пазнокці пры допытах, якая пячэ жывым людзём цела і ламае косьці, якая забараняе вучыцца і маліцца беларусам у іх роднай мове, якая насылае ў нашу зямлю узброеных каланістых…

Ксяндзы каталіцкія будуць маліцца што нядзелю і кожды год 3 траўня, каб Бог памагаў Польшчы ў яе злачынах…

2) Біскупы каталіцкіе павінны злажыць прысягу на вернасьць Польскай дзяржаве гэткімі словамі:

«Перад Богам і на Сьвятое Евангельле прысягаю і абяцаю, як належыцца біскупу, верным быць Рэчыпасполітай Польскай. Прысягаю і абяцаю, што з поўнай лояльнасьцю буду шанаваць Урад, устаноўлены констытуціяй, і што зраблю, каб яго шанавала маё духавенства. Прысягаю і абяцаю акром таго, што ня буду прыймаць удзелу ў ніякім згаворы, ані ня буду пры нарадах, якія-бы маглі прынясьці шкоду Польскай Дзяржаве або грамаздкаму парадку і не дазволю майму духавенству прымаць удзел ў гэткіх пачынаньнях. Дбаючы аб дабро і карысьць Дзяржавы, буду старацца аб тое, каб адвярнуць ад яе усякія небасьпекі, аб якіх я ведаў-бы, што ёй пагражаюць».

Знача, Апостальскі пасад аддаў каталіцкіх біскупаў на услугі польскай дзяржаве, пазволіў навязаць біскупам функціі жандароў, якія павінны сьлядзіць за добранадзейнасьцю каталіцкага духавенства ў Польшчы. Каторы біскуп ня будзе добрым жандарам,—таго, знача, выкінуць.

Далей даведываемося, што біскупаў можа Ватыкан назначыць толькі са згоды прэзыдэнта Польшчы і толькі добранадзейных для Польшчы (§ 11), што ніводзін ксёндз ня можа абняць парохіі бяз згоды польскага ўраду, каб не дапусьціць элемэнтаў, якія маглі-бы працаваць не для закуваньня народу ў кайданы польскай няволі (§ 19).

Супроць гэткай агіднай змовы В. Ластоўскі злажыў асабіста ў Рыме на рукі кардынала Гаспары мэморандум-пратэст гэткага зьместу:

«Беларусы, або як старыя кронікі і сам сябе народ называе—Крывічы, ёсьць асобнае ўсходна-славянскае племя, якое мае сваю аддзельную мову, асобны уклад жыцьця, звычаі і абычаі.

Засяляюць Беларусы (Крывічы) парэччы Прыпяці, Бярэзіны, верхнія часьці Нёмана, Дзьвіны і Дняпра з гарадамі: Полацак, Вітабск, Смаленск, Магілеў, Менск, Горадна, Беласток і на тэрыторыі Вільні стыкаюцца з Літвінамі.

Агульная лічэбнасьць Беларусаў (Крывічоў) на вышэйназванай тэрыторыі, паводле аблічэньня Расійскай Акадэміі Навук („Карта Беларускага племя“ праф. Карскага), даходзіць 12 мільёнаў душ. З гэтага ліку беларусаў прыблізна ⅓ часьць належыць да Рыма-Каталіцкага абраду (каля 4.000.000) і ¾ належыць да ўсходнага абраду. Акром беларусаў, на азначаным абшары жыве да 4-х мільёнаў іншых націянальнасьцяў: жыдоў—1.600.000 (10%), палякаў—да 800.000 (5%), расійцаў—800.000 (5%) і ўсякіх другіх—800.000 (5%).

Беларусы (Крывічы) у час прыняцьця хрысьціянства (980—990) станавілі незалежную дзяржаўную адзінку пад уладай Вялікіх князёў Полацкіх. У XII ст. Беларусы і Літвіны злучыўшыся утварылі сільную дзяржаву—т. зв. Вялікае Княжства Літоўскае. У XIV ст. Беларусы і Літвіны заключылі з Польшчай пэрсональную унію, а ў XVI ст. пэрсональна-парлямантарную унію, з захаваньнем у кождай дзяржаве,—як у Польшчы, так і ў В. К. Літоўскім,—свайго асобнага скарбу, войска і мытных граніц. Гэткі стан пратрываў да канца XVII ст., калі разам з Рэчпасполітай Польскай спыніла сваё палітычнае істнаваньне і Вялікае Княжства Літоўска-Беларускае. Пасьля упадку свае дзяржаўнасьці, беларускія і літоўскія землі трапілі ў склад Расійскай імпэрыі, але да 1848 году станавілі асобныя правінціі, якія кіраваліся сваімі законамі (Статут Вял. Кн. Літоўскага). Калі паў у Расіі царызм, Беларусь пачулася вызваленай і, апіраючыся на свае незалежніцкія традыціі і імкненьні, а такжа на волю народу, актам 25/11—1918 г. парвала палітычную сувязь з Расіяй і апавесьціла сябе незалежнай дэмократычнай Рэспублікай у этнографічных межах. Былі выбраны прадпарлямант і ўрад Беларускай Дэмократычнай Рэспублікі.

Маладая Беларуская Рэспубліка ня здолела абараніць сваіх зямель ад падвойнага націску камуністычнай Расіі з Усходу і Польшчы з Заходу і сталася арэнай польска-расійскай вайны у 1919 годзе. Расія і Польшча § 1 Рыжскага мірнага трактату, прызнаўшы незалежнасьць Беларусі, тэрыторыю яе падзялілі паміж сабой. Польшча захапіла Заходную Беларусь з гарадамі: Гродна, Новагрудак, Беласток, Брэст і Пінск і 3.000.000 насяленьня. Расія затрымала пад сабой Усходную Беларусь з гарадамі: Полацак, Вітабск, Смаленск, Гомель, Магілеў, Менск і звыш 9.000.000 душ насяленьня.

Уступаючы жаданьню жыхарства, Расія ўтварыла на ўсходнай тэрыторыі Беларусі незалежную Савецкую Беларускую Рэспубліку са сталіцай у Менску.

Заходная Беларусь, якая трапіла пад Польшчу, сталася арэнай дзікага націску польскага націяналізму. Палякі залілі беларускі край сваім войскам, паліціяй і чыноўніцтвам, навезенымі з Польшчы. Каб прыдаць беларускаму краю характар польскасьці, Польшча пачала засяляць край польскімі каланістымі, пазбаўляючы зямлі пракавечнага жыхара гэтага краю, беларускага селяніна. Каб задушыць і зьнішчыць беларусаў, Польшча закрывае беларускія школы, не дапушчае беларускай мовы ў мясцовых урадах, судох і касьцельным ужытку. Словам, Польшча стварыла на беларускай зямлі для беларусаў такія варункі, пры якіх немагчымым ёсьць істнаваньне народу.

Зпаміж усіх спосабаў вынішчаньня беларускай націі стасаваных Польшчай, найагіднейшым і найбольш абураючым людзкое сумленьне зьяўляецца спосаб полёнізаціі беларусаў праз каталіцкі касьцёл, які на тэрыторыі Беларусі, пры помачы цяперашняй дзяржаўнай польскай улады, апынуўся цалком у руках польскага духавенства, згрупаванага каля польскіх націянальных арганізацій і партый. Амбона каталіцкага касьцелу на захопленай палякамі беларускай зямлі сталася палітычнай трыбунай, з якой польскія ксяндзы стараюцца апраўдаць бязпраўе польскага ураду, чыненыя над мясцовай беларускай люднасьцю, сталася агітатарскай моўніцай за польскасьць і полёнізацію. Конфэсіонал польскіх ксяндзоў служыць да агітаціі і да палітычнай разьведкі. Знаныя факты, калі, як варунак адпушчэньня грахоў, польскія ксяндзы загадуюць навучыцца беларусу польскай мовы, або быць прыхільным польскаму панаваньню над краем. Граніцы між польскім каталіцкім духоўнікам і польскім жандарам зацерліся. Да якой меры даходзіць польскі шовінізм паміж духоўнымі палякамі, сьведчыць гэткі факт: кс. пасол Мацеевіч, візытуючы беларускую сярэднюю школу ў Барунах, пагражаў вучням: „кулька ў лоб кождаму, хто будзе чытаць беларускія кніжкі“.

Нічога дзіўнага, што, жывучы ў атмасфэры ўціску і бязпраўя, беларускі народ час ад часу парываецца за зброю, пробуючы скінуць з сябе ненавідную польскую ўладу.

Пры гэткіх варунках палітычнага жыцьця беларусаў пад польскай окупаціяй, стаўся заключаны канкардат між Польшчай і Апостальскім Пасадам, бяз ведама беларускага народу. Гэты канкардат, замест спадзяванай абароны Апостальскім Пасадам слабых і пакрыўджаных, аддае гэтых слабых цалком у рукі іх жорсткіх катаў і гістарычных ворагаў, благаслаўляючы бязпраўе і гвалт Польска-Савецкага мірнага трактату, які прыдзяліў часьць беларускай тэрыторыі да Польшчы. Гэткі падзел дакананы, на жывым целе беларускага народу, канкардат пацьвярджае, робячы віленскую архібіскупію аднэй з польскіх касьцельных правінцій.

У дадатку, хоць паводле канкардату архібіскупа і біскупаў назначае Ап. Пасад, але польскі ўрад можа адкланіць непажаданую кандыдатуру, г. зн., што урэшце-рэшт, аб асобах касьцельных дастойнікаў у беларуска-літоўскую правінцію будзе дэцыдаваць польскі ўрад, які будзе прапушчаць толькі кандыдатуры палякаў.

§ 12 канкардату забавязуе архібіскупа і біскупаў даваць прысягу ня толькі ў лояльнасьці польскай дзяржаве, але і ў актыўнай ей помачы, г. зн., што касьцельныя дастойнікі на заваяваных Польшчай землях павінны ісьці не з народам, а супроць народу і яго незалежніцка-адраджэнчых ідэалаў, памагаць Польскай дзяржаве, заковываць у кайданы польскай няволі народы, падбітыя Польшчай. Урэшце, гэты параграф і прысяга забавязуюць біскупаў, каб яны пілнавалі палітычнай добранадзейнасьці свайго парахіяльнаго духавенства, што навязуе зьверхнікам касьцёлу функціі палітычнай паліціі.

§ 19 канкардату чыніць назначаньне парохаў залежным ад апініі міністра ўнутранных спраў польскай дзяржавы, а знача, фактычная раздача парахіяльных бэнэфіцій аддаецца ў рукі польскага ўраду і будзе заплатай тым духоўным асобам, якія адзначацца на полю полёнізаціі і вынішчаньня мясцовай люднасьці, і суліць аддаленьне з парохій ксяндзоў не-палякаў, як элемэнту, які, падзяляючы нядолю свайго народу, спачувае вызваленьню яго з пад польскага ярма.

§ 23 канкардату аддае ў рукі конфэрэнціі польскіх біскупаў права ўстанаўляць, дзе якая мова павінна ўжывацца ў дадатковым набажэнстве і навуцы рэлігіі. Гэты пункт адбірае ўсякую надзею ў беларусаў вырваць з рук палякаў каталіцкі касьцёл, адрадзіць яго і зблізіць з народам. Забарону ўжываць беларускую мову ў каталіцкіх касьцёлах выдаў Цар Мікалай I ў 1839 г. Замест беларускай мовы ў каталіцкіх касьцёлах была ўведзена мова польская, малазразумелая народу. Беларуская мова з яе граматнасьцю славянскімі літарамі зьяўлялася на ўсходзе сымвалам і мастом еднасьці царквей. Расійскі царызм дзеля гэтага паліў старэнна беларускія богаслужэбныя кнігі і прасьледаваў мову. Гэтак, дзякуючы гвалту расійскага царызму і ў інтэрасах разьдзяленьня паміж усходным і заходным абрадкамі, была заведзена расійскім урадам у каталіцкіх касьцёлах польская мова, а ў праваслаўных царквох расійская мова.

Гэта польская мова ў касьцёлах на Беларусі зьяўляецца цяпер фальшывым апраўданьнем польскіх прэтэнсій да панаваньня над беларускімі землямі. Паварот беларускай мовы да каталіцкага касьцёлу гэта ўдар па польскім імпэр’ялізме і дзеля гэтага ніколі ніякая конфэрэнція, зложаная з палякаў, не адважыцца нарушыць указ цара Мікалая I-га аб забароне беларускай мовы ў каталіцкім касьцеле. З другой-жа стараны беларускі народ ніколі не пагодзіцца з польскім панаваньнем у беларускім краю. Дзіўнае і незразумелае для нас апіраньне Апостальскім Пасадам на Ўсходзе спраў цэркві, называючай сябе усесьветнай, на такую эфэмэрыду, як польская дзяржава, перагляд усходных і заходных граніц якой зьяўляецца чародным заданьнем Эуропэйскай палітыкі. Параграф канкардату аб мове ў навучаньні веры і дадатковым богаслужэньні суліць беларускаму народу самую горкую несправядлівасьць бо аддае суд у рукі палітычных і племянных праціўнікаў.

А дзеля гэтага ад імені беларускіх націянальных арганізацій заношу перад Апостольскім Пасадам самы рашучы пратэст:

I) супроць абяртаньня каталіцкай духоўнай ўлады на беларускай тэрыторыі, часова паняволенай Польшчай, у палітычную польскую агентуру, што вынікае з § 12 і 19 канкардату, заключанага з Польшчай;

2) супроць аддачы ў рукі конфэрэнціі польскіх біскупаў права станавіць аб тым, якая мова павінна быць устаноўлена для беларусаў на беларускай зямлі ў выкладзе рэлігіі і дадатковым набажэнстве.»

В. ЛАСТОЎСКІ,

Старшыня Сувзі націянальна-дзяр-
жаўнага вызваленьня Беларусі, быўшы
Старшыня Рады Міністраў Беларускай
Народнай Рэспублікі
РЫМ

7/IV—1925 г.