Перайсці да зместу

Нёман і Няміга

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нёман і Няміга
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1925 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 9 (1), студзень-чэрвень 1925 г., б. 99
Матэр’ялы да крыўскага слоўніка
Твор быў апублікаваны без подпісу аўтара, аднак найбольш верагодна, што аўтарам гэтага артыкулу зьяўляецца Вацлаў Ластоўскі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЁМАН І НЯМІГА. Гэтыя два найменьні крыўскіх рэк выяўляюць адно мужскую, другое жаночую форму аднаго і таго-к самага імя, ў аснову якога паложана паняцьце „нямець“ (зраўняй літоўскае Neris—рака Вялья і слова nėra—„няма“).

Даль ад слова „нема“ выводзіць слова „немень“ (Толк. Словарь живаго Велякор. языка. Т II, 538) у дваякім значэньні: 1) „нема, нѣтъ, нѣгдѣ взять“ і 2) „край, конецъ, предѣлъ, крайность, нужда“.

У нашай жывой мове такжа маецца слова „немень“, якое ўжываецца ў падвойным значэньні: „немень“—глуш, нямая цішыня і „немень“ — поўнае няменьне, беднасьць. („Нем, немень глухая“ гаворыцца аб заміраньмі чуцьця ў целе. „Каб ня немень наша — мы-бы і плацілі і дарылі“. „І немны і ярэмны“;—гаворыцца аб чалавеку немаетным і нявольным).

З лёгкай рукі Хадакоўскага ў 1830 — 40-х годах была адкрыта летапісная рака Няміга ў Менску („Русск. Истор. Сборн.“ I, 38) — дробны ручаёк, які ўліваецца ў Сьвіслач. Уважны разгляд летапіснага тэксту наводзіць на мысль, што тая Няміга, аб якой гаворыцца ў летапісе, павінна быць на поўнач ад Менска, каля гораду „Немиза“, які паводле старых географічных адрыўкоў пастаўлены паміж Оршай і Друцкам („Ж. М. В. Д.“ 1848, ноябрь, бб. 192—193). У летапісе гаворыцца: „Ярославічи тріе… идоша на Всеслава… и приидоша (з Кіева) к Менску взяша…и поидоша к Немизе…“ Разграбіўшы Менск, Яраславічы пайшлі ў старану Оршы праз Нямігу, за імі пагнаўся Ўсеслаў, як сказана ў Слове аб палку Ігаравым: „скочи волкомъ до Немиги съ Дудуток“ (Дудзічы, мястэчка Ігуменскага, цяпер Чэрвенскага павету). Бліжэй акрэсляючы, паміж Дудзічамі і Оршай павінна быць рака Няміга. З большых рэк тут маецца толькі адна Бярэзіна. Тут акурат, ніжэй Барысава, есьць дагэтуль сяліба „Нямеза“ — праўдападобна сьлед старадаўнага гораду „Немиза“. Дык пад летапіснай ракой Нямігай трэба разумець ня Менскі паток Нямігу, а цяперашнюю раку Бярэзіну.