Канец Паўлючонка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Канец Паўлючонка
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/72453


                      I

         Ноччу позна, па кірмашу,
Ехаў з места Паўлючонак,
А празваньне меў «Жучонак»,
Гаспадар быў зь вёскі нашай,
Ўнучак Паўла, сын Антося
(Той быў к пану дапушчоны),
Баўтрамеем быў хрышчоны,
Чалавек быў з мухай ў носе.
         Едзе ў страсе: цёмна, ціха…
Ў дальнім лесе хтось рагоча…
Уляпіў у цемню вочы,
І здаецца… Што за ліха?
Нехта йдзець сярод гасьцінца,
Пэўне, двое, штосьць гамоняць.
«А каго тут чэрці гоняць?» -
Аж падняўся на драбінцэ.
Бачыць: нейкіх аж тры цені
Убок зышлі і разам сталі.
Пад’язджае. Ўсе аддалі
Хвалу божаму іменю.
«Хто тут блудзіць?» — запытаўся
Баўтрамей ў ліхой трывозе,
Бо тагды, па той дарозе,
Не адзін гультай бадзяўся.
«Старцы, дзядзька! — Кныш, Вароба
З Краснай Долі, Крук Нічыпар…»
«А бадай жа вас Люцыпар
Ці напасьніца хвароба!
Чорт вас водзіць тут, галыткі,
Добрым людзям на спатканьне,
Хай вас трасца…» — «Годзе, пане?
Час пакінуць звычай брыдкі, -
Кажа Кныш. — Ці ты маленькі,
Што на нас дарам злорачыш[1]?
Нам хады не запярэчыш
Па гасьцінцу. Можа ўсенькі!»
«Нас ня лай, — Вароба прэціць, -
Бачыш, ночка: допуст боскі;
Хоць ня многа вёрст да вёскі, -
А ўсяго здалееш стрэціць.
Лепш зрабі ты па-хрысцьянску,
Падвязі, памей к нам ласку»
Змардаваліся мы цяжка, -
Чымся лаяць па-паганску".
«Вох, разумны дзе знайшоўся!
Хочаш езьдзіць надурніцу?
Маеш дулю, пане Грыцу!
Не з такім, браток, зышоўся!»
Сьвіснуў пужкай па канёчку,
Мэрам бічык, а ня пуга:
«Но, Буланы! Но, шаўлюга!
Марнаваць ня сьлед нам ночку».
«Гэй, суседзе, — Кныш зноў крача, -
Дай прысесьці ж на драбінку!
А у цяжкую гадзінку
Мы заплацім па-жабраччу».
«Ну, ну, як жа, — маеш збыткі! -
Так Баўтрук ў адказ рагоча. -
Ходзіць ў латах, яшчэ хоча
Заплаціць; а чым, галыткі?»
Тут Нічыпар рыкнуў басам,
Моўся той мядзьведзь з дубровы
(Голас надта меў здаровы):
«Падвязі да карчмы, васан!»
«Што дасьце?» — Баўтрук на гэта.
«Што ж у нас? Кіі, ружанцы…»
«Дык прасіце, абарванцы,
Хай лазаты дасьць карэту!»
Ўдарыў лёйцам. Конь падскочыў,
Як падстрэлена казуля.
«Лепей чорта падвязу я!» -
Баўтрамей пад нос мурмоча.

                      II

Мрок запаў яшчэ цямнейшы,
Хоць калі ты шылам ў вочы,
Ў каляіне гразь хлюпоча,
А Баўтрук цяпер сьмялейшы:
«Хутка будаем, коню, ў хаце,
Скончым нашу райтараду[2],
Гаспадыня будзець рада,
Выйдзе з хаты спатыкаці!»
Аж цыганскую гаворку
Чуе раптам прад сабою.
Быццам йдуць яны гурбою
І вядуць аб нечым спорку.
«От яшчэ ня меў хваробы -
З цыганамі мець спатканьне:
Сядзець сам без запытаньня, -
Зьвесны нораў цыгановы!»
Як ні хоча ззаду быці,
Конік цягне дробным трусам…
Даганяе, хоць і мусам,
Зраўнаваўся, — што рабіці!
«Што за дзіва?» — Паўлючонку
Падкальнула ў сэрца нешта.
Толькі трое, а дзе рэшта?
Два цыганы йдуць і жонка.
«Здрастуй, бацьку!» — гыркнуў збоку
Цыган доўгі, чарнатвары,
І другі за ім да пары,
І цыганка: «Скуль, здалёку?»
«Еду з торгу».- «А, вяльможны!
Падвязі да карчмы хоця,
Бо па гэтакай хлюпоце
Пехатой ісьці ня можна».
«Рад бы я, ды сам ты бачыш,
Што на колах, братка, цесна,
Не усядземся сумесна…»
«Эй, аб чым ты, бацьку, плачаш!
Цыган, пане, як вужака:
Хоць ўшасьцёх здалелі б сесьці!
А ля карчмы хочам зьлезьці, -
Не замучыцца каняка».
Не пасьпеў Баўтрук паўслова
Адказаць на просьбу гэту,
А мужчыны і кабета
Шась на колы Баўтруковы!
«Н-но! Гані сваю шаўлюжку!
Дадай ходу!» — І рагочуць,
Штосьць па-свойму там стракочуць,
Адабралі лейцы, пужку…
Буркнуў быў на тыя рэчы
Баўтрамей, дык — д’ябла дзеці! -
Ледзьве здолеў усядзеці,-
Так заштурхалі у плечы.
«Сядзь спакойна ты, зрабніна!
Кінь плявузгаць гэтта лішку:
Вып’еш ў карчме тры кілішкі,
І заплацім, што павінна».
Што ты зробіш? Няма волі,
Іх жа сіла, перамога,
Дзякуй толькі Пану Богу,
Не спаткалася іх болі.
Праз гадзіну, — час кароткі
Баўтрамею доўгім здаўся, —
Сьвет з ваконца паказаўся
У карчомцы пана Ноткі.
«Ну вот, бацьку, гаварыў ты!
Зараз зьлезем, купім гары
І заплацім тры таляры —
Мы ня любім жаднай крыўды».

                      III

Цесна ў карчме — ў бочцы мэрам
Селядцоў, людзей набіта.
Дымам лямпачка спавіта
Тытунёвым, едкім, шэрым.
Гоман, грукат, сьмех і спрэчка…
Гэнам граюць, гэтта скокі
Вырабляюць, ўзяўшысь ў бокі,
Аж трасуцца сьцены, печка.
Баўтрамей спацеў, чырвоны
З цыганамі п’ець гарэлку,
Скінуў сьвіту і мяргелку,
Выглядае, моў шалёны.
Мусіць, дзюбнуў чарак многа, -
Нешта старцаў ўспамінае,
Зь іхняй долі выкпівае
І сьмяецца з Пана Бога.
"От, халеры! Дай ім хлеба,
Дай рызманчык, тое, сёе
Гультаям!.. За што, якое?
Суляць ласку божу зь неба…
Ласку божу!.. Абібокі!
Мне пуховы хлеб смачнейшы,
Ў роце коле, а сытнейшы,
А нябескі… вох, далёкі!
Кажуць, ў небе ёсьць збавіцель.
Мне здаецца — людзі брэшуць,
Языкі аб зубы чэшуць:
«Ёсьць збавіцель, спакусіцель…»
Тут цыган, што быў ля боку,
Лезе проста цалавацца:
«Можаш з царствам распраўляцца,
У галоўцы маеш клёку,
Маеш, братка! Мусім выпіць,
Я з бутэлькі выльлю рэшту».
На другіх міргнуўшы нешта,
Абмачыў ў гарэлцы кіпець.
Баўтрамей, як выпіў гэта,
Крэкнуў, плюнуў, аблізнуўся…
Цыган хітра усьміхнуўся.
«Прад табою, — кажа, — мэта:
Хочаш злота мець, як бруду?
Хочаш срэбрам слаць падлогу?
Хочаш медзі? Дам спрамогу,
Ўсё дастану, ўсё здабуду.
Хочаш панам быць прыдворным?
Грапам, князем, дваранінам,
А ня бедным селянінам,
Не хадзіць у целе чорным?..
Хочаш, браце?.. Ну, кажы нам?»
Баўтрамей крыху зьмяшаўся:
«Я папраўдзе не зьбіраўся
Быці нейкім кармазынам…»
«Ён ня думаў, — вох, прастота!
Хіба ты ужо напіўся? -
Цыган зноў жа прычапіўся: -
Ты кажы: ці ёсьць ахвота?»
«Быці панам… Жыць ў дастатку…
Быць ў пашане… Ўсё пазнаці, -
А за гэта… Што вам даці?!»
«Што? Драбніцу толькі, братку:
Нам душы тваёй ня трэба,
Не бяром цяпер ні ў кога, -
Адступіся ты ад Бога,
Адступіся ты ад неба.
Згода, слухай? Кажы: „ладна“!
Вып’ем разам гарнец мёду».
Баўтрамей ня чуў падходу
І згадзіўся безаглядна.
Цыган ўстаў з услону важна,
Ў правы, ў левы кут падзьмухаў.
«Ну, цяпер устань, і слухай,
І кажы за мной выразна».
Стаў Баўтрук, зьмяніўшысь ў твары,
Ўвесь дрыжыць, — калоціць фэбра[3], -
Дзеля злота, панства, срэбра
Прамаўляе ціха чары.
З кожным словам ўлазіць звольна
Сум ў душу і страх сьмяротны.
Прамаўляе неахвотны,
Над сабой цяпер ня вольны.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Скончыў цыган: «Сядзь, ягомасьць, -
Кажа чорны, — скончым дзела,
Пагуляем, братку, сьмела
За прыемную знаёмасьць».
Баўтрамей вачыма лыпнуў,
Як бы зараз ён прачхнуўся,
Глынуў сьліну, папярхнуўся.
«Я залішне, мусіць, лыкнуў,
Толькі што я відзеў страхі:
Ясны анёл з чорным біўся,
Гром грымеў, а сьвет зацьміўся,
І прапалі неба знакі.
Хтось душыў мяне за горла,
Аж пачуў я ў вуш’ю звоны,
Аж цяпер здаюцца шпоны
Тут, на шыі. Дух запёрла…»
«Глупства гэта. Вып’еш болей,
Мары, пане, зараз зьнікнуць, -
Цыган кажа, — нават пікнуць
Не адважацца ніколі».
Выпіў кубак мёду поўны
Баўтрамей, другім паправіў.
«Ты, цыгане, — кажа, — правіў,
Што я буду пану роўны,
Буду злота мець бязь ліку,
Срэбрам ў хаце біць падлогу,
Дай жа грошы, колькі змога,
Хоць бы тайстру[4] невяліку».
«О! За гэтым, брат, ня стане, -
Будуць грошы, будзе панства!
Маеш патэнт на дваранства:
Гэрбу Воўка на Кургане.
Маеш грошы: чыстым злотам
Мех скураны вось набіты.
Ну, цяпер, здаецца, квіты,
Ці чаго яшчэ ахвота?»
«Дзе, у ліха, больш хацеці? -
Баўтрамей ў адказ сьмяецца. -
Хопіць мне, і застанецца
Ашчасьлівіць нават дзеці!»
«Досыць? Добра! Схочаш болей,
Дзьмухні толькі ўлева, ўправа,
Па загаду зробім жвава,
Як ніхто, нігдзе, ніколі.
Віват! — крыкнуў цыган,- слава!
Жычу шчасьця Баўтрамею!»
І пайшла ў карчме завея,
І пайшла ў карчме забава.
Ўсё сплялося ў нейкім віры:
Рукі, твары, плечы, сьвіты,
Кужаль панскі, аксаміты,
Порт мужыцкі, скрыпкі, ліры.
Ў дзікім тахце рэюць зыкі,
Баўтрамей з цыганкай скача:
«Хадзі, імасьць, хадзі, ваша!
Скачы, пані!.. Чыкі-брыкі!..»

                      IV

         Цэлу ноч сядзела жонка, –
Муж з кірмашу зараз будзе…
         Прывязьлі ёй ўранку людзі
Нёжывога Паўлючонка.
Ён загінуў, грэшны, блізка,
Ў дзьвюх вярстах ад вёскі роднай,
У дрыгве сырой, халоднай,
У вадзе, густой і сьлізкай.
Там ляжаў ў асоцы голы,
Твар абдзёрты меў і рукі…
«Гэта, пэўне, чорта штукі», -
Разьняслося навакола.

         Сто гадоў таму здарэньню,
Можа, нават больш мінула.
У зямліцы тры заснула
Чалавечых пакаленьні, -
Род загінуў Баўтрамея.
З часам сьмерць усё выводзіць!
А паданьне ў вёсцы ходзіць
І дзядоўскім духам вее.

Зноска

  1. Злорачыш — зьневажаеш, праклінаеш (паланізм).
  2. Райтарада — уцёкі (польск. з фр. мовы).
  3. Фэбра — ліхаманка, трасца (польск. з лац. мовы).
  4. Тайстра — кайстра, торба, клуняк.