Казкі (1923)/Каралеўская вопратка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Маці Каралеўская вопратка
Казка
Аўтар: Ганс Крысціян Андэрсен
1923 год
Арыгінальная назва: Keiserens nye Klæder (1837)
Пераклад: Вацлаў Ластоўскі
Якая-ж тут сумлеўка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Новае ўбранне караля.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАРАЛЕЎСКАЯ ВОПРАТКА.

Жыў некалі на сьвеце кароль. Больш за ўсё ён любіў добра прыбірацца і на гэта йшлі ўсе яго грошы. Ён выхадзіў, ці езьдзіў куды, толькі каб паказаць сваю новую вопратку. Ён толькі і рабіў, што апранаўся і калі ён куды-небудзь спазьняўся, аб ім казалі: „Кароль перапранаецца.“

Аднойчы ў тое самае месца, дзе жыў кароль, прыехалі два чужаземцы. Яны назваліся ткачамі і ўсюды расказвалі, што ўмеюць ткаць такую нязвычайную тканіну, якая апрача хараства колеру, мае яшчэ другую асаблівасьць: дурны, ці нядобры чалавек яе не ўбачыць. „Вось была-б вопратка,“—падумаў кароль, — „Калі-б яна была ў мяне. Я-б адразу даведаўся, хто з маіх падданых працуе добра, хто разумны, а хто дурны.“

Кароль зараз-жа аклікаў да сябе абодвых ткачоў, загадаў ім рабіць сабе вопратку, даў ім шмат грошы і прасіў, каб яны не марудзілі.

Тыя зараз-жа селі за кросны і па цэлых днёх сядзелі за імі, прыкідаючыся бытцам працуюць, а запраўды нічога не рабілі, толькі развадзілі ў паветры рукамі. Кожды дзень яны вымагалі новых нітак і золата, але ўсё гэта клалі сабе ў кішэні і цешыліся, што так спрытна задурылі галаву каралю, седзячы за пустымі кроснамі. Каралю вельмі хацелася пайсьці паглядзець на работу, але ён памятаў, хто толькі можа ўбачыць тканіну і баяўся.

—„Яно сабе, мне німа чаго баяцца,—казаў ён,—але ўсё-ткі ніхай хто-небудзь перш за мяне паглядзіць. Ніхай сходзіць да ткачоў мой першы міністар, ён такі паважаны чалавек, што напэўна лепш за каго іншага ўбачыць тканіну.“

Міністар. па загаду караля пайшоў туды, дзе сядзелі круцялі за пустымі кроснамі, прыкідаючыся, што працуюць. Падыйшоў міністар да іх, з цікавасьцю глянуў на кросны і—нічога не ўбачыў.

—„Божухна Ты мой!“—падумаў з страхам міністар, праціраючы вочы.

— Чаму-ж гэта я нічога не бачу! Ці-ж гэта можа быць… Але сказаць аб тым, што нічога не бачыць, ён не адважыўся, і, нахінуўшыся над кроснамі, удаваў, бытцам разглядае рысунак.

—„Як вам падабаецца тканіна?“—папыталіся ў яго хітрыя ткачы.

—„Ах, вельмі хораша! На зьдзіў прыгожа падабраны колеры… А казаў бедны міністар з замяшаньнем, гледзячы цераз свае акуляры. Тым часам ён думаў сам сабе: „Ці-ж я запраўды гэткі дурны? Вось чаго не спадзяваўся. Але ўсё-такі я не павінен прызнавацца, што нічога не бачу, каб не пазналі, што я не здатны да службы.“

—„Гэткі сорам пад старасьць“… і ён яшчэ больш пачаў выхваляць тканіну.

Ткачы толькі гэтага й хацелі. Як толькі міністар пайшоў, яны ізноў загадалі даць ім нітак, золата і грошы, і ўсё гэта забралі сабе і нічога, як і перш, не рабілі.

Ашуканы міністар, прыйшоўшы да караля, сказаў:

—„А, праўда, тканіна асабліва хораша выглядае.“

Праз некалькі дзён кароль паслаў да ткачоў другога міністра даведацца, ці хутка будзе зроблена вопратка.

З гэтым было тое самае, што і з першым. Ён таксама нічога не ўбачыў на пустых кроснах, але як і першы міністар, не хацеў, каб яго лічылі дурным, і ня выказаў таго, што ён нічога не ўбачыў, наадварот, надта а надта хваліў рысунак і тканіну.

Каралю ён сказаў тое самае, што і першы.

Ў городзе ўсе ўжо даведаліся, што кароль шые сабе вопратку з нязвычайнае тканіны і лічылі часіны, каб баржджэй убачыць яе. Ўрэшце, сам кароль, адважыўся пайсьці паглядзець на тканіну.

З вялікай сьвітай ён зьявіўся да ткачоў. Ашуканцы сядзелі каля кросен і шпарка снавалі ў паветры рукамі.

—„Паглядзеце, як прыгожа!“—зьвярнулі ўвагу караля на кросны абодвы міністры. Яны былі пэўны, што ўсе, акром іх, бачаць тканіну, Кароль падыйшоў да кросен і, нічога ня ўбачыўшы, са страхам падумаў:

—„Божа-ж мой! Гэта-ж я нічога не бачу. Але, ці-ж я дурань?! Што-бы гэта магло стацца? Выходзіць, што я і каралём не магу быць. Не, я і думаць не хачу аб гэтым“… Ён спагадна паківаў галавой ткачом і запрапанаваў сваёй сьвіце палюбавацца хараством тканіны.

Ніхто нічога не ўбачыў, бо і бачыць не было чаго, але кожды пасароміўся чым-небудзь гэта выказаць і ўсе, на ўсе галасы, хвалілі такое прыгажство.

Аж кароль, хоць сам анічагусенькі не бачыў, усьцешыўся і пастанавіў апрануць новую вопратку ў першае сьвята. Ён загадаў баржджэй канчаць работу і багата абдарыў ткачоў.

Ўсю ночь перад сьвятам у вокнах ткачоў гарэў агонь: яны сьпешаліся канчаць уборы.

З сур‘ёзным выглядам яны здымалі з кроснаў тканіну, бытцым кроілі яе ножніцамі і шылі пустымі іголкамі. Бытцам скончыўшы шыць яны пайшлі да караля.

—„Пагляньце, ваша сьветласьць на жупан,“—казалі яны, падымаючы пустыя рукі.

—„Бачыце якая лёгкая мантыя! Як вы апранецеся, вам будзе здавацца бытцам вы раздзеты, бо вопратка тонкая як павучыньне.“

—„Але!“—сказалі ўсе, хоць анічога не бачылі.

—„Цяпер, зрабіце ласку, разьдзеньцеся, каб мы маглі паглядзець ці добра на вас будзе вопратка. Можа, што перарабіць трэба?“ — сказалі ткачы каралю.

Той раздзеўся, а ашуканцы давай круціцца каля яго, бытцам памагаючы яму напранацца; прычапілі мантыю, каторай ня было, паправілі зборку, асьцярожна пераступаючы цераз яе хвост.

—„На зьдзіў хораша!“—хвалілі прыдворныя, тым часам як кароль разглядаў сябе ў люстры.

—„Працэсія можа йсьці: ўсё гатова,“—сказаў цэрамоньмайстар.

Кароль яшчэ раз паглядзеўся ў люстра, камэргэры ўдавалі што нясуць хвост мантыі, і ўся працэсія пацягнулася па вуліцах гораду.

Важна йшоў кароль сярод вялікага натаўпу народу і з радасьцю чуў, як усе дзівіліся яго прыгожай вопратцы. Кожды сам пра сябе ведаў, што ніякае вопраткі на каралю німа, але ніхто не хацеў голасна прызнацца да гэтага.

Аж тут маленькі хлопчык закрычаў да свайго бацькі:

—„Ай, татачка, кароль-жа-ж голы“…

—„Праўду хлапчук сказаў“—прашаптаў бацька свайму суседу.

І ўвесь народ сьперша паціху, потым ўсё больш голасна, пачаў казаць: „Голы! Голы!“

—„Мусіць яны праўду кажуць“—падумаў кароль, але зараз-жа дадаў:—„Ня трэба ўсё-ткі гэтага выказываць.“ І ён важна і спакойна ступаў далей, а камэргэры з яшчэ большай старэннасьцю нясьлі хвост, каторага запраўды ня было.