Перайсці да зместу

Казкі (1923)/Маці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сон Маці
Казка
Аўтар: Ганс Крысціян Андэрсен
1923 год
Арыгінальная назва: Historien om en Moder (1847)
Пераклад: Вацлаў Ластоўскі
Каралеўская вопратка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЦІ.

Ў сьцюдзёную зімовую ноч сядзела маці над калыскай свайго хворага дзіцяці. Дзіцятка, зьбялелае, з заплюшчанымі вочкамі, ледзь дыхала, і бедная маці з вялікай тугаю глядзела на сваё малое і са страхам думала аб яго магчымай сьмерці. Раптам нехта пастукаўся ў дзьверы.

Ў сьвятліцу увайшоў дзед, захінаючыся ў нейкую посьцілку. Ён тросься ад сьцюжы, бо на вуліцы быў мароз і ёдкі вецер.

Маці, зкемеўшы, што дзіцятка пачало драмаць, адыйшлася ад калыскі і забавілася каля печы. А дзед падсеў да калыскі і пачаў яе ціханька калыхаць.

Маці села побач і, ўзяўшы дзіця за ручку, запыталася ў дзеда са сьлязамі:

—„Яно не памрэ, праўда? Бог не захоча ўзяць яго ад мяне?“.

Дзед,—гэта была сама Сьмерць,—неяк дзіўна паківаў галавой, што ня можна было зразумець, згаджаецца ён, ці не.

Маці была надта змучана, бо не спала некалькі начэй,—яна сьхіліла галаву і заснула. Але за момант яна прахапілася і задрыжэла ад сьцюжы.

—„Што гэта?“—ўскрыкнула яна з жахам: у калысцы ня было дзіцяці, прапаў і дзед.

Гаротная маці выбегла з дому і, плачучы, з крыкам клікала сваё дзіцятка.

Ў сьнягу на вуліцы сядзела кабета ў чорнай вопратцы. Яна сказала маці:—„У цябе была Сьмерць. Яна ўзяла тваё дзіцятка і панясла яго. Сьмерць ляціць хутчэй чым вецяр і ніколі не аддае што ўзяла“.

— „Ты мне толькі пакажы, куды яна пайшла“ — сказала маці.— Пакажы дарогу, і я даганю Сьмерць“.

— „Добра, я скажу табе,—адказала кабета ў чорным,—але толькі ты перш павінна сьпеяць мне ўсе тыя песьні, каторыя ты пеяла свайму малому. Я люблю гэтыя песьні. Сколькі разоў я чула,—я-ж Ноч,—як ты пеяла іх і аблівалася сьлезамі“.

— „Я ўсе свае песьні сьпяю табе,—адказала маці,—але толькі не цяпер. Мне-ж так трэба сьпешацца. Скажы, куды мне йсьці?“

Але ноч маўчала.

І маці пачала пеяць. З плачам сьпеяла яна ўсё песьні; іх было шмат, але сьлёз было яшчэ балей.

—„Ідзі направа, ў лес,“—сказала Ноч, праслухаўшы ўсе песьні.—„Сьмерць пабегла туды.“—І маці пайшла ў лес.

На розстайках яна прысганула: Куды йсьці? Тут было некалькі дарог.

На розстанках стаяў куст шыпшыньніку без лісьця, замецены сьнегам. Да яго зьвярнулася маці.

— „Паслухай, можа ты бачыў Сьмерць з дзіцяткам на руках? Скажы баржджэй, куды яна пайшла?!“

— „Я скажу табе гэта,—адказаў куст, — калі ты абагрэеш мяне на сваіх грудзёх. Паглядзі, я зусім замерз.“

Маці прыціснула куст да сваіх грудзей. Калючкі ўпіліся ў цела, грудзі абліліся кроплямі крыві, але затое куст зазелянеўся і на ім паказаліся пукалкі. Відаць цёплае было сэрца маці.

Пайшла яна паказаным шляхам і дайшла да вялікага возера. Чаўна ня было; лёд быў яшчэ слабы, а каб перайсьці ў брод, вада была лішне глыбока. Што рабіць? Маці прыпала да возера і пачала яго піць, бытцам хацёла выпіць яго да дна, хоць і ведала, што гэта немагчыма; яна спадзевалася цуду.

—„Не, нічога з гэтага ня будзе“—сказала ёй возера, — Я магу перанясьці цябе на другі бераг, дзе стаіць дом Сьмерці, але затое ты павінна аддаць мне свае сьветлыя вочы: яны блішчаць лепі за ўсе пэрлы, што ляжаць на маім дне.

—„О, бяры іх! Я ўсё аддам, каб толькі вярнуць сваё діцятка. І маці выплакала свае вочы; на дне возера яны ператварыліся ў пышныя пэрлы.

Тады возера падняло маці і перанясло яе на другі бераг. Там стаяў дом Сьмерці, падобны да вялікай гары, паросшай лесам і зрытае пячэрамі. Ў пячэрах расло шмат розных дрэў і красак.

—„Як мне тутака знайсьці сваё дзіцятка?—сказала маці, ўходзячы ў гэту аселасьць тугі. — „Як адабраць яго ад Сьмерці?“

—„Перш-на-перш табе трэба знайсьці яго сярод расьцін,“—адказала ёй сівая брамніца. „Ты, пэўне, ведаеш, што ў кождага чалавека ёсьць сваё дрэва, або краска жыцьця. На пагляд гэта самыя звычайныя расьціны, але ў кождай з іх б‘ецца сэрца. Можа ты здолееш пазнаць сэрца свайго дзіцяці? Сяньня ўночы шмат красак павяла, Сьмерць павінна скора прыйсьці, каб перасадзіць іх. І тады… Але што-ж ты мне дасі, калі я дазволю табе шукаць сваё дзіця і навучу як бараніць яго ад Сьмерці?“

—„К мяне нічога німа, каб табе даць, — сказала маці,—але я, калі хочаш, пайду хоць на край сьвету.“

—„Ну, гэта мне зусім не патрэбна“—адказала старая.—„А лепш ты мне аддай свае буйныя горныя валасы, а я наўзамен табе дам свае — сівыя; усё-ж ткі гэта лепш, чым нічога.“

—„Толькі гэтаі!“—ўсьцешылася маці.—„Бяры іх баржджэй!“ Яны ўвайшлі ў саднік сьмерці.

Там было шмат разнаякіх расьцін: красавалі пахучыя гіацынты пад шкляннымі пакрыўкамі, буйныя півоніі, аздобныя ружы. Высока падымаліся пышныя пальмы, магутныя дубы і платаны. Былі тут і водныя расьціны, і звычайная гародніна—пятрушка, кмін і іншыя.

Адны зварачалі на сябе ўвагу сваім добрым выглядам, пышнасьцю барваў, другія былі нейкія хваравітныя, слабыя. Іншыя вялікія расьціны былі пасаджаны ў маленькіх гаршчкох і ім было там цесна, не ставала пажывы; наадварот другія—маленькія, кволыя, сядзелі ў вялікіх гаршчкох і старэнна былі абложаны мохам і чорнай зямлёю.

І кождая з расьцінаў мела сваё найменьне і ў кождай з іх білася сэрца жывога чалавека. Кождая з расьцін была жыцьём аднаго з людзей, каторыя былі разкінуты па ўсім сьвеце.

Маці-гаротніца падхадзіла да кождае краскі, пільна прыслухалася, як б‘ецца кождае сэрца і, ўрэшце, застанавілася каля маленькага сіняватага крокуса, каторы смутна пахіліў сваю галоўку.

—„Гэта маё діцятка!“—сказала яна з радасьцю—„Я пазнала яго сэрца.“

І яна хацела ўзяць краску.

—„Кінь не чапай“ — адказала старая. — „Ты стань вось тут і калі Сьмерць прыдзе сюды і захоча яе высадзіць—прасі, малі, і, ўрэшце, скажы ёй, што калі яна зачэпіць тваё дзіця,—ты павырываеш другія краскі. Яна спалохаецца, бо адказвае перад Богам за кождую красачку.“

Раптам маці пачула ледзяную сьцюжу і дагадалася, што каля яе стаіць Сьмерць.

—„Якім спосабам ты тут?“—спыталася Сьмерць.—„Як гэта ты выперадзіла мяне?“

—„Я маці“,—адказала сьляпая. Сьмерць працягнула руку да сіняватага крокуса, але маці кінулася і закрыла яго сваімі рукамі так, каб яму не пашкодзіць.

Але Сьмерць дзьмуханула на яе рукі і яны адразу павісьлі бяз сілы.

—„Бачыш, у мяне сілы больш“, — сказала Сьмерць.—„Ты павінна ўступіць мне.“

—„Бог дужэйшы за цябе“,—сказала маці.

—„Але я роблю яго волю“. — казала далей Сьмерць. — Я перасаджываю ў няведомыя староны толькі тыя краскі, каторым прысуджана гэта Богам.“

—„Аддай, аддай мне маё дзіця! — прасілася маці,—а не,—дык я вырву другія краскі, калі ты не пашкадуеш мяне.“

І яна ўхапілася за нейкую краску.

—„Не чапай яе“,—сказала Сьмерць.—„ Ты хочаш, каб другая маці мучылася таксама, як мучышся цяпер ты“.

—„Маці!“—сказала кабета і зараз-жа апусьціла рукі.

—„Вось твае вочы“, сказала Сьмерць.

—„Я выняла іх з возера ў каторым яны так блішчэлі. Вазьмі іх і глянь сюды, ў калодзяж. Ты пабачыш там два жыцьці: адно з іх—жыцьцё твайго дзіцяці.“

Маці нахінулася над калодзежам. Жыцьцё аднаго было шчасьцем для яго самога і для другіх, сколькі сьветла, дабра ліло яно навокал,—жыцьцё другога было безрадасным, цяжкім. Гора, туга, галота.

— „Баржджэй, баржджэй скажы, каторае жыцьцё павінна належацца майму дзіцяці,“ — са страхам папыталася маці.

—„Гэтага я не скажу табе!“

Бедная маці кінулася на калені і, ламаючы рукі, прасіла Бога:

—„Божа! Калі маё дзіцятка чакае ў жыцьці толькі гора і бяда, то ня слухай мяне, забудзься на мае малітвы і сьлёзы. Уратуй яго ад таго мучэньня…—І яна з пакорай апусьціла галаву.“

А Сьмерць узяла дзіця на рукі і панясла яго ў няведамую старану.