Таварышу Айзіку Роткіну, стараму рабочаму Дубровенскае тэкстыльнае фабрыкі, з любоўю.
Звычайны сухаваты твар,
ды векам згорбленая постаць,
і толькі вочы неяк востра
вясёлкаю з-пад цьмяных хмар
глядзяцца, граюць аганькамі,
з пяшчотай войчай сьцерагуць,
гавораць, паляць і пяюць
непараўнанымі радкамі.
Поэты пачыналі так:
„Гары, ружовая Аўрора!“
Ён апраўляе свой пінджак
і зноў прыдушана гаворыць.
Жыцьцё яго — няма паўней,
усім-бы нам пражыць такое.
Жыцьцё яго — туга завей
і штандара ўрачысты колер.
Цяпер, за пекным туманом,
яно зьнікае зьнічкай дальняй,
ён безбародым юнаком
на фабрыцы працуе ткальнай,
Там падымае першы бунт.
І… (дзіўна дзецям нашай эры).
Эсэры, „іскраўцы“ і „бунд“
Купляюць разам рэвольвэры.
Ідзе за пятым шосты год…
Цямнеюць твары ветлых зорак.
Як душыць дзён бяздушны лёд
і чорны, як жалоба, морак.
І шмат адсеялася прэч
у пошуках прытулкаў вольных,
а ён застаўся, каб гарэць
сухотнай працаю падпольнай.
Маёўкі пад аховай зор…
Чырвоны сьцяг над пылам вуліц…
І прарываецца тэрор
нястрыманай гарачай куляй.
Ці перакажаш гэта ўсё?
А бізуны? А забастоўкі?
А несканчоныя масоўкі?
Хіба ягонае жыцьцё
ня з тых, якімі ганарацца?
Хіба, як кончаць разгарацца
сусьветных бунтаў ліхтары
і промін выклічуць удодні,
Ня ўспомняць нашчадкі тады
яго і тысячы падобных?
Ты чуеш, скептык малады?
І многа іх такіх, як Роткін —
Кладуць апошнія гады
Да постамэнту пяцігодкі.
Консьпірацыйны змрок вачэй
даўно ў сьвітанках сьвежых згінуў.
Мы ночы думалі пільней
над недахопамі тканіны.
Віднейшая прад намі даль…
Расьце романтыка другая,
і добраякасны паркаль
краіна працы вымагае.
Я веру ў маладосьць маю
і ў нашых „старычкоў“ нязломных —
На ткальнях, сьлёсарнях ці домнах
ў зашмальцаваную сям‘ю,
ў яе працоўную адвагу, —
і так, як некалі ў баёх,
у мірных бойках, мірных днёх
мы атрымаем перавагу
пад тым-жа сэрцу дарагім,
пад тым-жа слаўным і старым
пад баявым Чырвоным сьцягам.
1930
|