Перайсці да зместу

Каб жыць, сьпяваць і не старэць… (1931)/Фабрычная вясна/Леніну…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аргентынскаму сябру… Леніну…
Верш
Аўтар: Юлі Таўбін
1931 год
Яго жыцьцё…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нам часам за лічбамі сьвету няма,
І нікнуць у шуме полемік
Трывожныя дзеі, і тая зіма
І імя ўлюблёнае „ЛЕНІН“

Сьнягамі засланы былі паплавы…
Мароз пачынаў кананады…
Трывожна гудзелі сырэны Масквы,
Дрыжэлі агні Ленінграду.

І скаргі насілі завеі ў прастор
Праз межы, праз сьцены, праз краты,
І сьлезы абцёр бірмінгемскі шахцёр
І ты, беларускі араты.

Салоныя пырскі халодных завей…
Жалоба маскоўскіх трансьляцый…
Крываваю плямай стаіць маўзалей
На бруку Чырвонага пляцу.

Усе мы ў змаганьні жывем і гарым,
Але ня схіляемся ніцма.
І я, нібы даўні юнак-пілігрым,
Прыходзіў табе пакланіцца.

Пад гуд аўтабусаў
Я моўчкі стаяў
І ў памяць пра шлях твой пачэсны,
Табе я, мой родны, тады абяцаў
Сьпяяць адвітальную песьню.

І гэтая песьня на сэрцы ў мяне,
І ёй адгукаемся ўсе мы:
І я, і мой брат у чужой старане,
Далёкі гарняк з Бірмінгэму.

Мы верым, што сэрцы ня могуць згараць
І хай мы згарым у імкненьнях,
А будзе натхняць
І другіх запаляць
Імя непаўторнае:
„ЛЕНІН“

1929