З цыкла «Эрас»
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
З цыкла «Эрас» Верш Аўтар: Максім Багдановіч 1908—1909 Крыніца: http://old.knihi.com/bahdanovic/1908-09.html |
І
У космас схаваліся кветы
чырвоныя,
Кветы чырвоныя,
Неапылёныя.
Хцівасць жадання іх томіць
таёмная,
Томіць таёмная,
Сіла няскромная.
Але дарэмна ў іх сокі б’юць
шпаркія,
Сокі б’юць шпаркія,
Свежыя, яркія.
Звянуць яны, тыя кветы
чырвоныя,
Кветы чырвоныя
Неапылёнымі.
ІІ
Зірнуў, як між валос, між хмар калматых, цёмных
Чырвоны маладзік
І ўраз згадаў мне рад уздыхаў прыглушоных,
І мук любоўных крык,
І цела гібкага шалёнасць, ізвіванне,
І п’яны, душны пах…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ў грудзях сціскаецца гарачае дыханне,
Кроў хваляй б’е ў нагах.
(1908—1909)