Перайсці да зместу

З успамінаў пра дзяцінства

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З успамінаў пра дзяцінства
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Янка Купала
Крыніца: https://knihi.com/Taras_Saucenka/Z_uspaminau_pra_dziacinstva.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Не называю яе раем,
Таей хаціначкі у гаі
Над чыстым ставам, край сяла!
Мяне радзіла маці там
І, спавіваючы, спявала,
Сваю нуду пералівала
Ў сваё дзіцятка. Ў тым гаю,
У той хаціне, ў тым раю
Я пекла бачыў... Там няволя,
Работа цяжкая, ніколі
І адпачыці не даюць,
Там маці добрую маю,
Йшчэ маладую, у магілу
Бяда ды праца палажыла,
Там бацька, плачучы з дзяцьмі
Малымі, голымі, ў няволі,
Не выцерпеў ліхое долі,
Памёр на паншчыне... а мы
Разлезліся паміж людзьмі,
Як мышаняты. Я да школы —
Ваду насіці шкалярам,
Браты на паншчыну хадзілі,
Пакуль ілбы ім пагалілі,
А сёстры... Сёстры... Гора вам,
Мае галубкі маладыя.
Для каго ў свеце жывяцё?
Вы ў наймах выраслі чужыя,
У наймах косы пабялеюць,
У наймах, сёстры, й памрыцё.