Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Навакол Луны/XXIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XXII. Выратаванне XXIII. Апафеоз
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
Праекты падарожжаў на Луну

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХІІІ

Апафеоз

Чытач памятае, з якім хваляваннем і спачуваннем усе праводзілі адважных падарожнікаў на Луну, і таму можна ўявіць, з якім хваляваннем і спачуваннем віталі іх зварот з Луны.

Кожны прагнуў убачыць і пачуць людзей, якія пабывалі на невядомым лунным свеце.

Барбікен, Ардан і Ніколь, у суправаджэнні прыяцеляў, безадкладна паехалі ў Балтымору, дзе былі сустрэты з неапісальным захапленнем.

Дарожныя запісы Барбікена адразу-ж былі закуплены за казачную цану і адданы ў друк.

Праз тры дні пасля таго, як вярнуліся падарожнікі на Зямлю, былі ўжо вядомы найдрабнейшыя дэталі іх вандравання.

Назіранні, зробленыя Барбікенам і яго таварышамі каля Луны, далі магчымасць праверыць розныя тэорыі, якія адносіліся да зямнога спадарожніка. Стала вядомым, якія дапушчэнні павінны быць адкінуты, якія павінны быць прыняты адносна гэтага свяціла, яго паходжання і заселенасці. Цяжка было спрачацца з вучонымі, якія бачылі на адлегласці 50 кілометраў, гару «Ціхо»; цяжка супярэчыць тым, чые вочы заглядалі ў бяздонні цырка «Платона»… Яны, некаторым чынам, мелі цяпер права дыктаваць свае законы навуцы, што ўзнаўляе лунны свет. Яны маглі сказаць: калі Луна і была светам, заселеным раней Зямлі, то цяпер Луна не заселена і на ёй няма жыцця!

Жадаючы адсвяткаваць зварот шаноўнейшага свайго члена і яго таварышоў, Пушачны клуб рашыў наладзіць банкет, але банкет такі, які быў-бы варты і адважных даследчыкаў, і амерыканскага народа — банкет, у якім маглі-б прыняць удзел усе амерыканцы.

На ўсіх станцыях чыгунак, упрыгожаных аднолькавымі флагамі, расстаўлены былі банкетныя сталы. У пэўны час, па электрычных гадзінніках, якія адбівалі секунды, насельніцтва Злучаных Штатаў запрашалася заняць месцы за гэтымі банкетнымі сталамі. На працягу чатырох дзён, ад 5 да 9 студзеня, усе паязды чыгунак былі прыпынены і ўсе шляхі заставаліся вольнымі, як гэта бывала па нядзелях у Англіі і Амерыцы.

Толькі адзін паравоз, да якога быў прычэплены ганаровы вагон, меў права насіцца па чыгунках Злучаных Штатаў. На гэтым поездзе, акрамя машыніста і качагара, дазволена было, па асобай міласці, змясціцца толькі шаноўнаму сакратару клуба — Мастону.

Ганаровы вагон прызначаўся для старшыні Пушачнага клуба Барбікена, капітана Ніколя і Мішэля Ардана.

Па свістку машыніста поезд пакінуў Балтыморскую станцыю, суправаджаемы ўсімі поўнымі захаплення воклічамі, якія толькі ёсць у амерыканцаў. Героі свята ляцелі з горада ў горад, сустракаючы на сваім шляху за банкетнымі сталамі ўсё насельніцтва, якое вітала іх усялякімі выказваннямі спачування і надзвычайнай радасці.

Такім чынам яны праехалі па ўсходу Саюза, цераз Пенсільванію, Канектыкут, Масачузетс, Вермон, Мен і Новы Брауншвейг; праляцелі па поўначы і захаду праз Н’ю-Йорк, Огайо, Мічыган і Вісконсін; праімчаліся на поўдзень цераз Ілінойс, Місуры, Арканзас, Техас і Луізіяну; пабывалі на паўднёвым усходзе, цераз Алабаму і Фларыду, цераз Георгію і абедзве Караліны; зноў падняліся ўверх і цераз Тенесі, Кентукі, Віргінію, Індыяну, потым цераз Вашынгтон вярнуліся ў Балтымору.

Цэлых чатыры дні Злучаныя Штаты, можна сказаць, віталі іх бесперапынным «ура».

Апафеоз быў варты герояў. Каб жылі яны ў даўнейшыя часы, міфы пэўна ўключылі-б іх у лік багоў.

Які практычны рэзультат дала гэта спроба падарожжа на Луну? Ці ёсць магчымасць наладзіць калі-небудзь рэгулярныя зносіны з Луной? Ці будзе асобы род навігацыі для зносін з сонечным светам? Ці магчымы пералёт з планеты на планету, — з Юпітэра на Меркурый, з зоркі на зорку, з Палярнай на Сірыус? Які спосаб перасоўвання дасць магчымасць наведаць усе свяцілы, якімі багата неба?

Адказваць на такія пытанні цяжка, але, прымаючы пад увагу адважную вынаходлівасць і прадпрыймальнасць англа-саксонскай расы, ніхто не здзівіцца, калі амерыканцы паспрабуюць атрымаць карысць са спробы Барбікена. Праз некаторы час пасля звароту падарожнікаў з Луны з’явіліся аб’явы «Нацыянальнага Таварыства Міжзорных Зносін», якое, маючы капітал у 100 мільёнаў далараў, выпусціла 100 000 акцый. Старшынёй Таварыства быў Барбікен, яго памочнікам — Ніколь, сакратаром адміністрацыі — Мастон, а дырэктарам службы руху — Мішэль Ардан.

Публіка Злучаных Штатаў аднеслася вельмі прыхільна да прадпрыймання, але, на ўсякі выпадак, — г. зн. з прычыны магчымай няўдачы і банкруцтва кампаніі, — практычныя і празорлівыя амерыканцы загадзя выбралі і будучую ліквідацыйную камісію на чале з суддзёй-камісарам і справаводам.