З пушкі на Луну/Праекты падарожжаў на Луну

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XXIII. Апафеоз Праекты падарожжаў на Луну
Артыкул
Аўтар: Якаў Перэльман
1940 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я. ПЕРЭЛЬМАН


ПРАЕКТЫ ПАДАРОЖЖАЎ НА ЛУНУ

І. ПАПЯРЭДНІКІ ЖУЛЯ ВЕРНА

З часу выхаду ў свет гэтага рамана прайшло ўжо каля 70 гадоў — і ўсё-ж ён застаецца непераўзыйдзеным узорам распрацоўкі ідэі міжпланетнага пералёту ў форме цікавага навукова-фантастычнага рамана. Кажуць, у свеце ідэй, як і ў свеце жывых істот, не бывае адвольнага зараджэння, а ёсць толькі эвалюцыя: новая думка заўсёды развіваецца з іншых, выказаных раней. Калі гэта прымяніма да ідэй літаратурных твораў наогул, то раман Жуля Верна «З пушкі на Луну» безумоўна з’яўляецца выключэннем. Сярод папярэдніх такіх твораў мы не знаходзім ні аднаго, ідэя, якога мела-б хаця далёкае падабенства з асноўнай думкай гэтага рамана. Фантастычныя апісанні падарожжаў на Луну, напісаныя да Жуля Верна, складзены далёка не ў тым рэальным, навуковым духу, які так выгодна выдзяляе раман «З пушкі на Луну».

Спынімся крыху на гэтых папярэдніках Жуля Верна, каб упэўніцца, якая вялікая розніца між добрасумленна-навуковай манерай Жуля Верна і безадказнай фантазіяй многіх іншых аўтароў. Першы па часу твор, трактуючы такі сюжэт, з’яўляецца ў ІІ стагоддзі нашай эры і належыць грэчаскаму пісьменніку Лукіяну Самасацкаму. У адным са сваіх сатырычных твораў ён расказвае, што ў час марскога плавання смерч наляцеў на яго карабль і падняў яго на вышыню 3 000 стадый. З гэтага моманту карабль ужо нёсся па небе і, пасля 7-дзённага блукання, прычаліў да круглага бліскучага вострава: гэта і была Луна… Як бачым, тут няма і ценю навуковай праўды.

Настолькі-ж недарэчны для чытача нашага часу і спосаб падарожжа на Луну іспанскага пісьменніка Дамініка Ганзалеса («Свет Луны», 1648 г.), расказваючага, што ён даляцеў да нашага спадарожніка (і назад) на дзікіх лебедзях; падарожжа працягвалася 12 дзён.

Аўтар вышаўшага незадоўга да таго англійскага «Разважання аб новым свеце і іншых планетах» (1640 г.), епіскап Вількінс, таксама не задумваецца аб спосабе палёту на Луну: «Трэба, — кажа ён, — або прырабіць сабе крыллі і ляцець, як птушка, або ўзабрацца на спіну велічэзных птушак, якія, як расказваюць, плодзяцца на Мадагаскары (моа?), або, урэшце, зрабіць лятаючую калясніцу, падобную да таго драўлянага лятаючага голуба, які некалі быў зроблены Архітам[1]».

Даравіты зямляк Жуля Верна, славуты сатырык Сірано-дэ-Бержэрак, у сваім «Падарожжы на Луну» (1649 г.) прымяніў наступны спосаб: абвязаў сябе мноствам склянак, якія Сонца нагрэла настолькі сільна, што прыцягнула іх да сябе разам з падарожнікам, накшталт таго, як сонечныя праменні прыцягваюць да сябе воблакі (?). Ён паляцеў нават вельмі хутка і заляцеў не на Луну, а на Сонца; прышлося разбіць некалькі склянак, каб зменшыць імклівасць палёту…

Вось другі спосаб палёту на Луну, апісаны Сірано: «Я загадаў, — піша ён, — зрабіць лёгкую жалезную павозку; залезшы ў яе і сеўшы на сядзенне, я пачаў падкідваць высока над сабой магнітны шар. Жалезная павозка адразу-ж паднімалася ўверх. Калі-ж я набліжаўся да таго месца, куды мяне прыцягваў шар, я зноў падкідваў яго ўгору. Пасля шматлікага кідання шара ўверх і падняцця павозкі я наблізіўся да месца, адкуль пачалося маё падзенне на Луну…»

Няцяжка паказаць фізічную безгрунтоўнасць такога спосабу: падкідваючы магнітны шар уверх з вялікімі намаганнямі (каб перамагчы прыцяжэнне да павозкі, сядок немінуча штурхае пры гэтым сваю павозку ўніз. Калі-ж затым шар і павозка зноў збліжаюцца, з прычыны ўзаемнага прыцяжэння, яны толькі вяртаюцца на свае ранейшыя месцы. Ясна, што падымацца такім спосабам уверх немажліва. Наколькі далёка гэтыя безгрунтоўныя мары і вымыслы ад тэхнічна выразнай ідэі, якая ляжыць у аснове рамана Жуля Верна!

Адзіны аўтар, які мог сапраўды мець уплыў на Жуля Верна, быў таленавіты амерыканскі пісьменнік першай паловы мінулага стагоддзя Эдгар По. Мы ведаем, што французскі раманіст быў палкім прыхільнікам даравання свайго амерыканскага сабрата і нават прысвяціў яму адзін са сваіх твораў: «Ледзяны Сфінкс» Жуля Верна — не што іншае, як працяг аповесці Э. По «Прыгоды Артура Піма». У трыццатых гадах ХІХ стагоддзя з’явілася цікавае навукова-фантастычнае апавяданне Э. По «Беспрыкладныя прыгоды Ганса Пфааля», у якім апісваецца падарожжа на Луну. Але гэты твор мог мець уплыў толькі на манеру апавядання Жуля Верна, а не на самую ідэю яго рамана, якая цалкам самабытна. Сапраўды, спосаб, прыдуманы амерыканскім пісьменнікам для пералёту на Луну, не вельмі адрозніваецца ад наіўных лятуценняў яго папярэднікаў: гэта — шар, напоўнены газам, «шчыльнасць якога прыблізна ў 37,4 разы меншая за шчыльнасць вадарода». Сільны выбух пораху пад шарам падкінуў апарат высока ўверх, пасля чаго ён пачаў імкліва падымацца ўсё вышэй, бо атмасфера, хаця і разрэджаная, ідзе, як сцвярджае аўтар, шмат далей у сусветную прастору, чым мяркуюць вучоныя. Нарэшце, прыцяжэнне Луны ўзяло верх над прыцяжэннем Зямлі, і неўзабаве шар апынуўся на паверхні нашага спадарожніка…

Тут мы бачым ужо больш асцярожныя адносіны да навуковых фактаў і да законаў прыроды, чым у папярэднікаў По. Аўтар ведае, што ў пустаце аэрастат падымацца не можа; таму (насуперак сцвярджэнням астраномаў) По заяўляе, што сусветная прастора напоўнена разрэджаным газам, а для напаўнення аэрастата прыдумвае вельмі лёгкі газ (у 37 разоў лягчэйшы за вадарод), якога, аднак, не існуе і існаваць не можа.

Такія нямногія папярэднікі Жуля Верна.


ІІ. Ці можна стрэліць з пушкі на Луну?

Звернемся цяпер да рамана Жуля Верна. Той год, 1865-ы, калі з’явілася першая частка рамана «З пушкі на Луну», быў асабліва ўраджайным для фантастычных падарожжаў на планеты. У лютым гэтага года ў Парыжы быў выдан раман славутага французскага пісьменніка Александра Дзюма (бацькі) «Падарожжа на Луну», дзе апавядаецца аб палёце на Луну верхам на арле (!). У сакавіку з’явілася ў Лондане «Падарожжа на Луну» малавядомага аўтара, які не сказаў аб самім спосабе пералёту. У красавіку ў Парыжы было выдана яшчэ адно луннае падарожжа — на гэты раз з дапамогаю прыдуманага вешчаства, маючага здольнасць «адштурхвацца ад Зямлі». У маі з’явіўся фантастычны раман «Насельнік Меркурыя» — твор, навуковасць якога не вышэйшая, чым у папярэдніх.

Захоплены агульнай літаратурнай плыняю, Жуль Верн заняўся той-жа тэмай і пакінуў патомству выдатны твор, якога не было не толькі ні ў каго з папярэднікаў Жуля Верна, але і ў яго паслядоўцаў у пазнейшай літаратуры. Яго адзіныя ўдалыя паслядоўцы — нямецкі раманіст Курт Ласвіц і англійскі Герберт Уэлс — карысталіся для міжпланетных пералётаў чыста фантастычным сродкам: вешчаством, якое не падвяргаецца цягаценню (Ласвіц) або ахоўвае ад яго (Уэлс). Жуль Верн стварыў фантастычны раман, нідзе не карыстаючыся, па сутнасці, фантастычнымі сродкамі, не прыдумваючы нічога такога, чаго не існуе ў прыродзе або ў арсенале тэхнікі. Ён толькі майстэрскі скамбінаваў вядомыя навуцы і тэхніцы сродкі. Дасціпныя выдумкі яго здзіўляюць адначасова і нечаканасцю і праўдападобнасцю. У гэтым карэннае адрозненне Жуля Верна ад яго папярэднікаў і пераймальнікаў, і ў гэтым вялізнае адукацыйнае значэнне яго творчасці.

Лёгкая, вясёлая манера пісьма Жуля Верна можа ўтварыць беспадстаўнае падазрэнне, нібы ён ставіўся абыякава да навуковага боку сваіх твораў. Аднак, гэта не так. Навуковая аснова рамана «З пушкі на Луну» прадумана вельмі глыбока. Раман стаяў цалкам на ўзроўні астранамічных ведаў свайго часу; не віна аўтара, што за 70 гадоў навука пайшла ўперад і многія з раскіданых па ім звестак у сучасны момант устарэлі[2].

Ідэя, якая ляжыць у аснове прапануемага рамана Жуля Верна, заключаецца ў тым, каб паслаць на Луну велічэзнае пушачнае ядро. Да гэтага часу ніхто ў літаратуры не выказваў такога праекта, — прынамсі, ніякіх указанняў на гэта нам не ўдалося знайсці, — так што думка аб пасылцы на Луну пушачнага снарада з’яўляецца ў Жуля Верна цалкам самабытнай. Праект гэты настолькі навучальны, што заслугоўвае больш падрабязнага разгляду. І перш за ўсё цікава высветліць, што ў ім можна ажыццявіць і чаго зусім нельга.

Ці можна кінуць рэч так далёка, каб яна ніколі не вярнулася назад? На першы погляд гэта здаецца немагчымым: мы заўсёды бачым, што з якой-бы сілаю не кінуць рэч, яна рана ці позна падае назад. Аднак, механіка вучыць, што так бывае толькі пры параўнальна сярэдніх скорасцях, якія магчымы пры нашых тэхнічных сродках. Калі пачатковая скорасць кінутага цела дастаткова вялікая, яно можа і не вярнуцца. Мы зараз растлумачым гэта. Уявіце сабе дзе-небудзь на высокай гары пушку, якая страляе па гарызантальным напрамку. Калі ядро пакіне пушку з невялікай скорасцю, яно апіша больш ці менш крутую дугу, якая ўпіраецца ў Зямлю: такое ядро ўпадзе назад на Зямлю на большай ці меншай адлегласці ад пушкі. Па меры павелічэння скорасці ядра шлях яго будзе станавіцца ўсё больш і больш адхонным і, нарэшце, пры некаторай скорасці, набудзе тую-ж крывізну, якую мае зямная паверхня. Што тады будзе з ядром? Яно стане насіцца над зямной паверхняю, не набліжаючыся і не аддаляючыся, пакуль не апіша поўнага круга каля зямнога шара і не дасягне пушкі з задняга боку. Калі-ж тым часам пушку прыняць, то, закончыўшы адзін круг, ядро апіша другі, потым трэці і т. д. І каб не было паветра, якое затрымоўвае ядро ў руху (напрыклад, калі-б гара падымалася вышэй атмасферы), такое ядро кружылася-б вечна вакол нашай планеты, ніколі на яе не падаючы — накшталт маленечкай блізкай Луны.

У механіцы даказваецца, што гэта павінна настаць тады, калі ядро пакіне пушку са скорасцю 8 кілометраў у секунду. Такім чынам, ядро, выкінутае пушкай у гарызантальным напрамку, са скорасцю 8 кілометраў у секунду, павінна, пры адсутнасці супраціўлення паветра, вечна кружыцца вакол зямнога шара.

Што-ж будзе, калі ядро пакіне пушку са скорасцю, большай, чым 8 кілометраў? Разлік паказвае, што ядро пачне тады апісваць каля зямнога шара замест кругоў — эліпсы, больш ці менш выцягнутыя, гледзячы па пачатковай скорасці. Такі эліпс можа на колькі хочаш заносіць ядро ад Зямлі. І, нарэшце, пры скорасці каля 11 кілометраў у першую секунду, ядро будзе рухацца ўжо па нязамкнутай крывой (парабале), ніколі не вяртаючыся да выходнага пункта.

Як бачым, закінуць ядро з пушкі на Луну тэарэтычна магчыма. Для гэтага неабходна — пры адсутнасці атмасферы — кінуць яго з пачатковай скорасцю каля адзінаццаці кілометраў у секунду, а пры наяўнасці атмасферы — з яшчэ большай скорасцю.

Жуль Верн і выкарыстаў гэту тэарэтычную магчымасць, якую ніхто да яго не здагадаўся прымяніць да міжпланетнага пералёту. У яго вельмі добра прадумана гэта ідэя; супроць магчымасці закінуць пушачнае ядро на Луну маецца толькі адно практычнае супярэчанне: пачатковая скорасць снарадаў сучасных пушак не дасягае паказанага рубяжа — адзінаццаці кілометраў у секунду. Але гэта — пытанне тэхнікі. Незадоўга да сусветнай вайны пачатковая скорасць гарматных снарадаў была ўсяго 500 метраў. К пачатку вайны яна ўжо даходзіла да 700 метраў, к канцу вайны германцы абстрэльвалі Парыж на адлегласці 120 кілометраў, даючы ядрам пачатковую скорасць 2 000 метраў. Праўда, парахавая пушка ніколі не зможа выкінуць снарад са скорасцю 11 кілометраў у секунду. Аднак, калі верыць паведамленням друку, у Францыі распрацаван праект электрычнай пушкі з пачатковай скорасцю 5 000 метраў у секунду: з такой гарматы можна будзе з любога пункта зямнога шара ўзяць пад абстрэл усю нашу планету. Ад пяці тысяч кілометраў да адзінаццаці ці дванаццаці тысяч, неабходных для перакідання снарада на Луну, дыстанцыя не такая ўжо вялікая. Адным словам, паколькі справа ідзе аб самым перакіданні ядра на Луну, праект Жуля Верна можна лічыць тэарэтычна правільным. Нават цяжкае пытанне аб супраціўленні паветра, якое пры такой значнай скорасці павінна прадстаўляць буйнейшую перашкоду для руху снарада, затрымліваць яго і распальваць абалонку, — нават і гэта пытанне можа быць, бадай вырашана змяшчэннем пушкі на вышыню 5 000 метраў і належным павелічэннем пачатковай скорасці. Аднак, тут узнікаюць цяжкасці асобага роду, якія мы разгледзім у наступных раздзелах.


ІІІ. Ці можна ажыццявіць праект Жуля Верна?

Мы ўжо сказалі, што думка закінуць пушачнае ядро на Луну сама па сабе не заключае нічога нязбытнага, нічога такога, што супярэчыла-б законам механікі. Калі такая справа не пад сілу для нас пры сучасным стане тэхнікі, то, вельмі магчыма, яна ажыццявіцца ў будучым.

Але мы наўмысна пакідалі пакуль без разгляду другое пытанне: ці магчыма ў пушачным снарадзе перанесці на Луну жывых людзей? Жуль Верн сцвярджае, што гэта магчыма. Зараз убачым, аднак, што аб ажыццяўленні такога праекта няма чаго і думаць.

Цяжкасць, і пры тым непераможная, заключаецца ў наступным. Дапусцім, што ядро праслізнула па каналу велічэзнай калумбіяды надзвычай хутка, бо паспела на гэтым шляху давесці сваю скорасць ад нуля да 16 000 метраў. Можна пераканацца нескладаным разлікам, што рух у канале гарматы павінен быў працягвацца ўсяго каля 1/40 долі секунды; за гэты кароткі момант скорасць так страшэнна ўзрасла. Ясна, што нарастанне скорасці павінна быць вельмі імклівым. Секунднае павелічэнне скорасці — тое, што ў механіцы называецца «паскарэннем» — лёгка вылічыць: калі ў 1/40 секунды скорасць павялічылася ад нуля да 16 000 метраў, то за цэлую секунду яна ўзрасла-б у 40 разоў, г. зн. дасягнула-б 640 000 метраў у секунду.

Што-ж павінны адчуваць пры гэтым пасажыры? Стоячы нерухома, мы прыціскаемся да апоры сілаю цяжару, якая імкнецца ўцягнуць усе целы ў рух, даючы ім секунднае «паскарэнне» 10 метраў у секунду. Гэта паскарэнне і абумоўлівае тое пачуццё абцяжарвання нашага цела, якое мы называем яго вагай. Але пасажыры ўнутры ляцячага пушачнага снарада ў момант стрэлу прыціскаліся-б к яго падлозе з сілаю ў 64 000 разоў большаю за звычайную сілу цяжару. Іншымі словамі пасажыры адчувалі-б, што зрабіліся ў 64 000 разоў цяжэйшымі: кожны з іх важыў-бы 400 тон! Вядома, такая страшэнная вага вокамгненна расціснула-б іх.

Унікнуць гэтых рэзультатаў стрэлу тымі мерамі перасцярогі, якія апісаны ў рамане, нельга. Вадзяны буфер мог аслабіць націск не больш, чым на якіх-небудзь поўпроцанта. Каб зменшыць быстрыню нарастання скорасці да бяспечнай ступені, варта-б падоўжыць пушку да некалькіх сот кілометраў: тады скорасць нарастала-б на больш даўгім шляху, г. зн. больш паступова. Вось чаму падарожжа на другія планеты ўнутры пушачнага снарада зусім невыканальнае.

IV. Сучасныя праекты міжпланетнага лятання

Як у нашы дні адказвае навука на тыя пытанні, якія ставіць Жуль Верн на апошняй старонцы свайго рамана:

«Ці ёсць магчымасць наладзіць калі-небудзь рэтулярныя зносіны з Луной? Ці магчымы пералёт з планеты на планету, — з Юпітэра на Меркурый, з зоркі на зорку? Які спосаб перасоўвання дасць магчымасць наведаць усе гэтыя свяцілы?»

У той час, калі быў напісаны раман, больш поўвека назад, нельга было даць ніякага адказу на гэтыя пытанні. Але ў нашы дні справа абстаіць інакш. Праўда, сучасная тэхніка яшчэ не ў сілах ажыццявіць міжпланетны пералёт, але шлях да вырашэння гэтай прывабнай задачы ўжо знойдзены. У сучасны момант можна ўпэўнена сказаць, што «рэгулярныя зносіны з Луной» безумоўна стануць калі-небудзь магчымымі; сродак, з дапамогаю якога гэта будзе дасягнута, нам таксама вядомы.

Апарат, які перанясе калі-небудзь людзей з Зямлі на Луну, — не пушка, а ракета велічэзных размераў, належным чынам абсталяваная для гэтай мэты. Асаблівасць руху ракеты, якая адрознівае яго ад палёту пушачнага ядра, заключаецца перш за ўсё ў тым, што найвышэйшая скорасць дасягаецца ракетай не адразу, не ў сотыя долі секунды, а расцягваецца на значна большы прамежак часу. З прычыны непараўнальна большай плаўнасці нарастання скорасці «паскарэнне» ракеты намнога меншае, чым «паскарэнне» гарматнага снарада, і гэтым адхіляюцца згубныя вынікі страсення пры адпраўленні пасажыраў у дарогу. Другая каштоўная асаблівасць ракеты — тая, што яна можа перамяшчацца, набіраючы скорасць і кіруючыся ў абсалютнай пустаце.

Чым далей гарыць зарад ракеты, чым больш з яе выцекла газаў, тым большую скорасць яна набірае. Да скорасці, атрыманай у папярэднюю секунду, дадаецца скорасць наступнай секунды; акрамя таго, па меры згарання запасу гаручага, маса ракеты становіцца меншай, і ракета ад аднаго і таго-ж напору газаў набывае вялікую скорасць. Калі, к таму-ж узрыўчатыя газы выцякаюць вельмі імкліва, то ракета к канцу згарання здольна набраць значную скорасць. Можна вылічыць, якую колькасць якога гаручага трэба спаліць у ракеце данай вагі, каб яна набрала жаданую скорасць. Залежнасць, дазваляючая рабіць такія разлікі, устаноўлена была яшчэ трыццаць гадоў назад нядаўна памёршым нашым суайчыннікам К. Э. Цыялкоўскім і называецца «ўраўненнем Цыялкоўскага». Яна дае цвёрдую падставу сцвярджаць, што пры належным выбары гаручага патрэбная для зоркаплавання скорасць безумоўна будзе дасягнута.

Не трэба думаць, што лепш за ўсё зараджаць ракету сільна ўзрыўчатымі вешчаствамі. Порах для звездалёту, перш за ўсё, вельмі небяспечны: пры запальванні можа адразу ўзарвацца ўвесь яго запас і знішчыць міжпланетны карабль.

Ёсць і яшчэ прычына, якая дае права адмовіцца ад пораху і шукаць іншых вяшчэстваў для зараджэння звездалёту. Насуперак распаўсюджанай думцы, узрыўчатыя вяшчэствы даюць пры гарэнні менш энергіі, чым такія, напрыклад, гаручыя вяшчэствы, як вадарод, нафта, бензін, якія згараюць у кіслародзе.

Вось чаму вынаходнікі ракетных караблёў — звёздалётаў — адмаўляюцца ад прымянення пораху, і наогул узрыўчатых вяшчэстваў і прадбачаць толькі выкарыстанне такіх вяшчэстваў, як звадкаваны вадарод, нафта, бензін, спірт, спальваемых са звадкаваным кіслародам (вадарод і кісларод трэба браць вадкі, а не газападобны для таго, каб не давялося карыстацца цяжкімі тоўстасценнымі рэзервуарамі).

Такія «вадкасныя» ракеты ўжо зроблены работнікамі ракетнага лятання і неаднакроць выпрабоўваліся. Гэтыя ўзоры новых ракет — толькі маленькія мадэлі будучых ракетных караблёў. Іх даўжыня — каля 2 метраў. Механізм распрацованы ўжо настолькі добра, што ўзлёт ракеты адбываецца безадказна. Узняўшыся да вышэйшага пункта, ракета аўтаматычна раскрывае парашут у верхняй сваёй частцы, і на гэтым парашуце парожняя ракетная абалонка плаўна апускаецца ўніз. Апусканне адбываецца без пашкоджанняў, і гэту ракету можна зноў напоўніць і пусціць у новы палёт, паўтараючы ўзлёт адной і той-жа ракеты шмат разоў.

Як-жа мы павінны ўяўляць сабе далейшае развіццё ракетнага лятання? Можна прадбачыць наступныя чатыры этапы.

Бліжэйшым этапам будзе выраб буйнай ракеты для даследавання (без чалавека) высокіх слаёў атмасферы, недаступных ніякім іншым спосабам. Апарат гэты будзе параўнальна недарагі, і такіх высотных ракет назапасяць, трэба думаць, усе метэаралагічныя станцыі свету.

Асваенне самых высокіх слаёў атмасферы, так званай стратасферы, вышэй за тыя граніцы, куды здольны падымацца стратастаты, з’яўляецца бліжэйшай задачай вынаходніцкіх сіл совецкіх работнікаў ракетнай справы. Мяркуючы па дасягнутых імі рэзультатах, трэба думаць, што канчатковы поспех ужо недалёка.

Другі этап — паштовыя ракеты дальняга следавання. Перакідванне пошты пры дапамозе магутных вадкасных ракет можа адбывацца з нечуванай да гэтага часу скорасцю. Вось даныя для некалькіх ліній, якія могуць быць абслужаны такой поштай:

Берлін — Парыж за 5 мінут,

Берлін — Н’ю-Йорк за 25 мінут,

Берлін — Токіо за 40 мінут,

і наогул у любы пункт зямнога шара — менш чым за гадзіну. Пры вазе паштовай ракеты ў 5 тон, яна зможа несці з сабою столькі карэспандэнцыі, што кошт перасылкі будзе складаць усяго некалькі капеек за кожнае пісьмо. Між тым ракетнае перакідванне пісем акажацца больш хуткім, чым работа тэлеграфа. Калі-б змест некалькіх тысяч пісем перадаць у Амерыку слова за словам, то тэлеграфу патрабавалася-б некалькі сутак. А ракета перакідвае іх цераз акіян за поўгадзіны. Такая пошта, разумеецца, таксама будзе справай выгоднай. Ракетная пошта для вельмі кароткіх адлегласцей ужо ажыццёўлена ў Аўстрыйскіх Альпах.

Трэці этап — пілотная ракета дальняга следавання для звышхуткага падарожжа цераз акіян. Скорасць перамяшчэння тут такая-ж, як і для паштовых ракет, г. зн. круглым лікам 10 тысяч кілометраў за гадзіну. Такая неймаверная скорасць магчыма таму, што «ракетаплан» паляціць не праз шчыльную атмасферу, а, прынамсі, большую частку свайго шляху вельмі высока, у незвычайна разрэджаных слаях паветра, якія ані не перашкаджаюць хуткаму перасоўванню. Чацверты этап — аблёт вакол Луны са зваротам на Зямлю. Гэта здаецца вельмі нечаканым пераходам: ад палёту ў Амерыку да палёту на Луну. Да Амерыкі ўсяго 6 000–7 000 кілометраў, г. зн. у 60 разоў менш, чым да Луны. Але калі палёт адбываецца ў беспаветранай прасторы, то цяжкасці шляху нельга вымерваць лікам кілометраў. У міжзорных прасторах у поўнай меры выяўляецца закон інерцыі, з прычыны якога цела, раз прыведзенае ў рух, працягвае само рухацца ўперад з нязменнай скорасцю. Ніякай энергіі для падтрымання такога руху не патрэбна, — усёроўна, ці ляціць цела на шэсць тысяч ці на шэсць мільёнаў кілометраў. Энергія пры палёце на Луну будзе траціцца толькі на перамаганне зямнога цяжару, але цяжар у значнай ступені трэба перамагчы таксама пры пералёце цераз акіян са скорасцю 10 000 кілометраў у гадзіну. Не трэба таму здзіўляцца, што выдатак гаручага для луннага пералёту ўсяго ўдвая большы за выдатак яго для палёту ў Амерыку (мы гаворым пра палёт у адзін канец). Вось чаму пасля пералёту цераз акіян чарговым крокам з’яўляецца ўжо луннае падарожжа.

Што паследуе за лунным пералётам? Пасля аблёту Луны без спуску на яе трэба будзе, зразумела, зрабіць палёт з высадкай на Луне. Гэта больш складаная справа, чым звычайны аблёт вакол Луны, хоць-бы на вельмі блізкай адлегласці. Аблятаючы вакол Луны, ракета амаль не губляе набранай скорасці; таму дастаткова толькі змяніць напрамак палёту такой ракеты, каб пры вельмі нязначным выдатку гаручага накіраваць яе шлях к Зямлі. Іншая справа пры высадцы. Каб апусціцца на лунную паверхню, ракета немінуча павінна страціць усю набраную скорасць — інакш яна разаб’ецца ўшчэнт пры ўдары. А вядома, што, для прыпынку рухаючагася цела патрабуецца затраціць роўна столькі-ж энергіі, колькі патрачана было для прывядзення яго ў рух. Гэта значыць, што пры апусканні ракеты на Луну трэба спаліць вельмі многа гаручага. Значыцца, вылятаючы з Зямлі, ракетны карабль павінен несці з сабою адпаведны запас гаручага. Але выказаным не вылічан яшчэ ўвесь той запас гаручага, які ракеце трэба несці з сабою ў час такога луннага палёту. Не забудзем, што трэба будзе яшчэ выдаткоўваць гаручае пры зваротным узлёце з Луны. Луна-ж таксама прыцягвае да сябе ўсе целы, хаця і слабей, чым Зямля. Нарэшце, у чацверты раз прыдзецца спальваць гаручае, каб шчасліва апусціцца на Зямлю, не разбіцца пры ўдары аб яе паверхню. Вы бачыце, што палёт на Луну з высадкаю куды больш складаны, чым пералёт без высадкі.

Калі будуць ажыццёўлены першыя палёты на Луну, своечасова будзе паставіць пытанне аб падарожжы на далёкія планеты, на Венеру і на Марс.

Як гэта будзе ажыццёўлена, — рана яшчэ абмяркоўваць, хаця маршруты і тэрміны такіх пералётаў ужо вылічаны.

Спынімся яшчэ на пытанні, якое безумоўна паўстала ў чытача: як хутка можна чакаць ажыццяўлення хаця-б луннага пералёту? Аб гэтым выказаўся спрактыкаваны амерыканскі будаўнік ракет, праф. Гадард, прыдумаўшы і пусціўшы вадкасную ракету свайго вынаходніцтва (на жаль, ён трымае падрабязнасці будовы сваіх ракет у строгім сакрэце, бо працуе па заданнях ваеннага ведамства ЗША). Вось яго словы:

«Што да пытання аб тым, праз колькі часу можна паслаць ракету на Луну, то я лічу, што гэта можа ажыццявіць наша цяпершняе пакаленне. Зроблены мною ўдалы пробны пуск ракеты на невялікую вышыню паказаў мне, як павінна быць такая (лунная) ракета зроблена для паспяховага дзеяння».

Калі ўспомнім, як хутка развіваліся авіяцыя і паветраплаванне з кіраваннем, і калі прымем у разлік больш высокую ступень развіцця тэхнікі ў нашы дні, то можам цалкам падзяліць упэўненасць амерыканскага вучонага, што і ракетнае лятанне можа развіцца не менш хуткім тэмпам пры спрыяючых эканамічных абставінах.

Вось па якому шляху накіравалася тэхнічнае развіццё ідэі міжпланетнага лятання, упершыню намечанай Жулем Вернам у рамане «З пушкі на Луну». Яшчэ трэба будзе нямала прылажыць сілы, перш чым мэта будзе канчаткова дасягнута. Цяжкасці прадстаячых работ нязмерныя, але перамагальныя. Сучасная тэхніка дайшла да такога стану, што раз задача вырашана тэарэтычна, яна рана ці позна атрымлівае сваё практычнае ажыццяўленне.

Тэхніка — гэта той Архімедаў рычаг, які патрабуе толькі пункта апоры, каб падняць Зямлю.

Пункт апоры знойдзен, і рычаг калі-небудзь выявіць сваё магутнае дзеянне.




  1. Грэчаскі матэматык ІV стагоддзя да нашай эры.
  2. Усе гэтыя звесткі ў прапануемым перакладзе выпраўлены ці агавораны мною — часткова ў самім тэксце, часткова ў заўвагах. У некаторых месцах прышлося, з прычыны гэтага, зрабіць нязначныя пропускі тэкста. (Заўв. аўт.)