Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Навакол Луны/XXII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XXI. Мастон зноў з‘яўляецца XXII. Выратаванне
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XXIII. Апафеоз

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХІІ

Выратаванне

Месца ў акіяне, дзе ўпаў снарад, было добра вядома: нехапала толькі сродкаў схапіць яго і выцягнуць на паверхню акіяна.

Трэба было гэтыя сродкі прыдумаць, а пасля зрабіць.

Амерыканскія інжынеры, канечна, не сталі ў тупік перад такой дробяззю. Варта было пусціць у ход пару, і яны былі ўпэўнены, што снарад, не гледзячы на свой цяжар, які, акрамя таго, значна зменшыўся ў вадзе[1], будзе выцягнуты.

Але недастаткова было выцягнуць снарад. Трэба было чым хутчэй вызваліць падарожнікаў. Ніхто не сумняваўся ў тым, што яны жывыя.

— Яны жывыя, жывыя! — паўтараў раз-по-раз Мастон. — Нашы прыяцелі людзі разумныя і кемлівыя. Яны не маглі ўпасці, як дурні. Яны жывыя, але трэба паспяшыць… трэба паспяшыць. Яда і піццё — глупства; яны ўсяго гэтага назапасілі надоўга, але паветра! Паветра! Вось чаго хутка няхопіць! Хутчэй, хутчэй! Не трацце часу!

І часу не трацілі.

Машыны «Сускеганы» прыстасавалі так, каб яны маглі дзейнічаць пад’ёмнымі ланцугамі. Снарад быў куды лягчэйшы за трансатлантычны кабель, які выцягнулі са дна Атлантычнага акіяна пры такіх-жа ўмовах. Адзіная перашкода была ў тым, што сценкі цыліндра-канічнага снарада былі зусім гладкія, і ўхапіць яго, значыцца, не так лёгка. Інжынер Мерчызон безадкладна прыехаў у Сан-Францыско з мэтай зрабіць вялізныя жалезныя лапы аўтаматычнай сістэмы, якія, калі-б толькі захапілі ядро сваімі магутнымі лапамі, то ўжо не выпусцілі-б. Мерчызон, акрамя таго, загадаў падрыхтаваць скафандры, якія дазваляюць вадалазам даследаваць марское дно.

Камеры са сціснутым паветрам таксама былі дастаўлены на карвет.

Гэта былі сапраўдныя пакоі, з адтулінамі замест акон. Пры запаўненні іх вадою яны маглі апусціцца вельмі глыбока.

У Сан-Францыско будавалі падводную плаціну, і таму меліся ўсе гэтыя прыстасаванні.

Аднак, не зважаючы на ўсе дасціпныя прыстасаванні, на ўсё майстэрства і распарадчасць асоб, якія ўзяліся за справу, поспех заставаўся сумніцельным.

Мастон, гатовы сам надзець вадалазны касцюм і выпрабаваць камеры са сціснутым паветрам, падганяў рабочых, не даючы ім спакою ні ўдзень, ні ўначы.

Аднак, як не спяшаліся, як ні стараліся і завіхаліся, усё-ж прайшло пяць дзён — пяць стагоддзяў! — перш чым усе неабходныя падрыхтаванні былі закончаны.

Нарэшце, пад’ёмныя ланцугі, паветраныя пакоі, аўтаматычныя лапы былі дастаўлены на карвет. Мастон, Мерчызон і ўпаўнаважаныя Пушачнага клуба занялі свае каюты. Заставалася толькі выехаць.

21 снежня, а восьмай гадзіне вечара, карвет вышаў у мора пры спрыяючым надвор’і; дзьмуў паўночна-ўсходні вецер, і было даволі холадна. Усё насельніцтва Сан-Францыско прыбегла на наберажную і з хваляваннем праводзіла вачыма адплываючых.

Карвет быстра, поўным ходам панёсся па хвалях.

Не будзем перадаваць усіх гутарак між афіцэрамі, матросамі і пасажырамі. Гаварылі аб адным, думалі аб адным, хваляваліся адным: што робіцца з Барбікенам і яго таварышамі? Жывыя яны ці мёртвыя? Мучацца ці ўжо супакоіліся?..

23 снежня, а восьмай гадзіне раніцы, карвет павінен быў прыбыць на прызначанае месца; трэба было чакаць паўдня для таго, каб зрабіць правільнае вызначэнне месца. Буя, да якога быў прымацаваны кабель, яшчэ не ўбачылі.

А поўдні капітан Блемсберы, з дапамогаю сваіх афіцэраў, правяраючых назіранні, вызначыў мясцовасць у прысутнасці дэлегатаў Пушачнага клуба.

Цяжкая хвіліна!

Карвет быў усяго за некалькі кілометраў ад месца, дзе снарад упаў у ваду, к захаду.

Адразу-ж рушылі па гэтаму напрамку.

А поўдні і сорак сем мінут убачылі буй. Ён быў цалкам спраўны, і яго амаль не знесла з месца.

— Нарэшце! — крыкнуў Мастон.

— Што-ж, пачынаць? — запытаў капітан Блемсберы.

— Не трацце ні секунды, — адказаў Мастон.

Прыняты былі ўсе меры для таго, каб карвет трымаўся на вадзе нерухома.

Перш за ўсё патрабавалася даведацца, дзе іменна ляжыць снарад. Падводныя камеры, забяспечаныя паветрам, былі спушчаны.

На 6 000 метраў пад паверхняй вады і пад значным ціскам гэтыя апараты былі небяспечныя, таму што ў іх могуць быць разрывы, якія пагражаюць пагібеллю для іх пасажыраў[2].

Мастон, Блемсберы-брат, інжынер Мерчызон, не думаючы пра небяспеку, занялі месцы ў падводных камерах; капітан размясціўся на мосціку, назіраючы за аперацыяй.

Вінт карвета быў выключаны; уся сіла машыны магла хутка выцягнуць апараты на палубу.

Спуск пачаўся ў 1 гадз. 25 мін. дня; камера, ацяжараная рэзервуарамі, поўнымі вады, знікла пад хвалямі акіяна.

Цяпер хваляванне афіцэраў і матросаў, так сказаць, раздвоілася: хваляваліся і па прычыне вязняў у снарадзе, і па прычыне вязняў у падводным каўпаку.

Самі-ж яны зусім забылі пра ўласную небяспеку і, прыліпнуўшы да акон камеры, пільна ўглядаліся ў вадзяныя масы, праз якія апускаліся на дно акіяна.

Спуск закончыўся надзвычай хутка.

У 2 гадзіны 17 мінут Мастон і два яго спадарожнікі дасягнулі дна Ціхага акіяна.

Але яны нічога не ўбачылі, акрамя бясплоднай пустыні, якую не ажыўлялі ні марская флора, ні марская фауна. Пры святле лямп, забяспечаных сільнымі рэфлектарамі, яны маглі бачыць цёмныя слаі вады на абшырнай прасторы. Снарад нідзе яшчэ пакуль што не знайшлі.

Немагчыма перадаць, якая нецярплівасць мучала гэтых адважных вадалазаў.

Снарад меў электрычныя зносіны з карветам. Падалі ўмоўлены сігнал, каб «Сускегана» правяла іх камеру, якая вісела на некалькі метраў над дном мора, на мілю далей.

Яны даследавалі ўсю падводную раўніну, штохвілінна ашукваючыся, што прыводзіла іх да роспачы. Тут скала здавалася ім снарадам, там — узвышэнне дна. Яны спяшаліся падыходзілі і расчароўваліся.

— Дзе-ж яны? Дзе-ж яны? — ускрыкваў Мастон.

І небарака пачынаў клікаць голасна Ніколя, Барбікена, Ардана, як быццам тыя маглі іх пачуць сярод непранікальнай воднай масы!

Пошукі працягваліся да таго часу, пакуль не сапсавалася паветра ў снарадзе. Вадалазам давялося нехаця вярнуцца на паверхню мора.

Яны пачалі падымацца каля шасці гадзін вечара і падняліся толькі ў поўнач.

— Да заўтра! — сказаў Мастон, ступаючы на палубу карвета.

— Так, да заўтра, — адказаў капітан Блемсберы.

— Трэба шукаць у іншым месцы.

— Так.

Мастон яшчэ не сумняваўся ў поспеху, але яго таварышы, супакоіўшыся і абмеркаваўшы справу лепш, усведамлялі ўсю цяжкасць мерапрыемства. Тое, што здавалася лёгкім у Сан-Францыско, тут — у адкрытым акіяне — з’яўлялася амаль невыканальным.

На другі дзень, 24-га снежня, не гледзячы на стомленасць, зноў узяліся за пошукі.

Карвет падаўся яшчэ крыху на захад, і паветраны каўпак, забяспечаны паветрам, зноў пацягнуў даследчыкаў у глыб акіяна.

Цэлы дзень дарэмна шукалі. Марское дно было пустыннае. Таксама дарэмна шукалі 25-га і 26-га снежня.

Можна было прыйсці ў роспач. Няшчасныя вязні снарада былі ўжо ў ім, як у турме, 26 дзён… Што з імі?

Можа яны ўжо задыхаюцца!

28-га снежня, пасля двухдзённых пошукаў, усякая надзея была страчана.

Трэба было адмовіцца ад бескарысных пошукаў, — гэтага патрабавала разважнасць.

Мастон і слухаць не хацеў аб звароце. Ён настойваў на тым, каб знайсці магілу сяброў.

Але капітан Блемсберы не мог далей заставацца і, не гледзячы на лямант сакратара Пушачнага клуба, загадаў рыхтавацца да адплыцця.

29-га снежня, а дзевятай гадзіне раніцы, карвет зноў рушыў да заліва Сан-Францыско.

Ён ішоў не асабліва хутка, нібы з жалем пакідаючы фатальнае месца.

Раптам, каля 10 гадзін раніцы, матрос, назірзючы за морам, крыкнуў:

— Буй пад ветрам!

Усе вочы і падзорныя трубы накіраваліся да паказанага напрамку. Заўважаны прадмет быў падобны на буй, якія ставяцца ў праходах заліваў або рэк.

Але — невытлумачаная дзіўнасць! — на версе гэтага буя развяваўся флаг.

Буй блішчэў на сонцы, нібы сцены яго былі зроблены з срэбра.

Капітан Блемсберы, Мастон і ўсе, хто мог, паўзбіраліся на мосцік і прагна ўглядаліся ў гэты зыбаючы на хвалях прадмет.

Карвет падыходзіў усё бліжэй, бліжэй і бліжэй.

Флаг быў амерыканскі! Пачулася нейкае рыканне, і шаноўны Мастон раптам паваліўся, як сноп.

Забыўшы, што правая рука была ў яго заменена жалезным крукам, ён з усёй сілы стукнуў сабе па ілбе.

Да вучонага сакратара адразу падбеглі на дапамогу, паднялі яго і прывялі ў прытомнасць.

Якія-ж былі яго першыя словы?

— Разявы! Балваны!

— Што? Хто? Чаму? — ускрыкнулі з усіх бакоў. — Што такое?

— Што такое?!

— Ды растлумачце-ж!

— А тое, дурныя галовы, што снарад важыць усяго толькі восем тон! — прароў запальчывы сакратар.

— Ну, дык што-ж?

— Тое, што ён выцясняе 28 тон вады і, значыцца, павінен трымацца на вадзе!

— А які націск паважаны сакратар зрабіў на слова «трымацца»!..

Паважаны сакратар гаварыў праўду. Выратавальнікі забылі асноўны закон, па якому снарад, захоплены падзеннем у глыб акіяна, павінен быў выплысці на паверхню!..

Снарад спакойна зыбаўся цяпер на марскіх хвалях.

Адразу-ж спусцілі на мора шлюпкі, у адну з іх кінуўся Мастон і яго прыяцелі.

Хваляванне дасягнула вышэйшай ступені.

Шлюпкі пад’язджалі да снарада. Настала мёртвая цішыня. Адно акно снарада было адчынена. Асколкі шкла, якія засталіся ў адтуліне, паказвалі, што акно было пабіта. У сучасны момант гэта акно знаходзілася на вышыні паўтара метра над вадою.

Лодка, у якой сядзеў Мастон, пад’ехала да снарада.

Мастон кінуўся да пабітага акна.

У гэту хвіліну пачуўся вясёлы і звонкі голас Ардана, які пераможна выклікаў:

— Белякі, Барбікен, белякі!

Барбікен, Ардан і Ніколь гулялі ў даміно…

  1. Згодна закону Архімеда, усякае апушчанае ў вадкасць цела становіцца лягчэйшым на столькі, колькі важыць выціснутая ім вадкасць.
  2. Тут дапушчана яўнае пераўвелічэнне той глыбіні, на якую можа быць спушчаны вадзяны каўпак з людзьмі (не больш поўсотні метраў).