Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Навакол Луны/XXI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XX. Прамеры „Сускагены“ XXI. Мастон зноў з‘яўляецца
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XXII. Выратаванне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХІ

Мастон зноў з’яўляецца

Замяшанне на борце «Сускеганы» было вялікае. Афіцэры і матросы зусім не думалі аб тым, якой небяспекі яны самі толькі што уніклі: усе думкі былі паглынуты мільгнуўшым міма іх метэорам.

— Гэта «яны»! Гэта «яны»! — крычаў мічман.

Усе да аднаго зразумелі, хто «яны». Ніхто не сумняваўся, што маса, знікнуўшая ў хвалях, іменна і ёсць снарад Пушачнага клуба.

— Яны загінулі! — гаварыў адзін. — Памерлі! Задыхнуліся! — Яны жывыя! — гаварыў другі. — Слой вады вельмі глыбокі і таму аслабіць сілу падзення.

— Але-ж у іх няма паветра, — гаварыў трэці, — яны павінны абавязкова задыхнуцца!

— Яны згарэлі! — рашыў нехта. — Снарад, калі пралятаў праз атмасферу, быў раскаленай масай.

— Як-бы там ні было, ці жывыя яны, ці нежывыя, а іх трэба выцягнуць! — рашылі, нарэшце, усе ў адзін голас.

Капітан Блемсберы сабраў афіцэраў і пачаў раіцца. Трэба было безадкладна прымаць меры. Зразумела, перш за ўсё трэба было выцягнуць снарад з вады. Аперацыя цяжкая, але ўсё-ж магчымая. Аднак, на карвеце не было неабходных прылад. Вырашана было зараз-жа паехаць у бліжэйшы порт і паведаміць Пушачнаму клубу, што ўпаў снарад.

Гэта рашэнне было прынята аднадушна, і трэба было толькі выбраць порт. На бліжэйшым беразе пад 27° шыраты не было такой прыстані. Уверх, за поўвостравам Монтэрэ, быў вялікі горад, імя якога носіць поўвостраў. Але горад стаяў на граніцах сапраўднай пустыні і не злучаўся з іншымі абласцямі тэлеграфнай лініяй, а толькі адна электрычнасць магла разнесці гэту важную вестку з патрэбнай хуткасцю.

На некалькі градусаў вышэй ляжыць заліў Сан-Францыско. Праз сталіцу золатаноснага краю зносіны з цэнтрам Злучаных Штатаў былі лёгкія. Калі карвет пойдзе поўным ходам, то менш чым за два дні дасягне Сан-Францыско. Выязджаць трэба было безадкладна.

Пара была разагрэта, і можна было ўжо выязджаць. У вадзе яшчэ заставалася некалькі сот метраў троса, але капітан не хацеў траціць дарагога часу і рашыў яго перарэзаць.

— Мы прымацуем канец да буя, — сказаў ён, — і гэты буй будзе вешкай на месцы, дзе ўпаў снарад.

— Акрамя таго, месца наша ўжо вызначана: мы знаходзімся пад 27°7’ паўночнай шыраты і 41°37’ заходняй даўгаты, — заўважыў лейтэнант.

— Надзвычайна, містэр Бронсфільд, надзвычайна! — адказваў капітан. — Загадайце адрэзаць трос.

Буй спусцілі на паверхню акіяна. Канец троса добра прымацавалі да яго, і, толькі пагойдваючыся на хвалях вады, буй не павінен быў далёка адплысці.

Інжынер-механік паведаміў капітану, што ўсё гатова. Капітан падзякаваў яму за паведамленне і загадаў трымаць курс на паўночны ўсход.

Карвет рушыў поўным ходам да заліва Сан-Францыско. Было тры гадзіны раніцы.

Прайсці 800–850 кілометраў было лёгка для такога хадака, як «Сускегана». Праз 36 гадзін, 14 снежня, у гадзіну і 27 мінут дня, судно ўвайшло ў заліў Сан-Францыско.

Убачыўшы карвет, які ішоў поўным ходам, з паламанай мачтай, жыхары захваляваліся, і вялікі натоўп цікаўных умомант сабраўся на наберажнай.

Кінуўшы якар, капітан Блемсберы і лейтэнант Бронсфільд селі ў шлюпку, якая неўзабаве перавезла іх на бераг.

— Тэлеграф? Дзе тэлеграф? — запыталі яны, не адказваючы на настойлівыя пытанні.

Партовы афіцэр сам правёў іх на тэлеграфную станцыю. Безліч цікаўных бегла за імі следам. Блемсберы і Бронсфільд увайшлі ў бюро, а натоўп застаўся каля дзвярэй. Праз некалькі хвілін пасланы былі чатыры тэлеграмы: сакратару флота ў Вашынгтон, віцэ-прэзідэнту Пушачнага клуба ў Балтымору, паважанаму Мастону ў Лонгспік, на Скалістыя горы, і памочніку дырэктара Кембрыджскай абсерваторыі.

Тэлеграмы былі такога зместу:

Пад 27°7’ паўноч. шыр. і 41°37’ заход. даўг., гэтага 12 снежня, у гадзіну 17 мін. раніцы, снарад калумбіяды ўпаў у Ціхі акіян. Прышліце інструкцыі.

Блемсберы, капітан „Сускеганы“.

Праз пяць мінут увесь горад ужо ведаў навіну. Да шасці гадзін вечара ўжо ведалі і ўсе штаты саюза, а пасля паўночы падводны тэлеграф перадаў яе Еўропе.

Зразумела, вестка ўсюды ўзбуджала вялікае хваляванне.

Атрымаўшы тэлеграму, сакратар флота тэлеграфаваў капітану загад чакаць далейшых распараджэнняў у заліве Сан-Францыско і быць гатовым да выхаду ў мора.

Члены Кембрыджскай абсерваторыі сабраліся на надзвычайны сход і са стрыманасцю, уласцівай вучоным карпарацыям, пачалі спакойна абмяркоўваць пытанне з навуковага пункту гледжання.

У Пушачным клубе пачалося страшэннае замяшанне. Усе артылерысты былі ў зборы. Калі прышла тэлеграма ад капітана Блемсберы, шаноўны віцэ-прэзідэнт клуба чытаў тэлеграму, пасланую Мастонам і Бельфастам, якія паведамлялі, што яны бачылі снарад у гіганцкі тэлескоп.

Акрамя таго, у тэлеграме было сказана, што снарад, затрымліваемы лунным прыцяжэннем, адыгрываў цяпер ролю другараднага спадарожніка ў сонечнай сістэме.

І раптам пасля гэтага — тэлеграма капітана Блемсберы!

У Пушачным клубе адразу ўтварыліся дзве партыі. Адна сцвярджала, што снарад упаў у акіян, — значыць, так ці інакш падарожнікі вярнуліся; другая партыя сцвярджала, што капітан Блемсберы памыляецца, што ўпаў не снарад, а балід, блукаючае цела, якое зачапіла карвет і ледзь не знішчыла яго.

Вядома, афіцэры і капітан карвета маглі памыліцца, таму што падаючае цела ляцела з такой хуткасцю, пры якой дакладныя назіранні былі немагчымы.

Аднак, адно гаварыла за іх: калі снарад упаў на Зямлю, то іменна павінен быў упасці пад гэтым 27° паўночнай шыраты і — прымаючы пад увагу прайшоўшы час і вярчальны рух Зямлі — каля 42° заходняй даўгаты.

Але як-бы там ні было, а рашылі аднагалосна, што Блемсберы-брат, Білсбі і маёр Эльфістон паедуць зараз-жа ў Сан-Францыско і прымуць усе неабходныя меры для таго, каб выцягнуць снарад.

Яны, ні хвіліны не чакаючы, паехалі. Чыгунка хутка давезла іх да Сэн-Луі, дзе яны пераселі ў дыліжанс, які быў тут сродкам перамяшчэння.

Амаль у тую самую хвіліну, калі сакратар Кембрыджскай абсерваторыі чытаў тэлеграму з Сан-Францыско, паважаны Мастон адчуваў найвялікшае хваляванне, за якое амаль не заплаціў жыццём.

Як вядома, сакратар клуба накіраваўся адразу пасля стрэлу калумбіяды да свайго паста на Скалістыя горы. Яго суправаджаў Бельфаст, дырэктар Кембрыджскай абсерваторыі.

Прыбыўшы на месца, абодва прыяцелі ўстроіліся як маглі лепш і не адыходзілі ад свайго велізарнага тэлескопа.

Чытач памятае, што каласальная труба так была зроблена, што падаўшыя ў яе праменні толькі адзін раз адбіваліся, і таму ізабражэнні былі куды яснейшыя, чым у тэлескопах іншых сістэм. З прычыны такой будовы трубы Мастон і Бельфаст у час сваіх назіранняў павінны былі знаходзіцца ў верхняй частцы тэлескопа.

Яны ўзлазілі туды па кручанай лесніцы, і пад імі адкрываўся металічны калодзеж, з люстрам на дне на глыбіні дзвяноста метраў.

Вучоныя праводзілі час на вузкай платформе, праклінаючы святло дня, якое хавала ад іх Луну, і воблакі, якія ўпарта засланялі яе ўначы.

Якой-жа была іх радасць, калі, нарэшце, пасля доўгіх дзён марнага чакання, у ноч на 5-е снежня яны заўважылі снарад, які нёс іх прыяцеляў у прастору. За гэтай вялікай радасцю паследавала не менш вялікае расчараванне. Занадта ўспаклаўшыся на першыя назіранні, яны далі сваю першую тэлеграму, у якой сцвярджалі, што снарад стаў спадарожнікам Луны і абарачаецца вакол яе па нязменнай арбіце.

З той хвіліны снарад ужо больш не паказваўся, але яго знікненне лёгка можна было вытлумачыць тым, што ён праходзіў ззаду дыска Луны.

Але калі снарад, які павінен быў зноў з’явіцца на бачным дыску, не з’явіўся, палкі Мастон і не менш палкі Бельфаст проста закіпелі ад нецярплівасці. Яны кожную хвіліну спадзяваліся ўбачыць снарад і — не бачылі яго! З гэтай прычыны адразу ўзніклі спрэчкі і сваркі. Бельфаст сцвярджаў, што не відаць нават і ценю снарада. Мастон настайваў на тым, што снарад «коле яму вочы».

— Гэта снарад! — гаварыў Мастон.

— Не! Гэта лавіна, што адарвалася ад луннай гары!

— Убачым! Убачым заўтра!

— Не, больш ужо не ўбачым!

— Убачым!

— Не!

У тыя хвіліны, калі такія воклічы сыпаліся градам, шаноўнаму Бельфасту пагражала сур’ёзная небяспека.

Такое жыццё хутка зрабілася-б нязносным для таго і другога, але нечаканая падзея раптам спыніла ўсе спрэчкі.

У ноч з 14-га на 15-е снежня абодва непрымірымыя сябры займаліся назіраннямі за лунным дыскам. Мастон, паводле свайго звычая, сачыў за Бельфастам, які, з свайго боку, таксама пачынаў гарачыцца.

Сакратар клуба ў соты раз сцвярджаў, што ён заўважыў снарад і нават у адным з акон яго пазнаў Ардана. У гарачцы спрэчак палкі вучоны размахваў жалезным крукам, які замяняў яму руку, што было не зусім небяспечна для яго бяседніка.

Раптам на платформе з’явіўся слуга Бельфаста — было дзесяць гадзін вечара — і падаў тэлеграму ад капітана Блемсберы.

Бельфаст разазваў канверт, прачытаў і ўскрыкнуў.

— Што такое? — крыкнуў Мастон.

— Снарад! — Ну!

— Упаў на Зямлю!

Пачуўся другі крык, падобны на выццё.

Бельфаст хутка абярнуўся і ўбачыў, што яго злашчасны таварыш, праз меру нахіліўшыся над металічнай трубой, знік у велізарным тэлескопе.

Падзенне з вышыні дзевяноста метраў!

Бельфаст разгубіўся, але інстынктыўна падбег да трубы рэфлектара.

Ён уздыхнуў вальней: Мастон, зачапіўшыся сваім металічным крукам, трымаўся за адну з унутраных падпорак тэлескопа. Шаноўны сакратар Пушачнага клуба страшэнна галасіў.

Бельфаст паклікаў памочнікаў, якія адразу прыбеглі і насілу выцягнулі неасцярожнага Мастона.

— Што калі-б я разбіў люстра, — сказаў ён, з’яўляючыся на верхнім канцы тэлескопа.

— Вы-б за яго заплацілі! — строга адказаў Бельфаст.

— Дык гэты пракляты снарад упаў? — запытаў Мастон.

— У Ціхі акіян!

— Едзем!

Праз чвэрць гадзіны Мастон і Бельфаст сходзілі з Скалістых гор, а пасля двух дзён язды прыбылі, адначасова са сваім прыяцелем з Пушачнага клуба, у Сан-Францыско, загнаўшы па дарозе пяцёрку коней.

Эльфістон, Блемсберы-брат, Білсбі пабеглі да іх насустрач.

— Што рабіць? — ускрыкнулі яны.

— Выцягнуць снарад, — адказваў Мастон, — і выцягнуць як мага хутчэй!