З пушкі на Луну/Навакол Луны/XX

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XIX. Барацьба з немагчымым XX. Прамеры „Сускагены“
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XXI. Мастон зноў з‘яўляецца

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХ

Прамеры „Сускеганы“

— Ну што, лейтэнант, як ідуць прамеры?

— Мяркую, справа падыходзіць к канцу, — адказаў лейтэнант Бронсфільд. — Але хто-б мог чакаць, што так блізка ад сухазем’я ёсць такая глыбіня: усяго ў 400 кілометрах ад амерыканскага берагу!

— Сапраўды, тут вялізная ўпадзіна, — сказаў капітан Блемсберы. — У гэтым месцы, мабыць, знаходзіцца якая-небудзь падводная даліна. — Гэтыя вялікія глыбіні вельмі нязручныя для правядзення тэлеграфных кабеляў. Роўная мясцовасць, па якой пракладзены амерыканскі кабель між Валенсіяй і Н’ю-Фаундлендам, многа лепшая.

— Згодзен, Бронсфільд. А што, вы многа зрабілі?

— У даную хвіліну ў нас высукана ўжо шэсць з лішнім тысяч метраў тросу, а ядро, якое цягне лот, яшчэ не дастала дна, таму што тады лот сам па сабе ўсплыў-бы наверх.

— Вельмі дасканалы снарад! Малайчына Брук, што яго прыдумаў. Гэты снарад дазваляе вельмі дакладна вымяраць глыбіню.

— Дасталі дна! — крыкнуў адзін з назіраўшых за аперацыяй прамеру.

Капітан і лейтэнант пайшлі на карму.

— Ну што, якая глыбіня? — спытаў капітан.

— Шэсць тысяч пяцьсот трыццаць метраў, — адказаў лейтэнант, запісваючы гэту лічбу ў сваю запісную кніжку.

— Добра, Бронсфільд, я таксама адзначу гэта. Цяпер загадайце выцягнуць лот. Тут работы на шмат часу. Механік, між тым, няхай загадае падрыхтаваць паравую машыну, і, як толькі вы закончыце, мы будзем, значыць, гатовы к ад’езду. Ужо дзесяць гадзін вечара, і я, з вашага дазволу, пайду спаць.

— Ідзіце, ідзіце, — адказаў міла лейтэнант.

—Капітан «Сускеганы» — добры хлапец і найпакорнейшы слуга сваіх афіцэраў — пайшоў у сваю каюту, выпіў грогу, за які нагаварыў буфетчыку розных кампліментаў, лёг спаць, расхваліўшы слугу за ўменне слаць пасцель, і заснуў багатырскім сном. Было дзесяць гадзін вечара. 11-е снежня канчалася цудоўнай ноччу.

«Сускегана» — карвет у пяцьсот конскіх сіл нацыянальнага флота Злучаных Штатаў — займаўся вымерваннем глыбіні ў Ціхім акіяне, у 400 кілометрах ад амерыканскага берагу.

Вецер паволі сціх. Ніякага руху ў паветры. Флаг нерухома вісеў на мачце.

Капітан Джонатан Блемсберы, сваяк палкоўніка Блемсберы, аднаго з палкіх членаў Пушачнага клуба, не мог пажадаць больш спрыяючага надвор’я для шчаслівага заканчэння сваіх вымерванняў.

Карвет яго ані не пашкодзіла страшная бура, якая, разганяючы хмары, што збіраліся на Скалістых горах, абяцала даць магчымасць сачыць за ходам славутага снарада.

Рад вымерванняў, зробленых «Сускеганай», меў на мэце даследаваць глыбіні, найбольш спрыяючыя для пракладвання падводнага кабеля, які павінен быў злучыць Гавайскія астравы з амерыканскім берагам.

Праект быў грандыёзны; ініцыятыва яго належала магутнейшай кампаніі. Дырэктар, разумны Кір-Фільд, нават меркаваў абцягнуць усе астравы Акіяніі абшырнай сеткай правадоў.

Карвету «Сускегана» былі даручаны першыя прамеры. У гэту ноч, з 11-га на 12-е снежня, карвет быў пад 27°7’ паўночнай шыраты і 41°37’ даўгаты на захад ад Вашынгтонскага мерыдыяна.

Луна, у апошняй сваёй квадры, пачала паказвацца над гарызонтам.

Пасля таго, як пайшоў капітан Блемсберы, лейтэнант Бронсфільд і некаторыя афіцэры сабраліся на юце. Пры з’яўленні Луны думкі іх накіраваліся да гэтага свяціла, на якое тады звернуты былі вочы цэлага паўшар’я.

Найлепшыя марскія трубы не маглі знайсці снарада, які абарачаўся вакол Луны, але ўсё-ж трубы ўсяго свету былі накіраваны на бліскучы дыск, і мільёны вачэй сачылі за ім у гэтую хвіліну.

— Вось ужо дзесяць дзён, як яны паляцелі, — сказаў лейтэнант Бронсфільд. — Дзе яны цяпер?

— Прыбылі на месца прызначэння, — усклікнуў малады мічман, — і гуляюць там!

— Не сумняваюся ў праўдзівасці вашых слоў, — адказаў, усміхаючыся, лейтэнант.

— Сапраўды, сумнявацца ў гэтым нельга, — заўважыў другі афіцэр. — Снарад павінен быў дасягнуць Луны к поўніку, 5-га снежня, а поўначы. Цяпер у нас 11-е снежня, гэта складае шэсць дзён. А за шэсць сутак ёсць магчымасць устроіцца вельмі камфартабельна на новым месцы. Мне здаецца, я бачу нашых адважных землякоў, як яны там размясціліся дзе-небудзь у глыбіні даліны, на беразе ручая, каля снарада, што ўвайшоў напалавіну ў зямлю; я бачу, як Ніколь аглядае мясцовасць, Барбікен начыста перапісвае свае запісы, а Мішэль Ардан напаўняе лунныя пустыні араматам сваіх выдатных цыгар.

— Так! так! Гэта так, іменна так! — усклікнуў мічман.

— Хацеў-бы я гэтаму верыць, — сказаў лейтэнант Бронсфільд. — На жаль, няма ніякіх вестак з Луны!

— Выбачайце, лейтэнант, хіба Барбікен не можа адтуль напісаць? — засупярэчыў мічман.

Усе засмяяліся.

— Не пісьмо, — са жвавасцю падхапіў мічман, — не пісьмо! Пошта тут не прычым. — Што-ж, тэлеграму прыслаць? — спытаў адзін афіцэр.

— Не, і не тэлеграму, — адказаў мічман, ані не чырванеючы. — Але наладзіць зносіны зусім няцяжка.

— Як-жа гэта?

— Пры дапамозе Лонгспікскага тэлескопа. Вы ведаеце, ён набліжае Луну на адлегласць 8-мі кілометраў ад Скалістых гор і дазваляе бачыць на яе паверхні ўсе прадметы, якія маюць дзевяць футаў у дыяметры. Ну, і няхай нашы лунныя героі зробяць велізарную азбуку, няхай напішуць словы даўжынёю ў 200 метраў, а сказы — даўжынёю на цэлыя кілометры! Такім чынам яны добра змогуць перадаваць нам свае навіны!

Усе апладыравалі мічману, у якога было такое палкае выабражэнне.

Нават лейтэнант згадзіўся, што гэта думка не пазбаўлена падставы.

Лейтэнант дадаў яшчэ, што, пасылаючы праменні, сабраныя пры дапамозе люстраў, можна наладзіць прамыя зносіны: гэтыя праменні будуць таксама відаць на паверхні Венеры ці Марса, як планета Нептун відаць з Зямлі, і што бліскучыя кропкі, якія былі ўжо відны на бліжэйшых планетах, маглі быць сігналамі, якія падаваліся Зямлі.

Але лейтэнант тут-жа заўважыў, што калі і магчыма атрымліваць весткі з Луны на Зямлю, то з Зямлі на Луну вестак усё-ж пасылаць нельга — хіба толькі ў тым выпадку, калі жыхары Луны таксама маюць у сваім распараджэнні трубы для далёкіх назіранняў.

— Самае цікавае, па-мойму, цяпер — тое, што сталася з падарожнікамі, што яны зрабілі, што яны бачылі, — сказаў адзін афіцэр. — Калі гэты першы дослед удасца, то, без сумнення, яго паўтораць. Справа-ж толькі ў снарадзе ды ў пораху; значыць, кожны раз, як толькі Луна будзе праходзіць праз зеніт, у яе можна будзе стрэльнуць… наведвальнікамі.

— Паглядзім яшчэ, ці не накіруецца Мастон днямі ў госці да сваіх прыяцеляў на Луну, — сказаў лейтэнант.

— Няхай толькі скажа слова, і я з радасцю палячу разам з ім, — усклікнуў мічман.

— О, у ахвотніках паляцець недахопу не будзе, — засупярэчыў Бронсфільд, — толькі пусці, дык палова насельнікаў Зямлі эмігрыруе на Луну!

Гутарка цягнулася амаль да гадзіны ночы. Нельга сабе ўявіць, як разыгралася ва ўсіх выабражэнне. Пасля спробы Барбікена для амерыканцаў усё здавалася лёгкім для выканання. Будаваліся планы аб накіраванні на Луну не толькі камісій вучоных, але цэлай калоніі да селеніцкіх берагоў — цэлай арміі з пяхотай, артылерыяй і кавалерыяй для заваявання ўсяго луннага свету.

К гадзіне ночы падняцце лота яшчэ не было закончана. Заставалася невыцягнутых тры тысячы метраў, і на гэта выцягванне патрабавалася некалькі гадзін.

Па распараджэнню капітана пара была ўжо разагрэта. «Сускегана» магла адходзіць безадкладна.

У гэту хвіліну — у 1 гадзіну 17 мінут ночы — лейтэнант Бронсфільд хацеў быў пайсці ў сваю каюту, як раптам увага яго была прыцягнута аддаленым свістам.

Лейтэнант і яго таварышы спачатку падумалі, што гэта свіст пары, але, падняўшы галаву, упэўніліся, што свіст адбываўся ў аддаленых слаях паветра. Не паспелі яны звярнуцца адзін да аднаго з пытаннем: «Што гэта такое?» — як ужо свіст пачуўся з страшэннай, аглушальнай сілай, і перад іх аслепленымі вачыма з’явіўся вялізны балід, раскалены, пры быстрыні свайго руху, ад трэння аб атмасферныя слаі.

Вогненная маса ўсё расла, расла, з падобным на гром грукатам ударылася аб бугшпрыт карвета, зламала яго і, нарэшце, з аглушальным шыпеннем знікла ў хвалях…

Каб упала гэта маса крыху бліжэй, — «Сускегана» перакулілася-б у ваду з усім сваім экіпажам.

Капітан Блемсберы выскачыў поўадзеты на бак, куды рынуліся і ўсе афіцэры.

— Што здарылася, панове? — запытваў капітан. — Што такое?

Мічман, як быццам выражаючы агульную думку, ускрыкнуў:

— Капітан, гэта — яны!