З пушкі на Луну/Навакол Луны/XV
← XIV. Ноч у трыста пяцьдзесят чатыры з паловай гадзіны | XV. Гіпербала ці парабала Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
XVI. Паўднёвае паўшар‘е → |
РАЗДЗЕЛ ХV
Гіпербала ці парабала?
Многім можа здасца дзіўным, што Барбікен і яго спадарожнікі так мала клапаціліся аб будучыні, якую рыхтавала ім металічная турма, што імчалася ў бясконцасці эфіра. Замест таго, каб запытваць у сябе, куды іх нясе, яны праводзілі час за рознымі доследамі, нібы сядзелі ў сваіх рабочых кабінетах…
На гэта можна было-б адказаць, што людзі моцнай загартоўкі стаяць вышэй за дробныя клопаты і што ў іх ёсць заняткі і мэты важнейшыя за трывогі аб уласным лёсе.
Была і другая прычына: яны не маглі кіраваць снарадам, не маглі ні спыніць яго ходу, ні змяніць яго напрамку, адсюль вынікала, між іншым, іх дзіўная бесклапотнасць аб уласным лёсе.
Дзе знаходзіліся яны ў даную хвіліну — а восьмай гадзіне раніцы таго дня, які на Зямлі лічыўся 6 снежня?
Знаходзіліся яны, безумоўна, у суседстве з Луной і нават даволі блізка ад яе, — так блізка, што яна здавалася ім вялізным чорным кругам на небе.
Адлегласць, на якой яны ад яе знаходзіліся, вылічыць не было ніякай магчымасці.
Снарад пранёсся над паўночным полюсам Луны на адлегласці пяцідзесяці кілометраў ці нават таго менш.
Але вось ужо дзве гадзіны, як яны ўвайшлі ў конус ценю, і нельга было вызначыць, ці павялічылася гэта адлегласць ці паменшылася. Не было ніякага пункта апоры, каб вызначыць напрамак і скорасць снарада. Магло здарыцца, што ён аддаліўся ад Луны і хутка павінен быў выйсці з поўнага ценю, а магло быць і тое, што ён да яе наблізіўся і хутка павінен быў наляцець на які-небудзь высокі пік нябачнага паўшар’я, што, зразумела, закончыла-б усё падарожжа…
З гэтай прычыны ўзніклі спрэчкі, і Мішэль Ардан, заўсёды шчодры на тлумачэнні, выказаў думку, што снарад утрымліваецца лунным прыцяжэннем і ўпадзе, нарэшце, на Луну, як падае аэраліт на паверхню зямнога шара.
— І аэраліты не ўсе падаюць на Зямлю, — засупярэчыў Барбікен.
— Але ва ўсякім выпадку цікава было-б ведаць, як трымае сябе ў прасторы наша блукаючая турма. Па якому напрамку яна ляціць?..
— Мне здаецца, тут могуць быць два адказы, — адказаў Барбікен пасля некалькіх хвілін размышлення.
— Якія-ж?
— Снараду прыпадае выбар між двума матэматычнымі крывымі, і, гледзячы па таму, якая ў яго скорасць руху, ён выбера тую ці іншую. — Так, — сказаў Ніколь, — ён можа пайсці або па парабале, або па гіпербале.
— Гэта правільна, — адказаў Барбікен. — Пры адной скорасці ён пойдзе па парабале, пры другой, больш значнай, скорасці пойдзе па гіпербале. Але якую іменна скорасць мае снарад у сучасны момант — гэтага вырашыць я не магу.
— Люблю громкія словы! — ускрыкнуў Мішэль Ардан. — Як пачуеш іх, дык нібы ўжо і зразумеў, у чым справа. А дазвольце запытаць, што вы называеце парабалай?
— Парабала, мой мілы, — адказаў Ніколь, — гэта незамкнутая, бясконцая крывая лінія. Яе можна вызначыць як перасячэнне конуса плоскасцю, паралельнай адной з яго утвараючых.
— А, вось як! — сказаў Мішэль здаволеным тонам.
— Гэта крывая, — дадаў Ніколь, — падобна на тую, якую апісвае сваім палётам бомба, пушчаная з мартыры.
— Добра! А гіпербала? — спытаў Мішэль.
— Гіпербала — гэта таксама незамкнутая крывая, утвораная сячэннем конуса плоскасцю, паралельнай яго асі. Яна складаецца з двух галін, якія цягнуцца да бясконцасці.
— Няўжо гэта так? — ускрыкнуў Ардан самым сур’ёзным тонам, нібы яму паведамілі аб нейкім небывалым здарэнні. — Ну, цяпер, капітан Ніколь, заўваж наступнае: у тваім вызначэнні гіпербалы мне падабаецца тое, што яно яшчэ менш для мяне зразумела, чым слова, значэнне якога ты стараешся вызначыць!
Ніколь і Барбікен мала звярталі ўвагі на жарты Ардана. Іх хвалявала пытанне, па якой крывой паляціць ядро. Адзін стаяў за гіпербалу, другі за парабалу. І з таго і з другога боку доказы выкладваліся такой мовай, што Мішэль шалеў і падскокваў пры кожным іксе. Спрэчкі сапраўды былі гарачыя, і ні адзін з удзельнікаў спрэчак, здавалася, не меў намеру ўступіць свайму праціўніку тую крывую, якая прышлася яму па густу. Вучоныя спрэчкі цягнуліся так доўга, што Мішэль, урэшце, не сцярпеў.
— Даволі, панове косінусы[1]! — сказаў ён. — Ці перастанеце вы, нарэшце, лаяцца сваімі парабаламі ды гіпербаламі? Паслухайце-тка, я вам скажу, што мяне цікавіць у гэтай справе. Ну, дапусцім, снарад абавязкова паляціць або па парабале, або па гіпербале. А куды-ж гэтыя лініі нас прывядуць?
— Нікуды, — адказаў Ніколь.
— Як нікуды?
— Зразумела, нікуды, — сказаў Барбікен. — Гэтыя-ж крывыя не злучаныя: адросткі іх ідуць у бясконцасць.
— Ах, вучоныя! Ужо не ведаю, сапраўды, як вас не любіць! Ды што-ж нам да таго, ці паляціць снарад па парабале ці па гіпербале, калі і парабала і гіпербала аднолькава пацягнуць нас у нейкую невядомую бясконцую прастору!
Барбікен і Ніколь не маглі стрымацца ад смеху. Яны займаліся «мастацтвам для мастацтва», г. зн. справай цалкам бескарыснай. З усіх вучоных спрэчак урэшце выходзіла ўсё тая-ж злашчасная рэчаіснасць, — ці паляціць снарад па парабале ці па гіпербале, у тым і другім выпадку ён ніколі не сустрэнецца ні з Зямлёю, ні з Луною. Што магло чакаць адважных падарожнікаў у самым недалёкім будучым? Калі ім не давядзецца памерці з голаду, калі ім не давядзецца памерці ад холаду, то праз некалькі дзён яны павінны будуць памерці ад недахопу паветра!
Колькі-б яны ні стараліся эканоміць газ, надзвычайнае паніжэнне навакольнай тэмпературы прымушала іх траціць некаторую яго колькасць. Яны, праўда, маглі абыходзіцца без святла, а без цеплыні не маглі.
Назіраць праз вокны станавілася вельмі цяжка, таму што ўнутраная вільгаць ядра садзілася на аконнае шкло і хутка замярзала. Непразрыстасць шкла трэба было знішчаць бесперапынным трэннем. А назіранні якраз былі вельмі патрэбны, бо ўсякія з’явы, якія адбываюцца на нябачным баку Луны, мелі вялікую навуковую цікавасць.
Сапраўды, калі на нябачным баку Луны ёсць атмасфера, то падаючыя зоркі павінны баразніць яе сваімі бліскучымі лініямі; калі снарад ляціць праз паветраныя слаі, то, значыць, можна пачуць які-небудзь шум ад луннага рэха, напрыклад, шум рокатаў навальніцы, трэск лавы ці грукат дзеючага вулкана. Калі з якой-небудзь вогнедышачай гары вырываецца полымя, можна заўважыць мігценне і бляск.
Падобныя факты, правераныя стараннымі назіраннямі, значна паглыбілі-б цёмнае пытанне аб будове Луны.
Барбікен і Ніколь, змясціўшыся каля акна, назіралі за прасторай з непарушнай цярплівасцю. Але дыск Луны заставаўся па-ранейшаму нямым і змрочным.
Гэта вы́клікала наступную заўвагу Мішэля:
— Калі мы зноў калі-небудзь выправімся ў такое-ж падарожжа, дык трэба паехаць пад маладзік.
— Так, — адказаў Ніколь, — каб быў цяпер маладзік, мы бачылі-б гэты нікому невядомы бок Луны ў цудоўным сонечным асвятленні…
— Значыцца, мы не дамыслілі? Што значыць нявопытнасць! — дадаў Мішэль Ардан. — А ты як пра гэта думаеш, Барбікен?
— Вось што я думаю, — адказаў сур’ёзны старшыня Пушачнага клуба. — Калі мы калі-небудзь выправімся ў такое падарожжа, то выправімся іменна ў той-жа самы час і пры тых-жа самых умовах. Дапусцім, што ўдалося-б дасягнуць мэты, — тады было-б куды лепш апусціцца на мацярык, асветлены яркім святлом, чым апынуцца ў баку зусім цёмным. Нябачны-ж бок Луны мы наведалі-б у час нашага падарожжа па луннаму шару. Але, зразумела, трэба перш за ўсё дасягнуць мэты.
— На гэта няма чым супрэчыць, — сказаў Мішэль Ардан. — Як-бы там ні было, а цудоўнейшы выпадак аглядзець другі бок Луны страчаны! Вельмі можа стацца, што насельнікі другіх планет ведаюць многа больш аб сваіх спадарожніках, чым нашы паважанейшыя вучоныя аб спадарожніку Зямлі…
Снарад між тым апісваў у цемры траекторыю, для вызначэння якой не мелася ніякіх даных. Барбікен ніяк не мог рашыць, ці змяніўся напрамак пад уплывам луннага прыцяжэння ці пад уплывам другога якога-небудзь нябеснага цела. Аднак, у адносным палажэнні снарада адбылася перамена, у чым Барбікен пераканаўся каля чатырох гадзін раніцы. Перамена была ў тым, што дно снарада павярнулася да паверхні Луны і, замест таго каб рухацца канічнай часткай уперад, ляцела ўжо бокам. Самая цяжкая частка снарада, яго дно, пачала схіляцца да нябачнага дыска, нібы падаючы на яго.
Значыць, снарад сапраўды падаў? Тады падарожнікі могуць дасягнуць жаданай мэты.
Але не. Назіранні, хаця вельмі недакладныя і няпэўныя, паказалі Барбікену, што снарад не набліжаецца да Луны, а ўвесь час рухаецца каля яе на аднолькавай, відаць, адлегласці.
Гэтыя назіранні былі аснаваны на тым, што Ніколь раптам заўважыў на краю гарызонта, утворанага цёмным дыскам, мігцячае месцейка, якое ніяк нельга было палічыць за зорку, таму што яно паступова павялічвалася. Гэта безумоўна даказвала, што снарад не падае на Луну, а набліжаецца да светлага месцейка.
— Вулкан! — крыкнуў Ніколь. — Дзеючы вулкан! Вывяржэнне ўнутранай лавы Луны! Значыць, Луна яшчэ не зусім застыла!..
— Так, гэта вывяржэнне, — адказаў Барбікен, пільна назіраючы з тэлескопам у руках. — Другому няма чаму тут быць. Гэта вулкан!
— Але-ж для падтрымання гэтага гарэння неабходна паветра! — заўважыў Ардан. — А з гэтага вынікае, што гэта частка Луны абкружана атмасферай.
— Вельмі можа быць, — адказаў Барбікен, — хаця гэта і не складае абсалютнай неабходнасці. У вулкане распадаюцца некаторыя вяшчэствы, і таму ён сам сябе можа забяспечваць кіслародам, выкідваючы полымя ў беспаветраную прастору. Мне нават здаецца, што бачанае намі полымя мае іменна тую сілу святла — яркасць і бляск, якія заўважаюцца толькі пры гарэнні ў чыстым кіслародзе. Не будзем пэўна пакуль што гаварыць аб існаванні луннай атмасферы.
Але на найвялікшае гора Барбікена лінія, апісваемая снарадам, пацягнула яго прэч ад светлавой кропкі, паказанай вывяржэннем. Не мінула і поўгадзіны, як яны заўважылі гэту кропку, а яна пачынала ўжо знікаць за цёмным гарызонтам.
А праверка гэтай з’явы была-б такім важным фактам для навукі! Яна даказала-б, што з сярэдзіны луннага шара яшчэ не ўся цеплыня знікла. Хто не можа тады паручыцца, што там, дзе існуе цеплыня, не захаваліся расліны — і не толькі расліны, а нават і жывёлы!
Існаванне гэтага дзеючага вулкана, прызнанае бясспрэчным зямнымі вучонымі, утварыла-б, без сумнення, нямала тэорый, якія спрыяюча ўплывалі-б на рашэнне такога важнага пытання, як пытанне аб заселенасці Луны.
Барбікен задумаўся, захапіўся і пачаў марыць аб таямнічым лёсе луннага свету.
- ↑ Адзін з тэрмінаў трыганаметрыі.