Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Навакол Луны/XVI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XV. Гіпербала ці парабала XVI. Паўднёвае паўшар‘е
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XVII. Кратэр „Ціхо“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХVІ

Паўднёвае паўшар’е

Была палова чацвертай пасля паўдня.

Снарад ляцеў па крывой вакол Луны.

Ніхто не клапаціўся аб адпачынку, кожны падсцерагаў якую-небудзь з’яву, якая магла-б асвятліць таямніцы іх доследаў.

Каля пяці гадзін Мішэль Ардан раздаў, пад выглядам абеда, некалькі кавалкаў халоднага мяса і скібак хлеба. Падарожнікі хутка праглынулі іх тут-жа каля акон, шкло якіх ад вялікай пары бесперапынна зацягвалася ледзяной карой.

К вечару Ніколь, узброены тэлескопам, заўважыў на паўднёвым краі Луны і ў напрамку, па якому рухалася ядро, некалькі мігатлівых кропак, якія рэзка выдзяляліся на цёмным фоне неба. Гэтыя кропкі былі падобны на рад востраканцовых вяршынь, профіль якіх абазначаўся хвалістай лініяй. Яны асвятляліся даволі ярка. Тое-ж самае бывае відаць з Зямлі, калі Луна знаходзіцца ў пачатку першай ці ў канцы чацвертай квадры.

Барбікен рашуча сказаў:

— Сонца!

— Што? — запыталі Ніколь і Мішэль Ардан. — Сонца?

— Так, сябры мае, гэта само прамяністае свяціла, якое з процілеглага боку асвятляе верхавіны гор, размешчаныя на паўднёвым краі Луны. Мы, відавочна, набліжаемся да паўднёвага полюса!

— Перамахнуўшы цераз паўночны! — адказаў Мішэль Ардан. — Мы, значыць, абляцім вакол Луны!

— Угадаў, мілы Мішэль.

— Значыць, нам ужо няма чаго баяцца ні гіпербалы, ні парабалы, ні ўсякай іншай нязамкнутай лініі.

— Не, затое можна баяцца замкнутай крывой лініі.

— Якая называецца?

— Эліпсам. Снарад, замест таго каб загубіцца ў міжпланетных прасторах, вельмі магчыма, апіша эліптычную арбіту вакол Луны.

— Вось табе і раз! — І зробіцца яе спадарожнікам.

— Луной Луны!

— Толькі дазволь табе заўважыць, паважаны дружа, што нам усё-ж не здабраваць, — дадаў Барбікен, — мы ўсё-ж загінем.

— Так, але цяпер ужо мы загінем зусім іншым парадкам, цікавейшым за ранейшы, — адказаў бесклапотны француз са сваёй мілай усмешкай.

Барбікен казаў праўду. Снарад, апісваючы эліптычную арбіту, павінен быў, без сумнення, вечна рухацца вакол Луны, як яе спадарожнік.

Новае свяціла далучалася да сонечнай сістэмы: снарад, заселены трыма жыхарамі, якія хутка павінны былі загінуць ад недахопу паветра…

А затым снарад будзе толькі згаслай мёртвай масай, падобнай на безжыццёвыя астэроіды, якія носяцца ў прасторы.

Падарожнікі суцяшаліся толькі тым, што, нарэшце, пакідаюць гэтую непраглядную цемру і вяртаюцца ў месцы, залітыя сонечным святлом.

—Між тым горы, заўважаныя Барбікенам, усё больш і больш вырысоўваліся на яшчэ цёмнай паверхні Луны.

Гэта былі горы «Дэрфель» і «Лейбніц», якія ўзвышаюцца каля паўднёвага полюса Луны.

Усе горы бачнага паўшар’я былі вымераны з магчымай дакладнасцю. Гэта дакладнасць можа здацца непраўдападобнай, а між тым можна цвёрда сказаць, што вышыня гор на Луне вызначана з не меншай дакладнасцю, чым вышыня гор зямных. Спосаб вызначэння, які найчасцей ужываецца, заключаецца ў вымярэнні ценю ад гор на луннай паверхні, прычым прымаецца пад увагу вышыня сонца над гарызонтам умомант назірання. Вымерванні робяцца з дапамогай тэлескопа, забяспечанага сеткай з двума паралельнымі ніцямі. Той-жа метад дазваляе вылічыць і глыбіню лунных кратэраў і ўпадзін.

Гэтым метадам карыстаўся Галілей, пазней Бэр і Медлер ужывалі яго з вялікім поспехам.

Трэба заўважыць, што вымерванні ценяў можна рабіць толькі тады, калі сонечныя прамені падаюць на Луну ўскосна. Калі сонечныя праменні падаюць на Луну проста, г. зн. калі Луна поўная, цені знікаюць з яе дыска, і вымерванні становяцца немагчымымі.

Галілей, які першым знайшоў існаванне лунных гор, вызначаў іх вышыні, вымяраючы даўжыню ценяў.

Бэр і Медлер больш дакладна вымералі тысячу дзевяноста пяць лунных гор. Па іх вылічэннях выходзіць, што з гэтых гор шэсць падымаюцца вышэй 6000 метраў, а дваццаць дзве — вышэй 5000. Самая высокая вяршыня Луны — «Лейбніц» — мае 7 200 метраў[1].

Але тут трэба зрабіць адну заўвагу. Калі параўнаць дыяметр абодвух свяціл, дык акажацца, што лунныя горы адносна вышэй за зямныя горы. Першыя складаюць адну чатырыста сямідзесятую частку (1/470) луннага дыяметра, а другія — усяго толькі адну тысячу чатырыста саракавую частку (1/1440) дыяметра Зямлі. Для таго каб зямная гара дасягнула адносных размераў луннай гары, вышыня яе павінна мець каля 26 кілометраў, між тым самая высокая зямная гара не мае і дзевяці кілометраў.

  1. Па сучасных даных — каля 9 000 метраў.