Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Навакол Луны/XIV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XIII. Лунныя ландшафты XIV. Ноч у трыста пяцьдзесят чатыры з паловай гадзіны
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XV. Гіпербала ці парабала

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХІV

Ноч у трыста пяцьдзесят чатыры з паловай гадзіны

У тую самую хвіліну, калі снарад пагрузіўся ў непранікальную цемру, ён пранёсся над паўночным лунным полюсам на адлегласці менш пяцідзесяці кілометраў. Значыць, некалькіх секунд было дастаткова для пераходу з святла ў беспрасветную цемру. Гэты пераход зрабіўся нечакана, без усякай паступовасці. Луна патухла, нібы агонь лямпы ад магутнага подыху.

— Правалілася, навекі знікла наша Луна! — усклікнуў Ардан са здзіўленнем.

Сапраўды, была падобна на тое: ні адсвету, ні ценю — нічога не засталося ад дыска, некалькі секунд назад так моцна асветленага. Яркае ззянне зор яшчэ выразней выдзяляла чарнату ночы.

Гэта была цемра луннай ночы, якая на працягу трохсот пяцідзесяці чатырох з паловаю гадзін пануе ў кожным пункце луннага дыска; доўгая ноч, якая бывае ад спалучэння двух рухаў Луны: вярчальнага — каля сваёй асі, і паступальнага — вакол Зямлі. Снарад, апусціўшыся ў конус ценю ад Луны, не мог больш падвяргацца дзеянню сонечных праменняў.

Унутры снарада была цемра ў поўным сэнсе слова. Падарожнікі не маглі бачыць адзін аднаго. Зразумела, з’явілася жаданне карыстацца хаця якім-небудзь святлом, і як ні шкода было прэзідэнту траціць газ, запас якога быў абмежаваны, ён вымушан быў ім карыстацца, таму што Сонца рашуча адмовілася даваць ім святло.

— Праклятае Сонца, — крычаў Ардан, — дарэмна прымушае нас траціць апошнія рэшткі газу! — Ну, на Сонца не вельмі варта нападаць, — сказаў Ніколь.

— Яно, бадай, не вінавата. Калі хто вінаваты, дык галоўным чынам Луна: яна стала між намі і Сонцам, і сонечныя праменні не могуць да нас пранікаць.

— Няпраўда, вінавата Сонца!

— Не, Луна!

Дарэмныя спрэчкі можа цягнуліся-б яшчэ доўга, калі-б Барбікен не ўступіў у гутарку прыяцеляў.

— Сябры мае, — сказаў ён, — тут не вінаваты ні Сонца, ні Луна. Вінаваты наш снарад: замест таго каб ляцець па таму напрамку, як яго нацэлілі, ён меў нахабнасць ухіліцца. Калі-ж яшчэ справядлівей ставіцца да справы, то хутчэй за ўсё вінаваты той злашчасны балід, які прымусіў ядро адхіліцца.

— Грунтоўна сказана! — адказаў Мішэль, — па-мойму, цяпер застаецца толькі паснедаць. Мы-ж усю ноч назіралі, не грэх будзе крыху і падсілкавацца.

Прапанова Мішэля была прынята без супярэчанняў з боку таварышоў, і праз некалькі хвілін снеданне ўжо стаяла на стале. Елі, аднак, без апетыту, пілі без узаемных прывітанняў і тостаў. У кожнага на душы было неспакойна. Непраглядная цемра беспаветранай прасторы навявала сумную трывогу. Снедаючы, увесь час гутарылі аб доўгай ночы ў трыста пяцьдзесят чатыры гадзіны — амаль у пятнаццаць сутак, — якую фізічныя законы навязалі насельнікам Луны. Барбікен растлумачыў сваім прыяцелям гэтую цікавую з’яву.

— Гэта, бясспрэчна, цікава, гаварыў Барбікен. — Калі кожнае з лунных паўшар’яў пазбаўляецца сонечнага святла на цэлых пятнаццаць сутак, то адно з іх, над якім мы ляцім у сучасны момант, не карыстаецца магчымасцю бачыць нават ззяючую Зямлю на працягу ўсёй сваёй чорнай ночы. Калі-б так было на Зямлі, калі-б Еўропа, напрыклад, ніколі не бачыла Луны, калі-б яе маглі бачыць толькі антыподы Еўропы, то ўявіце сабе здзіўленне еўрапейца, які заехаў, дапусцім, у Аўстралію!

— Тады, значыць, трэба было-б ехаць у Аўстралію для таго толькі, каб убачыць Луну? — спытаў Мішэль. — Пэўна, знайшлося-б многа ахвотнікаў на гэта падарожжа.

— Вось іменна такое-ж здзіўленне, — сказаў старшыня Пушачнага клуба, — павінен адчуць селеніт, з’явіўшыся з той часткі Луны, якая процілегла Зямлі і ніколі не відна нашым «землякам».

— А мы маглі-б яго ўбачыць, гэты бок, калі б прыбылі сюды ў часе поўніка, г. зн. пятнаццаццю днямі пазней, — дадаў Ніколь.

— Акрамя таго, — казаў далей Барбікен, — сама прырода спрыяе жыхарам бачнай часткі Луны, на шкоду іх антыподам. На долю селенітаў нябачнай часткі выпалі, як бачыце, ночы ў трыста пяцьдзесят чатыры гадзіны, ночы, цемра якіх не спыняецца нават адсветам Зямлі. У другіх-жа зусім інакш: ледзь толькі Сонца, якое свяціла ім падрад пятнаццаць дзён, схаваецца за гарызонт, як ўжо на процілеглым баку неба з’яўляецца бліскучае свяціла — Зямля, дыск якой у трынаццаць разоў большы за дыск Луны, а значыцца, дае і святла ў трынаццаць разоў больш; прытым-жа яе святло не памяншаецца ад уплыву атмасферы, таму што на Луне атмасферы няма. І гэта Зямля сойдзе з луннага гарызонта толькі ў тую хвіліну, калі на ім, з процілеглага боку, зноў з’явіцца Сонца.

— Як! — усклікнуў Мішэль. — Значыцца, вы цяпер разумееце, — казаў далей Барбікен, не звяртаючы ўвагі на заўвагі Мішэля, — што на бачнай частцы дыска селенітам жывецца добра: у часе нашага поўніка ім свеціць Сонца, а ў часе маладзіка — Зямля.

— А мне здаецца, — сказаў Ніколь, — што гэта перавага часткова траціць сваё добрае значэнне, калі прымаць у разлік спёку, якую ім прыходзіцца пераносіць.

— Нязручнасць гэта аднолькава для абодвух бакоў, бо святло, якое адбівае Зямля, відавочна, пазбаўлена цеплыні. Я вам скажу, што, наадварот, нябачнаму боку Луны болей даводзіцца цярпець ад спёкі, чым бачнаму. Я кажу гэта пераважна вам, Ніколь, таму што Мішэль, пэўна, гэтага не зразумее.

— Дзякую за камплімент, — сказаў Мішэль.

— Але гэта зразумець няцяжка, — сказаў Барбікен, — нябачны бок карыстаецца сонечным святлом і цеплынёй у час нашага маладзіка, г. зн. калі Луна становіцца між Сонцам і Зямлёй. У гэты час Луна знаходзіцца бліжэй да Сонца, параўнальна з тым-жа палажэннем, у якім яна бывае ў час нашага поўніка. А гэта адлегласць роўна двухсотай частцы той, якая аддзяляе Сонца ад Зямлі; акругліўшы, гэта 800 тысяч кілометраў. Значыць, нябачны бок Луны на 800 тысяч кілометраў бліжэй да Сонца ў той час, калі карыстаецца сонечнымі праменнямі.

— Справядліва, — адказаў Ніколь.

— Зусім іншае… — пачаў зноў Барбікен.

— Адну хвіліну, — сказаў Мішэль, перабіваючы свайго сур’ёзнага таварыша.

— Што табе трэба?

— Я хачу прадоўжыць тлумачэнне.

— Гэта навошта-ж? — Каб даказаць, што я тое-сёе зразумеў.

— Гавары, гавары, — адказаў усміхаючыся Барбікен.

— Зусім іншае, — пачаў сур’ёзна Мішэль, падражаючы тону прэзідэнта, — зусім іншае можна сказаць аб другой частцы Луны. Гэта бачная частка бывае асветлена Сонцам у час зямнога поўніка; у гэты час Луна знаходзіцца далей ад Сонца круглым лікам на 800 тысяч кілометраў, і цеплыня, атрыманая ёю, ужо менш значная.

— Вельмі ўдала выкладзена! — усклікнуў Барбікен. — Ведаеш, Мішэль, што я табе скажу? Для артыста, праўда, ты вельмі кемлівы…

— Так, не без таго, — адказаў нядбайна Мішэль. — Мы, парыжане, наогул народ не аблавухі.

Барбікен важна паціснуў руку свайму міламу спадарожніку.

— Аднак, — заўзажыў Мішэль, — калі мы пападзем у селеніты, то паселімся не інакш, як на бачным баку Луны. Люблю святло!

— Паселімся, калі толькі атмасфера не сабралася іменна на нябачаным баку, як запэўняюць некаторыя астраномы.

— Так, на гэта таксама не лішне звярнуць увагу, — згадзіўся Мішэль.

Пасля снедання падарожнікі зноў узяліся за назіранні. Яны патушылі агонь у снарадзе і стараліся ўбачыць што-небудзь праз цёмныя вокны. Але цемра была непранікальная. Нідзе ніводнай бліскучай кропачкі.

Куды снарад нёсся? Ці аддаляўся ён ад дыска ці набліжаўся да яго? А можа несла яго ў гэтым глыбокім змроку ў бязмежную нябесную прастору? Як гэта вызначыць? Як за чым-небудзь назіраць сярод непранікальнай цемры? Гэтыя пытанні хвалявалі Барбікена, але развязаць іх ён не мог.

Вельмі магчыма, што ўсяго за некалькі кілометраў знаходзілася нябачная планета, але ні ён, ні яго таварышы яе не заўважалі. Калі які-небудзь шум і быў на паверхні Луны, яны гэтага шуму чуць не маглі. Паветра, правадніка гуку, не было, і яно, значыць, не магло ім перадаць «стогнаў» Луны, якога арабскія легенды вялічаюць «чалавекам, напалавіну скамянелым, але яшчэ жывым».

Зразумела, што ўсё гэта магло злаваць самых цярплівых назіральнікаў. Якраз-то невядомае паўшар’е і не відаць было ім! Бок, які пятнаццаць сутак раней ці пятнаццаць сутак пасля быў-бы вельмі добра асветлены сонечнымі праменнямі, цяпер губляўся ў абсалютнай цемнаце.

А праз пятнаццаць сутак дзе будзе снарад? Куды зацягнуць яго невядомыя прыцяжэнні? Хто мог гэта рашыць?

Астраномы дапускаюць, што нябачнае паўшар’е Луны па сваёй будове зусім падобна да паўшар’я бачнага. Сапраўды, з прычыны невялікіх ваганняў Луны відаць амаль сёмая частка гэтага нябачнага паўшар’я, і ў гэтых месцах відаць такія-ж горы і раўніны, цыркі, кратэры, якія ўжо занесены на карту бачнага паўшар’я. Можна, значыць, з упэўненасцю дапусціць, што і там — тая-ж самая прырода, той-жа свет, бясплодны і нежывы.

Але, што калі атмасфера існуе, іменна, на тым баку? Што калі разам з паветрам вада дала жыццё мацерыкам? Што калі расліннасць там яшчэ захавалася? Што калі жывёлы засяляюць гэтыя мацерыкі і моры? Што калі пры гэтых умовах заселенасці жыве там і чалавек? Колькі цікавых пытанняў можна было-б вырашыць! Колькі здагадак адкрылася-б пры назіранні гэтага паўшар’я. І якая-б была асалода глянуць на свет, дагэтуль недаступны для чалавечага вока!

Але, на найвялікшае нездавальненне нашых падарожнікаў, нябачнае для Зямлі паўшар’е заставалася і для іх нябачным. Адны толькі сузор’і вабілі іх позіркі, і, трэба заўважыць, ніколі астраномы не былі ў такіх спрыяючых умовах для зорных назіранняў.

Нішто, сапраўды, не магло раўняцца з прыгажосцю гэтага зорнага неба. Дыямэнты неба, мігцелі цудоўнейшымі агнямі. Узрок ахапляў небасхіл ад Паўднёвага Крыжа да Палярнай Зоркі.

У гэтай прасторы снарад рухаўся нібы новае свяціла, створанае рукамі чалавека. Сузор’і ззялі ціхім святлом; яны не мігцелі таму, што не было атмасферы, якая слаямі неаднолькавай шчыльнасці і вільготнасці робіць мігценне. Зоры зіхацелі, быццам лагодныя вочы, якія глядзелі ў глыбокі, непранікальны змрок сярод непарушнай цішыні.

Падарожнікі доўга і моўчкі назіралі за зорным небасхілам, на якім вялізны дыск Луны ўтварыў велізарную чорную ўпадзіну.

Але паволі хараство сузірання змянялася цяжкім адчуваннем. Востры холад хутка зацягнуў знутры вокны слоем лёду. Сонца ўжо не грэла сваімі праменнямі ядро, і каюта паволі траціла сабраную ў ёй да таго цеплыню. Гэтая цеплыня праз выпрамяненне хутка рассейвалася ў прасторы. У снарадзе адбылося эначнае паніжэнне тэмпературы. З прычыны гэтага ўнутраная вільгаць пры сутыканні са шклом ператваралася ў лёд. Хутка слой лёду знішчыў магчымасць назіранняў над тым, што рабілася за снарадам.

Ніколь паглядзеў на тэрмометр і ўбачыў, што ён упаў да семнаццаці градусаў ніжэй нуля!

Барбікен, не гледзячы на сваё жаданне эканоміць, вымушан быў пусціць у ход цеплыню газу. Нізкая тэмпература станавілася нязноснай. Падарожнікі рызыкавалі замерзнуць.

— Ну, мы не можам паскардзіцца на аднастайнасць нашага падарожжа, — заўважыў Ардан. — Што за рознастайнасць, хаця-б у тэмпературы! То нас слепіць яркае святло і мы церпім нязносную спёку, нібы індзейцы ў льяносах, то апускаемся ў непранікальны змрок і мерзнем ад сцюжы не горш за палярных эскімосаў! Сапраўды, скардзіцца няма чаго. Прырода, можна сказаць, стараецца нам данам дагадзіць!

— А якая знешняя тэмпература? — спытаў Ніколь у Барбікена.

— Тая-ж, што і заўсёды ў міжпланетнай прасторы, — адказаў Барбікен.

— Ну, дык, значыцца, цяпер іменна час зрабіць той дослед, якога мы не маглі зрабіць, калі, кажучы паэтычна, купаліся ў сонечных праменнях, — сказаў Ардан.

— Твая праўда, — адказаў Барбікен, — больш зручнага часу, вядома, не выбераш; цяпер мы іменна знаходзімся ў такім палажэнні, што можам як нельга лепш змераць тэмпературу міжпланетнай прасторы.

— Трэба падрыхтаваць тэрмометр, — сказаў Барбікен. — Зразумела, што звычайны тэрмометр не даў-бы ніякіх рэзультатаў пры такіх выключных акалічнасцях. Ртуць замёрзла-б у сваёй трубцы, таму што яна вадкай можа заставацца толькі да 39° ніжэй нуля. Але Барбікен прызапасіў тэрмометр, які дае надзвычай нізкія тэмпературы.

Барбікен падрыхтаваўся пусціць яго ў ход.

— Толькі як-жа мы за гэта возьмемся? — запытаў Ніколь.

— Нічога няма лягчэйшага, — адказаў Ардан, які ніколі і нідзе не ведаў перашкод. — Мы хутка адчынім акно, выкінем інструмент; ён паляціць за ядром з прыкладнай пакорлівасцю, а праз чвэрць гадзіны мы гэты інструмент дастанем.

— Рукой? — спытаў Барбікен.

— Рукой, — адказаў Мішэль.

— Ну, мой дружа, не параю: рука твая ад такога страшнага холаду стане ледзяком.

— Няўжо?

— Цябе нібы апячэ раскаленым жалезам. К таму-ж я яшчэ не ўпэўнен, ці сапраўды прадметы, выкінутыя намі з ядра, ляцяць за намі.

— Чаму-ж? — спытаў Ніколь.

— Ды таму, што калі мы ляцім у луннай атмасферы, то якой-бы яна не была рэдкай, усё-ж прадметы гэтыя павінны ад нас адставаць. Цемра перашкаджае нам упэўніцца, ці тут яны, а таму, каб не пазбавіцца тэрмометра, прывяжам яго; такім чынам зручней будзе выцягнуць яго назад.

Парада Барбікена была прынята.

Акно хутка адчынілі, і Ніколь кінуў інструмент, прывязаны на кароткай вяроўцы.

Акно адчынілі ўсяго на адну секунду, але гэтай секунды было дастаткова, каб у снарад уварваўся люты холад.

— Тысячу д’яблаў! — ускрыкнуў Мішэль Ардан. — Тут паспяхова можна замарозіць нават белых мядзведзяў! Барбікен пакінуў тэрмометр на паўгадзіны; гэта было больш чым дастаткова, каб інструмент прыняў тэмпературу навакольнай прасторы. Затым тэрмометр хутка ўцягнулі назад у снарад.

Барбікен усклікнуў:

— Дзвесце шэсцьдзесят тры градусы ніжэй нуля!

Такая жахлівая тэмпература нябеснай прасторы. Такая, можа быць, і тэмпература лунных мацерыкоў, калі начное свяціла губляе праз выпрамяненне ўсю цеплыню, якою яно запасалася на працягу пятнаццацісутачнага сонечнага асвятлення.