З пушкі на Луну/Навакол Луны/II
← I. Ад 10 гадз. 20 мін. да 10 гадз. 47 мін. вечара | Першыя поўгадзіны Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
III. Падарожнікі ўладжваюцца → |
РАЗДЗЕЛ ІІ
Першыя поўгадзіны
Што-ж здарылася? Якім быў удар? Ці дапамаглі пружыны, сеннікі, вадзяныя падушкі?
Ці ўдалося разумным будаўнікам перамагчы страшнае страсенне ад стрэлу?
Вось пытанні, якія цікавілі і хвалявалі тысячы сведак неймавернага стрэлу.
Усе амаль забылі цяпер пра мэту падарожжа і думалі толькі пра падарожнікаў. Многа-б даў кожны, каб глянуць хаця адзін раз на ўнутранасць снарада.
Што ўбачылі-б яны там?
Ды абсалютна нічога.
У ядры панавала непраглядная цемната. Але цыліндра-канічныя сценкі як нельга лепш вытрымалі: ні шчылінкі, ні выбоінкі.
Дзівосны снарад ані не сапсаваўся ад страшэннага выбуху, не рассыпаўся, як баяліся некаторыя, дажджом з алюмінія.
Унутры не адбылося амаль ніякага беспарадку. Некаторыя прадметы толькі высока падкінула ўверх, а самыя важныя ані не пашкодзіла.
На падлозе ляжалі тры целы без руху.
Ці дыхалі яшчэ Барбікен, Ніколь і Ардан? Ці ядро стала металічнай труной і несла ў прастору тры трупы?
Прайшло некалькі хвілін. Але вось адно цела паварушылася: рукі крануліся, галава ўзнялася. Ардан стаў на калені, абмацаў сябе, прагаварыў галоснае «ух!» і сказаў:
— Мішэль Ардан цэлы. Паглядзім, што з астатнімі.
Ён правёў некалькі разоў рукою па ілбу і, паціраючы скроні, крыкнуў:
— Ніколь! Барбікен!
Ён са страхам чакаў, ці будзе адказ.
Адказу не было.
Не толькі адказу, — ні адзінага ўздыху…
Ён паклікаў паўторна.
Зноў ні адзінага гуку.
— Чорт вазьмі, — загаварыў Ардан, — яны нібы з пятага паверху ўніз галавою шыбанулі. Ба! — дадаў ён са звычайнай непахіснай упэўненасцю, — калі француз мог стаць на калені, дык ужо амерыканцы напэўна ўскочаць на ногі! Агледзімся-тка добра і скемім усё грунтоўней!
Ардан адчуваў, што жыццё хутка да яго варочаецца, кроў супакойвалася і зноў рабіла свой звычайны абарот. Ён зрабіў яшчэ некалькі намаганняў і яму ўдалося захаваць роўнавагу.
Ён стаў на ногі, выняў з кішэні запалкі, чыркнуў і запаліў газ.
Газавік быў зусім цэлы, газ не вылецеў.
Аднак, Ардан ведаў гэта і раней, таму што, каб вылецеў газ, то, па-першае, засмярдзела-б, а па-другое, немагчыма было-б беспакарана вадзіць запаленай сярнічкай у закупоранай прасторы, поўнай газу.
Газ, злучаючыся з паветрам, утварыў-бы лёгкую запальную сумесь, і вельмі можа быць, выбух закончыў-бы тое, што пачало страсенне. Як толькі ядро асвятлілася, Ардан нахіліўся над сваімі таварышамі.
Яны ляжалі адзін на адным і здаваліся зусім амярцвелымі. Ніколь ляжаў наверсе, Барбікен знізу.
Ардан падняў капітана, прысланіў яго да канапы і пачаў расціраць што ёсць сілы.
Ад умелага і шчырага расцірання Ніколь апрытомнеў.
Ён расплюшчыў вочы, а як толькі расплюшчыў вочы, да яго адразу вярнулася спакойнасць.
Ён ухапіў Ардана за руку, паціснуў яе і, аглядаючыся навокал, запытаў:
— А Барбікен?
— Кожнаму свая чарга, — адказваў Ардан. — Я пачаў з цябе, таму што ты ляжаў наверсе, а вось цяпер возьмемся за Барбікена.
Яны разам паднялі старшыню Пушачнага клуба і паклалі яго на канапу.
Барбікен, відаць, пацярпеў куды больш за сваіх таварышоў. Ён быў у крыві.
Але, на шчасце, аказалася, што кровецячэнне не вельмі вялікае; на плячы была маленькая драпіна.
Ніколь тут-жа старанна абмыў і перавязаў гэту драпіну.
Не гледзячы, аднак, на догляд за ім, Барбікен доўга не мог апрытомнець.
— Ён дыхае, — сказаў Ніколь, прыкладаючы руку да грудзей Барбікена.
— Так, — адказаў Ардан, — дыхае, як чалавек, які крыху прызвычаіўся да гэтага штодзённага працэса. Тры яго, тры — а можа апрытомнее!
І абодва пачалі так старанна церці, што Барбікен, нарэшце, апрытомнеў. Ён расплюшчыў вочы, прыпадняўся і адразу-ж запытаў:
— А што, Ніколь, мы ляцім?
Ніколь і Ардан пераглянуліся.
Яны зусім забылі пра стрэл. Яны клапаціліся пакуль не аб вагоне, а аб падарожніках.
— А што-ж, сапраўды, з намі робіцца? — запытаў Ардан. — Ляцім мы?
— Ці ляжым спакойна на зямлі Фларыды? — сказаў Ніколь.
— Ці на дне Мексіканскага заліва? — дадаў Ардан.
— Гэта яшчэ што такое? Што за выдумкі! — крыкнуў Барбікен.
Абедзве здагадкі, выказаныя таварышамі, адразу-ж вярнулі яму прытомнасць.
Як-бы там ні было, але пакуль яшчэ нельга было сказаць што-небудзь пэўнае адносна становішча снарада. Уяўная нерухомасць і адсутнасць якіх-бы та ні было зносін са знешнім светам не дазвалялі вырашыць гэтага пытання.
Можа здарыцца, снарад ляціць у прасторы, але можа быць, што, падняўшыся крыху ўверх, ён упаў на зямлю ці ў Мексіканскі заліў… прымаючы пад увагу нязначную шырыню Фларыдскага поўвострава, можна было лічыць падзенне ў Мексіканскі заліў больш праўдападобным.
Справа была сур’ёзная, і задача надзвычай цікавая. Трэба было вырашыць яе як мага хутчэй.
Барбікен, перамагаючы сілаю волі цялесную слабасць, стаў на ногі і пачаў уважліва прыслухоўвацца. Звонку — абсалютная цішыня. Сцены былі такія тоўстыя, што не прапускалі ніякага гуку.
Але адна акалічнасць надзвычайна здзівіла Барбікена: гэта тая, што тэмпература ўнутры снарада была вельмі высокая.
Барбікен выняў з футляра тэрмометр і вымерыў тэмпературу. Ён паказваў 45 градусаў па Цэльсію!
— Мы ляцім, — усклікнуў Барбікен, — мы ляцім! Гэта ўдушлівая гарачыня выходзіць ад сценак снарада! Яна — вынік трэння ядра аб атмасферныя слаі. Хутка яна спадзе, таму што мы нясёмся ўжо ў пустаце. Цяпер мы ледзь не душымся ад гарачыні, а потым будзем замярзаць.
— Гэта якім-жа такім чынам? — запытаў Ардан. — Па-твойму, Барбікен, мы ўжо, значыцца, за межам зямной атмасферы?
— Безумоўна, Мішэль, безумоўна. Ты толькі выслухай. Цяпер пяцьдзесят пяць мінут адзінаццатай. Мы вылецелі восем мінут таму назад. Так?
— Так.
— Калі-б скорасць нашага палёту не зменшылася ад трэння ядра аб паветра, нам было-б дастаткова шаснаццаці секунд, каб пераляцець той слой зямной атмасферы, які можа аказваць колькі-небудзь значнае супраціўленне нашаму снараду.
— Правільна, — пацвердзіў Ніколь, — але на колькі, мяркуеце вы, зменшылася наша пачатковая скорасць ад гэтага трэння?
— На адну трэць, Ніколь, — адказваў Барбікен. — Праўда, гэта вельмі значнае змяншэнне, але такім яно атрымлівалася паводле маіх вылічэнняў. Значыцца, калі пачатковая скорасць снарада была 11000 метраў, то пасля выхаду з атмасферы гэта скорасць павінна была зменшыцца да 7332 метраў. Мы ўжо праляцелі цяпер гэту прастору…
— І прыяцель Ніколь прайграў ужо абодва заклады, — перабіў Ардан, — 4000 далараў за тое, што калумбіяду не разарвала, і 5 000 далараў за тое, што снарад падняўся вышэй шасці міль. Ну-тка, Ніколь вытрасай кішэні.
— Спачатку праверым, ці сапраўды я прайграў, — адказваў Ніколь, — а потым і вытрасем кішэню. Я не спрачаюся, можа быць, што меркаванні і заключэнні Барбікена цалкам правільныя і што я прайграў 9000 далараў. Але мне прыходзіць у галаву іншае меркаванне, якое магло-б знішчыць самы заклад.
— Якое-ж гэта? Якое?
— А такое, што з той ці іншай прычыны іскра не дайшла да пораху і мы не паляцелі, а сядзім спакойна ў пушцы.
—Ну, капітан, такое «вучонае меркаванне» я вам хоць зараз прыдумаю! Я думаў, што і сапраўды сур’ёзнае! Сядзім на адным месцы! Гэта мне вельмі падабаецца! Ну, а штуршок, які нам ледзь навекі вачэй не закрыў, вы як яго растлумачыце, га? Як растлумачыце вы ўласную непрытомнасць? Як растлумачыце рану на плячы ў Барбікена?
— Усё гэта я ведаю, Мішэль, усё гэта я ведаю, але дазволь. Яшчэ адно слова…
— Слухаю, капітан.
— Ты чуў стрэл? Гук стрэлу павінен быў быць аглушальным. Ты яго чуў?
— Не, — адказваў Ардан, — не, я не чуў стрэлу.
— А вы Барбікен?
— Я таксама не чуў.
— Вы таксама не чулі? Дзіўна!
— Сапраўды дзіўна, — прашаптаў прэзідэнт. — Чаму-ж мы не чулі стрэлу?
Прыяцелі са здзіўленнем глядзелі адзін на аднаго.
Сапраўды, тут яны сустрэліся з нерастлумачанай з’явай. Снарад паляцеў; значыцца, быў і стрэл, — ды яшчэ які!
— Чакай, — сказаў Барбікен, — паглядзім, дзе мы. Адчынім-ка стаўні.
Гэта аперацыя была вельмі простая, і яе ўраз выканалі. Гайкі, якія трымалі балты на знадворных пласцінках правага акна, хутка адвінчваліся; балты былі высунуты вонкі, а заслонкі, пакрытыя каучуком, хутка заткнулі адтуліну, у якой былі балты. Знадворная пласцінка ўраз апусцілася на шарніры і адкрыла ўстаўленае ў раму выпуклае шкло.
Такое-ж акно было на другім баку ядра; трэцяе было прыладжана ў купале, чацвертае — пасярод самага дна.
За небам, значыцца, можна было назіраць праз бакавыя рамы з чатырох розных бакоў, а за Зямлёй і Луной — прама праз верхнюю і ніжнюю адтуліну.
Барбікен з таварышамі падбеглі к акну.
Праз акно не прасвечваў ні адзін прамень святла. Вакол снарада панавала абсалютная цемната.
— Не, таварышы, не, мы не ўпалі на зямлю! — ускрыкнуў Барбікен. — Не, мы не на дне Мексіканскага заліва! Мы ляцім у прасторы!! Глядзіце, глядзіце! Бачыце, зоры мігцяць сярод ночы? Заўважаеце цемнату між Зямлёй і намі?
— Ура! Ура! — дружна крыкнулі Ніколь і Ардан.
Густы змрок, сапраўды, мог сведчыць, што ядро адляцела ад Зямлі, таму што зямная паверхня ў даны момант была ярка асветлена лунным святлом і, значыцца, падарожнікі бачылі-б яе, калі-б засталіся на Зямлі.
Немагчыма было больш сумнявацца. Адважныя смельчакі паляцелі з Зямлі.
— Я прайграў, — сказаў Ніколь.
— З чым вас і віншую! — сказаў Ардан.
— Атрымлівайце 9 000 далараў, — сказаў капітан і выняў з кішэні банкавыя білеты.
— Хочаце распіску ў атрыманні? — запытаў Барбікен, прымаючы грошы.
— Калі вам няцяжка, — адказаў Ніколь. — Акуратнасць заўсёды добрая рэч.
Барбікен сур’ёзна і флегматычна выняў запісную кніжку, вырваў в яе чысты лісток, напісаў алоўкам распіску згодна ўсіх правіл і аддаў яе Ніколю, які акуратна паклаў яе ў свой партфель.
Ардан зняў шапку і моўчкі пакланіўся таварышам. Такі фармалізм у падобныя хвіліны канчаткова скаваў яму вусны. Ардан зроду не бачыў нічога больш амерыканскага…
Закончыўшы справавыя фармальнасці, Барбікен і Ніколь зноў падышлі да акна і пачалі разглядаць сузор’і.
На чорным фоне неба зоры ззялі яркімі кропкамі, але Луны з гэтага боку нельга было бачыць, таму што, рухаючыся з усходу на захад, яна паволі набліжалася да зеніта.
— Дзе-ж Луна? — запытаў Ардан. — Ці не хоча яна ад нас пусціцца наўцёкі?
— Супакойся, супакойся, — адказаў Барбікен. — Наша будучае жыллё на сваім месцы, але з гэтага боку мы не можам яго бачыць. Адчынім другое бакавое акно.
Барбікен ужо хацеў пайсці да гэтага акна, як раптам набліжэнне нейкага бліскучага прадмета прыцягнула яго ўвагу.
Гэта быў велізарны шар, — такі велізарны, што яго каласальных размераў нельга было вызначыць.
Паверхня шара, звернутая да Зямлі, была ярка асветлена. Яго можна было палічыць за маленькую Луну. Ён ляцеў незвычайна хутка і апісваў, як відаць, вакол Зямлі лінію, якая перарэзвала шлях нашага ядра. Паступальны рух гэтага цела дапаўняўся вярчэннем яго вакол асі; значыцца, яно ў сваім руху нічым не адрознівалася ад іншых нябесных цел, што рухаюцца ў прасторы.
— Гэта што такое? Гэта што такое? — усклікнуў Мішэль Ардан. — Другі снарад?
Барбікен не адказаў. З’яўленне гэтага велізарнага цела здзівіла яго і ўстрывожыла. Магчыма была пагібельная сустрэча, — сутычка скінула-б снарад на Зямлю.
Барбікен вельмі хутка зразумеў гэтую магчымасць.
Ардан і Ніколь моўчкі глядзелі ў прастору.
Шар, набліжаючыся, усё павялічваўся. З прычыны аптычнага абману здавалася, што снарад імчыцца проста да яго.
— Ды што гэта? — усклікнуў Мішэль Ардан. — Паязды зараз-жа стыкнуцца!
Інстыктыўна падарожнікі падаліся назад. Жах іх быў нязмерны, але працягваўся нядоўга. Нябеснае цела праляцела за некалькі сот метраў ад іх і знікла; яго паверхня адразу злілася з глыбокім змрокам прасторы.
— Шчаслівай дарогі! — прагаварыў Мішэль Ардан, з відавочным задавальненнем уздыхаючы поўнымі грудзьмі. — Што-ж гэта, няўжо і на небе так цесна, што нельга без рызыкі гуляць па ім у маленькім снарадзе? Хто ведае, што гэта за неўгамаваны шар, які ледзь з намі не стыкнуўся?
— Я ведаю, — сказаў Барбікен.
— Вось чорт! Ты ўсё на свеце ведаеш! — Гэта балід[1], але балід велізарны, які трымаецца прыцяжэннем Зямлі ў якасці яе спадарожніка.
— Няўжо? Значыцца, у Зямлі дзве луны?
— Так, Мішэль, дзве луны, хаця звычайна і мяркуюць, што Луна толькі адна. Але другая Луна настолькі малая, і рух яе да таго хуткі, што жыхары Зямлі яе бачыць не могуць. Аднак, французскі астраном Пці[2] мог знайсці існаванне другога спадарожніка. Згодна яго назіранняў, гэты балід робіць свой абарот вакол Зямлі з неймавернай скорасцю — усяго за тры гадзіны дваццаць мінут…
— Існаванне гэтага спадарожніка прызнаюць усе астраномы? — запытаў Ніколь.
— Не, не ўсе, — адказваў Барбікен, — але калі-б яны сустрэлі яго, вось як мы цяпер, яны больш не сумняваліся-б у яго існаванні. Ведаеце, што я думаю?
— Што?
— Што гэты балід, які, разумеецца, знішчыў-бы нас, калі-б стыкнуўся са снарадам, дасць цяпер магчымасць вызначыць наша месца ў прасторы.
— Як-жа гэта? — запытаў Ардан.
— Адлегласць яго вядома, і ў тым пункце, дзе мы сустрэлі яго, мы былі на 8140 кілометраў над паверхняю зямнога шара.
— Ой-ой-ой! — ускрыкнуў Ардан. — Перад такою хуткасцю нішто ўсе зямныя кур’ерскія паязды! — Так, з намі цяпер цяжкавата зраўняцца, — сказаў Ніколь і паглядзеў на свой хранометр.
— Цяпер адзінаццаць гадзін, — дадаў ён. — Мы развіталіся з Амерыкай толькі трынаццаць мінут таму назад.
— Усяго толькі трынаццаць? — запытаў Барбікен.
— Так, трынаццаць, — пацвердзіў Ніколь. — Значыцца, калі-б не змянялася наша пачатковая скорасць, мы праляталі-б па сорак тысяч кілометраў за гадзіну.
— Усё гэта вельмі добра, безумоўна, — сказаў Барбікен, — але чаму мы не чулі стрэлу калумбіяды?
На гэта ніхто не мог даць станоўчага адказу, і гутарка спынілася.
Барбікен пачаў абмацваць і апускаць стаўню другога бакавога акна.
Гэта аперацыя ўдалася яму як нельга лепш: у адчыненае акно заструменілася луннае свято і ярка асвятліла ўнутранасць ядра.
Эканомны Ніколь адразу-ж патушыў газ, які, да таго-ж, пры лунным асвятленні, толькі перашкаджаў назіранню міжпланетных прастораў.
Лунны дыск ззяў незвычайна ярка.
Праменні, якія ўжо не затрымліваліся туманнай атмасферай зямнога шара, струменіліся праз акно і залівалі ўнутранасць ядра срабрыстымі адсветамі. Чорны колер неба падвайваў яркасць Луны, і Луна ў гэтай пустаце, дзе не рассейвалася святло, не зацмявала суседнія зоры. Неба тут прадстаўляла зусім асаблівае, невыабражальнае для зямнога жыхара відовішча.
Зразумела, што нашы падарожнікі з асаблівай цікавасцю глядзелі на свяціла ночы, да якога імкнуліся. Спадарожнік Зямлі непрыкметна набліжаўся да зеніта, г. зн. да кропкі, якую яму належала дасягнуць пасля 96 гадзін палёту.
Горы, раўніны, усе абрысы спадарожнікам здаваліся не большымі, чым з любога пункта Зямлі, але ў пустой прасторы святло яго разлівалася з дзіўнай, незвычайнай яснасцю. Дыск зіхацеў, нібы платынавае люстра.
Зямлі ўжо зусім не было відаць. Зямля знікла.
Капітан Ніколь першы ўспомніў аб знікнуўшай радзіме.
— Так, так, — ускрыкнуў Ардан. — Цяпер Зямля знікае, і варта падзякаваць ёй за ўсё дабро апошнімі поглядамі. Паглядзім на Зямлю!
Барбікен ахвотна згадзіўся выканаць жаданне таварыша і пачаў спрытна ачышчаць акно на дне ядра, з якога можна было глядзець на Зямлю.
Перасоўны дыск, на якім яны пры ўзлёце ядра ляжалі і які быў рухам прыціснуты да самага дна, разабралі не без цяжкасці. Часткі яго акуратна паставілі каля сценак, — яны маглі яшчэ спатрэбіцца.
Нарэшце, унізе ядра знайшлі акно з надзвычай тоўстым шклом. Мішэль Ардан стаў перад гэтым акном на калені.
Акно было цёмнае, нібы задымленае.
— Ну што-ж? Ну дзе-ж? — ускрыкнуў ён. — Дзе Зямля?
— Зямля? — сказаў Барбікен. — Ды вось Зямля!
— Гэта? Вось гэта вузенькая палоска? Гэты срабрысты сярпок?
— Зразумела, Мішэль. Праз чатыры дні будзе поўнік, і, калі мы заляцім на Луну, Зямля здасца зусім іншай. Цяпер мы бачым яе ў выглядзе расцягнутага сярпа. Гэты серп таксама хутка знікне, і тады на некаторы час Зямлю закрые цёмны цень. Будзе «новазямелле».
— Дык вось яна, Зямля! Вось Зямля! — паўтараў Ардан, гледзячы ва ўсе вочы на скромную палоску роднай планеты.
Барбікен растлумачыў правільна. Зямля ў адносінах да снарада ўваходзіла ў сваю апошнюю квадру.
Святло яе сярпа было нейкае сіняватае ад густой атмасфернай абалонкі і не такое яркае, як звычайны серп Луны, але размеры яго здаваліся куды большымі; ён здаваўся нейкім велізарным, расцягнутым па небе лукам. Некаторыя пункты, асабліва ў яго ўвагнутай частцы, былі ярка асветлены і гаварылі аб існаванні высокіх гор; усе гэтыя ярка асветленыя пункты часам знікалі пад густымі плямамі, якіх ніколі не відаць на паверхні луннага дыска. Гэта былі размешчаныя вакол зямнога шара кольцы воблакаў.
Аднак, можна было бачыць увесь контур зямнога шара. Дзякуючы адсвету ад Луны поўны яе дыск відаць быў даволі ясна, хаця і не так, як звычайна відаць дыск Луны, не асветлены сонцам.
Падарожнікі шчыра стараліся пранізаць вачыма непраглядную цемру прасторы, як раптам перад імі рассыпаўся мігатлівы букет падаючых зор. Сотні балідаў загараліся ад дотыку з атмасферай і прарэзвалі цемру бліскучымі агнявымі лініямі і спярэшчвалі попельную частку дыска сваім мігатлівым святлом.
Мішэль Ардан, пакідаючы ў баку навуковыя тлумачэнні, суцяшаў сябе думкаю, што родная Зямля ласкава выпраўляе сваіх дзяцей, суправаджаючы зорнымі фейерверкамі.
Зямны шар, дзе яны пакінулі ўсё, што было ім у жыцці міла і дорага, быў ледзь прыкметнай велічынёй у прасторы, здаваўся знікаючым сярпом.
Тры таварышы доўга моўчкі глядзелі ўдалячынь.
А ядро ўсё неслася і неслася, хоць скорасць яго паступова змяншалася.
Праз некаторы час падарожнікі захацелі спаць. Следам за вельмі ўзбуджаным станам, у якім яны знаходзіліся апошнія гадзіны на Зямлі, немінуча павінна была прыйсці стомленасць.
— Проста з ног валіць! — прагаварыў Ардан. — Ну што-ж, нічога не зробіш! Спаць, дык спаць!
Яны паляглі на матрасах, і неўзабаве ўсе трое заснулі глыбокім сном.
Але не праспалі яны і чвэрці гадзіны, як раптам Барбікен устае, пачынае будзіць таварышоў і на ўвесь голас крычыць:
— Знайшоў! Ведаю! Знайшоў!
— Што знайшоў? Што? — ускрыквае Мішэль Ардан, падскакваючы на матрасе.
— Прычыну, чаму мы не чулі стрэлу калумбіяды?
— Якая-ж прычына? — запытаў Ніколь.
— Снарад ляціць хутчэй чым гук! Мы перагналі гук[3]. Ядро наша імчалася хутчэй, чым гук ад выбуху!
- ↑ Балідамі называюцца наогул камяністыя ці металічныя масы, якія падаюць часам на Зямлю. Пападаючы ў зямную атмасферу, яны, сустракаючы супраціўленне паветра, распальваюцца да яркага свячэння.
- ↑ Ф. Пці — дырэктар Тулузскай абсерваторыі, французскі астраном, які жыў у першай палове мінулага стагоддзя. Яго тэорыю існавання другога спадарожніка Зямлі ў сучасны момант не прызнае большаць астраномаў.
- ↑ Скорасць гуку ў паветры роўна не больш 330 метрам у секунду, а ядро мела пачатковую скорасць 11 000 метраў у секунду.