З пушкі на Луну/Навакол Луны/I
← Новае свяціла | I. Ад 10 гадз. 20 мін. да 10 гадз. 47 мін. вечара Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
Першыя поўгадзіны → |
РАЗДЗЕЛ І
Ад 10 гадз. 20 мін. да 10 гадз. 47 мін. вечара
Мішэль Ардан, Барбікен і Ніколь развіталіся са сваімі зямнымі прыяцелямі роўна ў дзесяць гадзін. Два сабакі, якія прызначаліся для размнажэння сабачай пароды на Луне, ужо сядзелі ў ядры.
Падарожнікі спыніліся каля адтуліны вялізнай чыгуннай трубы, і іх апусцілі пры дапамозе крана да верху ядра.
Адсюль яны прабраліся ў свой алюмініевы вагон. Вяроўкі і блокі тут-жа выцягнулі наверх, і жэрла калумбіяды вызвалілася ад усіх рыштаванняў.
Апынуўшыся з таварышамі ў ядры, Ніколь адразу пачаў зачыняць яго адтуліну моцнай дошкай, якая прытрымлівалася знутры націскнымі вінтамі; іншыя шчыльна прыгнаныя дошкі закрывалі тоўстае выпуклае шкло ілюмінатараў.
Падарожнікі герметычна закупорыліся ў сваёй металічнай турме і апусціліся ў найглыбейшую цемру.
— Ну, дарагія прыяцелі, — сказаў Ардан, — цяпер вы, калі ласка, не цырамоньцеся і будзьце як дома. Я выдатна гаспадарнічаю. Перш за ўсё трэба як можна выгодней і ўтульней размясціцца ў нашай новай кватэры. Я знаходжу, што ў нас цемнавата. Але-ж нездарма вынайдзен газ. Скарыстаем добрадзейную вынаходку!
З гэтымі словамі бесклапотны француз чыркнуў запалкай аб падашву свайго бота[1]; агеньчык успыхнуў, і ён паднёс яго да ражка, дзе знаходзіўся свяцільны газ.
Газ загарэўся.
Ядро асвятлілася, і пасажыры ўбачылі камфартабельны пакойчык, з прыгожымі аксамітнымі шпалерамі і круглымі канапамі.
Усе прадметы, якія тут знаходзіліся, — зброя, пасуда, інструменты, — былі шчыльна прыгнаны да зробленых для іх месц і пракладзены ватай, так што маглі вытрымаць самае сільнае страсенне.
Мішэль Ардан акуратна ўсё агледзеў і аб’явіў, што вельмі здаволены сваім новым памяшканнем.
— Праўда, гэта турма, — сказаў ён, — але турма рухомая, падарожнічаючая, і калі-б мне яшчэ можна было глядзець у акенца, дык я, напэўна, ахвотна згадзіўся-б хоць сто гадоў насіцца такім манерам у сусветнай прасторы. Каб заключыў хто-небудзь са мною такую ўмову, я падпісаў-бы кантракт без усякіх сумненняў і ваганняў… сапраўды! Ты чаго ўсміхаешся, Барбікен, га? Ты можа, думаеш, што гэты снарад будзе нашай труной? Ну што-ж! Труной, дык труной!
Між тым Барбікен і Ніколь заканчвалі апошнія падрыхтаванні.
Хранометр Ніколя паказваў дваццаць мінут адзінаццатай.
Ён быў пастаўлены па хранометру інжынера Мерчызона. Барбікен паглядзеў на яго і сказаў:
— Таварышы, цяпер дакладна дваццаць мінут адзінаццатай. У дзесяць гадзін сорак шэсць мінут і сорак секунд Мерчызон пусціць электрычную іскру па дроце, які злучаецца з зарадам калумбіяды. Значыцца, нам застаецца прабыць на Зямлі ўсяго толькі дваццаць шэсць мінут.
— Дваццаць шэсць мінут і сорак секунд, — заўважыў дакладны і акуратны Ніколь.
— Што-ж, хіба гэта мала? — выкрыкнуў бесклапотна Ардан. — За дваццаць шэсць мінут можна зрабіць безліч спраў. Можна не толькі абмеркаваць самыя важныя маральныя і палітычныя пытанні, але нават і вырашыць іх. Калі дваццаць шэсць мінут скарыстаць разумна, дык яны варты дваццаці шасці гадоў. Што мінуты! Некалькі секунд Паскаля ці Н’ютона, не ў прыклад, важней, чым цэлае жыццё бескарыснага натоўпу дурняў і дармаедаў. Куды важней, карысней, даражэй…
— Ну, і што-ж ты з гэтага выводзіш, неўгамаваны гаварун? — запытаў Барбікен.
— Выводжу толькі тое, што нам застаецца прабыць на Зямлі цэлых дваццаць шэсць мінут.
— Цяпер толькі дваццаць чатыры, — паправіў Ніколь.
— Добра, толькі дваццаць чатыры, мой дарагі капітан, дваццаць чатыры мінуты, за якія можна добра абмеркаваць…
— Мішэль, — перабіў яго Барбікен, — у нас будзе даволі часу для розных абмеркаванняў у часе пералёту, цяпер лепш было-б заняцца ад’ездам.
— Хіба не ўсё гатова?
— Разумеецца, усё гатова, але неабходна ўжыць яшчэ некаторыя меры перасцярогі, каб аслабіць, наколькі магчыма, першы штуршок.
— Ды хіба ты забыў пра сваю ваду між перагародкамі? Яе пругкасць забяспечыць нас ад усякага штуршка.
— Спадзяюся, што забяспечыць, Мішэль, — мякка і ціха даказваў яму Барбікен. — Спадзяюся, але не ўпэўнен.
— Што? Не ўпэўнен? Які гусак! Ах, забаўнік! Ён «спадзяецца»! Ён не ўпэўнен! І гэта ён чакаў, пакуль нас закупораць, каб парадаваць такой вестачкай! Я патрабую, каб мяне зараз-жа выпусцілі з гэтай пасткі!
— Ды як-жа цяпер цябе выпускаць? — запытаў Барбікен.
— Праўда, яно цяпер, вядома, цяжкавата. Мы ў вагоне, і праз дваццаць чатыры мінуты свісне кандуктар.
— Праз дваццаць, — паправіў Ніколь.
Некалькі імгненняў падарожнікі глядзелі адзін на аднаго; затым агледзелі ўсе свае рэчы.
— Усё як след, — сказаў Барбікен, — усё на сваім месцы. Ну, цяпер трэба вырашыць, як-бы лепш размясціцца, каб лягчэй вытрымаць штуршок ад стрэлу. Якое палажэнне выгадней прыняць? Перш за ўсё трэба прыняць меры, каб кроў не вельмі сільна ўдарыла ў галаву.
— Цалкам згаджаюся са справядлівай заўвагай, — сказаў Ніколь.
— Дык станем дагары нагамі, як клоўны ў цырку! Так будзе выдатна, — ускрыкнуў Ардан.
І ён ужо зусім падрыхтаваўся стаць на галаву.
— Не, не, — засупярэчыў Барбікен, — лепш за ўсё ляжам на бок. Лежачы на баку, мы лягчэй знясем штуршок. Заўважце, што ў той момант, калі ядро паляціць, ці будзем мы ўнутры ядра ці перад ядром, гэта амаль адно і тое-ж.
— Калі гэта амаль адно і тое-ж, то я зусім спакойны, — сказаў Мішэль Ардан.
—А вы, Ніколь, ухваляеце маю думку? — запытаў Барбікен.
— Цалкам ухваляю, — адказаў Ніколь. — Застаецца яшчэ трынаццаць мінут з палавінаю.
— Гэты Ніколь не чалавек, — ускрыкнуў Мішэль Ардан, — а хадзячы хранометр, з секунднікам на васьмі каменях…
Але таварышы ўжо не слухалі яго; з непарушнай спакойнасцю яны заканчвалі апошнія зборы.
Гледзячы на іх з боку, іх можна было палічыць двух акуратных падарожнікаў, якія ўселіся ў вагон і стараюцца размясціцца як мага камфартабельней.
У снарад былі пакладзены тры тоўстыя, туга набітыя сеннікі. Ніколь і Барбікен выцягнулі іх на сярэдзіну рухомай падлогі. На гэтых сенніках падарожнікі павінны былі легчы за некалькі хвілін да стрэлу.
Неугамонны Ардан круціўся і кружыўся ў цеснай пастцы, як ён называў сваё памяшканне, звяртаўся да таварышоў, гаварыў з сабакамі.
— Эй, Дыяна, сюды! Спутнік! Спутнік! Ка мне! Харошыя сабакі! Цудоўныя сабакі! Мы з вамі навучым лунных сабак зямным прыгожым манерам! Мы адзначымся на Луне! Чорт вазьмі! Толькі-б нам назад вярнуцца, а ўжо мы напэўна прывязем з сабою новую пароду, лунную, якая зробіць страшэнны фурор.
— Прывязем, калі сабакі водзяцца на Луне, — заўважыў Барбікен.
— Разумеецца, водзяцца, — упэўнена сказаў Мішэль Ардан.
— Там водзяцца і коні, і каровы, і арлы, і куры. Б’юся аб заклад, што мы знойдзем там курэй!
— Добра, закладаю сто далараў, што іх там няма, — аб’явіў Ніколь.
—Добра, добра, капітан! — усклікнуў Ардан паціскаючы руку Ніколю. — Прайграеш, найдаражэйшы! Ты-ж ужо тры разы прайграў! Ты біўся аб заклад, што мы ніколі не збярэм капітала, неабходнага для нашай справы, што аперацыя адлівання не ўдасца і што калумбіяду не ўдасца зарадзіць без няшчаснага выпадку, — біўся-ж? А капітал сабралі, адліванне ўдалося выдатна, калумбіяду зарадзілі вельмі шчасліва. Ты, значыцца, прайграў 6000 далараў.
— Так, прайграў, — пацвердзіў Ніколь, — 10 гадзін 37 мінут і 6 секунд.
— Цудоўна, капітан. Не міне, значыцца, і чвэрці гадзіны як табе прыдзецца ўжо адлічваць прэзідэнту дзевяць тысяч далараў: чатыры тысячы за тое, што калумбіяду не разарве, і пяць тысяч за тое, што ядро заляціць далей, чым на шэсць міль.
— Што-ж, далары са мною, — адказаў Ніколь, спакойна пляснуўшы па сваёй кішэні, — я з ахвотаю разлічуся.
— Ты страшэнна акуратны і дабрадзейны чалавек, Ніколь. Мне вось ніяк не ўдаецца стаць такім, як я ні стараюся. А ведаеш, ты біўся аб заклад вельмі для цябе невыгадны.
— Чаму так?
— Ды таму, што калі ты і выйграеш, значыцца, калумбіяду разарве, а з ёй і снарад… Але тады як-жа Барбікен умудрыцца заплаціць табе пройгрыш?
— Мая стаўка пакладзена ў Балтыморскі банк, — умяшаўся Барбікен, — і калі Ніколя разарве ў прасторы, грошы астануцца яго наследнікам.
— Фу ты, што за практычныя людзі! — ускрыкнуў Ардан. — Дзіўлюся з вас, але не разумею вас!
— Сорак дзве мінуты адзінаццатай! — сказаў Ніколь.
— Застаецца ўсяго пяць мінут, — сказаў Барбікен.
— Так, усяго толькі пяць мінутачак! — усклікнуў Мішэль Ардан. — І вось мы закупораны ў ядры, на дне пушкі ў трыста метраў! І пад гэтым ядром паўтараста тон піраксіліна. І прыяцель наш Мерчызон, з хранометрам у руцэ, утаропіўся цяпер на стрэлку, паклаў палец на электрычны апарат, лічыць секунды і рыхтуецца швырнуць нас у міжпланетную прастору.
— Будзе, Мішэль, пакінь смяяцца! — сказаў Барбікен сур’ёзна, — усяго некалькі секунд засталося… Давайце руку, прыяцелі!
— Так, так, усяго некалькі секунд, — прагаварыў Ардан, прычым больш захваляваўся, чым гэтага жадаў.
Яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі.
Ардан і Ніколь ляглі на сенніках.
— Дзесяць гадзін сорак шэсць мінут! — прашаптаў Ніколь.
Засталося ўсяго сорак секунд.
Барбікен праворна патушыў газ і лёг каля таварышоў.
Ціша парушалася толькі стукам хранометра.
Раптам адчулі страшнае страсенне…
Ядро, паддаючыся ціску страшэннай колькасці газаў, якія развіліся ад выбуху піраксіліна, узляцела ў прастору…
- ↑ Запалкі ранейшага ўзору (так званыя фосфарныя) запальваліся ад трэння аб усякую шурпатую паверхню.