Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Навакол Луны/III

З пляцоўкі Вікікрыніцы
II. Першыя поўгадзіны III. Падарожнікі ўладжваюцца
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
IV. Крыху алгебры

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ІІІ

Падарожнікі ўладжваюцца

Адразу-ж пасля гэтага цікавага паведамлення Барбікен і яго абодва таварышы зноў заснулі. Ды і дзе, скажыце, можна было знайсці больш ціхае і спакойнае месца для сну і адпачынку? На Зямлі ўсе гарадскія дамы, усе вясковыя хаціны ўсё-ж больш ці менш адчуваюць страсенні, якія толькі магчымы на паверхні зямнога шара. На моры карабль носіцца на хвалях, і яго бесперапынна трасе і зыбае. У паветры аэрастат заўсёды гойдаецца на атмасферных слаях рознай шчыльнасці.

Толькі гэты снарад, які ляцеў у абсалютнай пустаце, сярод поўнай цішы, мог даць сваім жыхарам паўнейшы спакой.

Сон нашых падарожнікаў працягваўся-б можа бясконца, калі-б раптоўны шум не абудзіў іх у сем гадзін раніцы 2 снежня, роўна праз восем гадзін пасля іх вылету.

— Што гэта? Брэх? — запытаў Мішэль Ардан, праціраючы вочы. — Гэта нашы сабакі!

— Яны, пэўна, прагаладаліся, — заўважыў Ніколь.

— Час прагаладацца! Мы пра іх зусім забылі…

— Дзе-ж яны? — запытаў Барбікен.

Усе ўтраіх пачалі шукаць і аднаго сабаку знайшлі пад канапай.

Першы штуршок так ашаламіў яго, што ён ляжаў у кутку да таго часу, пакуль голад не прымусіў яго забрахаць.

Рахманая Дыяна, здаючыся на просьбы, сарамліва выпаўзала паволі са свайго логава.

Ардан клікаў яго самымі ласкавымі словамі.

— Дыяначка, Дыяна, мілая! — гаварыў ён, — ідзі сюды, мая дарагая! Ідзі, мілае маё дзіця, мая прыгожая! Ідзі сюды, о ты, чый лёс адзначаны ў летапісах! Ідзі сюды, Дыяначка, ідзі сюды, мая радасць! Дыяна паддалася ліслівым прамовам і з жалобным скогытам выпаўзла з-пад канапы.

— Дыяна тут, — сказаў Барбікен, — але дзе-ж Спутнік?

— Спутнік? — паўтарыў Ардан. — І Спутнік, пэўна, недалёка. Ён таксама дзе-небудзь схаваўся. Спутнік, сюды! Спутнік! Спутнік!

Але Спутнік не паказваўся, а Дыяна скагытала жаласна.

Дыяну аглядзелі, знайшлі, што яна не ранена і не скалечана, і яе пачаставалі смачным піражком, пасля чаго яна адразу пакінула жаласна скагытаць.

Доўга шукалі, пакуль, нарэшце, знайшлі Спутніка. Ён ляжаў у верхнім аддзяленні снарада, куды яго падкінула пры штуршку. Бедны сабака моцна пабіўся і меў вельмі жалкі выгляд.

— Якое гора! — усклікнуў Мішэль Ардан. — Вось табе і акліматызацыя…

Спутніка асцярожна знялі ўніз.

Галавою ён стукнуўся аб скляпенне снарада і, здавалася, бадай ці мог ачунець пасля такога ўдару.

Раненага паклалі на падушку, і тут ён вольна ўздыхнуў.

— Бедны Спутнік! Сябра ты мой мілы! — прыгаварваў Ардан. — На нас ляжыць адказнасць за тваё жыццё, галубочак! Ды няхай лепш у мяне адваліцца правая рука, чым прападзе хаця адна лапка ў майго мілага Спутніка!

Ён даў вады пабітай жывёле. Сабака прагавіта пачаў хлябтаць.

Затым цікаўныя падарожнікі зноў пачалі назіраць за Зямлёй і Луной. Зямля ўжо прадстаўлялася ім цяпер у выглядзе попельнага круга, які аблямоўваўся яшчэ больш вузкім сярпом, чым напярэдадні; але ў параўнанні з Луной, якая станавілася ўсё большым і большым кругам, размер сярпа ўсё яшчэ здаваўся вялізным.

— Якая шкода, што мы не вылецелі ў хвіліну поўназямелля, г. зн. калі наш зямны шар быў якраз супроць сонца, — сказаў Ардан.

— Чаму шкода? — запытаў Ніколь.

— Ды мы-б тады ўбачылі ўсе нашы моры і сухазем’і ў новым выглядзе. Моры бліскалі-б, адлюстроўвалі сонечныя праменні, а сухазем’і цямнелі-б так, як іх малююць на некаторых геаграфічных картах. Мне хацелася-б бачыць іменна тыя часткі Зямлі, якіх яшчэ ніколі не бачыў чалавек.

— Зразумела, гэта цікава! — сказаў Барбікен. — Але калі-б Зямля была «поўная», то Луна знаходзілася-б у перыядзе маладзіка. Іншымі словамі, яе не было-б відаць у сонечных праменнях. Я мяркую, што для нас выгадней бачыць тую мэту, да якой мы імкнемся, чым тую кропку, ад якой мы ляцім.

— Ваша праўда, Барбікен, — адказаў Ніколь. — К таму-ж, заўважце, што калі мы даляцім да Луны, то за доўгія лунныя ночы ўдостач наглядзімся на гэты зямны шар, дзе капашацца нашы блізкія.

— Нашы блізкія! — сказаў Мішэль Ардан. — Яны цяпер такія-ж нам блізкія, як селеніты. Мы цяпер, мілы дружа, жывём у асобым свеце, які заселен толькі намі — у снарадзе. Я — блізкі Барбікена, а Баркібен — блізкі Ніколя. Над намі і за намі чалавецтва канчаецца; мы — адзінае насельніцтва гэтага малога свету, да той самай хвіліны, пакуль не станем селенітамі.

— Амаль праз 88 гадзін, — сказаў Ніколь.

— Гэта значыць? — перапытаў Мішэль Ардан.

— Гэта значыць цяпер палова дзевятай, — адказаў Ніколь.

— Палова дзевятай? Я не ведаю, чаму мы не снедаем.

Сапраўды, страўнік жыхароў новай планеты даволі настойліва патрабаваў належнага падмацавання.

Мішэль Ардан, у якасці француза, назваў сябе кухарам і галоўным распарадчыкам па харчовай часці. Гэту ганаровую пасаду яму ахвотна даручылі таварышы.

Газ даў неабходнае цяпло, а ў скрынцы з харчамі знайшлося ўсё неабходнае для першай закускі ў міжпланетнай прасторы.

Спачатку былі паданы тры кубкі смачнага бульёна, які згатавалі з сухіх плітак. За бульёнам падалі біфштэкс, такі сакавіты і далікатны, як быццам яго толькі што згатавалі на парыжскай кухні.

Мішэль, які меў празмернае выабражэнне, запэўняў нават, што біфштэкс гэты «з крывёю».

За мясам былі паданы кансервы з гародніны — «свяжэй свежых», паводле запэўнівання Ардана, і, нарэшце, снеданне закончылася выдатнейшым чаем з тартынкамі, прыгатаванымі на амерыканскі манер. Для заканчэння банкета Ардан дастаў бутэльку выдатнейшага бургонскага, якая «выпадкова» трапіла ў скрынку з запасамі. Само Сонца выбліснула, нібы жадаючы асвятліць гэты скромны банкет. Снарад вышаў з конуса ценю, які даваў зямны шар, і праменні агністага дзённага свяціла ўпалі на ніжнюю частку снарада.

— Сонца! — ускрыкнуў Ардан.

— Канечна, Сонца, — адказаў Барбікен, — і я чакаў яго.

— А паглядзіце-ка: конус ценю, які ідзе ад Зямлі ў прастору, выходзіць за Луну.

— І нават на даволі значную адлегласць, — сказаў Барбікен. — А калі Луна зацягнута гэтым ценем, бывае зацменне. Каб вылецелі мы ў момант луннага зацмення, наша падарожжа адбывалася-б у цемнаце. А гэта было-б вельмі дрэнна.

— Чаму дрэнна?

— Ды таму што, хаця мы і ляцім у пустаце, снарад наш заліты праменнямі Сонца і будзе, значыцца, карыстацца сонечным святлом і цеплынёй. А калі ў нас будуць святло і цяпло, то можна зэканоміць газ, які яшчэ нам вельмі і вельмі спатрэбіцца.

Барбікен гаварыў зусім правільна. Бляск і цяпло гэтых праменняў не стрымліваліся ніякай атмасферай, і снарад пад імі так асвятляўся і награваўся, нібы раптам настала самае цёплае лета. Зверху Луна, а знізу Сонца залівалі снарад сваім бляскам.

— А тут у нас вельмі добра! — заўважыў Ніколь.

— Спадзяюся, што добра! — адказаў Ардан. — Каб дастаць жменьку зямелькі, я-б вам вырасціў тут цукровы гарошак за 24 гадзіны, і з яго зрабілі-б соус. Я, аднак, баюся, як-бы сценкі снарада не ўздумалі расплавіцца.

— Можаш супакоіцца, мілы дружа, — сказаў Барбікен. — Калі снарад ляцеў праз атмасферу, ён вытрымоўваў тэмпературу вышэйшую, чым цяпер. Я ані не здзівіўся-б калі-б жыхары Фларыды палічылі наш снарад за палымнеючы балід.

— Так дружа Мастон мяркуе цяпер, што мы сасмажыліся? — запытаў Ардан.

— Ды я і сам здзіўляюся, што гэтага з намі не здарылася, — сказаў Барбікен. — Вось небяспека, якой мы не прадбачылі.

— Не, я прадбачыў і вельмі гэтага баяўся, — сказаў спакойны Ніколь.

— І ты ні слова не сказаў аб гэтым! — выкрыкнуў Ардан. — О, цудоўны капітан! О, крыніца сілы і цярплівасці!

— Не пашкодзіла-б нам цяпер павыгодней уладзіцца, — сказаў Барбікен.

І прэзідэнт Пушачнага клуба спакойна пачаў уладжвацца, нібы яму прыпадала цэлы век застацца ў снарадзе.

Паветраны вагон у аснове сваёй меў плошчу Ў 5 кв. метраў, а ў вышыню — 6 метраў да верху скляпення. Унутры ён быў вельмі па-майстэрску аздоблены: дарожныя рэчы, паклажа і інструменты ані яго не завальвалі, таму што кожнай рэчы было адведзена асобнае месца. Тоўстае шкло, якое займала частку дна, лёгка магло вытрымліваць вялікі цяжар. Барбікен і яго таварышы спакойна хадзілі па гэтай падлозе і любаваліся, як Сонца, кідаючы на яе свае праменні прама знізу, асвятляла ўнутранасць ядра і рабіла ў ім дзіўныя пералівы святла.

Падарожнікі агледзелі скрынку з вадою і харчамі. Дзякуючы захадам, ужытым для аслаблення штуршка, гэты скарб быў ніколькі не пашкоджаны.

Ніколь заўважыў дрэнны стан паветра па ўчашчанаму дыханню Дыяны. Тут, як у славутай Сабачай Пячоры, вуглекіслата збіралася на дне ядра, з прычыны сваёй вагі, і бедная Дыяна раней за сваіх гаспадароў павінна была выпрабаваць дзеянне гэтага газу.

Ніколь паспяшаўся выправіць памылку. Ён адразу расставіў на дне ядра некалькі пасудзін з растворам едкага калія, — вешчаство, якое можа паглынуць усю вуглекіслату і ачысціць паветра.

Пасля гэтага агледзелі інструменты. За выключэннем аднаго тэрмометра, у якога пабілася шкло, усе тэрмометры і барометры былі цэлыя. Дасталі выдатны металічны барометр (анероід) з скрынкі і павесілі на сцяну. Ён паказваў ціск паветра ўнутры ядра, але забяспечаны быў яшчэ вымяральнікам вільготнасці, паказваючым колькасць вадзяной пары, якая знаходзілася ў ядры.

У даную хвіліну яго стрэлка хісталася між 755 і 760 міліметрамі.

Компасы, якія ўзяў з сабою Барбікен, таксама былі цэлыя і спраўныя. Унутры снарада іх стрэлка, зразумела, блукала, не маючы ніякага пэўнага напрамку. На той адлегласці ад Зямлі, на якой знаходзіўся снарад, магнітны полюс не мог мець адчувальнага ўплыву на апарат. Але, завезеныя на Луну, гэтыя компасы маглі служыць для вельмі цікавых назіранняў.

Таксама агледзелі і гіпсометр для вымервання вышыні лунных гор, і секстант для вызначэння вышыні сонца, і вугламер, і падзорныя трубы, якія павінны былі адыгрываць вельмі важную ролю з набліжэннем да Луны. Усе яны аказаліся спраўнымі.

Рабочыя прылады — кіркі, лапаткі і іншыя, — якія ўзяў з сабою Ніколь, рознае насенне і дрэўцы, якія Ардан задумаў перанесці на лунную глебу, — усё складзена было на сваіх месцах, у верхніх кутках ядра.

Там зроблена было нешта накшталт палацей, якія закіданы былі горамі нейкіх прадметаў. Што іменна захоўвалася там у запаслівага француза, ён не гаварыў таварышам; яны маглі толькі бачыць, што час ад часу ён лазіў у гэты патаемнік па прымацаваных да сцяны прыступках і наводзіў там, здавалася, нейкі парадак. Ён нешта аглядаў, правяраў, перабіраў, адчыняў і зачыняў нейкія скрынкі, прычым спяваў даволі фальшыва даўнія французскія песенькі.

Барбікен быў вельмі заклапочаны тым, каб засцерагчы ад папсуцця ракеты. Гэтыя снарады, моцна зараджаныя, павінны былі аслабіць падзенне ядра, калі захопленае лунным прыцяжэннем, яно пачне падаць на паверхню Луны. Аднак, дзякуючы таму, што сіла луннага прыцяжэння ў шэсць разоў меншая, чым сіла зямнога прыцяжэння, падзенне на Луну павінна было быць у шэсць разоў павальнейшае, чым на Зямлю.

Закончыўшы праверку, падарожнікі зноў пачалі назіраць за прасторай у бакавыя і ў ніжнія вокны.

Від быў той-жа самы. Уся прастора нябеснай сферы была запоўнена сузор’ямі неапісальнай яркасці. Астраном мог-бы звар’яцець ад захаплення.

З аднаго боку ззяла Сонца. Дзённае свяціла з’яўлялася асляпляючым дыскам, як жэрла раскаленай печы, і рэзка вырысоўвалася на чорным фоне неба.

З другога боку блішчэла Луна. Яна вісела як-бы нерухома сярод цудоўнага зорнага свету. Відаць была даволі цёмная пляма, яна нібы разрывала неба і была акружана срабрыстым беражком: гэта была Зямля.

Далей, сям-там відаць былі туманныя масы, як быццам вялізныя камякі зорнага снегу, і велічэзны пояс, утвораны пылам зор, — Млечны шлях.

Назіральнікі доўга не маглі адарваць вачэй ад відовішча, такога новага, такога захапляючага! Колькі думак, колькі новых адчуванняў навеяла гэта дзіўная карціна!..

Барбікен пад уражаннем усяго гэтага задумаў пачаць апісанне свайго падарожжа; ён адзначаў гадзіну за гадзінай усе факты. Ён пісаў непаспешна, спакойна, буйным чатырохвугольным почыркам і некалькі камерцыйнай мовай.

Ніколь тым часам праглядаў свае вылічэнні; ён з незвычайнай спрытнасцю распараджаўся лічбамі.

Ардан пачынаў гутарку то з Барбікенам, які яго не слухаў, то з Ніколем, які яму не адказваў, то з Дыянай, якая зусім не разумела яго тэорыі, або, урэшце, гутарыў сам з сабою, задаваў сабе пытанні, адказваў на іх, круціўся, шмыгаў то туды, то сюды, то прысядаў на кортачкі перад ніжняй рамай, то лез на самы верх снарада — і ва ўсіх гэтых палажэннях няўмоўкаючы спяваў.

Недарма-ж ён быў француз.

Дзень, ці, праўдзівей кажучы, 12-гадзінны перыяд, які складаў дзень на Зямлі, закончыўся майстэрскі згатаванай вячэрай.

Нішто не парушала спакою падарожнікаў, і яны ціха заснулі.

А снарад, з усё меншай скорасцю, нёсся па нябеснаму шляху.