Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XXVII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XXVI. Зацягнутае неба XXVII. Новае свяціла
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
Ад 10 гадз. 20 мін. да 10 гадз. 47 мін. вечара

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХVІІ

Новае свяціла

У гэтую-ж ноч праляцела даўно жаданая, поўная жыцця вестка з Лонгспіка па ўсіх Злучаных Штатах, а затым перакінулася па атлантычнаму кабелю і тэлеграфнаму дроту ва ўсе культурныя цэнтры зямнога шара.

Вестка гэтая ўразіла грамадскую думку, нібы маланка.

Ядро калумбіяды, нарэшце, было заўважана, дзякуючы каласальнай трубе Лонгспіка.

Вось тэкст падрабязнага паведамлення дырэктара Кембрыджскай абсерваторыі. У ім дано навуковае заключэнне аб выніках дзіўнага велічнага доследа Пушачнага клуба.

ЧЛЕНАМ СОВЕТА КЕМБРЫДЖСКАЙ АБСЕРВАТОРЫІ

„Снарад, выпушчаны калумбіядай з Стонзхіла, убачылі мы, Бельфаст і Мастон, 12-га снежня ў 8 гадзін 17 мінут вечара, у момант уступлення Луны ў апошнюю яе квадру. Снарад не даляцеў да месца прызначэння. Ён праляцеў міма Луны, але настолькі блізка, што яго прамалінейны рух ператварыўся ў крывалінейны з незвычайна вялікай скорасцю. У сучасны момант ён рухаецца вакол Луны па эліптычнай арбіце, стаўшы такім чынам сапраўдным спадарожнікам Луны. Элементы гэтага новага нябеснага цела яшчэ не могуць быць вызначаны. Невядомы час абарачэння яго вакол Луны, працягласць абароту каля асі. Цяперашнюю-ж адлегласць яго ад паверхні Луны можна прыблізна прыняць за 18 000 кілометраў.

З прычыны гэтага маюцца дзве гіпотэзы аб далейшым руху ядра калумбіяды: або прыцяжэнне Луны перавысіць астатнія ўплывы, і тады падарожнікі дасягнуць мэты падарожжа; або, нязменна захоўваючы тую-ж арбіту, ядро вечна будзе круціцца вакол Луны. Які выхад прыме рух ядра — пакажа будучае; у сучасны-ж момант можна толькі сказаць, што спроба Пушачнага клуба мела той рэзультат, што сонечная сістэма ўзбагацілася яшчэ адным нябесным целам.

Бельфаст“.

Колькі пытанняў выклікала адразу гэта нечаканая развязка! Колькі яшчэ невядомага стала для навуковых выведванняў!

Дзякуючы адважнасці трох чалавек і іх шчырай адданасці навуцы такая лёгкадумная з выгляду зацея, як стрэл у Луну, дала ўжо велізарны рэзультат, абяцаючы мноства непрадбачаных вынікаў. Калі адважныя падарожнікі і не дасягнулі непасрэднай мэты, то ўсё-ж яны праніклі ў лунны свет. Яны цяпер, як новае свяціла, «абарачаліся» вакол спадарожніка Зямлі, і ўпершыню чалавечае вока магло з такой блізкай адлегласці заглядаць у таемнасці луннай паверхні. Імёны Ардана, Барбікена і Ніколя павінны назаўсёды застацца памятнымі ў летапісах астраноміі, бо гэтыя адважныя даследчыкі, імкнучыся пашырыць аб’ём чалавечых ведаў, смела рынуліся ў нябесную прастору, аддаўшы жыццё за поспех небывалай, самай арыгінальнай справы навейшых часоў.

Як-бы там ні было, вестка з Лонгспіка выклікала ва ўсім свеце здзіўленне і жах.

Ці магчыма чым-небудзь дапамагчы тром землякам-героям? Відаць, не, таму што яны вышлі за межы дасягальнасці для жыхароў Зямлі.

Ці жывы яны? А калі жывы, то харчоў у іх усяго на год, паветра на два месяцы. Што-ж з імі будзе потым?..

Пры гэтым страшным пытанні сціскалася сэрца ў самых чорствых людзей.

Адзін толькі чалавек не хацеў дапусціць, што становішча безнадзейнае.

Адзін толькі верыў, што будуць выратаваны падарожнікі. Гэта быў іх адданы друг, такі-ж смелы і рашучы, як яны, — паважаны Дж. Т. Мастон.

К таму-ж ён не спускаў іх з вачэй. Назіральная пляцоўка ў Лонгспіку стала яго жыллём; люстра каласальнай трубы — адзіным для яго светам. Як толькі Луна паказвалася каля гарызонта, ён адразу ўключаў яе ў поле зроку тэлескопа, ні на хвіліну не спускаючы яе з вачэй, напружана сочачы за яе рухамі ў асяроддзі нябесных сузор’яў. З нязменнай, дзіўнай цярплівасцю чакаў ён «праходжання» ядра спадарожніка цераз лунны дыск, і сапраўды можна сказаць, што Мастон меў пастаянную сувязь — хаця-б толькі астранамічную, — з яго трыма прыяцелямі. Разумеецца, ён шчыра верыў, што яны шчасліва вернуцца на зямлю.

— Мы спачатку наладзім сігналізацыю, перапіску з імі, — заўсёды гаварыў ён усім, хто хацеў яго слухаць. — Наладзім абавязкова, як толькі акалічнасці дазволяць. Атрымаем ад іх навіны і перашлём ім свае. Я іх ведаю, гэта людзі вынаходлівыя, прама сказаць — геніяльныя. Яны ўзялі з сабою не толькі паветра і харчы, але і ўсе багацці мастацтва і ведаў. А з такімі багаццямі можна дасягнуць усяго. Успомніце маё слова: яны выберуцца з свайго становішча — яны вернуцца да нас на Зямлю.