Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XXVI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XXV. Стрэл XXVI. Зацягнутае неба
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XXVII. Новае свяціла

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХVІ

Зацягнутае неба

Калі з калумбіяды разам з ядром вырваўся непамерны сноп полымя, ён асвятліў усю Фларыду, а ў Стонзхільскім стэпе, на вялікую адлегласць ноч на момант стала днём. Вогненны слуп — дакладней вогненны парасон — бачылі ў Атлантычным акіяне і ў Мексіканскім заліве на адлегласці больш паўтараста кілометраў. Многія капітаны суднаў запісалі ў свае дарожныя журналы з’яўленне велізнага метэора.

Стрэл калумбіяды суправаджаўся сапраўдным страсеннем глебы па ўсёй Фларыдзе. Піраксілінавыя газы, якія вырваліся з жэрала гіганцкай пушкі, з незвычайнай сілай пахіснулі ніжнія слаі атмасферы, і гэты штучны ўраган пранёсся каласальным смерчам з хуткасцю, у шмат разоў перавышаючай хуткасць самага заўзятага цыклона.

Ніводзін глядач не ўтрымаўся на нагах: дзеці, жанчыны, мужчыны — усе паваліліся на зямлю, як калоссе, паваленае бурай. Стварылася невыабражальная мітусня; многія атрымалі сур’ёзныя ўшыбы. Мастон, які, насуперак разважнасці, падаўся вельмі ўперад, за вызначаную для гледачоў гранічную рысу, быў адкінуты на некалькі метраў назад і, праляцеўшы, нібы снарад, цераз галовы многіх, упаў у натоўп. Тысяч трыста чалавек заставалася некалькі хвілін зусім глухімі, нібы на іх напала аслупяненне.

Паветраны ток, створаны стрэлам калумбіяды, умомант абярнуў хаціны і дробныя будыніны вакол Стонзхіла, вырваў з коранем мноства дрэў на дзесяткі кілометраў навокал, пагнаў паязды да Тампа і, зваліўшыся лаваю на гэты горад, паваліў з сотню дамоў. У гавані сутыкнуліся некалькі суднаў і затанулі; з дзесятак караблёў, што стаялі на якарах у дальнім рэйдзе, парвалі свае якарныя ланцугі, як папяровыя ніткі, пасля чаго іх адразу выкінула на бераг, на пясок.

Спусташэнні пайшлі яшчэ далей па Фларыдзе і не абмежаваліся нават тэрыторыяй Злучаных Штатаў. Штучны віхор, створаны выбухам піраксіліна і, у дадатак, павялічаны дзеяннем заходняга ветру, пранёсся над Атлантычным акіянам кілометраў на пяцьсот ад амерыканскага берагу. Разбушавалася лютая стыхія, не прадбачаная і не прадсказаная ніякімі абсерваторыямі. Страшэнны смерч знянацку захапіў некалькі парусных суднаў, якія загінулі раней, чым паспелі зняць парусы. Між іншым афярай гэтай выпадковай буры стаў вялікі камерцыйны карабль «Чайльд-Гарольд» з Ліверпуля. Гэта сумная катастрофа выклікала буру нараканняў з боку Англіі.

Нарэшце, каб не прапусціць ніводнага сведчання аб гэтай буры, трэба сказаць, што, прыблізна праз поўгадзіны пасля стрэлу калумбіяды туземцы Сіера-Ліёна і Гарэі чулі на працягу некалькіх імгненняў глухі шум: гэта быў гул ад апошніх раскатаў гукавых хваль, што пранесліся з Фларыды да Заходняй Афрыкі, цераз усю шыр Атлантычнага акіяна.

Аднак, сцвярджэнне гэта заснавана толькі на апавяданнях нямногіх туземцаў-неграў.

Што-ж адбылося ў Фларыдзе, на месцы стрэлу?

Пасля першай хвіліны замяшання натоўп — і раненыя, і аглушаныя, і паваленыя на зямлю, — адным словам, мільёны гледачоў апрытомнелі, і паветра задрыжэла ад шалёных крыкаў:

— Ура Ардану! Ура Барбікену! Ура Ніколю!

Затым да неба накіраваліся дзесяткі тысяч бінокляў, ларнетаў, падзорных труб. Забыўшы ранейшыя хваляванні, забыўшы аб ударах і ранах, гледачы ўсе думкі накіравалі ў нябесную прастору, спрабуючы знайсці чорную кропку, якой павінен быў стаць паляцеўшы ўверх снарад. Але ўсе старанні засталіся дарэмнымі. Прышлося змірыцца з думкаю, што неабходна чакаць тэлеграм з Лонгспіка.

Дырэктар Кембрыджскай абсерваторыі Дж. Бельфаст быў ужо на сваім пасту, у Скалістых гарах: яму, як астраному, вядомаму сваёй вопытнасцю і цярплівасцю, былі даручаны назіранні за палётам снарада. Але і ён нічога не бачыў…

Адбылася з’ява зусім нечаканая, — хаця яе, уласна кажучы, можна было прадбачыць, — перашкода неперамагальная, якая выключала ўсякую магчымасць астранамічных назіранняў за ядром калумбіяды.

Справа ў тым, што яснае ў апошнія дні надвор’е раптоўна змянілася: усё неба завалаклі густыя чорныя хмары. Ды ці магло быць інакш пасля такога страшэннага змяшчэння атмасферных слаёў і раптоўнага рассейвання вялікай колькасці газаў і пары ад выбуху паўтараста тон піраксіліна? Роўнавага атмасферы незвычайна парушылася.

На другі дзень сонца ўзышло над гарызонтам, закрытым хмарамі, нібы цяжкай і непрынікальнай заслонай, якая разаслалася на нязмерную адлегласць, ахапіўшы нават Скалістыя горы. Гэта было няшчасце, насмешка. З усіх канцоў Злучаных Штатаў узняліся нараканні. Але прыродныя законы былі неадхільны: жыхары Зямлі самі скалыхнулі атмасферу стрэлам калумбіяды і цяпер павінны былі цярпліва зносіць вынікі свайго ўчынку.

Дарма ўвесь дзень паглядвалі дзесяткі тысяч людзей на неба ў надзеі, што хмары разыйдуцца. Можна дадаць, што імкненні іх былі зусім дарэмнымі, бо і пры чыстым небе ніхто ў Фларыдзе нават у самую сільную трубу не ўбачыў-бы снарада.

Сапраўды, снарад ляцеў у напрамку, які ён атрымаў пры стрэле ноччу, а Зямля, з прычыны сутачнага вярчэння, была ўдзень павернута да процілеглага боку неба.

Таму спрактыкаваныя людзі і астраномы чакалі ночы. Настала ноч, але Луна не паказалася: зразумела яна своечасова ўзышла над гарызонтам, але заставалася зусім нябачнай з-за густых, непранікальных хмар, — нібы наўмысля хавалася ад позіркаў дзёрзкіх смяротных, якія адважыліся ў яе страляць. Назіранні былі зусім немагчымы не толькі ў Фларыдзе, але і на нязмернай прасторы Паўночнай Амерыкі, і тэлеграма з Лонгспіка толькі пацвердзіла гэту прыкрую перашкоду.

Аднак, калі дослед удаўся, адважныя падарожнікі, што пакінулі Зямлю 1-га снежня, а 10 гадзіне 45 мінут вечара, павінны былі даляцець да Луны 4-га, а паўначы. Гэта мысль суцяшала грамадскую думку, і да 4-га снежня публіка параўнальна лёгка мірылася з немагчымасцю астранамічных назіранняў; да таго-ж кожны, нарэшце, зразумеў, што толькі ў вялізны тэлескоп Лонгспіка можна было ўлавіць ядро ў час яго палёту.

Ужо 4-га снежня, у яснае надвор’е, ад васьмі вечара да паўночы, можна было-б убачыць снарад, як чорную кропку, каля бліскучай паверхні Луны… Але неба заставалася па-ранейшаму непранікальным для Паўночнай Амерыкі, і амерыканцы зноў раззлаваліся на Луну. Многія дайшлі да таго, што лаялі яе і пракліналі яскравы прыклад нясталасці жыхароў Зямлі, якія толькі што перад гэтым так шчодра расхвальвалі Луну ў самых ласкавых выразах.

Паважаны сакратар Пушачнага клуба ўпаў у роспач. Урэшце, ён не вытрымаў і паспешна накіраваўся ў Лонгспік. Мастон вырашыў, што ён павінен сам назіраць. Ён не сумняваўся, што яго прыяцелі праляцелі ўжо свой шлях. Калі-б падарожжа не ўдалося, снарад упаў-бы назад на Зямлю — на які-небудзь мацярык ці востраў, і аб гэтым у тую-ж хвіліну тэлеграфавалі-б. Праўда, ядро магло ўпасці і ў акіян, які займае тры чвэрці зямной паверхні, — упасці далёка ад тэлеграфа і людзей, — але Мастон ні на міг не дапускаў такой мыслі. Ён верыў у поспех падарожжа.

Настала 5-е снежня і пры такім-жа надвор’і… Тэлеграф паведаміў, што ў Еўропе цудоўнае бязвоблачнае неба і што ўсе вялізныя тэлескопы Старога Свету — трубы Гершэля, Роса, Фуко і іншыя — нязменна накіраваны на зямнога спадарожніка. Дадавалася яшчэ, што на паверхні Луны нічога новага не відаць. Яно і зразумела: гэтыя трубы былі вельмі слабыя для таго, каб заўважыць снарад калумбіяды.

6-га снежня па ўсёй Паўночнай Амерыцы — тое-ж надвор’е. Грамадская нецярплівасць дайшла да вышэйшага пункту напружання. Пачалі выдумляць самыя недарэчныя планы, каб штучным шляхам разагнаць згушчаную ў атмасферы пару.

7-га снежня неба паказалася крыху іншым: воблакі пачалі як быццам разыходзіцца. Амерыканцы павесялелі, але не надоўга — к вечару хмары зноў зацягнулі неба, і зноў не было відаць ні Луны, ні зор.

Справа прымала трывожны, вельмі дрэнны напрамак. Луна бесперапынна змяншалася. 11-га снежня, а 9 гадзіне 11 мінут раніцы павінна была настаць апошняя яе квадра, і з кожным днём к Сонцу паварочвалася ўсё меншая і меншая частка таго паўшар’я Луны, якое відаць з Зямлі. А праз 7 дзён настаў маладзік — час, калі ўсход і заход Луны супадаюць з усходам і заходам Сонца. Тады Луну не ўбачыш ні ў якія астранамічныя трубы…

Праз некалькі дзён Луна павінна была паказацца, але яшчэ тонкім сярпом, а ў астатняй, амаль неасветленай яе частцы нельга было-б убачыць снарад калумбіяды нават пры дапамозе Лонгспікскай трубы. Карацей кажучы, не раней 3 студзеня, а 12 гадзіне 44 мінуты дня, Луна павінна была з’явіцца ў такіх-жа спрыяючых умовах для назіранняў, у якіх была яна 1 снежня і ў бліжэйшыя да яго дні.

Газеты друкавалі ўсе гэтыя даныя і дадавалі да іх тысячы розных меркаванняў і здагадак, не ўтойваючы перад амерыканскай публікай, што ёй прыдзецца набрацца цярплівасці, каб дачакацца якіх-небудзь вестак аб лёсе ядра калумбіяды.

8-га снежня — неба па-ранейшаму ў воблаках. 9-га паказалася было Сонца, але праз некалькі мінут, нібы здзекуючыся з грамадзян Злучаных Штатаў, зноў схавалася за густымі хмарамі. Яго праводзілі крыкамі і лаянкаю.

10-га снежня — зноў без перамен. Паважаны Мастон — ужо на Лонгспіку — ледзь не звар’яцеў ад гора. Прыяцелі пачалі вельмі баяцца за яго мозг, які, як да гэтага часу здавалася, добра захаваўся ў яго штучным, гутаперчавым чэрапе.

Але 11-га снежня разбушаваўся адзін з тых жахлівых ураганаў, якія ўласцівы трапічным краінам. Мацнейшым усходнім ветрам разагнала хмары, згруджаныя над большай палавінай Злучаных Штатаў, і к вечару, сярод сузор’яў неба, велічна ўзышло свяціла ночы, але ўжо з убывайннем, на палавіну яго дыска.