Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XXV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XXIV. Апошнія падрыхтаванні XXV. Стрэл
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XXVI. Зацягнутае неба

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХV

Стрэл

Настаў першы дзень снежня, дзень надзвычайны, у які павінен быў адбыцца стрэл калумбіяды. Калі-б у гэты самы дзень і роўна ў 10 гадзін 46 мінут і 40 секунд вечара не стрэлілі, Пушачнаму клубу прышлося-б чакаць цэлых восемнаццаць гадоў, каб паўтарыліся тыя-ж спрыяльныя для стрэлу ўмовы, г. зн. каб супадзенне ў часе праходжання Луны цераз свой перыгей і цераз зеніт месца.

Надвор’е было цудоўнае. Не гледзячы на блізкасць астранамічнай зімы[1], сонца ярка свяціла, заліваючы хвалямі святла і цяпла тую самую Зямлю, якую трое яе сыноў збіраліся пакінуць для заваявання новага свету.

Кепска спалася многім напярэдадні такога жаданага, такога нецярпліва чаканага дня. Тамлівым, цяжкім ярмом прыгняталі душу многіх апошнія гадзіны чакання. Сэрца мімаволі замірала ад трывожных думак…

Як відаць, адзін толькі Ардан быў выключэннем. Гэты дзіўны чалавек быў такі-ж жвавы і дзейны, такі-ж вясёлы і бесклапотны, як з першага дня яго з’яўлення, — нішто яго ані не трывожыла, ані не заклапочвала. Спаў ён гэту ноч моцна і спакойна.

Ужо з самага рання незлічоны натоўп на бясконцую адлегласць пакрыў раўніны навокал Стонзхіла. Кожныя пятнаццаць мінут па чыгунцы пад’язджалі масы цікаўных. Гэтае нашэсце на Стонзхіл прыняла проста казачныя размеры: калі верыць справаздачам «Тампаскага назіральніка», пяць мільёнаў чалавек з’ехалася за гэты варты памяці дзень у Фларыду, каб прысутнічаць пры стрэле калумбіяды…

Ужо больш месяца, як у горадзе нехапала кватэр для размяшчэння штодня прыбываючых партый прыезджых. Большая частка іх вымушана была размясціцца ў паходных палатках ці ў наспех збудаваным жыллі вакол Стонзхіла. Гэтыя часовыя будынкі паклалі пачатак гораду, які пасля атрымаў назву Арданс-Таун. Стэп быў заняты хацінамі, баракамі, навесамі і рознымі палаткамі, і ў гэтым часовым жыллі пражывала насельніцтва, ліку якога маглі-б пазайздросціць многія з найбольш буйных гарадоў Еўропы.

Усе народы Зямлі, здавалася, мелі тут сваіх прадстаўнікоў. Чуваць была гаворка на розных мовах. Усе класы амерыканскага грамадства перамешваліся тут. Банкіры, земляробы, маракі, маклеры, коміваяжоры, фабрыканты, буйныя баваўняныя плантатары, майстравыя, гандляры, карабельнікі — жылі разам, хадзілі поруч, вольна і бесцырамонна штурхалі адзін аднаго і тут-жа знаёміліся. Крэолы з Луізіяны браталіся з фермерамі з Індыяны; джэнтльмены з Тенесі і Кентукі, прыгожыя і ганарыстыя ў сябе дома віргінцы папросту гаварылі з поўцывілізаванымі звераловамі Вобласці Вялікіх Азёр і гандлярамі жывёлай з Цынцынаці.

Асабліва выдзяляліся крэолы і жыхары поўдня іспанскага паходжання. У белых шырокаполых касторавых капелюшах ці ў класічных «панамах», у прыгожых парусінавых блузах, у светлажоўтых, страшэнна яркіх колераў бацінках, з самымі вычурнымі батыставымі манішкамі, — гэтыя фарсуны паказвалі на сваіх грудзях, на гальштуках, манжэтах, дзесяці пальцах, нават у вушах цэлую выстаўку золата і брыльянтаў — пярсцёнкаў, запанак, бралкоў і ланцужкоў, вельмі высокай каштоўнасці і яшчэ больш высокай безгустоўнасці. Іх жонкі, дзеці і шматлікія слугі — у не менш пышных і такіх-жа безгустоўных касцюмах і ўпрыгожаннях — усюды ішлі следам за бацькамі, мужамі і гаспадарамі, якія былі падобны на прабацькоў пэршабытнага племені, абкружаных сваімі шматлікімі сваякамі.

Асабліва цікава было глядзець на гэтых прышэльцаў за абедам, калі яны накідваліся на любімыя «паўднёвыя» стравы з апетытам, пагражаючым харчовым загасам Фларыды. Праўда, не многія еўрапейцы ўзяліся-б есці іх «класічныя стравы», накшталт падлівы з жаб, смажанай малпы, печаных двухутробаў, янота «крывянога» — «па-англійску» ці падсмажаных біточкаў з койпуса (парода бабра).

Затое якіх толькі напіткаў не падавалі да гэтых цяжкіх страў! А колькі іх выпілі! У рэстаранах, барах і ўсякіх харчэўнях на паліцах і сталах красаваліся шчыльныя рады шклянак, кубкаў, графінаў і збаноў самых рознастайных размераў і вычурных форм, змешаных са ступкамі для драблення цукру і пучкамі саломінак, праз якія «цягнуліся» напіткі ў горла шматлікіх спажыўцоў. Каля абедзеных сталоў быў нязносны шум і гам ад бесперапынных прапаноў і крыкаў гандляроў напіткамі.

— Мятнае ахалоджваючае! Каму мятнага халоднага? — крычаў адзін аглушліва-звонкім голасам.

Сангары на бардоскім віне! — пішчэў у той-жа час падлетак.

Джын-слінг, джын-слінг! — роў трэці.

Брэндзі-смеш, брэндзі-смеш! — паўтараў увесь час чацверты, не мінаючы ніводнага стала.

— Хто хоча сапраўднага мятнага ахалоджваючага па апошняй модзе? — І спрытны гандляр «апошняй модай» тут-жа перад усімі, быстра, як умелы штукар, кідаў у шклянкі кавалкі цукру, лімона, свежага ананаса, тоўчанага лёду, ліў туды настойку зялёнай мяты, кан’як і ваду, рыхтуючы смачны і сапраўды халодны напітак.

У звычайныя дні гэтыя перакрыжныя і ўзбуджальныя крыкі, накірованыя да распаленых прысмакамі жыватоў і глотак, мелі надзвычайчы поспех: напіткі паглыналіся ў вялікай колькасці, пад нязмоўчны канцэрт розных выклікаў і выгукаў.

Але ў дзень першага снежня гэтых выгукаў амаль не было. Гандляры напіткамі дарэмна асіплі-б, прапануючы свой тавар са звычайнай энергіяй, — усе елі дрэнна і мала, яшчэ менш пілі; многія забылі амаль да самага вечара аб сваім звычайным «ленчы» (снеданні). І — што для амерыканскай публікі яшчэ больш характэрна — хваляванне і цікаўнасць узялі верх над прыроднай страсцю да карт і іншых гульняў. Кеглі ляжалі на зямлі, ігральныя косці ў сваіх стаканчыках, калоды карт, на якія заўсёды быў вялікі попыт для гульні ў віст, «дваццаць адно», «монтэ» і «фаро», — нават не распакоўваліся. Кожнаму было зразумела, што ў гэты выдатны дзень — не да гульні і забаў: думкі аб надыходзячым стрэле зусім адцягнулі ўвагу ад будзённых інтарэсаў.

Увесь дзень, да самага вечара, у натоўпе ўзрастала глухое хваляванне, якое заўсёды бывае пры чаканні надыходзячай буйнай падзеі. Усіх прыгнятала цяжкое пачуцце, хваравіта сціскаўшае сэрца. Кожны вельмі хацеў, толькі аб тым і думаў, каб «усё гэта» хутчэй скончылася…

Аднак, к сямі гадзінам цяжкая ціша раптоўна знікла. Над гарызонтам узышла поўная Луна. Зычным працяглым «ура» — з мільённых вуснаў — сустрэлі яе з’яўленне. Луна акуратна, хвіліна ў хвіліну, з’явілася на прадсказанае спатканне. Доўга з усіх бакоў не сціхалі поўныя захаплення крыкі і воплескі. У адказ на іх ціхая спадарожніца Зямлі спакойна ззяла на дзіўным паўднёвым небе, ласкаючы пяшчотным святлом натоўп, нібы ап’яняючы яго прыветлівымі праменнямі.

Каля агарожы Стонзхіла паказаліся бясстрашныя героі надыходзячага падарожжа…

Пры іх з’яўленні натоўп яшчэ больш заварушыўся, яшчэ вышэй узняўся шматмільённы хор прывітальных выклікаў і выгукаў. Праз некалькі імгненняў пачуліся першыя гукі амерыканскага нацыянальнага гімна. Натоўп падхапіў, і амерыканскі «Янкі Дудль» панёсся к небу бураю гукаў. Пасля гэтага нястрымнага парывання захапляючы настрой натоўпа крыху ўпаў: хутка замерлі апошнія гукі гімна, і толькі глухі гул выдаваў глыбокае хваляванне натоўпу.

Тым часам Ардан, Барбікен і Ніколь увайшлі за агарожу, закрытую для старонніх.

За імі пайшлі члены Пушачнага клуба і шматлікія дэпутацыі, камандыраваныя еўрапейскімі абсерваторыямі.

Барбікен — спакойны і разважны, як заўсёды, — аддаваў нахаду свае апошнія загады. Следам за ім цвёрдымі крокамі ішоў Ніколь, моцна сціснуўшы губы і заклаўшы рукі за спіну. Крыху ззаду, за імі ішоў са звычайнай вольнасцю Мішэль Ардан, направа і налева развітваючыся гарачымі пацісканнямі рук, якіх ён не шкадаваў. Для больш зручнага падарожжа на Луну ён адзеўся ў неймаверна прасторны дарожны касцюм з карычневай аксамітнай матэрыі, з паляўнічай сумкай цераз плячо і скуранымі гетрамі на нагах. Не выпускаючы з зубоў цыгары, ён не пераставаў голасна гаварыць, смяяцца, жартаваць, асабліва з Мастонам. У Ардана быў невычарпальны запас вясёласці і жартаў. Ён заставаўся да апошняй секунды сапраўдным французам, больш таго — сапраўдным парыжанінам.

Стонзхільскі звон празваніў дзесяць гадзін. Для падарожнікаў настаў час «заняць месца» ў бомбе-вагоне, бо на апусканне на дно калумбіяды, завінчванне дзверцы снарада і зняцце пад’ёмнай машыны, пастаўленай каля жэрала пушкі, павінен быў пайсці пэўны, раней разлічаны час.

Барбікен паставіў свой хранометр з дакладнасцю да дзесятай долі секунды па хранометру Мерчызона, на якога выпаў абавязак замкнуць ток электрычнага запальвання для стрэлу. Такім чынам падарожнікі атрымалі магчымасць сачыць унутры завінчанага ядра за роўнадушнай стрэлкай, якая павінна была вызначыць апошні момант іх прабывання на Зямлі.

Надышла хвіліна апошняга развітання. Яна атрымалася вельмі чуллівай, не гледзячы на ўвесь спакой і адвагу падарожнікаў і іх прыяцеляў. Зухаватая вясёласць Ардана не перашкодзіла яму адчуць сябе ўсхваляваным да глыбіні душы; у Мастона, які забыў нават, калі яму апошні раз даводзілася плакаць, знайшлася пад яго старымі, сухімі расніцамі сляза, якая нібы захоўвалася доўгія гады для гэтага незвычайнага выпадку. І гэтая сляза Мастона скацілася на лоб яго любімага, лепшага старшыні…

— А што, ці не сесці і мне з вамі? — шапнуў ён яму з просьбаю ў голасе. — Ёсць яшчэ час…

— Немагчыма, браце! — адказаў Барбікен.

Праз некалькі хвілін Ардан, Барбікен і Ніколь былі ўжо ў снарадзе і завінчвалі яго дзверцы знутры; у той-жа час зверху паспешна прымалі пад’ёмную машыну і рыштаванні, закрываючы жэрала пушкі. Хутка жэрала калумбіяды, вызваленае ад апошніх ланцугоў, вольна глядзела прама ў неба на яго зеніт.

Хто мог-бы перадаць хваляванне масы гледачоў? Яно дайшло да вышэйшай ступені.

Луна плыла па празрыста-чыстым небе, гасячы сваім ясным святлом мірганне бліжэйшых зор; яна знаходзілася ў сузор’і Блізняцоў, амаль на аднолькавай адлегласці між гарызонтам і зенітам.

Кожны разумеў, што не туды павінен быць накіраваны прыцэл калумбіяды, а далей, уперадзе яе шляху, — усёроўна як у бягучага звера цэляцца не прама, а ў нейкую кропку ўперадзе яго. Праз 97 гадзін Луна павінна была дайсці да зеніта; столькі-ж часу павінен быў ляцець снарад прама на зеніт.

Ніводнага подыху ветрыка, ніводнага слова з мільёнаў вуснаў. Кожны затаіў дыханне, кожны нібы імкнуўся затрымаць біццё свайго сэрца. Позіркі былі прыкаваны да страшнага жэрала калумбіяды…

Мерчызон глядзеў не туды. Ён напружана сачыў за стрэлкамі свайго хранометра.

Да стрэлу заставалася сорак секунд. Кожная з іх пачала здавацца доўгім «цяжкім прамежкам».

На дваццатай секундзе натоўп здрыгануўся. Многім прышло ў галаву, што і там, унутры завінчанага снарада, над нязмернай выбуховай масай піраксіліна, адважныя героі таксама лічаць гэтыя страшныя секунды…

З натоўпу пачалі вырывацца асобныя выгукі.

— Трыццаць пяць! Трыццаць шэсць! Трыццаць сем! Трыццаць восем! Трыццаць дзевяць! Сорак! Плі!!!

Мерчызон націснуў кнопку электрычнага запалу.

Страшэнны, неймаверны гук! Немагчыма перадаць яго сілу, яго жах — ён мацнейшы быў за самыя страшныя навальнічныя ўдары, нават за грукат самага страшэннага вулканічнага вывяржэння. Гэта было нешта нечуванае. З нетраў зямлі ўзвіўся велізарны сноп полымя, нібы з кратэра вулкана. Зямля здрыганулася, глеба прыўзнялася, і напэўна нямногія гледачы маглі на момант убачыць снарад, які пераможна праразаў паветра.

  1. Г. зн. 22 снежня.