Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XXIV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XXIII. Тэлескоп Пушачнага клуба XXIV. Апошнія падрыхтаванні
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XXV. Стрэл

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХІV

Апошнія падрыхтаванні

Настала 22 лістапада. Да апошняй урачыстай хвіліны стрэлу заставалася ўсяго дзесяць дзён. Усё ўжо было гатова, акрамя адной справы — найбольш небяспечнай, патрабаваўшай самай вялікай асцярожнасці, і таму ледзь не самай цяжкай, — той самай, на няўдачы якой капітан Ніколь заснаваў свой трэці заклад.

Трэба было зарадзіць калумбіяду і, перш за ўсё, пакласці на яе дно паўтараста тон піраксіліна. Піраксілін выбухае ад найменшага ўдару, капітан Ніколь раней прадсказваў, — трэба згадзіцца, не без падстаў, — што калі і пакладуць шчасліва такую колькасць піраксіліна, то гэтая выбуховая маса сама па сабе выбухне, як толькі на яе апусцяць снарад, з прычыны яго нязмернага ціску.

Небяспека павялічвалася яшчэ абсалютнай бесклапотнасцю амерыканцаў. Вядома, што ў час федэральнай вайны амерыканскія артылерысты з лёгкім сэрцам зараджалі бомбы выбуховымі вяшчэствамі, не вынімаючы цыгары з рота.

Найменшая неасцярожнасць пагражала не толькі няўдачай усёй справы, але і страшнымі чалавечымі афярамі. Таму Барбікен падвоіў сваю пільнасць. Да работы ён дапусціў толькі найбольш надзейных рабочых і ні на адну хвіліну не спускаў іх з вачэй: увесь працэс зараджэння пушкі, усе яго падрабязнасці праходзілі на вачах старшыні Пушачнага клуба, і, дзякуючы прынятым мерам перасцярогі, былі забяспечаны ўсе шансы поспеху гэтай незвычайна небяспечнай аперацыі.

Перш за ўсё ён загадаў, каб піраксілін падвозілі за агарожу Стонзхіла паступова, у пэўнай колькасці і ў старанна закупораных вялікіх скрынках. Уся маса піраксіліна была падзелена на восемсот цюкоў, кожны вагою па дзвесце кіло, што склала восемсот піраксілінавых патронаў, добра зробленых найбольш умелымі артылерыстамі Пенсакольскага арсенала. Дзесяць такіх цюкоў упакоўваліся ў вялікую скрынку, і поезд падвозіў толькі па адной такой скрынцы. Такім чынам за агарожай Стонзхіла ніколі не было адначасова больш двух тон піраксіліна.

Скрынка адразу-ж пасля прыбыцця разгружалася босымі рабочымі; кожны цюк асцярожна пераносіўся да адтуліны калумбіяды; затым гэты цюк апускалі на дно калумбіяды лябёдкай, якая прыводзілася ў рух не паравой машынай, а чалавечымі рукамі. Мэта апошняй перасцярогі заключалася ў тым, каб унікнуць блізасці агню; былі патушаны не толькі паравыя машыны, але і ўсе агні на два кілометры вакол.

Неабходна было яшчэ засцерагчы масу піраксіліна ад дзеяння пякучых праменняў сонца, хаця і лістападаўскага. Таму працавалі толькі ўвечары і ўначы, пры халодным электрычным свячэнні, якое атрымлівалася ад дзеяння катушкі Румкорфа ў вельмі рэдкім газе; аднак, па сваёй яркасці гэтае святло, нават на дне калумбіяды, не ўступала дзённаму.

Цюкі ці патроны піраксіліна складваліся на дне пушкі ў строгім парадку і злучаліся адзін з адным пры дапамозе добра ізаляванага металічнага дроту; ад цэнтра кожнага патрона павінна была праскочыць электрычная іскра пры замыканні току ў цэнтральнай батарэі.

Стрэліць з калумбіяды можна было пры дапамозе электрычнага запальвання. Для гэтага дрот ад усіх патронаў злучаўся ў агульны провад, які на ўзроўні асновы снарада прасоўваўся праз адтуліну, прасвідраваную ў чыгуннай сцяне пушкі, а адтуль пранікаў у адну з адтулін, пакінутых у каменнай кладцы для выхаду газаў пры адліўцы калумбіяды. Падняўшыся па гэтай адтуліне да вяршыні Стонзхіла, гэты провад працягваўся па слупах на адлегласці больш трох кілометраў і злучаўся з мацнейшай гальванічнай батарэяй, складзенай з Бунзенаўскіх элементаў.

Дастаткова было націснуць пальцам на кнопку, каб замкнуць ток і ўмомант успалымніць паўтараста тон піраксіліна.

28 лістапада ўсе восемсот патронаў піраксіліна былі складзены на дне калумбіяды з патрэбнай правільнасцю. У гэтай частцы справы ўдача была поўная.

Але колькі мітусні, клопатаў і трывог выпала на долю Барбікена! Не гледзячы на суровую забарону не дапускаць публікі за агарожу Стонзхіла, кожны дзень мноства цікаўных умудралася цішком пералезці цераз плот. Гэта-б яшчэ поўбяды, але многія з няпрошаных гасцей даводзілі сваю бесклапотнасць да вар’яцтва: прабраўшыся да цюкоў з піраксілінам, яны закурвалі папяросы ці цыгары сярод цюкоў узрыўчатай сумесі! Барбікен страшэнна абураўся, а паважаны Мастон, стараючыся дапамагчы свайму старшыні, кідаўся на гуляючых гледачоў, ганяўся за імі з палкаю, збіраў пакіданыя імі ўцякаючы недакуркі запаленых цыгар. Гэта была цяжкая работа, таму што каля агарожы ціснуліся дзесяткі тысяч наведвальнікаў, якія карысталіся ўсякім выпадкам, каб пералезці цераз плот і задаволіць сваю цікаўнасць.

Мішэль Ардан таксама прапанаваў свае паслугі ў якасці стражніка і ўзяўся суправаджаць кожны цюк да адтуліны калумбіяды. Але аднойчы Барбікен убачыў такую сцэну: Ардан энергічна гнаў некалькіх курыльшчыкаў, але — ах! — сам бяжыць за імі, з запаленай цыгарай у зубах! Давялося зняць з пасады гэтага непапраўнага курыльшчыка і наладзіць за ім найстражэйшы нагляд. Але ўсё абышлося шчасліва: ніхто не ўзляцеў у паветра, і калумбіяду зарадзілі піраксілінам без усякай катастрофы.

Трэцяму закладу капітана Ніколя пагражаў лёс першых двух, але ўсё-ж ён не быў яшчэ праігран: заставалася яшчэ апусціць велізарны снарад на ўкладзеныя слаі баваўнянага пораху.

Перш чым прыступіць да гэтай апошняй аперацыі, трэба было размясціць у вагоне рэчы, неабходныя ў дарозе. Рэчаў набралася вельмі многа, а калі-б далі волю Ардану, то не засталося-б месца для саміх падарожнікаў. Нельга сабе ўявіць усю колькасць рэчаў, якія поўны захаплення француз купіў і збіраўся ўзяць з сабою на Луну: гэта была цэлая выстаўка бездзялушак ці, ва ўсякім разе, прадметаў, зусім бескарысных для такога падарожжа. Давялося Барбікену ўмяшацца і скараціць амаль што ўсе вымудры Ардана.

З фізічных і астранамічных прыбораў падарожнікі ўзялі з сабою толькі некалькі тэрмометраў, барометраў і падзорных труб; іх паклалі ў спецыяльна зроблены чамадан.

Каб назіраць за Луной у час палёту, а таксама для падарожжа па яе паверхні, спадарожнікі бралі з сабою выдатную карту — вядомую „Mappa selenographica“ (Лунная карта) Бэра і Мэдлера, — надрукаваную на чатырох лістах і якую справядліва лічаць шэдэўрам назіральнага мастацтва і працавітасці гэтых паважаных астраномаў.

Гэта карта аднаўляла з дзіўнай дакладнасцю ўсе дэталі, якія былі ўстаноўлены астранамічнымі назіраннямі на паверхні Луны: яе горы, даліны, цыркі, кратэры, пікі, барозны, іх параўнальныя размеры, іх назвы, пачынаючы з гары Лейбніца каля ўсходняга краю Луны да «Мора Холаду», абазначанага каля паўночнага полюса зямнога спадарожніка.

Зразумела, што такая карта з’яўлялася асабліва каштоўнай для нашых падарожнікаў: яны маглі падрабязна вывучыць геаграфію Луны за дарогу і правяраць свае веды «ў натуры», яшчэ не ступіўшы нагою на Луну, бо мелі магчымасць назіраць за ёю з «акна».

На ўсякі выпадак трэба было ўзяць і зброю: тры вінтоўкі, тры паляўнічых стрэльбы з разрыўнымі кулямі і значны запас пораху.

— Невядома, з кім будзем мець справу там, на Луне, — гаварыў Ардан. — І людзі тамашнія, і зверы могуць сустрэць нас зусім няласкава. Трэба прыняць меры перасцярогі.

Неабходна таксама было ўзяць з сабою рознае адзенне, прыстасаванае для ўсіх кліматычных паясоў.

Трэба было таксама ўзяць кіркі, лапаты, сякеры, ручныя пілы і некаторую колькасць іншых інструментаў, неабходных для ўсякіх «каланістаў».

Мішэль Ардан меў намер змясціць у вагоне яшчэ некалькі жывёлін, па пары, для размнажэння іх на Луне.

— Ці не збіраешся ўжо ты ператварыць снарад калумбіяды ў Нояў каўчэг? — запытаўся ў яго Барбікен з усмешкай.

— Зусім не! — засупярэчыў Ардан. — Не бачу патрэбы размнажаць гадзюк і тыграў на Луне, а добра было-б узяць сякую такую скацінку: быка і карову, пару конікаў ці аслоў. Яны маглі-б служыць там уючнымі жывёламі і, акрамя таго, безумоўна аздобілі-б сабой лунныя пейзажы.

— Твая праўда, дарагі Ардан! — адказваў Барбікен. — Але наш вагон не можа быць нават малым каўчэгам. Трэба лічыцца з граніцамі магчымага.

Аднак, Ардану ўсё-ж удалося, хаця часткова, ажыццявіць свае каланізатарскія імкненні. Пасля доўгіх спрэчак і Барбікен, і Ніколь згадзіліся, што можна змясціць двух сабак — выдатнага паляўнічага, уласнасць Ніколя, і дзіўнага н’ю-фаундлендскага сабаку вялікай сілы.

Згадзіліся ўзяць і некалькі скрынак насення найбольш карысных раслін, але не ўзялі тых мяшкоў з садовай зямлёй, якую Ардан лічыў неабходнай для першага пасеву зямнога насення на Луне. Ардан задаволіўся тым, што яму дазволілі ўзяць з дзесятак саджанцаў карысных дрэў; пры добрай іх упакоўцы ў саломе яны занялі зусім мала месца ў адным з куткоў «вагона».

Заставалася вельмі важнае пытанне аб харчах, бо неабходна было лічыцца з магчымасцю поўнай адсутнасці раслін і жывёлы на Луне. У гэтым пытанні і Барбікен быў прыхільнікам «вялікай колькасці», застаючыся, аднак, строгім прыхільнікам эканоміі прасторы ў «вагоне». Доўга думаючы над тым, як узяць «найбольшую колькасць харчоў пры найменшым іх аб’ёме», ён дасягнуў таго, што ў вагоне аказаўся склад харчоў на круглы год.

На першы погляд гэта можа здацца не толькі дзіўным, але і зусім непраўдападобным, хаця зразумела, што харчы маглі складацца толькі з кансерваў мяса і гародніны. Але справа ў тым, што гэтыя кансервы пабывалі пад гідраўлічным прэсам, г. зн. былі спрасаваны да мінімальнага размеру, да апошняй, так сказаць, ступені, пры якой яны маглі захаваць свае спажыўныя якасці. Дзякуючы гэтаму малому аб’ёму Барбікен мог вылічыць, колькі спатрэбіцца каробак гэтых кансерваў на круглы год.

Каб можна было іх есці, трэба было амаль усе сарты такіх кансерваў разбаўляць значнай колькасцю вады. Але вады вырашана было ўзяць толькі на два месяцы: па-першае, вада вельмі грамоздкая, — вадкасці-ж амаль не сціскаюцца! — па-другое, і гэта галоўнае, ніхто з падарожнікаў не сумняваўся, што на Луне павінна быць хоць крыху вады, у самых глыбокіх нізінах. Акрамя вады, узялі гарэлкі — і даволі многа: дзвесце літраў.

Зразумела, усё гэта не абяцала ні рознастайнасці, ні смачнага стала, але дзіўным было-б патрабаваць чаго-небудзь ад яды пры ўмове такога незвычайнага падарожжа. Акрамя таго, спадзяваліся, што на Луне знойдуцца спажыўныя вяшчэствы і нават сякая-такая жыўнасць. Мішэль Ардан ані не сумняваўся ў гэтым.

— Калі-б я думаў, што на Луне няма чаго есці, то, напэўна, не захацеў-бы ляцець туды.

— А калі ўсё-такі акажацца, што там «няма чаго есці»? — запытаў Ніколь.

— Не можа гэтага быць! Аднак, — дадаў ён, — хіба мы застанемся зусім адны, на волю лёсу? Хіба ў нас не будзе прыяцеляў на Зямлі?

— О, безумоўна! — горача ўсклікнуў Мастон. — Хто можа ў гэтым сумнявацца!

— Дазвольце! Што вы пад гэтым падразумяваеце? Прыяцелі-ж застануцца на Зямлі, а мы будзем на Луне… калі толькі да яе даляцім, — перабіў Ніколь.

— Нічога няма лягчэйшага! — адказаў Ардан. — Хіба калумбіяда не застанецца на сваім месцы? Так вось кожны раз, як Луна падыйдзе пад зручны прыцэл — бух у яе бомбай, добра напакованай харчамі і рознымі сюрпрызамі з Зямлі!

— Ура, ура, ура! — закрычаў Мастон у страшэнным захапленні. — Вось гэта прыдумана, дык прыдумана! Лепш нельга. Вядома, прыяцелі, мы вас не забудзем.

Мастон адразу змоўк. Па яго твару відаць было, што ён ужо абдумваў дэталі наступнага стрэлу калумбіяды.

— Я так і разлічваю! — казаў далей Ардан. — Браток Мастон, не забудзь пакласці пісьмы і газеты… Бачыце, у нас будуць правільныя зносіны між Зямлёй і Луной! І без спазненняў: Барбікен і Ніколь вылічаць пэўны час прыходу і адыходу будучых паяздоў. Ну, а з Луны… Дрэннымі-ж мы будзем, калі не прыдумаем, як карэспандаваць з нашымі мілымі зямнымі прыяцелямі!

Упэўненасць, якой дыхала прамова Ардана, яго рашучы выгляд, чароўна-шчырая саманадзейнасць — здольны былі пацягнуць па яго слядах Пушачны клуб у поўным складзе. Усё, што ён у хвіліны натхнення гаварыў, здавалася такім зразумелым, такім простым, такім відавочным, такім лёгка дасягальным, што не ўзнікала думкі аб няўдачы. Магло нават здацца, што толькі непамерная і некалькі залішняя прыхільнасць да нашага нікчэмнага зямнога шара стрымлівае другіх ад падарожжа за Арданам на Луну…

Пасля размяшчэння багажа і мэблі пусцілі ваду ў прастору між дном снарада і часовай драўлянай падлогай вагона, — тую ваду, якая павінна была сваёй пругкасцю аслабіць непасрэдны ўдар парахавых газаў пры стрэле; затым напампавалі свяцільны газ у прыёмнікі пад вялікім ціскам. Берталетавай-жа солі і едкага натра, з прычыны магчымых непрадбачаных затрымак у дарозе, узялі столькі, што хапіла-б на здабыванне кісларода і паглынанне вуглекіслаты на працягу двух месяцаў. Для аднаўлення чыстага паветра пры дапамозе названых вяшчэстваў зроблены быў вельмі разумны самадзеючы прыбор, які не займаў многа месца. Такім чынам снарад-вагон быў поўнасцю гатовы для дарогі, заставалася толькі апусціць яго ў калумбіяду. Гэта быў апошні небяспечны момант усёй справы, калі, вядома, не лічыць стрэлу.

Вялізны снарад-вагон падвезлі на рэльсах да вярхушкі Стонзхіла, амаль да жэрла пушкі. Там яго падхапілі ланцугі сільных пад’ёмных машын, і снарад павіс над адтулінай калумбіяды.

Ланцугі напружана выцягнуліся.

Гэта была хвалюючая хвіліна! Што калі ланцугі не вытрымаюць такога вялікага цяжару? Тады сарваны з іх снарад упадзе на дно і сваім ударам узарве піраксілін…

Але ўсё абышлося добра. Снарад апускаўся плаўна, павольна, роўнамерна. Праз некалькі гадзін ён ужо спакойна ляжаў на верхнім слоі баваўнянага пораху, як на пуховай падушцы. Ціск ядра толькі лепш спрасаваў слаі піраксіліна.

— Я праіграў! — заявіў Ніколь, аддаючы старшыні Пушачнага клуба пачку крэдытных білетаў на тры тысячы далараў, кошт яго трэцяга заклада.

Барбікен спрабаваў адмовіцца ад гэтых грошай, даводзячы, што цяпер ён ужо не сапернік Ніколя, а спадарожнік і таварыш; але прышлося уступіць упартаму капітану.

— Я жадаю выканаць усе абавязацельствы, якія заключыў на Зямлі, — рашуча заявіў Ніколь, — тым больш, што я з ёю развітваюся.

— У такім разе, мой дарагі капітан, застаецца толькі вам яшчэ чаго-небудзь пажадаць! — усклікнуў Мішэль Ардан.

— Чаго-ж іменна?

— А таго, каб вы праігралі і астатнія свае два заклады!.. Тады не будзе прыпынку на шляху!