З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XXIII
← XXII. Снарад-вагон | XXIII. Тэлескоп Пушачнага клуба Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
XXIV. Апошнія падрыхтаванні → |
РАЗДЗЕЛ ХХІІІ
Тэлескоп Пушачнага клуба
За год перад тым, 20 кастрычніка, пасля высвятлення рэзультата сусветнай падпіскі на справу Пушачнага клуба, Барбікен пераслаў у Кембрыджскую абсерваторыю суму, дастатковую для пабудовы вялізнага тэлескопа, прызначанага для назіранняў за палётам ядра калумбіяды. Труба павінна была знаходзіць на паверхні Луны ўсякі прадмет больш трох метраў у дыяметры, — такая была асноўная ўмова заказа.
Глядзельныя трубы бываюць двух тыпаў, і між імі вельмі вялікая розніца: трэба было перш за ўсё вырашыць, які тып найбольш прыгодны для спецыяльных мэт Пушачнага клуба — труба-рэфрактар ці адсвечваючы тэлескоп?
У рэфрактары на верхнім канцы змяшчаецца выпуклае шкло, формай падобнае да чачавіцы, якое называецца аб’ектывам, г. зн. «прадметным» шклом. На аб’ектыў падаюць светлавыя праменні ад назіраемага прадмета і, пераламіўшыся ў вешчастве шкла, даюць у пэўным месцы той-жа трубы ізабражэнне прадмета.
У ніжнім канцы такой трубы знаходзіцца другая чачавіца, называемая акулярам, г. зн. «вочным» шклом. Іменна ў яго глядзіць назіральнік. Акуляр, размешчаны такім чынам, што павялічвае малюнак, які дае аб’ектыў, усёроўна як збіральнае шкло, ці лупа, павялічвае маленькія і блізкія прадметы. Такім чынам, астранамічная труба закрыта ў процілеглых яе канцах двума шкелцамі, акулярам і аб’ектывам.
Адсвечваючы тэлескоп, наадварот, з’яўляецца трубой, адкрытай у верхнім яе канцы. У трубу непасрэдна пранікаюць праменні ад назіраемага прадмета і сустракаюць вялікае ўвагнутае люстра, размешчанае ўнізе трубы. Ад люстра праменні адбіваюцца і прытым, з прычыны яго ўвагнутасці, збліжаюцца адзін з адным. У месцы ўзаемнага іх перасячэння ўтвараецца ізабражэнне назіраемага прадмета. Назіральнік разглядае гэтае ізабражэнне не проста, а праз павелічальнае шкло, якое называецца акулярам тэлескопа.
Такім чынам, у астранамічнай трубе галоўную ролю адыгрывае рэфракцыя (пераламленне) праменняў, якія праходзяць праз аб’ектыў; у адсвечваючым тэлескопе карыстаюцца адсветам (рэфлексіяй) праменняў, падаючых на ўвагнутае люстра. Адсюль зразумела, чаму астранамічная труба называецца рэфрактарам, а тэлескоп — рэфлектарам.
Галоўная цяжкасць пры вытворчасці як рэфрактараў, так і рэфлектараў заключаецца ў вырабе вялікіх чачавіц і вялікіх люстраў.
Аднак, у той час, калі Пушачны клуб пачынаў свой грандыёзны дослед, вытворчасць астранамічных труб дасягнула ўжо высокай ступені ўдасканалення і давала выдатныя рэзультаты. Далёка ўжо быў той час, калі Галілей назіраў за нябеснымі свяціламі ў сваю маленькую трубку, якая павялічвала толькі ў некалькі дзесяткаў разоў! З ХVІ стагоддзя глядзельныя трубы ўсё павялічвалі ў размерах і к сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя давалі магчымасць далёка пранікаць у невядомыя да таго часу глыбіні зорнага неба.
Найбольш удасканаленымі рэфрактарамі гэтай эпохі лічыліся Пулкаўскі ў Расіі[1] які каштаваў 80 тысяч рублёў, з аб’ектывам у 38 сантыметраў у дыяметры, труба французскага оптыка Леберула з аб’ектывам той-жа велічыні і, нарэшце, рэфрактар Кембрыджскай абсерваторыі ў Злучаных Штатах з аб’ектывам у 48 сантыметраў.
З тэлескопаў сваімі гіганцкімі размерамі і павелічальнай сілай здаўна вядомы два. Першы, зроблены славутым Гершэлем, меў дванаццаць метраў даўжыні; люстра яго дасягала паўтара метра ў дыяметры; павелічэнне яго лічыцца 6 400.
Другі быў пабудаваны лордам Росам у яго маёнтку Біркастль у Ірландыі. Даўжыня тэлескопа — 16 метраў, вага — 120 тон; давялося будаваць мураваны будынак, каб утрымаць трубу і тыя прыстасаванні, пры дапамозе якіх можна было ёю кіраваць. Прадметнае люстра мела ў дыяметры два метры. Павелічэнне, даваемае рэфлектарам Роса, лічылася ў 6 400[2].
Адсюль відаць, што, не гледзячы на каласальныя размеры труб, павелічэнне іх у акругленых ліках не перавышала шасці тысяч. Такое павелічэнне «прыбліжае» Луну ўсяго да адлегласці каля 60 кілометраў, г. зн. дазваляе адрозніць на яе паверхні прадметы размерам не менш дваццаці метраў.
Між тым, па заданнях Пушачнага клуба, трэба было зрабіць трубу, якая дазваляла-б бачыць снарад шырынёй у тры метры пры пяціметровай даўжыні; значыцца, патрабавалася «прыблізіць» Луну да адлегласці каля васьмі кілометраў, або, іншымі словамі, давесці павелічальную сілу трубы да сарака васьмі тысяч.
Такой была задача, пастаўленая Кембрыджскай абсерваторыі. Рашэнне яе значна палягчалася тым, што абсерваторыя магла патраціць колькі хочаш грошай; але ўсё-ж заставаліся амаль непераможныя цяжкасці тэхнічнага характару.
Перш за ўсё абсерваторыя павінна была выбраць тып трубы: рэфрактар ці рэфлектар.
Кембрыджская абсерваторыя рашыла спыніцца на адсвечваючым тэлескопе, бо зрабіць яго лягчэй і, ва ўсякім разе, хутчэй; што-ж датычыцца павелічальнай сілы, то ў гэтых адносінах рэфлектары не ўступаюць рэфрактарам і часам перавышаюць іх. Акрамя таго, можна было разлічваць на значна большую яркасць ізабражэнняў тэлескопа, дзякуючы ўказанню Пушачнага клуба, што труба будзе ўстаноўлена на адной з найвышэйшых гор Злучаных Штатаў. Сапраўды, калі абсерваторыя стаіць на вельмі высокім месцы, светлавыя праменні могуць пранікаць у трубу, не праходзячы праз ніжнія слаі атмасферы, г. зн. праз найбольш шчыльныя і мутныя, а таму паглынаючыя вялікі процант святла.
Акуляр павялічвае атрыманыя ў тэлескопе ізабражэнні; велічыня-ж гэтых ізабражэнняў цалкам залежыць ад размераў люстра, якое служыць аб’ектывам. Значыцца, каб дасягнуць незвычайнай сілы павелічэння ў 48 000 разоў, патрабавалася даць люстру тэлескопа значна большы дыяметр, чым у вядомых тэлескопах Гершэля і Роса.
У гэтым і заключалася найбольш цяжкая ў тэхнічных адносінах задача, бо нават адліўка вельмі вялікіх металічных люстраў, накшталт гершэлеўскага, вельмі рэдка бывае ўдалай. Пры павелічэнні дыяметра люстра яшчэ больш узрастаюць тэхнічныя цяжкасці вырабу яго крывізны.
Задача магла-б нават аказацца невырашальнай, калі-б не адкрыццё Фуко. Гэты славуты французскі фізік паказаў, што і для самых дакладных назіранняў можна замяніць металічныя люстры шклянымі, пакрытымі слоем срэбра. Адліўка шкла правільнай крывізны наогул не мае сур’ёзных перашкод таксама як і серабрэнне яго.
Зразумела, што Кембрыджская абсерваторыя спынілася на ўказаннях Фуко.
Кембрыджская абсерваторыя заказала люстра з дыяметрам у пяць метраў і трубу даўжынёю ў 85 метраў.
Выбар месца для ўстаноўкі тэлескопа не заняў многа часу. Патрабавалася паставіць яго на вельмі высокай гары, а высокіх гор у Злучаных Штатах зусім мала.
Сапраўды, на тэрыторыі Саюза варты ўвагі толькі два вялікія горныя ланцугі.
На ўсходзе — гэта Апалахі, замыкаючыя Алеганскія горы. На ўсход ад Апалах цякуць рэкі ў Атлантычны акіян, на захад — мноства прытокаў, жывячых вялікую Місісіпі, якую амерыканцы назвалі-б «каралевай рэк», калі-б наогул у іх былі ў пашане каралі і каралевы.
Але Апалахі невысокія: вышэйшы іх пункт у Н’ю-Гемпшыры — дасягае толькі вышыні аднаго кілометра.
Другі ланцуг — Скалістыя горы — складае частку таго вялікага, найбольш доўгага на Зямлі, ланцуга, які пачынаецца каля Магеланава праліва, затым — пад назваю Андаў і Кардыльераў — цягнецца ўдоўж усяго заходняга берагу Паўднёвай Амерыкі, складае сабою Панамскі перашыек, расшыраецца ў Мексіцы і Злучаных Штатах і праходзіць цераз усю Паўночную Амерыку да берагоў Паўночнага Палярнага мора.
Скалістыя горы таксама не асабліва высокія: Швейцарскія Альпы, Каўказ і Гімалаі мелі-б права глядзець на іх «з вышыні свае вялікасці».
Сапраўды, вышэйшы пункт Скалістых гор дасягае толькі крыху больш трох кілометраў над узроўнем акіяна, як Манблан узвышаецца на 5 кілометраў, Эльбрус — на 6, Гаурызанкар, або Эверэст, у Гімалаях, — на 9 кілометраў. Але паколькі Пушачны клуб пастанавіў, каб яго абсерваторыя знаходзілася на зямлі Злучаных Штатаў, то прышлося выбіраць месца толькі між асобнымі вяршынямі Скалістых гор. Абрана была верхавіна Лонгспік у штаце Місуры.
Цяжка сабе ўявіць, як многа перашкод узнікла пры будаўніцтве абсерваторыі на Лонгспіку! Давялося падымаць на гару, вышэй лініі вечнага снегу, вялікае каменне, цяжкія драўляныя і жалезныя бэлькі і іншыя часткі для будаўніцтва велізарнай цыліндрычнай трубы тэлескопа і для будынкаў. Нялёгка было падвозіць гэтыя матэрыялы нават да нізу галоўнай вяршыні — пры адсутнасці пракладзеных дарог цераз пустынныя стэпы і непраходныя лясы, далёка ад заселеных цэнтраў; а калі давялося падымацца па самому піку, — цераз скалы, цераз шалёныя горныя патокі, цераз горы заваленага камення і расколіны лёду, — спатрэбілася ўся энергія амерыканскіх рабочых і ўся вынаходлівасць амерыканскіх інжынераў, каб давесці справу да шчаслівага канца.
У апошніх чыслах кастрычніка, г. зн. менш чым праз год ад пачатку работ, велізарны рэфлектар на верхавіне гары Лонгспіка ўзнімаў ужо к небу сваю 85-метровую трубу.
Труба была падвешана да вялізнай жалезнай надбудовы, прычым, дзякуючы разумным механізмам, можна было кіраваць велізарнай трубой з надзвычайнай лёгкасцю: круціць ва ўсе бакі, наводзіць на ўсе пункты неба і няўхільна сачыць за рухам любога свяціла ад усходу яго ў адной частцы гарызонта да заходу ў другой.
Амерыканскія інжынеры паказалі тут сваё майстэрства.
Тэлескоп каштаваў 400 000 далараў.
Калі яго першы раз наставілі на Луну, назіральнікаў ахапіла страшнае пачуццё цікавасці і трывогі. Што яны ўбачаць? Што пакажацца ў полі гэтага тэлескопа, павялічваючага назіраемыя прадметы ў 48 000 разоў? Што-небудзь асабліва новае, — можа возера ці мора, будынкі, гарады, іншыя доказы заселенасці Луны?
Не… Тэлескоп Пушачнага клуба не знайшоў на луннай паверхні нічога такога, што не было-б раней вядома. Ён толькі пацвердзіў у дэталях вулканічную будову зямнога спадарожніка.
- ↑ Тут ідзе справа аб старым рэфрактары Пулкаўскай абсерваторыі, аб'ектыў якога быў зроблен у 1840 г., адначасова з аб’ектывам для амерыканскай Кембрыджскай абсерваторыі. Для свайго часу яны былі вышэйшым дасягненнем аптычнай тэхнікі. Пятнаццацідзюймовы пулкаўскі рэфрактар яшчэ цяпер дзейнічае, хаця наша абсерваторыя мае ў сучасны момант куды больш сільны інструмент з аб’ектывам у 30 дзюймаў, зробленым праз дваццаць гадоў пасля таго, як быў напісаны гэты раман.
- ↑ Тэлескоп Роса ў цяперашні час ужо непрыгодны для назіранняў, як і тэлескоп Гершэля з пацямнеўшым люстрам; ён захоўваецца як музейная рэч.
У цяперашні час самымі сільнымі рэфрактарамі з’яўляюцца трубы абсерваторыі Чыкагскага універсітэта (Іеркеса), з аб’ектывам у 40 дзюймаў (1 метр), і такіх-жа размераў труба абсерваторыі ў Аракіпе, у гарах Перу: гэта — аддзяленне той самай Кембрыджскай абсерваторыі, пра якую ўпамінаюць у гэтым рамане. Яшчэ большых размераў дасягаюць цяпер адсвечваючыя тэлескопы; найвялікшы з іх у сучасны момант знаходзіцца ў абсерваторыі гары Вільсон у Каліфорніі, з люстрам у 100 дзюймаў (2½ метры) дыяметрам. У Амерыцы падрыхтоўваецца ўстаноўка тэлескопа з люстрам якраз такіх размераў, якія ўказаны для выдуманага тэлескопа гэтага рамана, — у пяць метраў.