З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XVII
← XVI. Сенсацыйная тэлеграма | XVII. Пасажыр „Атланты“ Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
XVIII. Мітынг → |
РАЗДЗЕЛ ХVІІ
Пасажыр „Атланты“
Калі-б гэтае здзіўляючае паведамленне, замест таго каб перанесціся па тэлеграфнаму дроту, проста прышло па пошце ў запячатаным канверце, і калі-б французскім, ірландскім, н’ю-фаундлендскім і амерыканскім тэлеграфным чыноўнікам, перадаваўшым гэта паведамленне з апарата на наступную перадатачную станцыю, не быў вядомы намер Мішэля Ардана, Барбікен не задумаўся-б ні на адну мінуту. Ён проста змаўчаў-бы аб пісьме, нават знішчыў-бы яго з-за самых звычайных меркаванняў асцярожнасці, з вельмі зразумелага імкнення ўнікнуць усяго, што магло-б кампраметаваць яго праект.
Перш за ўсё гэта тэлеграма магла аказацца проста містыфікацыяй, дасціпным, але дрэнным жартам, тым больш, што ён выходзіў ад француза. Якому чалавеку магла прыйсці думка, больш чым смелая, больш чым дзёрзкая, накіравацца на Луну ўнутры ядра? І калі гэта тэлеграма не фальшывая, калі сапраўды знайшоўся такі чалавек, то хіба гэта не вар’ят, якога трэба пасадзіць у псіхіятрычную больніцу, а не ў снарад калумбіяды?
Але тэлеграмы нельга было ўтаіць, бо тэлеграфныя служачыя нідзе не захоўваюць сваіх службовых сакрэтаў. Можна было паручыцца, што дзіўная прапанова Мішэля Ардана адразу-ж стане вядомай ва ўсіх штатах Паўночнай Амерыкі. Таму, і Барбікену не было ніякага сэнсу ўтойваць тэлеграму.
Ён адразу склікаў усіх пражываючых у Тампа членаў Пушачнага клуба і, аб’явіўшы надзвычайнае паседжанне адкрытым, зусім спакойна, — не выказваючы сваіх адносін да тэлеграмы Ардана, не закранаючы ніводным словам пытання аб давер’і, якога яна заслугоўвае, — прачытаў яе кароткі тэкст.
— Немагчыма!
— Невыабражальна!
— Недарэчна.
— Гэта проста смешкі!
— Здзекі з нас!
Некалькі хвілін чуваць былі выгукі сумнення, недаверлівасці, абвінавачання ў глупстве і дурасці з усімі звычайнымі ў такіх выпадках жэстамі; адны дабрадушна ўсміхаліся, другія смяяліся, некаторыя паціскалі плячамі, многія проста разрагаталіся, — гледзячы па настрою кожнага.
Адзін толькі Мастон паставіўся інакш. У яго вырвалася цудоўная фраза:
— А гэта-ж — ідэя! Выдатная ідэя!
— Сапраўды, ідэя, — адказаў яму маёр Эльфістон, — але калі дазволена часам мець такія ідэі, то толькі пры ўмове не ажыццяўляць іх…
— А чаму-ж не ажыццяўляць? — горача пярэчыў шаноўны сакратар Пушачнага клуба, з выразным намерам добра паспрачацца.
Але яго сябры пастараліся хутчэй замяць гаворку, каб не «распаліць» шаноўнага сакратара.
Між тым імя Мішэля Ардана пераходзіла ўжо з вуснаў у вусны па ўсяму Тампа. І прыезджыя і мясцовыя жыхары пераглядваліся, перапытвалі адзін у аднаго, смяяліся — не з гэтага невядомага еўрапейца, які ўяўляўся ім міфам, хімерай, але з высокашаноўнага сакратара Пушачнага клуба, які здольны быў паверыць у існаванне зданнёвай асобы. Калі Барбікен прапанаваў стрэліць вялікім ядром у Луну, кожны янкі знайшоў гэту прапанову натуральнай, цалкам выканальнай, простай і прытым вельмі цікавым пытаннем балістыкі. Але каб разумная істота прапанавала сябе ў якасці пасажыра бомбы калумбіяды, задумала такое дзіўна-неймавернае падарожжа, гэта — проста фантазія, жарт, нават жарт у квадраце.
Кпіны і жарты працягваліся без перапынку да самай ночы. Можна смела сцвярджаць, што ўсе Злучаныя Штаты ў гэты дзень рагаталі, аж паміралі, што, між іншым, даволі неўласціва для краіны, дзе самыя дзіўныя, а з еўрапейскага пункту гледжання проста немагчымыя, справы заўсёды знаходзілі абаронцаў, паслядоўнікаў і выканаўцаў.
Аднак, прапанова Мішэля Ардана, як і ўсякая новая ідэя, узбудзіла многія розумы. Хаця яна вельмі разыходзілася са звычайнымі думкамі і са звычайнымі інтарэсамі, але многія не маглі не сказаць: «А сапраўды, аб гэтым яшчэ ніхто не падумаў!»
Хутка новая думка так моцна ўрэзалася ў грамадскую свядомасць, — іменна з прычыны сваёй дзіўнасці, — што для многіх набыла сілу неадчэпнай ідэі: аб ёй думалі нават тады, калі не хацелася аб ёй думаць. Мімаволі прышло на памяць, што ў гісторыі чалавека было мноства ідэй і прапаноў, з якіх спачатку смяяліся ўсе, а потым бліскуча здзяйсняліся… Нашто-ж адразу сцвярджаць, што гэта падарожжа немагчыма, што яно ніколі і нікому не ўдасца? З другога боку, здавалася пэўным, што чалавек, які цяпер хоча такім чынам рызыкнуць жыццём, знаходзіцца не пры сваім розуме. Нельга, значыцца, сур’ёзна аднесціся да яго прапановы, і зрабіў-бы куды лепш, калі-б маўчаў і не ўсхваляваў цэлую краіну такім недарэчным глупствам.
Але, перш за ўсё, ці сапраўды існуе гэты чалавек? Гэта было яшчэ вялікае пытанне.
Праўда, імя Мішэля Ардана было вядома і ў Амерыцы. Гэта імя належала аднаму еўрапейцу, пра адважныя справы якога не раз пісалася ў газетах. Затым гэта тэлеграма, пасланая цераз увесь Атлантычны акіян, назва парахода, на якім выехаў француз, вызначэнне дакладнага тэрміну яго прыбыцця — усе гэтыя акалічнасці надавалі некаторую праўдападобнасць рэальнасці гэтага чалавека.
Грамадская думка ўсхвалявалася яшчэ мацней; многім гэтая невядомасць стала няўсцерп. Спачатку пачалі сходзіцца асобныя янкі, жадаючыя ва што-б там ні стала высветліць непакоіўшыя іх пытанні; затым утварыліся вялікія групы з той-жа мэтаю; урэшце, групы прыцягнуліся, так сказаць, адна да адной; сілаю прыцяжэння была ў даным выпадку агульная цікаўнасць, якая дзейнічала, як малекулярнае прыцяжэнне на раз’яднаныя часцінкі. Нарэшце сабраўся вялікі натоўп, які накіраваўся да жылля старшыні Пушачнага клуба.
Сам Барбікен да гэтага часу не выказваў сваіх адносін да тэлеграмы Мішэля Ардана; да думкі Мастона ён, як відаць, аднёсся зусім абыякава: Барбікен не пахваліў яго, ні зганіў. Відавочна, Барбікен сам не ведаў, як аднасіцца да Мішэля Ардана, і рашыў чакаць далейшых падзей. Але ён забыў, што грамадская думка не здольна быць такой-жа цярплівай, і натоўп, падышоўшы да яго акон, застаў яго знянацку. Ён агледзеў яго нездаволена і рашыў не выходзіць да яго. Але неўзабаве пачуўся такі шум, такія крыкі, што Барбікен павінен быў адчыніць акно. Барбікен быў у Фларыдзе славутасцю і не мог адмовіцца ад абавязкаў — часам нудных і непрыемных — славутага чалавека.
Калі ён вышаў, натоўп змоўк. Выступіў наперад адзін грамадзянін і прама паставіў Барбікену наступнае пытанне:
— Ці едзе асоба, названая ў тэлеграме імем Мішэля Ардана, у Амерыку? Так ці не?
— Я ведаю аб гэтым не больш за вас, — адказаў Барбікен.
— Але гэта неабходна ведаць! — усклікнулі многія з натоўпу.
— Час нам пакажа, — холадна адказаў Барбікен.
Час не мае права трымаць цэлую краіну ў нецярплівым, напружаным чаканні, — засупярэчыў першы аратар. — Ці змянілі вы чарцяжы снарада, як просіць аб гэтым тэлеграма?
Не яшчэ, — адказаў Барбікен, — але вы маеце рацыю: трэба даведацца, хто аўтар тэлеграмы і ці едзе ён сюды. Тэлеграф усіх устрывожыў, хай цяпер тэлеграф дасць усе патрэбныя даведкі.
— На тэлеграф! На тэлеграф! — закрычаў натоўп.
Барбікен вышаў на вуліцу і ў суправаджэнні вялікага натоўпу пайшоў на тэлеграфную станцыю.
Праз некалькі хвілін Барбікен напісаў і паслаў тэлеграму ў Ліверпуль, старшыні карабельных маклераў. Ён прасіў адказу на наступныя пытанні:
«Што за карабль «Атланта»?
Калі гэты карабль вышаў з Еўропы?
Ці ёсць на караблі француз Мішэль Ардан?»
Праз дзве гадзіны Барбікен атрымаў у адказ афіцыйную даведку, якая не пакідала ніякіх сумненняў:
«Параход «Атланта» вышаў з Ліверпуля 2 кастрычніка. Ідзе ў Тампа. У пасажырскую кнігу запісан француз Мішэль Ардан».
Пры гэтым пацверджанні першай тэлеграмы ў вачах Барбікена бліснула маланка, яго кулакі сударгава сціснуліся, і ён не мог утрымацца ад гнеўнага шэпту:
— Дык гэта праўда! Значыцца гэта магчыма… Значыцца гэты француз існуе. Праз два тыдні будзе тут… Але-ж гэта душэўнахворы! Вар’ят! Не згаджуся ніколі…
І, аднак, у той-жа вечар ён напісаў на завод Бедвіль і К° просьбу затрымаць да асобага паведамлення адліўку заказанай бомбы.
Як цяпер апісаць хваляванне, ахапіўшае Злучаныя Штаты? Уражанне атрымалася ледзь не ў дзесяць разоў большае за тое, якое год назад зрабіла першая прапанова Барбікена. Як рэзюмаваць усё тое, што было напісана з гэтай прычыны ў газетах, як яны прынялі гэтыя новыя звесткі, на якія лады сталі апяваць прыбыццё новага героя Старога Свету? Як перадаць ліхарадачнае хваляванне, ахапіўшае масу? Многія пачалі лічыць дні, гадзіны, хвіліны, нават секунды, што засталіся да прыезду Мішэля Ардана… Як даць хоць-бы слабае паняцце аб пякельнай рабоце мозга, падпаўшага пад уплыў неадчэпнай ідэі? Як паказаць усе змены, усю сумяціцу ў фабрычных работах, у гандлёвых справах, у адыходзе караблёў, выкліканую чаканнем прыбыцця «Атланты» і жаданнем некалькіх соцень тысяч людзей прысутнічаць пры гэтым прыбыцці? Штодзённа ў бухту прыходзілі паравыя і парусныя караблі, рабочыя баржы і багатыя яхты, перапоўненыя пасажырамі, і адразу ішлі назад за новымі партыямі турыстаў, раней запісаных на праезд у Тампа. Як злічыць усе тысячы цікаўных турыстаў, якія за два тыдні ўчацвярылі насельніцтва Тампа і павінны былі жыць за горадам на полі, у паходных палатках? Можна толькі накідаць галоўныя рысы гэтай грандыёзнай карціны, але немагчыма даць агульны яе контур, хоць-бы сотую частку яе дзіўных падрабязнасцей!
Урэшце, настала дваццатае кастрычніка…
А дзевятай гадзіне раніцы семафоры Багамскага праліва сігналізавалі з’яўленне густога дыму на гарызонце.
Праз дзве гадзіны з гэтымі семафорамі абмяняўся сігналамі вялікі параход. Тут-жа следам за гэтым семафорам сігналізавалі ў Тампа слова «Атланта», якое ў міг разнеслася па ўсяму гораду і яго ваколіцах.
А чацвертай гадзіне дня англійскі параход заходзіў у бухту Тампа. А пятай ён ужо на поўную пару праходзіў у рэйд Гілісборо. А шостай — ён стаў у гавані Тампа.
Не паспеў якар апусціцца на пясчанае дно, як ужо некалькі сот лодак і шлюпак акружылі «Атланту». З усіх бакоў на параход пачалі ўзбірацца цікаўныя. Барбікен першым ускочыў на палубу і крыкнуў, голасам, у якім гучала хваляванне:
— Мішэль Ардан?
— Тут! — крыкнуў у адказ чалавек, які стаяў на юце.
Не адказаўшы ні слова, Барбікен склаў рукі на грудзях і дапытлівым позіркам прагавіта ўтаропіўся на пасажыра.
Гэта быў чалавек гадоў сарака двух, высокага росту, але ўжо сутулаваты, падобна карыятыдам, якія на сваіх плячах падтрымліваюць балконы. На вялікай галаве красавалася капа валасоў вогненнага колеру, нібы ільвіная грыва. Кароткі, шырокі ў скронях твар, з натапыранымі шчаціністымі вусамі і маленькімі пучкамі жаўтаватых валасоў на шчаках, круглыя, блізарукія і некалькі хітраватыя вочы надавалі яго фізіяноміі нешта драпежнае, кашачае. Але смелая лінія носа, дабрадушны выраз губ, высокі лоб, увесь у маршчынах, як разоранае поле, якое ніколі не пустуе, выкрывалі ў ім разумнага і адукаванага чалавека.
Урэшце, вельмі развітае тулава, моцна і прама пастаўленае на доўгіх нагах, мускулістыя і сільныя рукі, рашучая паходка далі-б тэхніку-металургу магчымасць сказаць, што гэты еўрапеец — здаравенны мужчына, якога прырода хутчэй выкавала, чым адліла.
Каб закончыць апісанне знешняга выгляду пасажыра «Атланты», неабходна адзначыць яго шырокае, але добра пашытае па ім адзенне, — на яго паліто і штаны ішло столькі сукна, што Мішэль Ардан называў сябе «смерць драпу!»; яго слаба завязаны гальштук, яго расшпілены каўнерык, адкуль паказвалася тоўстая шыя, і яго заўсёды расшпіленыя манжэты, з-пад якіх выстаўляліся жылаватыя рукі з парыщна рухавымі пальцамі. Адчувалася, што нават у самы траскучы мароз гэтаму чалавеку няхоладна, а душа яго непрыступна холаду нават у хвіліну крайняй небяспекі.
Нават на палубе «Атланты» ён ні хвіліны не стаяў спакойна: хадзіў то ўзад, то ўперад у натоўпе, безупынна размаўляючы, безупынна жэстыкулюючы, бесперастанку нервова кусаючы ногці, гутарачы з усімі і кожным, звяртаючыся амаль да кожнага на «ты».
Гэта быў адзін з рэдкіх арыгіналаў.
Сапраўды, духоўны бок асобы Мішэля Ардана прадстаўляў шырокае поле для псіхалагічных назіранняў і аналіза. Гэты дзіўны чалавек заўсёды жыў у сферы пераўвелічэнняў, думаў толькі павялічанымі вобразамі і найвышэйшымі ступенямі усе прадметы рысаваліся на сятчатцы яго вока ў незвычайных размерах. Адсюль безупынна складаліся асацыяцыі вялікіх і смелых ідэй: усё здавалася яму ў павялічаным выглядзе — ён не пераацэньваў толькі перашкоды, небяспекі і… людзей.
Наогул гэта была багатая натура; мастак па інстынкту, далікатны, дасціпны пры спрэчках. Ён унікаў бесперапыннага фейерверка жартаў і смешак, затое метка страляў словам, наносячы славесныя ўдары са спрытнасцю ўмелага фехтавальшчыка. У спрэчках ён мала клапаціўся аб логіцы і аб фармальна правільных зваротах мовы, затое біў праціўніка проста ў грудзі такімі своеасаблівымі довадамі, перад якімі заставалася толькі пасаваць; ён любіў адстойваць самыя цяжкія, амаль безнадзейныя палажэнні.
У яго былі свае дзіўнасці. Так, падобна Шэкспіру, ён любіў называць сябе невукам і фанабэрыўся тым, што ненавідзіць прафесіянальных вучоных. На яго думку, гэта людзі, якія «намячаюць толькі кропкі замест таго, каб ісці проста да мэты». Сапраўдны цыган, вандруючы па краінах цудаў, схільны да прыгод, але не шукальнік прыгод, і больш чым далёкі ад шукання набытку, ён пры ўсім тым нічога не меў агульнага з тыпам фразёра ці дзівака-красамоўцы: свае словы ён адстойваў справай, заўсёды гатовы быў заплаціць за іх сваёю асобаю, сваім жыццём. Ён заўсёды кідаўся ў самыя рызыкоўныя справы, заўсёды гатовы быў спаліць свае караблі, кожную хвіліну рызыкаваў зламаць сабе шыю і, тым не менш, зноў станавіўся на ногі, як цацка ванька-ўстанька; да гэтага часу, прынамсі, ён шчасліва выходзіў з самых цяжкіх палажэнняў, з самых небяспечных прыгод.
Адным словам, яго дэвіз быў: «у што-б там ні стала, але дасягнуць мэты!» Імкненне да немагчымага было кіруючым яго жаданнем, галоўнай, асаблівай рысай характару[1].
Сонца не бывае без плям, і мужнасць Мішэля Ардана мела свой адваротны бок. Хто не рызыкуе, той не выігрывае, — кажа старая прыказка. Мішэль Ардан не раз рызыкаваў і нічога не набываў у сэнсе матэрыяльных каштоўнасцей. Для грошай ён быў бяздоннай бочкай — ён нібы еў іх ці паліў. Аб дзіўнай яго некарыслівасці хадзіла шмат расказаў: парыванні яго найдабрэйшага сэрца па сваёй раптоўнасці і сіле не ўступалі смеласці ідэй яго гарачай галавы. Зусім некарыслівы, ён гатовы быў аддаць кожнаму свае апошнія грошы, і, калі трэба было-б, ён-бы прадаўся ў рабства, каб выкупіць раба. Незвычайна смелы, ён быў у такой-жа ступені і вялікадушны: не ведаў пачуцця помсты і дараваў-бы самаму лютаму ворагу, калі-б адмова ад даравання была роўнай смяротнаму прыгавору над гэтым ворагам.
У Францыі і ў Еўропе вельмі многія ведалі гэтага выдатнага і неспакойнага чалавека, ці, прынамсі, пра яго многія чулі. Ён мімаволі прымушаў газеты заўсёды пісаць аб ім. Ні ад каго нічога ён не ўтойваў, усе ведалі найменшыя падрабязнасці яго жыцця, нібы сцены яго кватэры былі з празрыстага шкла.
У Мішэля Ардана было, вядома, шмат прыяцеляў, але ён мог-бы пахваліцца і багатай калекцыяй ворагаў з тых людзей, якіх ён крыўдзіў, закранаў, збіваў з ног у сваіх імкненнях ісці напралом для дасягнення мэты ці да ажыццяўлення праўдзівай справы.
Усё-ж увогуле гэта быў улюбёнец грамадства, і з ім абыходзіліся, як з дзіцем-пестуном. Мірыліся з яго дзівацтвам; бралі яго, які ён ёсць; усе цікавіліся яго смелымі справамі і са спачуваннем, з трывогай сачылі за яго лёсам. Калі іншы прыяцель стараўся ўгаварыць яго, стрымліваючы ад небяспечнага кроку, прадракаючы блізкую пагібель, Мішэль Ардан з усмешкай адказваў, што «лес гарыць толькі ад уласных яго дрэў», — г. н. адной з найбольш прыгожых арабскіх прыказак, паходжання якой ён, між іншым, не ведаў.
Такі быў гэты пасажыр «Атланты», рухавы, як ртуць, вечна палаючы ўнутраным агнём, вечна ўсхваляваны.
Цяжка ўявіць сабе больш сільны кантраст між двума асобамі, чым між французам Мішэлем Арданам і амерыканцам Імпі Барбікенам! І між тым у іх было многа агульнага: абодва былі ў вышэйшай ступені прадпрыемлівыя, адважныя, заўзята-смелыя, але кожны — на свой уласны лад.
Барбікену нядоўга прышлося разглядаць прыезджага, які сваёй шалёна-смелай прапановай, відавочна, павінен быў адсунуць яго самога, Барбікена, на другі план. Пачулася гучнае «ура» натоўпа, які вітаў Ардана. Кожны хацеў асабіста паціснуць яму руку, і захапленне набыло такія адчувальныя формы, што, паціснуўшы тысячу рук і ледзь не страціўшы ўсіх сваіх дзесяці пальцаў, Ардан палічыў за лепшае схавацца ў сваю каюту. Барбікен пайшоў за ім, не гаворачы ні слова.
— Вы Барбікен? — запытаўся ў яго Ардан, калі яны засталіся адны, такім тонам, нібы яны ўжо дваццаць гадоў былі добрымі прыяцелямі.
— Так, — суха адказаў старшыня Пушачнага клуба.
— Ну, дык добры дзень, Барбікен! Як справы? Добрыя? Ну, тым лепш, тым лепш!
— Дык, — запытаўся Барбікен без усякага ўступу, — вы рашылі ляцець?
— Безумоўна!
— І нішто вас не спыніць?
— Нішто. А вы рашылі змяніць форму вашага снарада так, як я прасіў у тэлеграме?
— Я чакаў вашага прыезду. Але, — казаў далей Барбікен, — вы сапраўды ўсё абдумалі?..
— Ці абдумаў я? Ды хіба ў мяне ёсць час усё абдумваць? Я знайшоў вападак пабываць па Луне і рашыў яго скарыстаць — вось і ўсё! Здаецца тут няма чаго задумвацца. Барбікен паядаў вачыма гэтага чалавека, які мог гаварыць аб сваёй пабыўцы на Луне з такой лёгкасцю і бесклапотнасцю, але разам з тым з такой вольнасцю ад турбот і страху.
— У вас ёсць, прынамсі, які-небудзь план? — сказаў, нарэшце, Барбікен. — Вы ўсё-ж прыдумалі якія-небудзь сродкі?
— Прыдумаў, дарагі Барбікен, і нават выдатныя рэчы прыдумаў! — перабіў яго Мішэль Ардан. — Але ведаеце што? Я лічу за лепшае выказацца публічна — цалкам і поўнасцю: няхай усе даведаюцца, што я думаю, і каб пасля аб гэтым больш не гаварылі. Гэта пазбавіць мяне ад паўтарэнняў. Таму, калі вы толькі не параіце мне чаго-небудзь лепшага, склікайце вашых сяброў, вашых сачленаў Пушачнага клуба, увесь горад, усю Фларыду, усю Амерыку, калі хочаце, — заўтра-ж я раскажу аб сваім плане і адкажу на ўсе супярэчанні, якія мне будуць паданы. Не хвалюйцеся, я не баюся супярэчанняў! Я ўсе іх прадбачу і здолею сябе адстаяць. Згода?
— Згода! — адказаў Барбікен.
Пасля гэтых слоў старшыня Пушачнага клуба вышаў з каюты і голасна перадаў прапанову Мішэля Ардана натоўпу, які сабраўся на палубе. Словы яго сустрэлі радаснымі воклічамі, цэлаю бураю ўхвал. Прапанова Ардана рассейвала ўсякую таямнічасць: заўтра кожны будзе мець магчымасць удостач наглядзецца на еўрапейскага героя і асабіста пачуць ад яго ўсе падрабязнасці яго дзіўнага плана… Задаволены натоўп пачаў весела разыходзіцца.
Знайшліся, аднак, падазроныя і ўпартыя гледачы, якія не захацелі спусціць з вачэй Мішэля Ардана нават на некалькі гадзін. Яны заявілі аб сваім рашэнні не пакідаць борта «Атланты», і капітан павінен быў дазволіць ім пераначаваць на палубе.
Сярод гэтых непахісных гледачоў аказаўся і ганаровы сакратар Пушачнага клуба, паважаны Дж. Т. Мастон. Ён яшчэ раней прывінціў свой жалезны кручок да верхняга бруса пярыл юта, і адарваць яго можна было толькі спіцай.
Прывінчаны да пярыл, Мастон доўга ўголас выхваляў Мішэля Ардана. Усім сядзячым ці праходзячым міма яго ён паўтараў з рознымі інтанацыямі фразу, у якой крышталізавалася яго захапленне:
— Вось чалавек — дык чалавек! Герой, сапраўдны герой! Мы ўсе — пужлівыя бабы ў параўнанні з гэтым еўрапейцам!
Старшыня-ж Пушачнага клуба, папрасіўшы наведвальнікаў разыйсціся, вярнуўся ў каюту Ардана і заставаўся там, пакуль параходны звон не абвясціў поўнач.
І тады гэтыя два сапернікі па папулярнасці ўжо моцна ціснулі адзін аднаму рукі, і Мішэль Ардан гаварыў «ты» старшыні Пушачнага клуба.
- ↑ Арыгіналам, з якога Жуль Верн спісаў партрэт Мішэля Ардана, быў яго славуты друг, умелы фатограф і лётчык Надар. Сапраўднае імя гэтага выдатнага чалавека — Фелікс Турнашон: Надар — яго псеўдонім, у якім Жуль Верн пераставіў літары.
Надар стаў вядомым перш за ўсё сваімі доследамі па паветранаму фатаграфаванню, г. зн. па здымцы плана мясцовасці з аэраплана пры дапамозе фатаграфіі. Ён з’яўляецца першым вынаходцай аэрафотаздымкі, якою так шырока карыстаюцца ў нас час. Другая заслуга яго ў тым, што ён горача адстойваў у паветраплаванні прынцып „цяжэй за паветра“ задоўга да вынаходства аэраплана. У 1863 г. ён выдаў „Маніфест паветранага кіруемага перасоўвання“, перадрукаваны газетамі ўсяго свету. У ім ён, між іншым, пісаў: „Неразважна змагацца з паветрам, будучы лягчэйшым за паветра… Трэба панаваць над паветрам, замест таго каб самому быць у яго цацкай, а для гэтага трэба знайсці апору ў ім, а не служыць апораю для яго…“
Дадаю, што Надар быў заснавальнікам першага фраццузскага паветраплавальнага журнала „Аэранаўтыка“.
Гісторык паветраплавання Лекорню рысуе асобу ў наступных выразах:
Фелікс Турнашон, вядомы пад псеўдонімам Надара, з’яўляецца адной з найболым цікавых і сімпатычных фігур, якія высунула гісторыя паветраплавання. Таленавіты творчым выабражэннем, пісьменнік і мастак, Надар быў перш за ўсё чалавекам дзеяння. Палкая натура, энтузіяст, заўсёды гатовы дапамагчы сваім сябрам, хоць-бы для гэтага патрэбна было рынуцца стрымгалоў у самую рызыкоўную справу. Надар, якога Жуль Верн мог, не намагаючы асабліва свайго выабражэння, узяць за арыгінал Мішэля Ардана, што накіроўваўся на Луну ў пушачным снарадзе, быў чалавек, якому найбольш падходзіла ўзяць у рукі сцяг з дэвізам „цяжэй за паветра“.