З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XVI
← XV. Банкет у калумбіядзе | XVI. Сенсацыйная тэлеграма Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
XVII. Пасажыр „Атланты“ → |
РАЗДЗЕЛ ХVІ
Сенсацыйная телеграма
Галоўныя работы Пушачнага клуба можна было лічыць закончанымі, і, аднак, заставалася яшчэ цэлых два месяцы да дня, вызначанага для стрэлу ў Луну.
Гэтыя два месяцы павінны былі здацца гадамі для нецярплівых чаканняў не толькі членаў Пушачнага клуба, але і ўсяго насельніцтва Злучаных Штатаў. Да гэтага часу газеты штодзённа перадавалі справаздачы аб падрабязнасцях работ у Стонзхіле; публіка хутка іх раскуплівала і прагавіта накідвалася на ўсе артыкулы аб калумбіядзе.
Аб чым-жа цяпер стануць пісаць газеты? Можна было непакоіцца, што занепадзе грамадская цікавасць да справы Пушачнага клуба, і многія чытачы з засмучэннем думалі, што яны пазбавяцца цікавых, поўных жыцця навін аб калумбіядзе, да якіх так моцна прывыклі.
Зусім не!
Падзея — самая нечаканая, самая незвычайная, самая непраўдападобная — зноў наэлектрызавала грамадскую ўвагу. Яна здзівіла ўвесь свет — да таго аказалася незвычайнай.
У памятны дзень 30 верасня, а трэцяй гадзіне сорак сем мінут папоўдні, па адрасу Барбікена была дастаўлена тэлеграма, пераданая па падводнаму кабелю, які тады яшчэ быў толькі што пракладзены між Валенцыяй (у Ірландыі), Н’ю-Фаундлендам і амерыканскім берагам.
Барбікен прачытаў тэлеграму. Не гледзячы на ўсё яго нязмернае самаўладанне, у яго збялелі губы і памутнела ў вачах.
Вось тэкст гэтай тэлеграмы, якая захоўваецца ў архівах Пушачнага клуба:
„Францыя, Парыж, 30 верасня, 4 гадз. раніцы.
Барбікену. Тампа. Фларыда.
Злучаныя Штаты.
Замяніце круглую бомбу цыліндра канічным снарадам. Палячу ўнутры. Прыеду параходам „Атланта“.
Мішэль Ардан“.