Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XVIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XVII. Пасажыр „Атланты“ XVIII. Мітынг
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XIX. Атака і абарона

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХVІІІ

Мітынг

Назаўтра раніцой сонца, па думцы нецярплівай амерыканскай публікі, узышло вельмі позна. Казалі, што такога гультайства нельга дараваць свяцілу, якому выпаў гонар асвятляць такое паказальнае свята.

Баючыся лішніх няскромных пытанняў, якія маглі быць прапанаваны Мішэлю Ардану, Барбікен хацеў па магчымасці абмежаваць аудыторыю невялікім лікам спачуваючых асоб, напрыклад членамі Пушачнага клуба. Але аказалася, што лягчэй было-б запрудзіць Ніягарскі вадапад, — такая вялікая колькасць публікі патрабавала дапушчэння на абяцаны мітынг. Барбікену давялося адмовіцца ад свайго намеру.

Спачатку Барбікен меркаваў прызначыць сход у новым, толькі што пабудаваным будынку біржы; але гэты будынак, не гледзячы на велізарныя яго размеры, бадай не мог змясціць нават сотай часткі слухачоў.

Таму выбралі прасторны луг паблізу горада. Неабходна было зрабіць якія-небудзь навесы, каб ахаваць слухачоў ад праменняў гарачага сонца. Матэрыялы для гэтых навесаў — парусы, вяроўкі, рэйкі, запасныя мачты — ахвотна далі караблі, што стаялі ў порце, і на працягу некалькіх гадзін над высмаленай глебай быў пабудаваны велізарны тэнт, у цяньку якога ўдзельнікі мітынга маглі схавацца ад пякучых сонечных праменняў.

Пад гэтым велізарным навесам размясцілася трыста тысяч чалавек. Заняўшым першыя, лепшыя месцы давялося на працягу многіх гадзін зносіць страшэнную духату, чакаючы француза.

З гэтай масы гледачоў толькі першая трэць магла добра бачыць аратара і чуць яго прамову; другая трэць ужо горш бачыла і зусім не чула; урэшце, апошняя трэць нічога не бачыла і нічога не чула. Але гэта ані не перашкаджала і гэтай апошняй трэці апладыраваць і бурна ўхвальваць аратара, па прыкладу першых радоў. У абяцаную хвіліну, а трэцяй гадзіне дня, з’явіўся Мішэль Ардан у суправаджэнні галоўных членаў Пушачнага клуба. Ён ішоў у пары з Барбікенам, прадставіўшы яму сваю дзясніцу, і з ганаровым сакратаром в левага боку. Паважаны Дж. Т. Мастон ззяў ярчэй за паўдзённае сонца.

Ардан узышоў на падмосткі. З вышыні эстрады вочы яго ўбачылі цэлы акіян чорных капелюшоў — неадменных амерыканскіх цыліндраў. Але ён зусім не збянтэжыўся і не прыняў урачыстай паказной позы; ён адчуваў сябе нібы дома: быў вясёлы, просты і ветлівы. На трохсоттысячнае «ура», якім сустрэлі яго з’яўленне на эстрадзе, ён адказаў прыгожым паклонам. Натоўп працягваў бурна вітаць, але ён адразу рухам рукі ўстанавіў цішыню і загаварыў на вельмі правільнай англійскай мове:

— Не гледзячы на страшэнную спёку, мне прыдзецца злоўжыць вашай увагай, каб даць дастатковыя тлумачэнні адносна майго плана, які, відавочна, вас зацікавіў. Я не прамоўца і не вучоны, я нават не разлічваў гаварыць публічна, але мой друг Барбікен мне сказаў, што мае асабістыя тлумачэнні даставяць вам прыемнасць, і вось я адважыўся выступіць перад вамі. Таму выслухайце мяне добра. Калі не памыляюся, мяне слухаюць шэсцьсот тысяч вушэй… І яшчэ — прабачце мне, калі я акажуся няважным прамоўцай.

Гэта выступленне папросту, без цырамонных манер, вельмі спадабалася слухачам: іх захапленне было выказана доўгім ухвальным гулам.

— Вы можаце ўхвальваць, — казаў далей Мішэль Ардан, — ці ганьбіць мяне, як вам уздумаецца. Пасля гэтага ўгавору я пачынаю. Перш за ўсё павінен вам сказаць і прашу вас памятаць, што вы маеце справу з прафанам, з невукам, нават з такім невукам, які не ведае перашкод… Таму мне здалося, што сесці ў снарад і паляцець на Луну — справа простая і лёгкая… Рана ці позна такое падарожжа будзе ажыццёўлена. Што да экіпажа ці сродкаў перасоўвання, то яны проста следуюць закону прагрэса. Чалавецтва пачало хадзіць на чацвяронках. У адзін прыгожы дзень чалавек умеў ужо хадзіць на двух нагах; затым ён вынайшаў тачку, потым калёсы, потым каляску, потым фургон, потым дыліжанс, потым чыгунку. І што-ж? Фургонам, вагонам будучага будзе абавязкова пушчаны снарад. Успомніце планеты — што гэга такое? Снарады, звычайныя пушачныя ядры, выпушчаныя ў прастору самой прыродай. Але вернемся да нашага снарада. Некаторыя з вас можа думаюць, што снарад калумбіяды будзе мець непамерную, нечуваную скорасць. Гэта зусім не так: нябесныя свяцілы рухаюцца хутчэй; нават Зямля, у сваім так званым паступальным руху вакол Сонца, цягне нас за сабой у тры разы хутчэй. Прывяду некалькі прыкладаў. Толькі дазвольце мне лічыць на французскія лье[1], таму што я не прывык да вашых амерыканскіх мер і баюся заблытацца ў сваіх вылічэннях.

Просьба здалася зусім натуральнай; яна не выклікала ніякіх супярэчанняў.

Прамоўца казаў далей:

— Вось, шаноўныя судары, некалькі даных аб скорасці руху розных планет. Павінен прызнацца, што, не гледзячы на сваё невуцтва, я ведаю вельмі дакладна гэтыя маленькія астранамічныя падрабязнасці; але праз дзве хвіліны вы ўсе будзеце такімі-ж вучонымі, як і я. Нептун прабягае пяць тысяч лье за гадзіну. Уран — сем тысяч; Сатурн — восем тысяч восемсот пяцьдзесят восем; Юпітэр — адзінаццаць тысяч шэсцьсот семдзесят пяць; Марс — дваццаць дзве тысячы; Зямля — дваццаць сем тысяч пяцьсот; Венера — трыццаць дзве тысячы сто дзевяноста; Меркурый — пяцьдзесят дзве тысячы пяцьсот. Некаторыя каметы — у перыгеліі, г. зн. калі яны на сваім шляху бліжэй за ўсё да Сонца, — прабягаюць мільён чатырыста тысяч лье за гадзіну. У параўнанні з імі мы — проста бяздзельныя ціхаходы. Скорасць нашага снарада будзе толькі ў першую гадзіну дзевяць тысяч дзевяцьсот лье, а затым зробіцца ўсё меншай і меншай. Скажыце-ж, — я ў вас пытаюся, — з-за чаго-ж тут захапляцца ці хвалявацца? Хіба не відавочна, што не сёння-заўтра, пры дапамозе святла ці электрычнасці, людзі знойдуць скорасць яшчэ больш значную?

Ніхто, відавочна, і не думаў сумнявацца ў гэтых сцвярджэннях Мішэля Ардана.

— Дарагія слухачы, — гаварыў ён далей, — калі верыць некаторым абмежаваным розумам (іншага слова не магу падабраць для характарыстыкі такіх людзей), чалавецтва ўцягнута ў зачараванае кола, цераз якое не мае права пераступіць, і таму асуджана на вечнае гібенне на сваім зямным шары і пазбаўлена магчымасці імкнуцца ў міжпланетную прастору! Гэта няпраўда! Людзі будуць падарожнічаць на Луну і на іншыя планеты, як цяпер з Ліверпуля ў Н’ю-Йорк, — лёгка, хутка, нядоўга. Міжпланетны акіян таксама добра даследуюць, наладзяць такія-ж правільныя рэйсы, як і на нашых акіянах. Адлегласць — паняцце адноснае. Усякую адлегласць можна звесці амаль да нуля!

Не гледзячы на добрыя адносіны да героя-француза, яго смелая тэорыя, відавочна, ашаламіла слухачоў. Ардан гэта заўважыў.

— Здаецца, я не пераканаў маіх дарагіх гаспадароў, — казаў ён з ласкавай усмешкай. — Ну, давайце разбярэмся крыху ў гэтым пытанні. Ці ведаеце, за які час даімчаўся-б кур’ерскі поезд да Луны? За трыста сутак — больш не трэба было-б для адлегласці ў восемдзесят шэсць тысяч чатырыста дзесяць лье. Хіба гэта праз меру вялікая, небывалая, нечуваная адлегласць? Гэта-ж адлегласць нават у дзевяць разоў меншая за акружыну Зямлі. Але хіба няма маракоў, якія за свой век праехалі яшчэ больш? Успомніце, што я буду ў дарозе ўсяго дзевяноста сем гадзін! Няўжо вы думаеце, што Луна так ужо далёка ад Зямлі і што трэба добра падумаць, перш чым адважыцца на такую экскурсію? А што-б вы сказалі, калі-б трэба было накіравацца на планету Нептун, якая ходзіць па небе на адлегласці тысячу сто сорак сём мільёнаў лье ад Сонца? Вось гэта падарожжа, якое толькі для нямногіх аказалася-б па кішэні нават пры тарыфе ў пяць сантымаў за кілометр, У самога Ротшыльда нехапіла-б яго мільярда на білет — патрабаваліся-б яшчэ сто сорак сем мільёнаў у прыдачу.

Гэта прасцецкая манера гаварыць і даказваць, відаць спадабалася сходу; к таму-ж Мішэль Ардан гаварыў з поўным перакананнем, з моцным і прывабным уздымам. Ён адчуваў, што аудыторыя прагавіта ловіць яго словы, і казаў далей з цудоўнай упэўненасцю:

— Дык вось, сябры мае, і гэта адлегласць ад Нептуна да Сонца — адно глупства, калі параўнаць з далёкімі зорамі. Тут ужо лічыць на тысячы і мільёны лье не прыходзіцца. Тут новая ашаламляючая нумарацыя: за адзінку трэба браць більёны[2]. Прашу прабачэння, што гавару пра такія падрабязнасці, але для нас яны маюць вялікую цікавасць. Паслухайце і потым мяркуйце. Зорка Альфа ў сузор’і Цэнтаўра, самая блізкая да Зямлі зорка, аддалена на 10 більёнаў лье. Сірыус — на 20 більёнаў лье, Альфа ў сузор’і Дракона — на 40 більёнаў лье, а іншыя зоркі яшчэ далей. Ці варта пасля гэтага задумвацца аб адлегласцях між планетамі і Сонцам? І ці можна сцвярджаць, што такія адлегласці далёкі ад нуля? Памылка! Ашуканства пачуцця! Ведаеце, што я думаю аб гэтым свеце, які пачынаецца прамяністым Сонцам і канчаецца Нептунам? Хочаце ведаць маю тэорыю? Яна вельмі звычайная! Для мяне сонечны свет ёсць цела цвёрдае і аднароднае: планеты, з якіх ён складаецца, ціснуць адна адну, датыкаюцца, амаль прыліпаюць адна да адной; прастора між імі — ні што іншае, як тыя прамежкі, якімі аддзяляюцца часткі самых шчыльных металаў — срэбра ці жалеза, золата, платыны. Таму я маю рацыю сцвярджаць, і я паўтараю з цвёрдым перакананнем, якое пранікае і ў вас: «адлегласць» ёсць пустое слова, адлегласці, уласна, не існуе!

— Лоўка сказана! Брава! Ура! — аднадушна выкрыквала ўся аудыторыя, наэлектрызаваная пераканальным голасам прамоўцы, яго сільнымі жэстамі і смеласцю ідэй.

— Правільна, — крычаў Мастон больш энергічна, чым усе астатнія, — адлегласці не існуе!

І, захапіўшыся сілаю сваёй жэстыкуляцыі, ён ледзь не страціў роўнавагі. Яшчэ крыху, і ён упаў-бы з эстрады на зямлю. Але ён сяк-так утрымаўся, унікнуўшы падзення, якое даказала-б яму, вельмі адчувальна і груба, што адлегласць не зусім пустое слова.

Тым часам Мішэль Ардан усё гаварыў з ранейшым захапленнем:

— Сябры мае, я думаю, што гэта пытанне трэба цяпер лічыць закончаным. Калі я не ўсіх вас пераканаў, то гэта — мая віна. Я быў вельмі нясмелы ў сваіх доказах, я не прывёў самых моцных довадаў, а гэтаму прычына — недастатковасць маіх тэарэтычных ведаў. Як-бы сабе не было, я паўтараю, што адлегласць Зямлі ад Луны вельмі нязначная і не заслугоўвае таго, каб сур’ёзны чалавек аб ёй многа думаў. Я нават думаю, што не будзе пераўвелічэннем, калі скажу, што хутка будуць хадзіць цэлыя паязды, састаўленыя з пушачных бомб ці бомб-вагонаў, у якіх будзе вельмі выгодна ехаць ад Зямлі да Луны. Не будзе ні штуршкоў, ні стукаў, ні сходу паяздоў з рэльсаў — ніякіх крушэнняў; паязды проста паляцяць стралою на станцыю, як лятаюць пчолы. Не міне можа і дваццаці гадоў, як палавіна жыхароў Зямлі перабывае на Луне:

— Ура! Мішэль Ардан, ура! — усклікнулі усе, нават найменш пераконаныя.

— Ура Барбікену! — крыкнуў у адказ Мішэль Ардан. — Яму мы абавязаны пачаткам вялікай справы!

Гэта галоснае прызнанне заслуг Барбікена зрабіла надзвычайнае ўражанне на аудыторыю. Зноў пачуліся працяглыя і аднадушныя прывітанні па адрасу Мішэль Ардана.

— Цяпер, сябры мае, — казаў далей Ардан, — вы можа хочаце задаць мне некалькі пытанняў? Калі ласка! Хаця і нялёгка будзе мне, прафану, адказаць на вашы заўвагі, усё-ж я пастараюся…

Да гэтага часу Барбікен быў, відавочна, вельмі задаволены агульным ходам гутаркі. Ардан разважаў аб больш ці менш тэарэтычных, адцягненых пытаннях і дзякуючы свайму палкаму выабражэнню бліскуча іх выкладаў. Але трэба было адвесці Ардана, а таксама аудыторыю ад пытанняў чыста практычных, у якіх Ардану было-б, вядома, цяжэй разабрацца. Таму Барбікен паспяшыў узяць слова і запытаўся ў свайго новага прыяцеля, што ён думае адносна заселенасці Луны і наогул планет сонечнай сістэмы.

— Ты мне ставіш вялікую і нялёгкую задачу, паважаны мой прэзідэнт! — адказаў прамоўца з ветлівай усмешкай. — Аднак, наколькі памятаю на гэта пытанне адказвалі станоўча людзі вялікага розуму. Нельга і адказаць інакш, калі стаяць на глебе прыроднай філасофіі. Але, друг Барбікен, я адкажу на тваё пытанне іншым пытаннем: ці можна дапусціць, каб светы ці планеты і іншыя нябясныя целы ніколі не былі заселены? І я смела адказваю: «Не!» Я сцвярджаю, што ўсе светы ці цяпер заселены, ці раней былі заселены, ці будуць заселены пазней.

— Правільна! Выдатна! — выклікнулі першыя рады слухачоў, якія задавалі тон усяму сходу; іх думка, па неабходнасці, атрымлівала сілу закона для астатніх, якія маглі быць толькі гледачамі, але не слухачамі прамовы Ардана.

— Нельга было-б адказаць больш правільна і лагічна, — згадзіўся старшыня Пушачнага клуба. — Пытанне зводзіцца да наступнага: «Ці могуць быць светы наогул заселены?» Што датычыцца мяне асабіста, я схілен гэта прызнаць.

— А я цалкам у гэтым пераконан, — адказваў Ардан.

— Аднак, — заўважыў адзін з членаў сходу, — існуюць сур’ёзныя супярэчанні супроць заселенасці светаў. Ва ўсякім выпадку неабходна прызнаць, што для большасці планет умовы жыцця, г. зн. умовы існавання арганізаваных, жывых і мыслячых, падобна людзям, істот, вельмі значна розняцца ад адпаведных умоў на Зямлі. Таму, абмяжоўваючыся нават аднымі планетамі, можна сказаць, што на планетах, вельмі далёкіх ад Сонца, жывыя істоты павінны мерзнуць і нават замерзнуць, а на іншых заўсёды такая гарачыня, што істоты, падобна людзям, няздольны яе вытрымоўваць: на такіх блізкіх да Сонца планетах яны павінны спячыся.

— Шкадую, што не маю шчасця ведаць асабіста майго паважанага апанента, — адказаў Мішэль Ардан, — тым не менш пастараюся яму адказаць. Яго супярэчанне, вядома, вельмі сур’ёзнае, але мне здаецца, што можна з поспехам абвергнуць вынікі, якія ён з яго выводзіць. Перш за ўсё: калі на далёкіх, халодных, мёрзлых планетах унутранай цеплаты будзе выдзяляцца больш, чым на Зямлі, то тэмпература на іх паверхні акажацца дастатковай для істот, арганізаваных накшталт зямных; таксама высокая тэмпература бліжэйшых да Сонца планет можа абмяжоўвацца меншым напружаннем уласнага цяпла планеты. Зразумела, і пасля гэтага ўмовы жыцця на розных планетах застануцца вельмі рознымі, але хіба прыродазнаўчыя навукі не даказваюць нам прыстасавальнасць зямных істот да самых розных умоў жыцця? Хіба рыбы не дыхаюць у асяроддзі, безумоўна згубным для іншых жывёлін? Хіба амфібіі не прыстасоўваюцца да двух, зусім розных груп жыццёвых умоў — у паветры і ў вадзе — і хіба лёгка растлумачыць, чаму стварылася такая двоістасць для іх жыцця? Хіба некаторыя марскія жывёлы не жывуць пад вадою на вялікай глыбіні і не вытрымліваюць ціску ў пяцьдзесят і шэсцьдзесят атмасфер, якія адразу сплюшчылі-б астатніх насельнікаў Зямлі? Хіба некаторыя жыхары вады і іншыя ніжэйшыя жывёлы не паказваюць, у якіх шырокіх граніцах можа хістацца тэмпература засяляемай сферы? Некаторыя з гэтых жывёл сустракаюцца ў крыніцах гарачай вады, іншыя свабодна размнажаюцца ў ледзяных пустынях палярных акіянаў! Па гэтых прыкладах трэба прызнаць за прыродай такую рознастайнасць ва ўмовах жыцця і дзейнасці, якая даходзіць амаль да ўсемагутнасці! Цяпер — з пункту гледжання хіміі. Хіба не даказана зусім бясспрэчна прысутнасць слядоў вуглярода ў аэралітах, г. зн. у целах, якія зараджаліся не на Зямлі?

Хіба гэты вуглярод не прадстаўляе сабой рэшткаў цел «арганізаваных», г. зн. здольных да жыцця, маючых розныя органы, якія падзяляюць між сабой працу прыстасавання арганізмаў да ўмоў сферы, г. зн. «працу» жыцця? Але я не хімік, не прыродазнаўца, не фізік, і таму, нарэшце, свайму паважанаму праціўніку адкажу так: я не ведаю законаў прыроды, не ведаю таксама, ці заселены іншыя светы, акрамя Зямлі. Таму я і хачу паляцець на Луну, каб уласнымі вачыма паглядзець, ці заселена яна ці не.

Можа ў праціўніка Мішэля Ардана знайшліся-б новыя супярэчанні, і ён адважыўся б распачаць новыя спрэчкі, але немэтазгодна было яму выказвацца: сход сустрэў апошнюю фразу Ардана з шалёным захапленнем. Доўга не сціхалі бурныя прывітанні ў самых далёкіх радах; доўга сам Мішэль Ардан не мог гаварыць сваю пераможную прамову.

— Вы добра разумееце, мае мужныя прыяцелі, — загаварыў зноў аратар, — што я толькі злёгку закрануў гэта пытанне: я прыехаў сюды не для таго, каб чытаць публічныя лекцыі ці абараняць вучоныя дысертацыі, тым больш, што я зусім не вучоны! Ёсць яшчэ цэлы рад доказаў у карысць заселенасці светаў. Я іх пакіну ўбок, але дазвольце мне спыніцца толькі на адным. Людзям, якія сцвярджаюць, што планеты не заселены, трэба адказаць так: «Можа вы былі-б правы, калі-б даказалі, што Зямля ёсць найлепшы з светаў, а гэтага нельга даказаць». У Зямлі ўсяго адзін спадарожнік, а ў Юпітэра, Урана, Сатурна і Нептуна — іх па некалькі, гэта дае гэтым планетам некаторыя выгоды, якіх недастае Зямлі. Але што асабліва нязручна на Зямлі, гэта нахіл яе восі да арбіты. Адсюль бывае няроўнасць дзён і начэй і прыкрая рознастайнасць пораў года. На нашым нешчаслівым шары мы ўзімку мерзнем ад холаду, улетку пячэмся пад сонечнымі праменнямі, ныем ад духаты: Зямля — спецыяльная планета насмаркаў, запаленняў і ўсякай прастуды! Іншая справа на Юпітэры, напрыклад, вось якога амаль перпендыкулярна да плоскасці яго арбіты! Там для аднаго і таго-ж месца планеты няма скачкоў цяпла і холаду. Тэмпература мяняецца толькі па паясах. Там каля зкватара пояс безупыннага лета; ёсць паясы восені ці вясны і паясы вечнай зімы — каля полюсаў. Кожны жыхар Юпітэра можа выбраць клімат, які яму падабаецца, і ўсё сваё жыццё не баяцца перамен надвор’я ці, прынамсі, тэмпературы. Вы, вядома, згодзіцеся, што гэта вялікая перавага Юпітэра над Зямлёй, не кажучы ўжо аб яго доўгіх гадах: кожны з іх прадаўжаецца дванаццаць зямных гадоў! Для мяне зусім ясна, што пры такіх дзіўна спрыяючых умовах жыцця насельнікі гэтага больш шчаслівага «свету» не толькі даўжэй жывуць, але павінны быць істотамі больш развітымі, чым мы, зямныя людзі. Вучоныя там абавязкова больш вучоныя, артысты больш таленавітыя, добрыя людзі там яшчэ лепшыя за нашых, і нават злыя, сярдзітыя на Юпітэры менш злыя, менш сярдзітыя, чым на Зямлі. І, толькі падумаць, чаго нехапае нашай Зямлі, каб дайсці да такой дасканаласці! Глупства! Толькі восі вярчэння, менш нахіленай да плоскасці арбіты.

— Ну, дык што-ж! — раптоўна пачуўся гнеўны голас. — Злучым сілы, вынайдзем машыны і выпрастаем зямную вось!

Гром воплескаў пачуўся ў адказ на гэту прапанову, якая магла прыйсці ў галаву аднаму толькі Дж. Т. Мастону. У яго заўсёды быў нахіл да інжынернага майстэрства, і пры яго палкім выабражэнні яму нічога не каштавала хапіць цераз край. Трэба, аднак, прызнацца, што не ён адзін аказаўся такім «звыш-інжынерам». Многія зусім простадушна адобрылі яго «геніяльную» думку. І, зразумела, каб у амерыканцаў быў пункт апоры, якога патрабаваў у старажытнасці Архімед, яны безадкладна ўзяліся-б за выраб рычага, каб павярнуць Зямлю ці, прынамсі, падняць яе вось.

Як-бы там ні было, але «практычная прапанова» Мастона мела і вялікі «практычны» поспех — добрую чвэрць гадзіны ў перапынку займалі спрэчкі. Але і пасля доўга яшчэ гаварылі ў Злучаных Штатах аб прапанове паважанага пажыццёвага сакратара Пушачнага клуба, выказанай так энергічна[3].

  1. Лье — 4 кілометры.
  2. Тут пад більёнам разумеецца мільён мільёнаў, г. зн. 1 000 000 000 000.
  3. Ідэя гэта служыць сюжэтам рамана Жуль Верна „Уверх дном“.