З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XIV. Адліўка калумбіяды XV. Банкет у калумбіядзе
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XVI. Сенсацыйная тэлеграма

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХV

Банкет у калумбіядзе

Ці ўдалася адліўка калумбіяды?

Аб гэтым можна было толькі меркаваць. Праўда, у наяўнасці была вельмі важная прымета ўдачы: форма калумбіяды паглынула ўсю колькасць выплаўленага ў пячах метала, г. зн. увесь разлічаны для яе чыгун. Але не хутка яшчэ можна было фактычна праверыць якасць каласальнага вырабу.

Сапраўды, калі вядомы маёр Родмэн адліў сваю пушку вагой у 160 тысяч фунтаў, г. зн. гармату, у тысячу разоў меншую па вазе, чым калумбіяда Пушачнага клуба, давялося чакаць пятнаццаць дзён, пакуль гармата астыла да навакольнай тэмпературы; толькі тады аказалася магчымым праверыць якасць адліўкі і пачаць далейшыя работы. Колькі-ж часу павінен быў заняць працэс астывання каласальнай калумбіяды?

Гэтага нельга было вылічыць нават колькі-небудзь прыблізна, таму што выдзяленне пары з шахты працягвалася яшчэ многа дзён пасля адліўкі. Астываючы ў паветры, гэта пара навісала над шахтаю і вакол яе накшталт густой хмары, якая не расходзілася з прычыны бесперапыннага прытоку новай пары. З другога боку, гэта велізарная хмара затрымлівала выдзяленне цяпла з шахты, г. зн. яе астыванне.

Цярпенне Барбікена, Мерчызона і ўсіх членаў Пушачнага клуба падверглася доўгаму і жорсткаму выпрабаванню. Але нічога нельга было зрабіць. Гатовы на самаахвярнасць Мастон рашыў падбегчы бліжэй да шахты і ледзь не спёкся, — ён ледзьве паспеў выратавацца. Яшчэ два тыдні пасля адліўкі над шахтай стаяў велізарны слуп дыму, і глеба апякала ногі на адлегласці сямідзесяці метраў ад вяршыні Стонзхіла.

Дні ішлі за днямі, тыдзень бег за тыднем, і ўсё яшчэ нельга было блізка падыйсці да шахты. І што вельмі прыкра, нельга было прыдумаць ніякіх сродкаў паскорыць астыванне велізарнага чыгуннага цыліндра. Заставалася толькі чакаць, пасіўна чакаць. Гэта распальвала членаў Пушачнага клуба, і больш чым усіх, зразумела, найпаважанейшага яго сакратара.

— Сёння ўжо 10 жніўня, — аб’явіў ён сабранаму гуртку бліжэйшых сяброў. — Да першага снежня застаецца менш чатырох месяцаў. А трэба яшчэ вынуць унутраную форму калумбіяды, калібраваць, набіць яе. Не справімся к тэрміну! Нельга нават падыйсці да пушкі! Няўжо яна ніколі не астыне? Гэта былі-б дрэнныя жарты!

Гнеў Мастона не ведаў граніц, і прыяцелям заўсёды прыходзілася ўгаварваць яго, каб хаця крыху супакоіць.

Барбікен нічога не гаварыў, стараючыся ўтаіць у душы прыкрасць і раздражненне. Бачыць перад сабой перашкоду, перамагчы якую мог толькі час, — а час пры даных абставінах з’яўляўся самым небяспечным ворагам справы, якую трэба было закончыць к тэрміну, — быць у поўнай залежнасці ад ворага — было жорсткае выпрабаванне для чалавека, прывыкшага да дзейнай барацьбы.

Праз некалькі дзён пасля адліўкі калумбіяды былі пачаты правільныя штодзённыя назіранні за тэмпературай глебы вакол шахты. Доўга назіранні давалі зусім неўцяшальныя рэзультаты, але к палавіне жніўня пачалі вызначацца відочныя змены: можна было ўжо ставіць тэрмометры бліжэй да шахты, пары выходзіла з яе многа менш, і слуп, што стаяў над шахтай, губляў сваю непранікальнасць. К 15 жніўня глеба выдзяляла ўжо толькі лёгкі туман — апошняе кананне страшыдла ў яго каменнай дамавіне. Паволі спыніліся страсенні і гул; бесперапынна звужвалася кальцо раскаленай глебы вакол шахты.

Смельчакі пачалі ўласнымі падэшвамі прабаваць падыйсці да шахты. За адны толькі суткі можна было падацца ўперад на чатыры метры, праз суткі — амаль на столькі-ж, і, урэшце, 22 жніўня Мерчызон, Барбікен, Мастон і іх калегі з Пушачнага клуба маглі ўжо стаць на край чыгуна, роўнага з паверхняю вяршыні Стонзхіла.

— Нарэшце! — усклікнуў старшыня Пушачнага клуба і палегчана ўздыхнуў.

Можна сабе ўявіць радасць паважанага сакратара Пушачнага клуба. Найпаважанейшы Мастон не хацеў зыйсці з паверхні чыгуна, сцвярджаючы, што гэта надзвычай гігіенічнае месца — ног не застудзіш! Сапраўды-ж чыгун быў настолькі яшчэ гарачы, што і Мастону прышлося адступіць на загадзя падрыхтаваную пазіцыю.

У той-жа дзень пачаліся першыя работы па ачыстцы канала калумбіяды.

Работа аказалася вельмі цяжкай, бо пад уплывам высокай гарачыні пясок і гліністая замля, складаўшыя ўнутраную форму пушкі, набылі надзвычайную цвёрдасць. Прыходзілася працаваць ломам, кіркаю і свідравальнымі машынамі ў гарачай глебе, якая на паверхні чыгуна заставалася нават пякучай.

Усё было пушчана ў ход для паскарэння работы: для дзяўбання акамянелага грунта паставілі самыя сільныя машыны; адламаныя кавалкі спечанай зямлі адразу грузілі ў цялежкі, якія выцягваліся наверх паравою сілаю.

Галоўным прыспяшальнікам работ з’явіўся ўсё-ж сам чалавек — энергія рабочых. Барбікен здолеў павысіць гэту энергію сваімі безупыннымі ўгаворамі, а паколькі многія з іх прымалі форму наградных далараў, то яны набывалі асобую сілу, і цяжкая праца выбірання ўнутранай формы магла быць закончана к 3 верасня.

Пасля гэтага пачалося калібраванне ўнутранай паверхні пушкі. Паставілі магутнейшыя свідравальныя машыны, якія маглі справіцца з люстранай, надзвычай цвёрдай карой халоднага чыгуна яго паверхні.

Праз некалькі тыдняў унутраны канал калумбіяды быў падобны на зусім гладка адпаліраваны цыліндр, які ўсюды меў аднолькавы дыяметр у тры метры і быў пастаўлен строга вертыкальна з дапамогаю самых дакладных інструментаў, накіроўваўшых работу свідравальных і паліравальных машын.

Адным словам, 22 верасня, г. зн. менш чым праз год пасля славутага паведамлення Барбікена, велізарная калумбіяда была гатова. Заставалася толькі чакаць Луны, але гэта зусім не трывожыла: усе ведалі, што яна, секунда ў секунду, з’явіцца на прызначанае ёй спатканне.

Радасць Мастона не ведала граніц, і ён ледзь не загінуў, неасцярожна нахіліўшыся каля жэрла пушкі, каб лепш углядзецца ў яе глыбіню. Калі-б не правая рука Блемсберы, якая, на шчасце, уцалела ад вайны ў паважанага палкоўніка і своечасова ўхапіла Мастона, шаноўны сакратар Пушачнага клуба, найпаважанейшы Дж. Т. Мастон, упаў-бы з вышыні трохсот метраў і знайшоў-бы смерць у глыбокім бяздонні калумбіяды.

Значыцца, пушка была гатова. Ні ў каго не магло заставацца сумнення ў добрым выкананні яе адліўкі. Павінен быў прызнаць гэта і капітан Ніколь… Ён адразу выслаў старшыні Пушачнага клуба суму, праіграную ў першым закладзе, і 6 кастрычніка Барбікен запісаў дзве тысячы далараў на прыход у сваю чэкавую кніжку.

Можна сабе ўявіць пачуцці капітана Ніколя! Казалі, што ён захварэў ад прыкрасці і гневу, і можна было гэтаму паверыць.

Заставаўся, аднак, яшчэ заклад — у тры, чатыры і пяць тысяч далараў. Выйграўшы іх, Ніколь мог-бы яшчэ мець прыбытак.

Але не грашовыя меркаванні прыцягвалі і хвалявалі капітана Ніколя: страшны ўдар яго самалюбству, усім яго марам аб абароне ад ядраў нанесла ўдача ў адліўцы пушкі, стрэлы якой прабілі-б броню ў дзесятак метраў таўшчынёй.

З 27 верасня было дазволена публіцы заходзіць за агарожу Стонзхіла. Зразумела, што адразу нахлынуў натоўп наведвальнікаў.

Сапраўды, яшчэ раней у Фларыду пачалі з’язджацца з усіх куткоў і куточкаў Злучаных Штатаў цікаўныя турысты, і за гэты год горад Тампа неймаверна разросся. Насельніцтва яго ўжо налічвала паўтараста тысяч чалавек. Новыя вуліцы займалі не толькі ранейшую Брукскую крэпасць, якая апынулася амаль у цэнтры горада, але разышліся на ўсю доўгую пясчаную водмель, якая падзяляла абедзве адтокі бухты. На фларыдскім сонцы, і яшчэ больш на амерыканскай энергіі, вырас багаты прамысловы і гандлёвы горад. Ранейшы голы ўзбярэжны пясок занялі новыя кварталы і новыя вялікія будынкі. Яшчэ ў пачатку года хутка арганізаваліся акцыянерныя таварыствы, якія ўзялі падрады на пабудову школ, цэркваў, банкаў і прыватных дамоў. Менш чым за год плошча горада павялічылася ў дзесяць разоў.

Вядома, што янкі родзяцца камерсантамі-прадпрыемцамі; іх палкасць да спраў праяўляецца і на радзіме, і на чужыне, і ў трапічных краінах, і ў палярных — усюды, куды ні закіне іх лёс. Таму многія з іх, якія прыязджалі ў Тампа проста для таго, каб прагуляцца і паглядзець на работы Пушачнага клуба, хутка скемілі, што тут можна абжыцца, перасяліліся сюды і адкрылі крамы, магазіны, майстэрні, склады, банкірскія канторы.

Гавань Тампа надзвычай ажывілася дзякуючы рэйсіраванню суднаў, зафрахтаваных для падвозу рабочых і велізарных запасаў матэрыялаў у Стонзхіл. Хутка ў гавані пачалі з’яўляцца і іншыя судны: паравыя і парусныя, вялікія і малыя, рознага выгляду і танажу. Яны падвозілі харчы і рознага роду тавары для бесперапынна ўзрастаючага насельніцтва горада.

Не прайшло і некалькіх месяцаў, як адкрыліся параходныя і транспартныя канторы, партовыя арцелі і нават «Карабельная газета», якая штодзённа адзначала прыбываючыя і адбываючыя судны на гавані Тампа і ход работ у Стонзхіле. Ажывіўся не толькі горад Тампа, але і значная частка ўсёй Фларыды. Спатрэбіліся хуткія сухапутныя зносіны, і хутка Тампа быў злучан рэльсавым шляхам з сеткаю чыгунак.

Такім чынам, усім сваім росквітам горад Тампа быў абавязан прадпрыйманню Барбікена, ідэі якая больш ці менш выпадкова зарадзілася ў мазгу аднаго чалавека. Ідэя акрэпла, перамагла, і дзякуючы магутнасці амерыканскай тэхнікі на бязлюдным пясчаным беразе, замест маленькага, заняпалага гарадка, вырас паўтарастатысячны цэнтр, які мог ужо называцца сапраўдным вялікім амерыканскім горадам.

Яго назвалі Мун-Сіці, г. зн. Луна-горад, і ён зусім зацміў афіцыйную сталіцу Фларыды. Адбылося «поўнае зацменне Талагасі, бачымае з усіх пунктаў зямнога шара», — як любілі жартаваць жыхары Тампа.

Гэты дзіўны росквіт Тампа ні ў якім разе не з’явіўся нечаканым. Яго загадзя прадбачылі і ўлічылі многія кемлівыя янкі. У прыватнасці, калі паўстала пытанне аб месцы для калумбіяды, прадстаўнікі Техаса адразу зразумелі, як многа выйграў-бы іх родны штат, якую суму рэальнага дабра прынёс-бы будучы стрэл Пушачнага клуба. Вось таму яны з такой настойлівасцю дабіваліся, каб калумбіяду пабудавалі ў Техасе, высунуўшы пры гэтым цэлы арсенал патрыятычных довадаў і пачуццяў. Але патрыятызм патрыятызмам, а падкладкай патрыятычных выгукаў і самай сільнай рухаючай сілай техасцаў была надзея атрымаць вялікія камерцыйныя і грашовыя выгады. Таму і гнеў іх быў такі вялікі, калі яны засталіся пераможанымі. Яны адразу зразумелі, што Техас страціў будучы камерцыйны цэнтр, новыя чыгункі і значнае павелічэнне насельніцтва.

Усе гэтыя выгады павінны былі дастацца нікчэмнаму поўвостраву, бязлюднаму бар’еру прыроды між Мексіканскім залівам і хвалямі Атлантычнага акіяна. Таму зразумела, што ў Техасе прозвішча Барбікена стала такім-жа ненавісным, як імя мексіканскага генерала Санта-Анна, ранейшага прыгнятальніка і ворага Техаса.

Аднак, не гледзячы на ліхарадачную гандлёвую і прамысловую дзейнасць, новае насельніцтва Тампа не пераставала цікавіцца ходам работ Пушачнага клуба. Наадварот, кожная новая работа, кожная найменшая падрабязнасць пабудовы калумбіяды захоплівала жыхароў Тампа, выклікала шмат гамонкі і спрэчак і па-ранейшаму з’яўлялася галоўным цэнтрам грамадскага інтарэсу. Між горадам і Стонзхілам наладзіліся бесперапынныя зносіны, пастаянныя экскурсіі — накшталт паломніцтва.

Ужо ўлетку можна было прадбачыць, што к паказальнаму дню стрэла ў Луну збор гледачоў дасягне мільёна, калі не больш, бо штодзённа прыбывалі ўсё новыя і новыя партыі турыстаў. Нават Еўропа пачала эмігрыраваць у Фларыду.

Але да гэтага часу, трэба прызнацца, цікаўнасць прыбыўшых сустракала толькі вельмі мізэрнае задавальненне. Многія разлічвалі прысутнічаць пры відовішчы небывала каласальнай адліўкі, а бачылі толькі здалёку дым. Гэтага было занадта мала для прагавітай цікаўнасці амерыканцаў. Многія прыехалі за тысячы кілометраў спецыяльна на гэта віздовішча і патрабавалі, каб іх пусцілі за агарожу работ, але Барбікен усім староннім рашуча адмовіў. Гэта выклікала вялікае нездавальненне і нараканне: пачалі ганьбіць і лаяць Барбікена; абвінавачвалі яго ў самаўладстве, ледзь не ў дэспатызме; аб’явілі яго распараджэнні і паводзіны занадта неамерыканскімі, — і каля варот стонзхільскай агарожы гатоў быў выбухнуць сапраўдны мяцеж. Але Барбікен, як мы ўжо ведаем, заставаўся няўмольным, і яго цвёрдасць перамагла.

Але пасля адліўкі, калі калумбіяда была гатова, ужо не было для чаго зачыняць вароты агарожы. У гэтым убачылі-б не толькі недахоп далікатнасці ці абыходлівасці з публікай, — а публіка Злучаных Штатаў надта чуткая ў гэтых адносінах, — але і прамыя здзекі з законных яе патрабаванняў; гэта магло-б выклікаць вельмі вялікае нездавальненне грамадскай думкі. Таму Барбікен шырока расчыніў дзверы стонзхільскай агарожы, але, як практычны янкі, адразу здагадаўся, што тут можна выгадаць для сваёй справы на гэтай грамадскай цікаўнасці.

Вядома, і звычайнае відовішча небывала-вялікай пушкі было вельмі прывабна для публікі. Але Барбікен прыдумаў яшчэ асобы выкрут, які павінен быў паказацца ідэалам шчасця для сапраўднага амерыканца, а іменна — спуск у калумбіяду да самага яе дна, на трыста метраў.

Гэта стварыла сапраўдны фурор. Каля паравога калаўрота, які апускаў і паднімаў цялежку з дна калумбіяды, з раніцы да вечара тоўпіліся, чакаючы чаргі, старыя і маладыя мужчыны і жанчыны. За спуск была ўстаноўлена плата не малая — па пяць далараў з пасажыра, — і, тым не менш, попыт на «дно калумбіяды» быў такі вялікі, што за два месяцы каса Пушачнага клуба разбагацела на поўмільёна далараў.

Першымі наведвальнікамі дна калумбіяды былі, зразумела, члены Пушачнага клуба, якія цалкам заслужылі права на такое пачэснае пяршынства.

Урачыстасць першага спуску ў калумбіяду была прызначана на 25 верасня. У ганаровай цялежцы змясціліся: старшыня Барбікен, сакратар Дж. Т. Мастон, маёр Эльфістон, генерал Морган, палкоўнік Блемсберы і іншыя — усяго дзевяць найбольш дзейных членаў Пушачнага клуба. Да іх, зразумела, далучыўся і начальнік работ — інжынер Мерчызон.

Нязносна горача было яшчэ ў гэтай велізарнай чыгуннай трубе… Спачатку некаторыя проста задыхаліся ад духаты. Але затое якая прыемнасць, якая радасць!

На масіўным каменным п’едэстале, аснове пушкі, аказаўся багата сервіраваны стол на дзесяць чалавек. Гэту своеасаблівую сталовую асвятляў, як удзень, магутнейшы электрычны ліхтар.

Пачаўся банкет. Шматлікія і раскошна згатаваныя стравы, нібы з неба, апускаліся на стол разам з бутэлькамі лепшых французскіх він. Бал пайшоў на славу ў пушцы, на глыбіні трохсот метраў.

Можна сабе ўявіць вясёласць гасцей! Тост выклікаўся за тостам. Пілі за зямны шар, за яго спадарожніка, за Саюз Злучаных Штатаў, за Луну, называлі яе светларусаю Фебаю, бажэственнаю Дыянай, светлай красуняй Селенай, чароўным свяцілам ночы, мірным вестуном неба. Усе гэтыя «ура», узмоцненыя гукавымі хвалямі каласальнага металічнага цыліндра, выконваючага ў даным выпадку ролю агромністага рупара, даносіліся на паверхню зямлі, нібы рокаты грому, і натоўп, які сабраўся вакол Стонзхіла, уторыў сваімі крыкамі дзесяці шчасліўцам, захаваным на дне велізарнейшай калумбіяды. Захапленне палкага Мастона не паддаецца апісанню, — цяжка ўстанавіць, што іменна ён рабіў, але можна думаць, што ён больш крычаў, чым слухаў, і больш піў, чым еў. Ва ўсякім разе ён не прамяняў-бы свайго месца на цэлую дзяржаву, калі-б нават калумбіяду зарадзілі і стрэлілі з яе, разарваўшы шаноўнага сакратара Пушачнага клуба на тысячы кавалкаў, выкінутых у міжпланетную прастору.