З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XIV
← XIII. Шахта калумбіяды | XIV. Адліўка калумбіяды Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
XV. Банкет у калумбіядзе → |
РАЗДЗЕЛ ХІV
Адліўка калумбіяды
Адначасова з паглыбленнем шахты праводзіліся падрыхтоўчыя работы для адліўкі калумбіяды: у тыя восем месяцаў, якія патрабавалі паглыблення шахты, падрыхтоўка да адліўкі ішла з такою-ж дзіўнай хуткасцю.
Усякага іншакраінца, які прыязджаў у Стонзхіл, здзіўляла адкрытая перад ім карціна.
На адлегласці каля поўкілометра ад шахты кругападобна размяшчаліся тысяча дзвесце плавільных адбівальных пячэй. Кожная печ мела ў шырыню шэсць футаў і аддзялялася ад суседняй на такую-ж прыблізна адлегласць — 5⅓ футаў. Такім чынам, уся кругавая лінія гэтых пячэй дасягала ў даўжыню амаль чатырох кілометраў. Печы былі зроблены па аднаму ўзору, і іх велізарныя квадратныя трубы дасягалі аднолькавай вышыні. Наогул атрымліваўся надзвычай своеасаблівы малюнак, які надта падабаўся найпаважанейшаму Мастону.
— Гэта сапраўдная архітэктура, нібы Вашынгтонскі манумент[1], — любіў паўтараць паважаны сакратар Пушачнага клуба. — Нічога няма прыгажэйшага нават у Грэцыі. Аднак, я ў Грэцыі не быў, — дадаваў ён са звычайнай праўдзівасцю.
Мы ведаем, што на трэцім паседжанні Выканаўчага камітэта Пушачнага клуба было вырашана адліць калумбіяду з чыгуна, і іменна з шэрага чыгуна. Сапраўды, гэты сорт чыгуна найбольш вязкі і коўкі; яго лягчэй свідраваць і лягчэй адліваць ва ўсякія формы; калі-ж яго выплавіць на дрэвавым вугалі, дык атрымоўваецца гатунак найлепшай якасці для пушак, для цыліндраў паравых машын і гідраўлічных прэсаў, г. зн. наогул для вырабаў, якія павінны мець вялікую пругкасць.
Аднак, і такі чыгун не зусім добры, — галоўным чынам з прычыны сваёй неаднастайнасці, калі ён быў пераплаўлены толькі адзін раз. Яго ачышчаюць, ці рафініруюць, пры дапамозе паўторнага плаўлення, у час якога можна ачысціць яго ад апошніх крэмністых прымесей.
Першая плаўка жалезнай руды, намечанай для калумбіяды, рабілася ў доменных печах Гольдспрынгскага завода. У судакрананні з вугалем і крэмнезёмам, раскаленымі да надзвычай высокай тэмпературы, вадкі метал пранізваецца вугляродам, злучаецца з ім і ператвараецца ў чыгун.
Адліванне патрэбнай колькасці чыгуна было закончана ў красавіку. Цяпер трэба было адправіць яго ў Фларыду.
Справа ішла аб 60 тысячах тон металу; перавозка яго па чыгунцы каштавала-б вельмі дорага; акрамя таго, чыгунка не даходзіла яшчэ да Тампа, давялося-б перагружаць гэту велізарную масу і перавозіць яе на конях да Стонзхіла. Гэта мерапрыемства выклікала-б велізарныя дадатковыя выдаткі і значна затрымала-б дастаўку; увогуле перавозка каштавала-б столькі, колькі сам чыгун.
Таму вырашана было зафрахтаваць у Н’ю-Йорку спецыяльныя караблі і нагрузіць іх брускамі чыгуна. Патрэбна было не менш шасцідзесяці суднаў, — у сярэднім па тысячы тон.
3 мая гэты чыгунны флот вышаў з н’ю-йоркскіх праходаў у Атлантычны акіян, завярнуў на поўдзень і пайшоў удоўж амерыканскага берагу, увайшоў у Багамскі канал, абышоў мыс Себль — паўднёвую аканечнасць Фларыды, паплыў удоўж берагу і, не пацярпеўшы ні адной аварыі ў дарозе, 10 мая кінуў якар у гавані Тампа.
Патрэбна было нямала часу, каб разгрузіць гэтыя шэсцьдзесят караблёў, і яшчэ больш, каб перавезці ўжо гэту масу чыгуна па чыгунцы ў Стонзхіл. Але і гэта аперацыя шчасліва была закончана к палавіне чэрвеня месяца.
Яшчэ раней былі паволі загатоўлены вялікія склады вугалю і іншых матэрыялаў для адліўкі.
Патрэбна было затым загрузіць тысячу дзвесце пячэй чыгуном і вугалем. І тут тыя, якія здзіўляліся, што вельмі многа, як ім здавалася, пячэй, убачылі, што іх якраз толькі хапае, каб змясціць загатоўлены запас чыгуна.
Печы трэба было пабудаваць такім чынам, каб яны выплавілі кожная ў адзін і той-жа час адну і тую-ж колькасць чыгуна і каб затым увесь іх вадкі чыгун мог адначасова дасягнуць шахты і роўнамерна ў яе ўлівацца.
Узорам для стонзхілскіх пячэй паслужылі печы, што адлівалі чыгун для славутай велізарнай пушкі Родмэна. Гэта былі параўнальна нізкія печы, маючыя ў папярочным разрэзе форму трапецыі. Топка і ніз трубы захватвалі абодва канцы печы, і таму яна роўнамерна награвалася на ўсёй адлегласці. Сцены пячэй былі складзены з агнетрывалай цэглы, а ўсё ўнутранае прыстасаванне зводзілася да рашоткі, г. зн. да каласнікоў для спальвання вугалю, і да подавай пліты, на якой расстаўляліся брускі чыгуна: пліце далі нахіл у дваццаць пяць градусаў для таго, каб расплаўлены метал мог вольна сцякаць у прыёмныя рэзервуары.
Ад кожнага рэзервуара ішоў каменны жолаб, і ўсе тысяча дзвесце жалабоў сходзіліся, як радыусы велізарнай акружыны, к цэнтру адтуліны шахты.
Заставалася яшчэ вялікая работа, якую трэба было своечасова выканаць да адліўкі пушкі. Гэта — фармаванне ўнутранага канала будучай калумбіяды.
Патрэбна было зрабіць унутры шахты велізарны цыліндр у трыста метраў вышыні і тры — шырыні. Вось, г. зн. сярэдняя вертыкальная лінія гэтага цыліндра, павінна была супадаць з воссю самой шахты. Такім чынам, цыліндр запаўняў якраз тую прастору, якая павінна была складаць канал пушкі, г. зн. зрабіцца потым пустою.
Гэты цыліндр зрабілі з сумесі гліны з пяском, да якой яшчэ падмешвалі пасечаную салому і сена. Прамежак між цыліндрычнай формай і каменнымі сценамі шахты трэба было потым заліць расплаўленым чыгуном для ўтварэння дна і двухметровых сценак пушкі.
Як можна было ўтрымаць гэты агромны цыліндр у роўнавазе, каб ён не скрывіўся і не ўпаў?
Для гэтага, па меры збудавання цыліндра, яго сцягвалі кругавымі жалезнымі абручамі; акрамя таго, ён замацоўваўся праз роўныя прамежкі тоўстымі папярочнымі брусамі, глыбока замураванымі ў каменную тоўшчу шахты.
Вядома, пры выплаўцы гарматы ўсе гэтыя жалезныя ўмацаванні таксама павінны былі расплавіцца і змяшацца з вадкай масай чыгуна, г. зн. увайсці, так сказаць, у састаў сценак будучай пушкі. Гэта не наносіла ніякай шкоды моцнасці калумбіяды, бо ўся колькасць такога жалеза была надзвычай нязначнай у параўнанні з велізарнай масай чыгуна.
Работы па фармоўцы канала калумбіяды былі пачаты на другі дзень пасля заканчэння каменных работ у шахце. 8 ліпеня гэтыя работы шчасліва закончыліся.
Цяпер усё ўжо было гатова для самай адліўкі калумбіяды.
Барбікен прызначыў адліўку — ці свята адліўкі, як назвалі яго ліцейшчыкі, — на другі дзень а поўдні.
— Вельмі цудоўнае будзе свята, — заўважыў Мастон Барбікену. — Вось прываліць народу!..
— Староннія асобы не будуць дапушчаны, — перапыніў Барбікен.
— Як? Гэта свята будзе… пры зачыненых дзвярах… агарожы? — здзівіўся Мастон.
— Так. Я публіку не пушчу, — адказаў Барбікен. — Адліўка калумбіяды з’яўляецца справай перш за ўсё вельмі цяжкай, і публіка можа перашкодзіць, парушыўшы парадак; затым, гэта справа вельмі небяспечная — магчымы няшчасныя выпадкі. Таму я лічу за лепшае зрабіць гэту аперацыю пры зачыненых дзвярах. Можна будзе наладзіць публічнае свята перад стрэлам калумбіяды, але не раней.
Старшыня Пушачнага клуба меў права так гаварыць. Пры адліўцы пушкі маглі здарыцца непрадбачаныя аскладненні і няшчасці, і тады публіка сцясніла-б свабоду дзеянняў. Таму ніхто не быў дапушчаны за агарожу, акрамя членаў Пушачнага клуба, прыехаўшых ужо ў Тампа.
Сярод гэтых членаў былі знаёмыя ўжо чытачу: маёр Эльфістон і генерал Морган, жывы Білсбі, Том Гентэр і палкоўнік Блемсберы. Для іх, як і для астатніх прыбыўшых з імі членаў Пушачнага клуба, адліўка калумбіяды з’яўлялася, сапраўды, святам — асабістым святам.
Паважаны сакратар Пушачнага клуба наладзіў сабе падвойнае свята, прыняўшы ролю праважатага для прыезджых таварышоў. Ён вадзіў іх усюды — і да шахты, і ў майстэрні, і ў склады. Ён прымусіў іх агледзець усе ўстаноўкі і ўсе машыны.
— Наш паважаны друг Мастон не прапусціць, здаецца, ніводнай дэталі, — заўважыў генерал Морган, які ўжо даволі стаміўся ад хады і ад спёкі.
— Неабходна яшчэ агледзець печы, — абвясціў Мастон. — Агністыя печы! Цудоўныя печы!
І ён павёў іх спачатку да адной печы, потым да суседняй, потым да трэцяй і так далей і, не гледзячы на яўныя пад канец пратэсты, прымусіў іх абыйсці ўвесь чатырохкілометравы круг пячэй. Ганаровыя наведвальнікі ўжо не адчувалі пад сабой ног ад стомленасці…
Пачатак адліўкі, г. зн. заліўкі пушачнай формы расплаўленым чыгуном, быў прызначан роўна на дванаццаць гадзін дня. Таму печы закідалі чыгуном і вугалем яшчэ напярэдадні, прычым брускі чыгуна палажылі рашоткай, каб між ходамі свабодна хадзіла гарачае паветра і роўнамерна награвала гэтыя брускі. Можна меркаваць аб велічыні пячэй, калі пры такім вольным размяшчэнні брускоў у кожнай печы змясцілася каля 50 тон металу.
Печы распалілі на золку, і з раніцы ўжо тысяча дзвесце труб выкідвалі клубы дыму і полымя, зямля навокал глуха гула.
Для поўнай выплаўкі чыгуна патрабавалася роўная вагавая колькасць вугалю: значыцца, да поўдня павінны былі перагарэць 60 000 тон вугалю — можна меркаваць, якую колькасць чорнага дыму яны павінны былі даць! І сапраўды, над Стонзхілам павісла сапраўднае чорнае воблака, амаль закрыўшае сонечны дыск.
Хутка па ўсёй лініі пячэй спёка стала зусім нязноснай.
Хуткае і поўнае згаранне вугалю бесперапынна падтрымлівалася работай магутных вентылятараў, праз якія сільным ветрам уцягвалася свежае паветра, падаючы ў раскаленыя горны новы кісларод.
Шум вентылятараў і дрыжэнне пячэй узмацняліся да ступені грымотаў. І ў гэтай нязноснай спякоце, сярод гэтага аглушлівага шуму, павінны былі працаваць увесь час качагары, бесперапынна падкідаючы вуталь у печы, павінны былі стаяць майстры і напружана сачыць за ходам справы і за сігналамі кіраўніка работамі.
Каб лепш удалася адліўка, неабходна было вытварыць яе хутка. Таму ўмовіліся, што, як толькі будзе дан сігнальны стрэл з пушкі, рэзервуары з расплаўленым металам павінны быць умомант адкрыты, і кожная печ хутка апарожнена.
Рабочыя і майстры мужна стаялі на сваёй варце, нецярпліва чакаючы пушачнага стрэлу, і, зразумела, не без трывогі. Нікога ўжо не было, акрамя іх, унутры агарожы работ.
Майстры-ліцейшчыкі стаялі на самых небяспечных месцах — каля, пакуль што, закрытых адтулін, з якіх павінны былі хутка рынуцца струмяні расплаўленага чыгуна.
Барбікен, разам з членамі Пушачнага клуба, быў на суседнім узгорку, недалёка ад агарожы, і ўважліва сачыў за ўсім ходам работ.
Перад імі стаяла пушка, якая павінна была выстраліць па сігналу галоўнага інжынера.
Незадоўга да поўдня паказаліся першыя кроплі вадкага чыгуна; пакрыху пачалі налівацца прыёмнікі; нарэшце, увесь чыгун расплавіўся; але трэба было даць яму крыху адстаяцца, каб староннія прымесі ўсплылі на яго паверхню і тым аддзяліліся ад чыстага метала.
Гадзіннікавы звон прабіў поўдня. Пры першым-жа яго ўдары раптоўна бліснула жоўтае полымя, і пачуўся гук пушачнага стрэлу.
Амаль у той-жа момант раскрыліся тысяча дзвесце адтулін, і з іх адразу выпаўзлі тысяча дзвесце вогненных змей. Выгінаючыся ярка раскаленымі палосамі, яны хутка дасягнулі краёў шахты і рынуліся ў яе з жахлівым трэскам і гулам на глыбіню трохсот метраў. Гэта было цудоўнае, захапляючае відовішча!
Задрыжэла зямля пры падзенні чыгунных хваль у трохсотметравае бяздонне. Шахта зашугала віхорам дыму і пары. Раскалены метал умомант выпарыў вільгаць, сабраную на ўнутранай форме пушачнага канала і на сценах шахты, і раскаленая пара са страшэннай быстрынёй вырвалася на двор праз ходы і прадухі, пакінутыя ў сценах шахты. У паветры яна імкнулася ўверх густымі непранікальнымі спіралямі, і змяшаўшыся з дымам ад тысячы двухсот пячэй, падымалася к зеніту на вышыню кілометра.
Індзейцам Фларыды, што блукалі за гарызонтам Стонзхіла, магло здацца, што ў Фларыдзе з’явілася вогненная гара…
Між тым тут не было ні вывяржэння вулкана, ні смерча, ні навальніцы, ні барацьбы стыхій — ні адной з тых з’яў, якія ўстрашаюць чалавека ў прыродзе. Не! Наадварот, — гэта маса чырвонай пары, гэта велізарнае полымя, якое вырвалася як-бы з кратэра, дрыжэнні глебы, падобныя на падземныя штуршкі пры землетрасеннях, увесь невыабражальны шум, які гранічыў ярасцю з рэвам урагана, — усё гэта было справай рук чалавека; чалавечыя рукі, выкапаўшыя бяздонне ў зямлі, накіроўвалі, скідалі ў яго Ніягару расплаўленага метала!
- ↑ Помнік, пастаўлены ў гонар Джорджа Вашынгтона ў сталіцы ЗША. Яго вышыня 172 метры.