Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XII. Стонзхіл XIII. Шахта калумбіяды
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XIV. Адліўка калумбіяды

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XIII

Шахта калумбіяды

У той-жа вечар Барбікен і яго атрад вярнуліся ў Тампа. Мерчызон паехаў са зваротным рэйсам «Тампіко». Ён спяшаўся хутчэй вярнуцца ў Н’ю-Орлеан, наняць там армію рабочых і набыць чым больш патрэбных матэрыялаў. Члены Пушачнага клуба засталіся ў Тампа для арганізацыі работ першай чаргі з дапамогаю мясцовых рабочых.

Праз восем дзён «Тампіко» зноў паказаўся ў заліве Тампа ў суправаджэнні параходнай флатыліі. Мерчызон прывёз паўтары тысячы рабочых.

31 кастрычніка, а дзесятай гадзіне раніцы, увесь натоўп высадзіўся на наберажную Тампа. Зразумела, які рух і дзейнасць адразу ахапілі гэты маленькі гарадок, насельніцтва якога за адзін дзень амаль падвоілася.

Але і пасля гэтай першай хвалі новых пасяленцаў насельніцтва Тампа хутка расло, і прытым незалежна ад ліку рабочых, бо іх адразу-ж накіравалі ў Стонзхіл. У Тампа амаль штодзённа прыбывалі з усіх канцоў зямнога шара атрады турыстаў, жадаючых сваімі вачыма бачыць месца і работы для ажыццяўлення вялікай справы Пушачнага клуба.

Патрабавалася некалькі дзён для выгрузкі першай партыі матэрыялаў, машын і правіянта, а таксама частак зборных дамоў для рабочых. У гэты-ж час Барбікен паставіў першыя вешкі для палатна чыгункі, якая павінна была злучыць Стонзхіл з Тампа.

Бадай не ўсім вядома, як амерыканцы будуюць свае чыгункі. Яны не баяцца ні крутых заваротаў, ні вялікіх пад’ёмаў, ненавідзяць пярылы пры насыпах і ўсякія штучныя пабудовы. Іх дарогі капрызна ўзбіраюцца на ўзгоркі і такім-жа чынам спускаюцца ў даліны, ідучы амаль навослеп, ані не клапоцячыся аб захаванні прамалінейнага шляху. Таму амерыканскія чыгункі каштуюць значна танней за еўрапейскія і будуюцца хутчэй; затое з іх рэльсаў паязды хутчэй сыходзяць і часцей валяцца пад адкос.

Будаванне дарогі з Тампа ў Стонзхіл аказалася таму самай звычайнай справай; яе пабудавалі вельмі танна і хутка.

Практычны розум Барбікена ствараў тысячы палепшанняў у пастаноўцы і выкананні работ. Пры ім ніколі не ўзнікала ні перашкод, ні цяжкасцей, ні замяшання: Барбікен аказаўся такім-жа першакласным механікам, будаўніком, рудакопам, якім майстрам ён быў у артылерыі. Ён знаходзіў адказы на ўсе пытанні і хуткія рашэнні для ўсіх практычных задач. У той-жа час ён вёў самую дзейную перапіску з камітэтам Пушачнага клуба і з Гольдспрынгскім заводам; удзень і ўноч, з разагрэтай парай, «Тампіко» чакаў яго загадаў на рэйдзе.

Першага лістапада Барбікен пакінуў Тампа з першым атрадам рабочых, і ўжо на другі дзень каля Стонзхіла вырас цэлы гарадок з разборных драўляных домікаў, а пасля ўжо неўзабаве агарадзілі новыя памяшканні палісаднікамі. Адразу ў рабочым гарадку закіпела жыццё, як у любым вялікім горадзе Злучаных Штатаў. Адразу наладзілася арганізацыя работ, і само жыццё злілося з устаноўленай для яе дысцыплінай.

Пробныя свярдленні, выкананыя з магчымай дакладнасцю, далі выдатныя рэзультаты, і ўжо з чацвертага лістапада можна было пачаць закладваць шахты. У гэты дзень Барбікен склікаў усіх галоўных майстроў і выступіў з наступнай прамовай:

— Сябры мае! Вы ўсе ведаеце, з якой мэтай я паклікаў вас у гэтую дзікую частку Фларыды. Неабходна адліць пушку даўжынёю ў трыста метраў, з унутраным дыяметрам у тры метры, з сценкамі ў два метры. Трэба гэту пушку аблажыць сяміметровым каменным мурам; наогул гэта павінна быць шахта шырынёй у дваццаць метраў і глыбінёй у трыста метраў. Гэту вялікую работу неабходна закончыць на працягу васьмі месяцаў. Для тысячы рабочых гэта няцяжка, калі яны працуюць на прасторы. Вам-жа давядзецца працаваць у параўнальна абмежаванай прасторы. Тым не менш работа павінна быць зроблена, і яна будзе зроблена: я разлічваю столькі-ж на вашу мужнасць і на вашу энергію, колькі і на вашу здатнасць.

Слухачы Барбікена былі зусім падрыхтаваны да яго энергічнай прамовы, выразіўшай у кароткіх словах праграму работ і адносіны Барбікена да рабочых. Гэта прамова як нельга больш падыходзіла да характару і дзелавітасці галоўных выканаўцаў будучай пабудовы. Яны адразу-ж разышліся і прывялі чарговую змену рабочых.

Ужо а восьмай гадзіне раніцы на вяршыні Стонзхіла пачуліся першыя ўдары кіркі, і з таго часу гэта мужная прылада ні на адну хвіліну не заставалася без работы: рабочыя мяняліся чатыры разы за суткі.

Адным з пунктаў дагавора з Пушачным клубам Гольдспрынгскі завод абавязваўся сцягнуць дула калумбіяды вялізнымі абручамі з кованага жалеза, якія прышлося-б насаджваць гарачымі. Мерчызон сказаў, што камяністы грунт цвёрды і гэтыя абручы, якія будуць каштаваць надзвычай дорага і зоймуць вельмі многа часу, з’яўляюцца зусім лішняй раскошай.

Нечага гаварыць, што практычны розум Барбікена адразу ацаніў важнасць меры, прапануемай Мерчызонам. З агульнай згоды гэты пункт дагавора быў адменены.

— Гэта дасць нам вялікую эканомію ў часе, — растлумачыў Мерчызон, — таму што цяпер можна будзе прымяніць новую сістэму для паглыблення шахты.

— А ў чым-жа заключаецца гэта новая сістэма? — запытаў маёр, які быў староннікам моцных гармат і таму не без хістанняў адмовіўся ад жалезных кольцаў для калумбіяды: ён умомант успомніў няшчасны лёс мастонаўскай мартыры.

— Справа вось у чым, — адказваў Мерчызон, — калі ставіць умацавальныя абручы на пушку, то нельга пачынаць муравання раней, чым не будзе адліта пушка і абцягнута гэтымі велізарнымі абручамі; цяпер-жа мы будзем вымуроўваць каменную аграду адначасова з выкапваннем зямлі. Акрамя таго, гэта пазбаўляе ад неабходнасці падпіраць земляныя сцены распорнымі брусамі; цяпер іх стрымае мур, які сам будзе апускацца ўніз з дапамогаю свайго цяжару.

— Але вы, здаецца, яшчэ не паставілі каменшчыкаў на работу? — запытаў маёр.

— Раней трэба адкапаць верхні пласт глебы і дабрацца да цвёрдага грунту, — адказаў інжынер.

У гэты першы дзень работ, 4 лістапада, пяцьдзесят рабочых выкапалі ў цэнтры агарожы, г. зн на самай вяршыні Стонзхіла, круглую яму дыяметрам у дваццаць метраў. Першы пласт глебы аказаўся падобным да чарназёма ўсяго на некалькі сантыметраў у таўшчыню. Гэты пласт знялі вельмі хутка; пад ім аказаўся тонкі пясок, пластом у таўшчыню менш метра. Гэты пясок прышлося вельмі акуратна выбраць і скласці недалёка ад агарожы, бо ён быў годны для пабудовы ўнутранай формы для адліўкі пушкі.

Пасля пяску паказалася даволі шчыльная белая гліна, падобная да англійскага мергеля, якая ўтварыла ярус больш метра ў таўшчыню.

Далей кірка пачала біць па цвёрдаму пласту камяністай пароды, утворанай з скамянелых ракавінак. Парода аказалася не толькі вельмі цвёрдай, але і зусім сухой. Дайшоўшы да яе, рабочыя дасягнулі ўжо глыбіні больш двух метраў, і грабары ўступілі месца каменшчыкам.

Перш за ўсё трэба было зрабіць аснову — фундамент для першых каменных работ. Для гэтага зрабілі вялізнае кальцо з дубовага, надзвычай цвёрдага дрэва, умацаванага шматлікімі жалезнымі балтамі. Унутраны дыяметр кальца павінен быў быць роўным знешняму дыяметру калумбіяды. Гэта кальцо было апушчана ў выкапаную яму, і на яго палажылі першыя пласты будаўнічага каменя; дзіркі паміж каменнямі заліваліся гідраўлічным цэментам, які не баіцца вады і звязвае каменні з надзвычайнай моцнасцю. Мураваць пачыналі ад знешняй акружнасці кальца і ішлі к цэнтру, да ўнутранай акружнасці драўлянага фундамента.

Закончыўшы гэтую работу, рабочыя апынуліся ўжо ў калодзежы, які меў унутраны дыяметр сем метраў; тры метры ў сярэдзіне павінны былі заставацца для ўнутранага дыяметра калумбіяды, і два метры з абодвух бакоў — для яе сценак.

Калі закончылі гэту работу, наступіла чарга грабароў, якія зноў узяліся за свае кіркі і ламы і пачалі выбіваць пароду з-пад драўлянага кальца.

Ад гэтага пад кальцом стваралася пустата, у якую адразу засоўвалі моцныя падпоркі адной велічыні, каб утрымоўваць драўляны фундамент у гарызантальным палажэнні.

Калі грунт быў выбіты амаль на метр з-пад усяго кальца, трэба было паслядоўна і надзвычай асцярожна выбраць усе падпоркі. Тады фундамент, а з ім і ўся надбудаваная сцяна пачыналі самі апускацца, ціснучы сваім вялікім цяжарам: над фундаментам была ўжо надбудавана кальцавая каменная сцяна да самай паверхні зямлі.

— Нашто ў розных месцах гэтага каменнага мура пакідаюць пустоты? — запытаў у Мерчызона маёр Эльфістон.

— Неабходна пакідаць адтуліны, — растлумачыў інжынер, — па іх знойдуць выхад газы, якія будуць выдзяляцца пры адліўцы пушкі.

Усе гэтыя работы, асабліва капанне пад кальцом, патрабавалі ад рабочых не толькі вельмі вялікай спрытнасці, але і бесперапыннай напружанай увагі. З першых дзён ужо былі сур’ёзныя раненні рабочых адломкамі каменя, а пасля былі нават смяротныя выпадкі.

Але энергія рабочых не астывала ні на адну хвіліну — ні ўдзень, ні ноччу. Удзень даводзілася працаваць пад пякучымі праменнямі сонца, якія ўлетку награвалі вапенную глебу да сарака градусаў. Ноччу працавалі пры электрычным святле.

Велічную карціну прадстаўлялі сабою гэтыя начныя работы. Бесперапынна чуліся ўдары лома аб скалу, грукат і стук машын, парахавых выбухаў, разбураючых скалы. Над вяршыняй Стонзхіла шугаў густы дым; ён узнімаўся высокім слупам, затым слаўся агромным кальцом. Гэты дым, стук і грукат палохалі не толькі гурты бізонаў, але і індзейцаў-семінолаў, якія з перапалоху пераехалі далей ад гэтага страшнага для іх месца.

Работы ішлі хутка і правільна. Зямлю выцягвалі з ямы паравымі пад’ёмнымі машынамі; нечаканых перашкод не сустракалася, былі толькі загадзя прадбачаныя цяжкасці, якія адхіляліся па папярэдне выпрацаванаму плану.

За месяц работы шахту выкапалі да трыцці сямі метраў, г. зн. настолькі, колькі было запланіравана.

У снежні гэта глыбіня падвоілася, а ў студзені патроілася.

Толькі ў лютым адна падзея, хоць і прадбачаная, выклікала вялікую затрымку. Раптоўна з глыбіні шахты хлынула падземная вада пад драўляным кругам — фундаментам каменнага мура. Давялося пусціць у работу магутнейшыя насосы і апараты са сціснутым паветрам, каб выпампаваць ваду, і потым замураваць бетонам адтуліны падземных крыніц такім спосабам, як гэта задрайваюць дзіркі ў падводнай частцы карабля. Такім чынам удалося не дапусціць падземную ваду ў шахту. Аднак, вада паспела крыху размыць грунт пад драўляным кальцом; і яно нахілілася і часткова асела ўніз.

Можна сабе ўявіць той страшны штуршок, які пры гэтым здарыўся, бо разам з кальцом здрыганулася і нахілілася ўся агромная каменная сцяна, вышыня якой дасягала ўжо больш ста метраў.

Гэты няшчасны выпадак каштаваў жыцця некалькім рабочым. Прышлося патраціць тры тыдні, каб падперці каменную сцяну і зноў правільна ўстанавіць фундамент кальца. Мерчызон у час гэтага здарэння паказаў усю сваю здатнасць. Дзякуючы яму, а таксама сіле машын, каменная сцяна, якой пагражала вялікая небяспека, зноў стала на ранейшае месца, і можна было капаць далей шахту ў глыбіню.

На шчасце, ніякіх затрымак больш не здарылася, і 10 чэрвеня — за дваццаць сутак да сканчэння тэрміну, вызначанага Барбікенам, — шахта дасягнула дагаворнай глыбіні ў трыста метраў. У той-жа час было закончана і ўсё мураванне; мур стаяў ужо на суцэльным дзесяціметровым масіве і адтуль ішоў уверх цыліндрычным кальцом.

Старшыня Пушачнага клуба і прысутныя пры работах члены Пушачнага клуба ўрачыста віталі і горача дзякавалі інжынера Мерчызона за незвычайную хуткасць і добрасумленнасць яго работ.

На працягу гэтых васьмі месяцаў Барбікен не пакідаў Стонзхіл ні на адну хвіліну. Дбайна сочачы за ўсімі работамі, ён пастаянна клапаціўся аб здароўі і добрабыце рабочых. Можа дзякуючы гэтым шчырым клопатам сярод насельніцтва Стонзхіла не пашыралася ні адна з тых эпідэмій, якія так часта бываюць у краінах, блізкіх да тропікаў.

Праўда, некалькім рабочым каштавала жыцця зрушэнне каменнага мура, а ў іншых выпадках — смерці былі з прычыны ўласнай неасцярожнасці. Ды пры такіх вялікіх і небяспечных работах ніяк нельга папярэдзіць падобных няшчасных выпадкаў.

Амерыканцы лічаць такія няшчасныя выпадкі глупствам. Аднак, Барбікен меў іншы пункт гледжання і стараўся ўнікаць іх. Таму процант няшчасных выпадкаў у час капання шахты не перавысіў сярэдняга процанта такіх-жа выпадкаў у еўрапейскіх краінах, якія хваляцца сваімі ахавальнымі мерамі і прадугадлівай апекай у грамадскіх работах. Але і ў гэтых краінах на семдзесят пяць тысяч рублёў кошту работ прыпадае адна смерць ад няшчасных выпадкаў пры работах…