Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XI. Па ўсяму свету XII. Стонзхід
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XIII. Шахта калумбіяды

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХІІ

Стонзхіл

З таго часу, як Пушачны клуб адхіліў дамаганні Техаса, усе ў Злучаных Штатах, дзе кожны ўмее чытаць, палічылі неабходным вывучыць геаграфію Фларыды. Ніколі гандляры кнігамі не прадавалі столькі спецыяльных кніг. «Падарожжа ў Фларыду» Бартрама, «Гісторыя прыроды Усходняй і Заходняй Фларыды» Рамена, «Тэрыторыя Фларыды» Уільяма і творы Кліленда «Аб культуры цукровага трысця ва Усходняй Фларыдзе» разышліся амаль за некалькі дзён. Давялося паспешна друкаваць новыя выданні, адно за адным; поспех іх аказаўся проста казачным.

Старшыні Пушачнага клуба было не да чытання: ён рашыў уласнымі вачыма агледзець патрэбную яму частку Фларыды для вызначэння месца пабудовы калумбіяды. Таму, не трацячы ні аднаго дня, ён даў Кембрыджскай абсерваторыі суму, неабходную для вырабу магутнейшага тэлескопа, і заказаў «Гандлёваму дому Брэдвіль і К°» у Олбені праектаваны для калумбіяды алюмініевы снарад; затым Барбікен выехаў з Балтыморы, разам з Мастонам, маёрам Эльфістонам і дырэктарам Гольдспрынгскага завода, інжынерам Мерчызонам.

На другі дзень падарожнікі былі ўжо ў Н’ю-Орлеане; там яны адразу пераселі на падрыхтаваны для іх урадам параход «Тампіко», які чакаў іх з разагрэтай парай.

Пераезд быў нядоўгі. За двое сутак «Тампіко» прайшоў каля 800 кілометраў і падышоў да берагоў Фларыды. Падарожнікі ўбачылі перад сабою зямлю, нізкую, плоскую і з выгляду зусім бясплодную. Абышоўшы цэлы рад мысочкаў і маленькіх бухтачак, багатых вустрыцамі і амарамі, «Тампіко» зайшоў у бухту заліва Тампа.

Гэта бухта падзяляецца на дзве прадоўжныя адтокі: рэйд Тампа і рэйд Гілісборо, якія зліваюцца каля мора ў агульнае вусце, праз якое параход хутка прайшоў. Праз некаторы час паказалася цытадэль Брук з яе нізенькімі батарэямі, ледзь віднымі сярод хваль, і затым горад Тампа. Ён стаяў бязладна ў закавулку маленькай прыроднай гавані, утворанай вусцем ракі Гілісборо.

Тут «Тампіко» кінуў якар 22 кастрычніка, а сёмай гадзіне вечара, і падарожнікі адразу вышлі на бераг.

Моцна застукала сэрца ў Барбікена, калі ён ступіў на фларыдскую зямлю! Здавалася, што ён абмацвае яе нагою, як часам архітэктар інстынктыўна прыкладвае руку да дома, каб упэўніцца, што моцныя яго сцены. А сакратар Пушачнага клуба, паважаны Мастон, толькі тое і рабіў, што калупаў глебу канцом свайго жалезнага кручка.

— Сябры мае, мы не павінны траціць ні аднаго дня, — сказаў Барбікен. — Заўтра-ж зранку мы сядзем на коней і паедзем аглядаць краіну.

Тут да падарожнікаў падаспела ўрачыстая дэпутацыя: усё насельніцтва горада, усе, хто толькі мог хадзіць.

Трохтысячны натоўп напоўніў паветра шумнымі прывітаннямі — гонар, якога цалкам заслужылі старшыня Пушачнага клуба і яго бліжэйшыя таварышы, аддаўшы перавагу Фларыдзе, а не Техасу і гораду Тампа, а не іншым паселішчам Фларыды. Але Барбікен хутка схаваўся ад авацый у гасцініцу «Франклін», дзе аб’явіў, што не можа нікога прыняць. Роля славутасці была яму не да спадобы.

Назаўтра досвіткам, 23 кастрычніка, перад вокнамі гасцініцы стаялі ўжо маленькія, але поўныя сілы і агню іспанскія конікі, якія шалёна білі капытамі. Але, замест чатырох коней, аказалася цэлых пяцьдзесят і столькі-ж коннікаў. Барбікен і яго таварышы спачатку вельмі здзівіліся, убачыўшы такую кавалькаду. Акрамя таго, Барбікена здзівіла і тое, што кожны коннік быў узброены карабінам і параю вялізных пісталетаў, закладзеных у сядло. Адзін малады фларыдзец адразу растлумачыў яму прычыну такога моцнага ўзбраення.

— Можаце сустрэць семінолаў.

— Якіх семінолаў?

— Індзейцаў, якія бродзяць па стэпу; таму мы рашылі суправаджаць вас, на ўсякі выпадак…

— Пш! — сказаў адважны сакратар Пушачнага клуба тонам пагарды да ўсякай небяспекі; пры гэтым ён зачапіў сваім кручком за сядло, каб узлезці на свайго каня.

— Гэта, ведаеце, на ўсякі выпадак… Будзе спакайней, — дадаў фларыдзец.

— Вельмі вам удзячны за вашу ўвагу і ласку, — адказаў Барбікен, — а цяпер — марш!

Кавалькада адразу кранулася і хутка знікла ў воблаках пылу. Было ўсяго пяць гадзін раніцы: сонца ўжо ярка свяціла, тэрмометр паказваў 28 градусаў у цені, але парыванні свежага ўзбярэжнага ветру стрымлівалі гэту празмерную спёку. Падарожнікі накіраваліся на поўдзень, удоўж берагу, каб дабрацца да рэчкі Аліфія, якая ўліваецца ў бухту Гілісборо, кілометраў за восемнаццаць ніжэй Тампа.

Барбікен і яго дружына пачалі падымацца па праваму берагу рэчкі. Хутка за ўзвышшам знікла бухта, і перад іх вачыма раскінулася Фларыдская нізіна.

Фларыда падзяляецца на дзве часткі. Паўночная не такая бязлюдная і гусцей заселена; у ёй знаходзяцца сталіца штата — Талагасі — і адзіная вялікая гавань Фларыды — Пенсакола, у якой арганізованы адзін з найбольш буйных марскіх арсеналаў Злучаных Штатаў. Другая, паўднёвая частка, ляжыць між Атлантычным акіянам і Мексіканскім залівам. Яна падобна на плоскі і вузкі поўвостраў, які бесперапынна размываецца цёплым цячэннем Гольфштрэма. Гэтая маленькая аканечнасць мацерыка ледзь відна з-за цэлага архіпелага астравоў.

Плошча, займаемая Фларыдай, крыху перавышае трыццаць мільёнаў акраў[1]. Барбікену патрэбен быў толькі адзін акр, але з дастатковымі выгадамі для выканання справы Пушачнага клуба; таму Барбікен і яго таварышы паехалі цішэй, уважліва разглядаючы навакольную мясцовасць.

— Не разумею, чаму гэту голую, выпаленую зямлю назвалі Фларыдай, г.зн. «Краінай кветак»! — усклікнуў Мастон. — Можа кветкі — на другім баку поўвострава?

— Пачакайце крыху, — заўважыў інжынер Мерчызон, — мы толькі што пакінулі пясчаны бераг.

Сапраўды, ужо праз некалькі кілометраў ад бязлюднага берагу выгляд мясцовасці пачаў хутка мяняцца, З’явіліся ручайкі і рэчкі; затым паказаліся частыя, хоць і невялікія, азёры; хутка ўсё гэта ўтварыла цэлую вадзяную сець, накшталт ландшафтаў Галандыі або Гвіяны.

Потым стэп пачаў прыкметна падымацца, і перад падарожнікамі раскрыўся малюнак апрацованых палёў з багатай расліннасцю.

— Тут, здаецца, усякія расліны: і паўночныя і паўднёвыя, — заўважыў маёр. — Паглядзіце: вось, здаецца, табак, а там, далей, рыс!

— А тут, налева, — цэлы луг ананасаў, — сказаў Мерчызон. — А там, далёка, плантацыя цукровага трысця.

— Але як гэта тут усё расце без догляду: нібы само лезе з зямлі? — запытаў маёр.

— Вельмі проста, — адказаў інжынер. — Тут многа цяпла і вільгаці: цеплату дае трапічнае сонца, а ваду дажджоў захоўвае гліністая глеба.

— Сапраўды, Фларыда заслугоўвае сваёй назвы «Краіна кветак», — заключыў маёр. — Дзіўнае багацце прыгожай расліннасці.

Барбікен таксама, здавалася, быў задаволены гэтымі перспектывамі, і калі Мастон запытаў яго думку адносна аглядаемай мясцовасці, старшыня Пушачнага клуба адказаў:

— Так, мне вельмі падабаецца гэта мясцовасць. Стэп усё падымаецца, а для нас, мой добры сябра, важней за ўсё пабудаваць нашу калумбіяду на дастаткова высокім месцы.

— Каб было бліжэй да Луны? — усклікнуў паспешны Мастон, не падумаўшы.

— Не, мой сябра, — адказаў з усмешкай Барбікен. — Некалькі метраў далей ці бліжэй да Луны — не мае ніякага значэння. Але справа ў тым, што на высокім месцы лягчэй і выгадней працаваць. Перш за ўсё не прыдзецца спускаць ваду з будучага нашага калодзежа, што патрабавала-б цэлай сеткі доўгіх і дарагіх труб і пастаяннай работы машын для пампавання вады. Падумайце толькі: калодзеж — ці, дакладней, шахта — для калумбіяды будзе мець глыбіню каля трохсот метраў і павінен быць зусім сухі.

— Ваша праўда, — умяшаўся інжынер Мерчызон: — у час свідравання глебы неабходна пастаянна бараніць сябе ад вады. Таму вельмі пажадана знайсці ўзвышша і, па магчымасці, без грунтовай вады. Аднак, не бяда, калі і наскочым на падземныя крыніцы — мы выпампуем усю іх ваду, а калі нельга будзе яе вычарпаць, дык спусцім убок.

— Але гэта работа цяжкая і вельмі дорага каштуе, — заўважыў Барбікен.

— І цяжкая, і дарагая, але мы выканаем яе параўнальна лёгка, — адказаў Мерчызон. — Нам-жа не артэзіянскі калодзеж капаць, які надзвычай вузкі, і таму ў ім зусім цёмна: прыходзіцца падрыхтоўваць і свідраваць наўгад. А ў нас, пры шырыні шахты ў тры метры, будзе спачатку дастаткова сонечнага святла, а потым лёгка ў такой шахце зрабіць электрычнае асвятленне. Будзем удзень дзяўбаць кіркаю і рыдлёўкаю, а калі трэба будзе, то і порахам, калі сустрэнем вельмі цвёрдыя пароды, якія трэба будзе ўзарваць.

— Аднак, — заўважыў зноў Барбікен, — калі нам удасца знайсці ўзвышша і прытым сухое, дык мы ўнікнем непатрэбных клопатаў з падземнай вадой. Будоўля будзе лягчэйшай і мацнейшай. Таму неабходна залажыць нашы траншэі на месцы, якое-б знаходзілася на некалькі сот метраў над узроўнем мора.

— Ваша праўда, Барбікен, — адказаў інжынер, — і мясцовасць паказвае, што мы хутка знойдзем выгодны ўзгорак.

— Эх! усклікнуў Барбікен. — Як-бы мне ўжо хацелася пачуць першы ўдар кіркі!

— А я-б хацеў, каб зараз быў апошні ўдар! — усклікнуў палкі Мастон.

— Хутка, хутка дачакаецеся, — адказаў ім інжынер, — і паверце, нашаму заводу не давядзецца плаціць няўстойку за несвоечасовае сканчэнне работ.

— А ведаеце, якую нядоімку прышлося-б вам заплаціць? — усклікнуў Мастон. — Сто далараў у суткі да таго часу, пакуль Луна зноў не вернецца ў такое-ж палажэнне адносна Зямлі, г. зн. 18 гадоў і 11 дзён. Я ўжо вылічыў — гэта складзе шэсцьсот пяцьдзесят восем тысяч і сто далараў!

— Не, шаноўны судар, мы гэтага не ведалі, і не трэба нам гэтага ведаць, — адказаў спакойна інжынер, — таму што мы сваю работу закончым своечасова.

— А вось і лес паказаўся! — выкрыкнуў маёр.

Каля дзесяці гадзін раніцы кавалькада была ўжо кілометрах у дваццаці, лічачы па прамой лініі, ад берагу. Тут, як відаць, канчаліся апрацоўваемыя палі.

Кавалькада ўвайшла ў густы, мала праходны лес.

— Глядзіце, гэта амаль фруктовы лес! — усклікнуў Мастон. — Вось абрыкосы, вось фігавае дрэва, вось вінаград!! Глядзіце, якія вялікія лазіны — як вінаграднае дрэва!

— А вось апельсіны, бананы, лімоны, — паказваў маёр. — А гэта, здаецца, маслічнае дрэва? — запытаў ён у аднаго з праваднікоў. — Вось дзе італьянцы і французы нагатовілі-б сабе алівы і масла!

У густым араматным цені гэтых раскошных дрэў лёталі і спявалі стаі птушак з бліскучым апярэннем, хараством якога нельга было не захапляцца.

Адзін з фларыдцаў пад’ехаў да дрэва і дастаў між галля гняздо савакуна. Гэту птушку называюць яшчэ ракаедам, бо яна вельмі ахвотна есць рабакападобных жывёлін. Птушка гэта вельмі прыгожая, але яшчэ прыгажэйшае яе гняздо — сапраўдны футляр тонкай работы з прыгожага пер’я.

Маёр і Мастон не маглі не захапляцца прыгажосцю гэтай пышнай прыроды, не гледзячы на тое, што яны былі палкія артылерысты і дзелавыя людзі.

Адзін толькі Барбікен, увесь паглынуты сваімі думкамі аб удалым выбары найлепшага месца для адліўкі калумбіяды, заставаўся абыякавым да прыгожага лесу. Нават, наадварот, ён спяшаўся выбрацца з яго: багатая глеба не падабалася яму іменна сваёй урадлівасцю. Хоць Барбікен і не быў зроблены з гіграскапічнага матэрыялу, але ён так і адчуваў ваду пад сваімі нагамі, пад гэтай урадлівай глебай, а яму патрэбна была глеба зусім сухая.

Кавалькада ўсё рухалася наперад. Хутка напаткалі даволі шырокую рэчку, але настолькі мелкую, што яе можна было пераехаць уброд.

Адзін з коннікаў папярэдзіў Барбікена і яго таварышоў, што пераезд цераз раку можа быць небяспечным, калі не сачыць за кайманамі, якіх вельмі многа ў фларыдскай прэснай вадзе.

— Вось яшчэ! — Я іх! — усклікнуў храбры Мастон, адважна пагражаючы кракадзілам сваім жалезным кручком.

Але яго жэст напалохаў толькі пеліканаў, чыркоў і іншых вадзяных птушак, што плёскаліся каля берагоў. Яны з шумам пераляцелі на іншае месца; толькі вялікія чырвоныя фламінго не крануліся з месца і тупа глядзелі на людзей і коней.

Сустрэлі яшчэ некалькі такіх рэчак, але і цераз іх пераправіліся шчасліва. Агромныя кайманы, даўжынёй па 4-5 метраў, відаць напалоханыя вялікай колькасцю людзей і коней, не адважваліся нападаць на падарожнікаў.

Далей лес радзеў; знікалі балотныя птушкі і вадзяныя жывёлы; дрэвы станавіліся танчэйшымі і ніжэйшымі; пачалі ўсё часцей і часцей сустракацца прагаліны. Воддаль зноў паказаўся стэп з рэдкімі групамі дрэў. Некалькі разоў міма кавалькады прабягалі стады перапалоханых аленяў.

— Нарэшце! — усклікнуў Барбікен, прыпадымаючыся на страмёнах. — Вось край сасны!

— І дзікуноў, — дадаў маёр.

Сапраўды, на гарызонце бязмежнага стэпа паказалася некалькі маленькіх атрадаў семінолаў. Спачатку яны паімчаліся да падарожнікаў; затым прыпыніліся, пачалі пад’язджаць адзін да аднаго на сваіх маленькіх, але быстрых конях, махаючы коп’ямі і страляючы ўверх са стрэльбаў, стрэлы якіх маюць асобую глухату гука. Аднак, семінолы абмежаваліся толькі гэтымі варожымі дэманстрацыямі, не адважваючыся напасці на шматлікую світу Барбікена.

Падарожнікі даехалі да камяністага роўнага месца, плошчай у некалькі акраў, залітага яркімі і пякучымі праменнямі сонца. Гэта месца прыметна ўзвышалася над астатнім стэпам і здавалася якраз адпавядаючым умовам, аб якіх марыў Барбікен для ўстаноўкі калумбіяды.

— Стой! — крыкнуў Барбікен, прытрымоўваючы каня. — Як называецца гэта мясцовасць? — запытаў ён, звяртаючыся да світы.

— Мы называем яе Стонзхіл (Камяністы ўзгорак), — адказаў адзін з фларыдцаў. Не сказаўшы ні слова, Барбікен злез з каня, узяў свой інструмент і пачаў рабіць патрэбныя назіранні, каб з найбольшаю дакладнасцю вызначыць геаграфічнае палажэнне месца. Перад ім выстраіўся атрад фларыдцаў і моўчкі ўважліва сачыў за яго дзеяннямі.

Было поўдня. Сонца праходзіла цераз мерыдыян. Барбікен закончыў свае вымеры, затым хутка напісаў некалькі лікаў і, звярнуўшыся да спадарожнікаў, голасна сказаў:

— Гэта ўзвышша знаходзіцца на вышыні шасцісот метраў над узроўнем мора. Шырата яго — дваццаць сем градусаў і сем мінут, даўгата — заходняя — пяць градусаў і сем мінут.

Затым старшыня Пушачнага клуба звярнуўся да таварышоў і да фларыдскіх грамадзян з кароткай, але ўрачыстай і палкай прамовай:

— Я мяркую, што сухі і камяністы грунт гэтага ўзгорка мае вельмі спрыяльныя ўмовы для будавання калумбіяды. Таму іменна тут паставім мы нашы печы, нашы майстэрні, нашы склады, жыллё для нашых рабочых, і адсюль, іменна адсюль, — паўтарыў Барбікен, стукнуўшы нагою па верху гары Стонзхіл, — наш снарад паляціць на Луну праз сусветную прастору.

  1. Акр — 0,4047 гектара.