З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XI
← X. Фларыда і Техас | XI. Па ўсяму свету Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
XII. Стонзхіл → |
РАЗДЗЕЛ ХІ
Па ўсяму свету
Усе пытанні — астранамічныя, геаграфічныя і тэхнічныя — адносна ажыццяўлення праекта Барбікена былі вырашаны, акрамя аднаго — грашовага. Для выканання справы Пушачнага клуба патрабавалася вялікая сума грошай. Нельга было разлічваць на якую-небудзь адну асобу, нават на адну дзяржаву, каб атрымаць неабходныя для поспеху, справы мільёны.
Таму Барбікен вырашыў не зварочваць увагі на вузка-нацыянальнае самалюбства. Ён ясна зразумеў, што пытанне аб калумбіядзе трэба ператварыць з вузка-амерыканската ў міжнароднае, г. зн. звярнуцца да ўсіх дзяржаў з просьбай аб фінансавым удзеле ў справе Пушачнага клуба.
Сапраўды, кожная дзяржава на зямлі магла лічыць сваім правам, калі не абавязкам, прыняць удзел у гэтым своеасаблівым паходзе на спадарожніка Зямлі. Таму адкрытая ў Бальтыморы падпіска на справу Пушачнага клуба распаўсюдзілася па ўсяму свету.
Не гледзячы на тое, што падпіска ішла не на пазыку з умовай вярнуць калі-небудзь грошы і да таго часу штогод плаціць за іх процанты, а стаяла пытанне аб прыёме беззваротнай дапамогі, г. зн. аб бескарыслівых у поўным сэнсе гэтага слова афяраваннях, такога поспеху гэтай падпіскі ніхто не чакаў: ні Барбікен, ні члены Пушачнага клуба.
Аказалася, што праект Барбікена і справа Пушачнага клуба зацікавілі не толькі амерыканскіх янкі. Весткі аб праекце даўно пераляцелі цераз Атлантычны і Вялікі акіяны, пранікнуўшы адначасова ў Еўропу, Азію, Афрыку і Аўстралію. Астранамічная абсерваторыя Злучаных Штатаў афіцыйна паведаміла абсерваторыям Старога Свету аб задуманым доследзе — перакінуць на Луну зямное цела накшталт вялікага пушачнага снарада. Многія абсерваторыі, а іменна: парыжская, пулкаўская, капская, берлінская, альтонская, стакгольмская, гамбургская, будапешцкая, балонская, мальтыйская, лісабонская, бенарэская і нават пекінская, — адразу адклікнуліся на гэта паведамленне, прыслаўшы Пушачнаму клубу свае віншаванні і пажаданні поспеху; астатнія палічылі за лепшае спакойна пачакаць рэзультатаў доследа.
Старадаўняя славутая Грынвічская абсерваторыя ў Англіі аднеслася да праекта Барбікена адмоўна, смела сцвярджаючы, што дослед асуджаны на поўную няўдачу. Да гэтай думкі далучыліся і астатнія дваццаць дзве абсерваторыі Англіі. Але гэта была чыстая англійская зайздрасць да Злучаных Штатаў, нешта накшталт асабістых адносін Ніколя да Барбікена.
Увогуле-ж справа Барбікена сустрэла зычлівае спачуванне вучонага свету і ўзбудзіла даволі вялікую цікавасць у шырокіх колах цывілізаваных краін, хаця далёка не ў той ступені, як у Злучаных Штатах. Гэта спачуванне аказалася вельмі спрыяльным для поспеху падпіскі: адукаванае грамадства ўсяго свету было да яго добра падрыхтавана.
28 кастрычніка Барбікен выдаў красамоўную адозву са зваротам да «ўсіх спагадлівых людзей зямнога шара». Гэты маніфест, перакладзены на ўсе мовы, меў вельмі вялікі поспех.
Падпіска была адкрыта ва ўсіх гарадах Злучаных Штатаў з цэнтральным пунктам у Балтыморы; затым яна была адкрыта ва ўсіх сталічных гарадах Старога і Новага Свету.
Праз трое сутак пасля апублікавання барбікенаўскай адозвы падпіска ў розных гарадах Злучаных Штатаў дала ўжо чатыры мільёны далараў…
З такім задаткам Пушачны клуб мог ужо брацца за работу.
Яшчэ праз некалькі дзён газеты прынеслі не менш прыемныя весткі аб ходзе падпіскі за межамі Злучаных Штатаў, — падпіска ішла надзвычай хутка і паспяхова. Некаторыя дзяржавы адзначыліся сваёю шчодрасцю, другія афяроўвалі даволі туга, што залежала, па думцы некаторых газет, ад уласцівасцей нацыянальнага тэмперамента.
Адмовіліся ад афяравання толькі дзве краіны — Іспанія і Англія.
Праўда, адозва Барбікена дайшла і да Іспаніі, і там была адкрыта падпіска для Пушачнага клуба, але ва ўсіх іспанцаў знайшлося ўсяго сто дзесяць рэалаў (дваццаць два рублі) для заахвочвання навукі.
Іспанскія газеты, з пачуцця патрыятызма, стараліся апраўдаць нікчэмнасць гэтай сумы тым, што ўсе вольныя іспанскія сродкі трэба было тады аддаць на пабудову чыгунак.
Англія аднеслася да адозвы Барбікена таксама, як Грынвічская абсерваторыя да навуковага боку справы Пушачнага клуба. Англія і яе калоніі не схавалі сваёй антыпатыі, сваёй пагарды да амерыканскіх вымудраў. У гэтым выпадку ўсе англічане аказаліся адзінадушнымі. Некаторыя іх газеты далі зразумець, што справа Пушачнага клуба супярэчыла прынцыпу неўмяшання, якое з’яўляецца спрадвечным дэвізам англічан, і загадзя аб’явілі, што Англія не падпішацца ні на адзін фартынг[1]. Так яно і вышла.
Пушачны клуб, усе Злучаныя Штаты і нават усе амерыканскія газеты аднесліся да гэтай весткі з пагардлівым маўчаннем і працягвалі свае вымудры як нічога і не было.
У выніку ў распараджэнні Пушачнага клуба аказаўся велізарны капітал. Падпіска дала наступныя сумы:
|
Можа здацца, што гэтай сумы было занадта нават для вялікай справы Пушачнага клуба. Аднак, патрэбны былі каласальныя сумы на адліўку і абточку калумбіяды, на мураванне каменнай сцяны для яе, на перавозку рабочых і будаўніцтва ім жылля ў амаль пустыннай краіне, на пабудову будынкаў і металургічных печаў, на абсталяванне майстэрняў і на кіраўніцтва ўсімі гэтымі работамі; усе гэтыя выдаткі ледзь укладваліся ў папярэдні каштарыс у пяць мільёнаў далараў. К таму-ж, некаторыя стрэлы ў час федэральнай вайны каштавалі па тысячы далараў — зразумела, што стрэл старшыні Барбікена, які павінен быў стварыць эпоху ў гісторыі артылерыі, мог абыйсціся ў пяць тысяч разоў даражэй.
10 кастрычніка Пушачны клуб заключыў дагавор з Гольдспрынгскім заводам, што паблізу Н’ю-Йорка. Гэты завод у час вайны вырабляў вынаходніку буйных гармат, Пароту, лепшыя яго чыгунныя пушкі.
Згодна гэтага дагавора Гольдспрынгскі завод абавязваўся даставіць у Паўднёвую Фларыду, што паблізу горада Тампа, на месца, якое ўкажа камітэт Пушачнага клуба, усе матэрыялы і ўсё абсталяванне, неабходнае для адліўкі калумбіяды. Усе работы на будаўніцтве калумбіяды павінны быць закончаны не пазней 15 кастрычніка наступнага года; за кожны пратэрмінаваны дзень завод плаціў няўстойкі па 100 далараў за суткі да таго часу, пакуль Луна зноў не апыніцца ў тым-жа палажэнні адносна Зямлі, г. зн. на працягу восемнаццаці гадоў і адзінаццаці дзён. Набор рабочых, аплата іх працы і неабходныя для работ прыстасаванні таксама вытвараліся Таварыствам Гольдспрынгскага завода.
Гэты дагавор у двух экземплярах быў падпісаны Барбікенам, старшынёй Пушачнага клуба, і Дж. Мерчызонам, галоўным інжынерам і дырэктарам Гольдспрынгскага завода. Контрагенты ўзаемна засведчылі свае подпісы, і кожны ўзяў сабе па экземпляру гэтага выдатнага кантракта.
- ↑ Самая дробная манета ў Англіі.