З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/X
← IX. Адзін непрыяцель на дваццаць пяць мільёнаў прыяцеляў | X. Фларыда і Техас Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
XI. Па ўсяму свету → |
РАЗДЗЕЛ Х
Фларыда і Техас
Яшчэ адно важнае пытанне заставалася невырашаным: трэба было выбраць мясцовасць, спрыяючую для доследу. Совет Кембрыджскай абсерваторыі выпрацаваў наступныя ўказанні:
1) Стрэл неабходна накіраваць перпендыкулярна да плоскасці гарызонта, г. зн. цэліцца ў зеніт.
2) Луна бывае ў зеніце толькі тых месц, якія знаходзяцца між экватарам і дваццаць восьмай паралеллю як на поўнач, так і на поўдзень ад экватара.
Такім чынам, трэба было дакладна вызначыць мясцовасць, дзе адліваць калумбіяду.
На 20 кастрычніка быў склікан агульны сход Пушачнага клуба. Барбікен прынёс вельмі добрую карту Злучаных Штатаў. Старшыня аб’явіў паседжанне адкрытым, але не паспеў яшчэ разгарнуць сваю карту, як Мастон, са звычайнай палкасцю, папрасіў слова.
— Паважаныя калегі, — закрычаў ён з месца ў кар’ер, — пытанне, пастаўленае на сёнешнім паседжанні, мае вялікае нацыянальнае значэнне. Яно дае нам выпадак даказаць наш патрыятызм!
Члены Пушачнага клуба пераглянуліся. Ніхто яшчэ не разумеў, куды верне аратар.
— Ніхто з вас, — зноў пасля кароткай паузы панёсся Мастон, — не дапусціць і думкі адмаўляцца ад славы сваёй бацькаўшчыны, і калі існуе права, якое павінна належаць выключна Саюзу Злучаных Штатаў, дык гэта права заключаецца ў тым, каб велізарная гармата Пушачнага клуба была адліта ў межах нашай бацькаўшчыны! Але пры існуючых умовах…
— Брава, Мастон! — перапыніў старшыня.
— Дазвольце мне развіць маю думку, — працягваў аратар з такой-жа імклівасцю. — Пры існуючых умовах мы павінны для ўдачы нашага вялікага доследа выбраць месца, даволі блізкае да экватара…
— Дазвольце мне… — паспрабаваў быў Барбікен спыніць Мастона.
— Я патрабую свабоды слова, — засупярэчыў палкі сакратар Пушачнага клуба, патрабую, каб тэрыторыя, з якой паляціць наш пераможны снарад, належала Злучаным Штатам!
— Правільна! Верна! Вядома! — пачулася шмат галасоў.
— Але нашы граніцы недастаткова даходзяць да поўдня. Нам неабходна мець дваццаць восьмую паралель, хаця-б за межамі Злучаных Штатаў, і гэта — законны повад да вайны. І я патрабую, каб была аб’яўлена вайна Мексіцы!
— Навошта? Чаму? Не трэба! Не! — пачулася з усіх бакоў.
— Не?! Вы кажаце: не? — закрычаў Мастон. — Мяне здзіўляе слова «не» ў гэтым месцы, у вуснах членаў Пушачнага клуба!
— Але паслухайце-ж, Мастон… — пачаў быў старшыня.
— Не хачу слухаць! Ніколі не згаджуся з гэтым «не»! — крыкнуў у адказ ваяўнічы аратар. — Рана ці позна гэта вайна немінуча, і я патрабую, каб яна была аб’яўлена безадкладна.
Пачуліся стрэлы старшынскага званка. Мастон сціх.
— Мастон, — аб’явіў Барбікен, — я пазбаўляю вас слова.
Мастон імкнуўся супярэчыць, але ўсталі яго суседзі, і ім удалося яго стрымаць.
— Я сам той думкі, — сказаў Барбікен, пачынаючы сваю старшынскую прамову, — што наш дослед павінен быць пастаўлен толькі на тэрыторыі Злучаных Штатаў. Але, калі-б мой нецярплівы сябра даў мне выказацца, калі-б ён патурбаваўся раней глянуць на любую карту Злучаных Штатаў, дык пераканаўся-б, што няма ніякай патрэбы аб’яўляць вайну нашым суседзям, бо некаторыя граніцы Злучаных Штатаў пераходзяць за дваццаць восьмую паралель к поўдню. Я разгарнуў карту, і вы бачыце, што мы маем у сваім распараджэнні ўсю паўднёвую частку Техаса і Фларыды.
Гэтым і закончыўся інцыдэнт з мастонаўскім абвяшчэннем вайны Мексіцы; Мастон павінен быў згадзіцца з довадамі Барбікена, але пры гэтым пашкадаваў, што абставіны яшчэ раз склаліся супроць вайны…
Паседжанне закончылася пастановай, што калумбіяда будзе адліта або ў Техасе, або ў Фларыдзе.
Але якое саперніцтва павінна была выклікаць гэта пастанова між гарадамі Техаса і Фларыды!
Перасякаючы бераг Паўночнай Амерыкі, дваццаць восьмая паралель ідзе па Фларыдскаму поўвостраву і падзяляе яго на дзве прыблізна роўныя часткі. Пераходзячы далей праз Мексіканскі заліў, гэта паралель замыкае дугу, якую ўтвараюць берагі штатаў: Алабама, Місісіпі і Луізіяна. Затым яна ідзе цераз Техас, перасякае граніцу Мексікі, дзе праходзіць цераз Сон’ёру і Старую Каліфорнію, пасля чаго знікае ў хвалях Ціхага акіяна. Такім чынам, толькі тыя часткі Техаса і Фларыды, якія знаходзяцца на поўдзень ад гэтай паралелі, задавальнялі геаграфічным умовам, прад’яўленым Кембрыджскай абсерваторыяй.
Фларыда ў паўднёвай сваёй частцы, ніжэй дваццаць восьмай паралелі, не мае значных гарадоў, але на ёй вельмі многа цытадэлей, збудаваных супроць брадзячых індзейцаў; толькі адзін горад Тампа мог разлічваць, па сваёй велічыні і выгоднаму палажэнню, на выбар Пушачнага клуба.
У Техасе, наадварот, шмат гарадоў і прытым даволі значных: Корпус Крайсці ў Нуэсекскім графстве і рад гарадоў па рацэ Рыо-Браво, а іменна: Ларэдо, Комалітэс, Сан-Ігнасіо, Рома, Рыо-Грандэ-Сіці, Эдынбург, Санта-Рыта, Эль-Пандо і Бронзвіль. Гэта былі буйныя і небяспечныя сапернікі Фларыды.
Таму, як толькі газеты змясцілі пастанову Пушачнага клуба адносна выбару месца для ўстаноўкі калумбіяды, адразу-ж у Техасе і Фларыдзе пачалі наладжваць мітынгі, і кожны з пералічаных гарадоў рашыў дабіцца ва што-б там ні стала, каб іменна яго выбраў Пушачны клуб.
Ужо праз некалькі дзён пачалі штодня прыбываць у Балтымору дэпутаты з Фларыды і Техаса для абароны сваіх дамаганняў.
Барбікену і іншым уплывовым членам Пушачнага клуба днём і ноччу не давалі спакою гэтыя дэпутаты, патрабуючы аудэнцый для выслухоўвання іх настойлівых прэтэнзій.
Калі ў старажытнасці сем гарадоў аспрэчвалі адзін у аднаго гонар быць радзімай Гомера, дык у другой палове дзевятнаццатага стагоддзя два штаты ледзь не аб’явілі адзін аднаму вайну з-за спрэчак, на чыёй тэрыторыі павінен быць зроблен стрэл у Луну.
Дэпутаты Техаса і Фларыды расхаджвалі па Балтыморы цэлымі групамі. Усе яны былі ўзброены. Пры кожнай сустрэчы сапернікаў можна было чакаць узброенай сутычкі між імі.
На шчасце, прэзідэнт Барбікен так асцярожна і спрытна з імі гаварыў, не пазбаўляючы нікога надзеі на поспех, што дэпутаты не знаходзілі повадаў зайздросціць адзін аднаму ці помсціць. Да таго-ж, газеты адразу ўзяліся за абмеркаванне ўсіх гэтых пытанняў і з’явіліся карысным громаадводам для чыста асабістых сутычак.
Вядомыя буйныя газеты — «Н’ю-Йоркскі веснік» і «Трыбуна» — сталі на бок Техаса, а абарону інтарэсаў Фларыды прынялі на сябе «Час» і «Амерыканскі агляд».
Члены Пушачнага клуба не ведалі, каго і слухаць.
Техас горда выстаўляў на першы план, як галоўную батарэю сваіх довадаў, што ў яго цэлых дваццаць шэсць графстваў[1], а Фларыда супярэчыла, што ў яе графстваў адносна больш, хоць іх усяго дванаццаць, таму што Фларыда ў шэсць разоў меншая за Техас[2].
Тады Техас пачаў хваліцца сваім насельніцтвам у 333 000 жыхароў, а Фларыда адказвала, што яна больш густа заселена, таму што на малую яе тэрыторыю прыпадае цэлых 56 000 жыхароў. Акрамя таго, яна едка запытвала, чаму Техас не хваліцца таксама сваёю балотнаю ліхарадкаю, ад якой штогод памірае тысячы людзей?
І Фларыда мела рацыю.
У сваю чаргу Техас засупярэчыў, што не Фларыдзе папракаць іншых за ліхарадкі і нездаровы клімат, — хіба яна забыла свае ўласныя «чорныя ваніты»?..
І Техас таксама меў рацыю.
Да таго-ж, — дадаваў Техас праз прыязны яму «Н'ю-Йоркскі веснік», — Техас заслугоўвае пяршынства, таму што ў яго расце лепшая ў Амерыцы бавоўна, таму што там вырастае лепшы зялёны дуб для будаўніцтва караблёў і таму што ў яго найлепшы каменны вугаль і найбагацейшая жалезная руда, якая дае пяцьдзесят процантаў чыстага металу.
На гэта «Амерыканскі агляд» — палкі абаронца Фларыды — супярэчыў, што хаця глеба Фларыды і не так багата карыснымі выкапнямі, але мае куды больш спрыяючыя ўмовы для фармавання і адліўкі калумбіяды, бо каля берагоў акіяна і Мексіканскага заліва яна мае добрую гліну і найдрабнейшы пясок.
— Але, перш чым адліваць што-небудзь у якой-небудзь краіне, — адказвалі друкаваныя органы Техаса, — трэба да гэтай краіны дабрацца! А дабрацца да Фларыды — справа нялёгкая, таму што ў яе няма ні чыгунак, ні зручных гаваней; а бераг Техаса можа прапанаваць Гальвестонскую бухту, якая мае ў акружыне кілометраў пяцьдзесят і здольна размясціць флоты ўсіх дзяржаў свету.
— Нядрэнна! — выклікалі ў адказ газеты Фларыды. — Што гэта: звычайнае невуцтва ці здрадлівае ашуканства? Ваша Гальвестонская бухта ляжыць вышэй за дваццаць дзевятую паралель, а калумбіяда павінна быць устаноўлена не паўночней дваццаць восьмай. У Фларыды-ж ёсць бухта — Эспірыту-Санто, якраз на дваццаць восьмай паралелі, і па гэтай бухце караблі прама даходзяць да горада Тампа.
— Важнецкая бухта, напалову засыпана пяском! — атрымоўвалі ў адказ фларыдцы.
— Самі вы засыпаны пяском, — не здаваліся фларыдцы. — Ці не скажаце вы ўжо, што Фларыда зусім дзікая краіна?
— А хіба да гэтага часу не шляюцца семінолы па вашых стэпах?
— Ну дык што-ж! А вашы каманчы і апашы?[3] А можа за гэты тыдзень вы іх цывілізавалі?
Некалькі дзён падрад цягнулася такая палеміка, пакуль Фларыда не патрабавала перанесці спрэчкі на іншую глебу. Прыязны Фларыдзе «Час» выступіў з перадавым артыкулам, які заканчваўся такой патрыятычнай заявай:
«Паколькі справа Пушачнага клуба — справа сапраўды-амерыканская, то яна павінна ажыццявіцца на сапраўды-амерыканскай тэрыторыі».
Увесь Техас вельмі абурыўся.
— Хіба техасцы не такія-ж сапраўдныя амерыканцы, як і фларыдцы? Хіба Техас і Фларыда не ўвайшлі ў Саюз Злучаных Штатаў у адным і тым-жа 1845 годзе?
— Праўда, але не ў гэтым справа, — адказваў «Час». — Фларыда належыць амерыканцам з 1820 г.
— Чаму не, — засупярэчыла «Трыбуна», — вы ўжо прывыклі належаць другім: спярша былі іспанцамі, потым англічанамі, і толькі праз дзвесце гадоў трапілі ў амерыканцы. Ды яшчэ якім манерам! Вас купілі за пяць мільёнаў далараў.
— Дык што-ж, — адказвалі фларыдцы і іх газеты. — Чырванець нам не прыходзіцца. А адкуль узяўся Техас? Каго купілі ў 1803 годзе разам з Луізіянай у Напалеона за шаснаццаць мільёнаў далараў?
— Гэта проста ганьба! — закрычалі тады дэпутаты і абаронцы Техаса. — Такі нікчэмны шматок зямлі, як Фларыда, ды яшчэ асмельваецца раўняцца з Техасам! Техас ні прадаваўся, ні купляўся! Техас сам заваяваў сабе свабоду, прагнаўшы мексіканцаў 2 сакавіка 1863 года. Техас сам аб’явіў сябе федэратыўнай рэспублікай пасля перамогі Самуіла Густона на берагах Сан-Гіяцынто над войскамі генерала Санта-Анны. Техас сам, добраахвотна, далучыўся да Злучаных Штатаў Паўночнай Амерыкі.
— Таму што ён спалохаўся, каб мексіканцы зноў не заваявалі яго, — адказала Фларыда.
«Спалохаўся!» З таго дня, калі вырвалася гэта слова, — к таму-ж вельмі рэзкае і нявернае, — становішча стала немагчымым.
Усе ў Балтыморы баяліся, што прыезджыя дэпутаты Техаса і Фларыды схвацяцца на вуліцах і пачнуць рэзаць адзін аднаго. Прышлося наладзіць нагляд за ўсімі гэтымі людзьмі.
Старшыня Пушачнага клуба не ведаў, на што рашыцца. Кожны дзень да яго сыпаліся дакладныя запіскі, дакументы і нават пісьмы з самымі сур’ёзнымі пагрозамі. Барбікен доўга запытваўся ў сябе, на чый бок ён павінен стаць. З пункту гледжання будовы глебы і здавальняючасці, ці, дакладней, нездавальняючасці, шляхоў зносін, правы абодвух штатаў на ўстаноўку ў іх калумбіяды былі, па сутнасці, аднолькавыя; палітычныя-ж меркаванні і патрыятычнае выццё, па думцы Барбікена, да справы не адносіліся.
Трэба было скончыць з гэтымі хістаннямі. Барбікен склікаў Выканаўчы камітэт Пушачнага клуба і прапанаваў наступны, самы мудры, выхад са створанага становішча.
— Прымаючы пад увагу тыя нязгоды, якія мы назіраем паміж Фларыдай і Техасам, можна лічыць безумоўным, што такія-ж спрэчкі ўзнікнуць між гарадамі таго штата, які мы выберам. Цяпер мы бачылі адчайнае саперніцтва між штатамі, а тады нас зноў абступяць і таксама будуць перашкаджаць працаваць спрэчкі між гарадамі. У Техасе цэлых адзінаццаць гарадоў стаіць на дваццаць восьмай паралелі ці крыху на поўдзень, і вось з’явіцца ўжо цэлых адзінаццаць сапернікаў, замест ранейшых двух, якія прынясуць нам шмат новых клопатаў і непрыемнасцей. У Фларыды ўсяго адзін горад. Таму я прапаную выбраць Фларыду, г. зн. горад Тампа.
Гэта рашэнне страшэнна раз’юшыла дэпутатаў Техаса. Яны пачалі праклінаць Пушачны клуб, а відным яго членам пасылаць зневажальныя пісьмы. Тады ў балтыморскіх улад застаўся толькі адзін спосаб супакоіць гарачых техаскіх дэпутатаў, і яны яго прымянілі: заказалі спецыяльны поезд і прапанавалі техасцам сесці ў яго, папярэдзіўшы, што калі яны не сядуць добраахвотна, то іх пасадзяць туды гвалтоўна…
Адразу зніклі ўсе техаскія дэпутаты, пакінуўшы Балтымору са скорасцю пяцідзесяці кілометраў у гадзіну.
Але, не гледзячы на ўсю хуткасць пасадкі, техасцы справіліся паслаць на адрас сваіх непрыяцеляў апошнія і самыя зласлівыя дакоры.
Напомніўшы пра малую шырыню Фларыды, якая прадстаўляла сабой вузкі поўвостраў між Атлантычным акіянам і Мексіканскім залівам, яны прадсказалі, што Фларыда не вытрымае стрэлу калумбіяды.
— Вас саміх, усю вашу Фларыду ўзарве! — крычалі яны, трасучы кулакамі праз адчыненыя вокны адыходзячага поезда.
— Ну, і хай узарве! — адказвалі фларыдцы з халоднасцю і лаканізмам, вартым герояў старажытнасці.
- ↑ Графствы, на якія падзяляюцца амерыканскія штаты адпавядаюць, па адміністрацыйнаму значэнню, нашым раёнам. Па плошчы Техас большы за Францыю і з’яўляецца буйнейшым штатам Амерыканскага Саюза.
- ↑ Техас і Фларыда ўвайшлі ў Амерыканскі Саюз на правах штатаў у 1845 г. Да гэтага часу Фларыда, купленая Злучанымі Штатамі ў Іспаніі ў 1819 г. за пяць мільёнаў далараў, не была аўтаномнай і называлася „тэрыторыяй“. Техас, які ўваходзіў раней у склад Мексіканскай рэспублікі, у 1835 г. аддзяліўся ад яе, утварыўшы самастойную рэспубліку з прэзідэнтам Густонам, генералам техаскай арміі. Праз 10 гадоў Техас был прыняты ў склад Амерыканскага Саюза: з-за гэтага ўспыхнула вайна Злучаных Штатаў з Мексікай, якая закончылася далучэннем да Злучаных Штатаў не толькі Техаса, але таксама Каліфорніі і Новай Мексікі.
- ↑ Семінолы, каманчы, апашы — дзікія плямёны, жыхары Амерыкі.