Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/IX

З пляцоўкі Вікікрыніцы
VIII. Пытанне аб пораху IX. Адзін непрыяцель на дваццаць пяць мільёнаў прыяцеляў
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
X. Фларыда і Техас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ІХ

Адзін непрыяцель на дваццаць пяць мільёнаў прыяцеляў

Амерыканскае грамадства напружана сачыла за найменшымі падрабязнасцямі справы Пушачнага клуба. Чытачы дзень за днём абмяркоўвалі спрэчкі яго Выканаўчага камітэта. Уся падрыхтоўка да вялікага доследа, усе лічбы, усе механічныя цяжкасці, якія трэба было адолець, — адным словам, увесь ход справы выклікаў надзвычайную цікавасць дваццаціпяцімільённага цывілізаванага насельніцтва Злучаных Штатаў.

Цэлы год павінен быў прайсці ад пачатку работ да іх канца, але і гэты працяглы тэрмін не пагражаў зменшыць увагу грамадства да справы Пушачнага клуба. Сапраўды: належала выбраць месца для работы; трэба было зрабіць велізарную форму для адліўкі калумбіяды; урэшце, асобыя цяжкасці і небяспекі павінны былі прадставіць работы пры зарадзе пушкі вялізнай колькасцю піраксіліна; гэтага было больш, чым трэба, каб бесперапынна падтрымліваць цікаўнасць і ўвагу грамадства.

Усе ведалі, што выпушчаны з калумбіяды снарад знікне з поля зроку на працягу якой-небудзь дзесятай долі секунды. А як паляціць ён у прасторы? Як дасягне ён Луны?

Толькі нямногія шчаслівыя ўбачаць палёт ядра ўласнымі вачыма.

Таму зразумела, што для публікі асабліва цікавымі былі падрыхтаванні да вялікага доследа; пра гэтыя падрыхтаванні можна было не толькі гаварыць і думаць, але нават пасля бачыць іх уласнымі вачыма.

Акрамя таго, вельмі хутка адбылася зусім нечаканая падзея, узняўшая грамадскую цікавасць да навуковага боку справы.

Мы ўжо ведаем, з якім захапленнем сустрэлі праект Барбікена. Старшыня Пушачнага клуба здразу набыў мноства шанавальнікаў і нават сяброў. Аднак, не гледзячы на сваю незвычайную колькасць, партыя Барбікена, калі можна так сказаць, не ўключыла ў свае рады ўсіх грамадзян Злучаных Штатаў.

Знайшоўся чалавек — праўда, адзіны на ўсе Злучаныя Штаты, — які пратэставаў супроць справы Пушачнага клуба. Ён пачаў і гаварыць і пісаць насуперак грамадскай думцы, не ўпускаючы ні аднаго выпадку напасці на праект Барбікена. Ён выступіў з цэлым радам гарачых абвяржэнняў усіх яго доказаў. А натура чалавека такая, што Барбікен больш прыслухоўваўся да нападаў аднаго гэтага чалавека, чым да сімпатыяў і шумных ухваленняў усіх астатніх грамадзян Злучаных Штатаў.

Між тым яму добра была вядома прычына варожасці гэтага чалавека, бо яна была даўняга паходжання і насіла асабісты характар. Ён ведаў, што іх узаемная варожасць узнікла з самалюбнага саперніцтва.

Аднак, старшыня Пушачнага клуба ніколі не бачыў свайго даўняга, заядлага непрыяцеля, і гэта — на шчасце для абодвух, таму што сустрэча іх, напэўна, мела-б самыя сумныя вынікі.

Гэты непрыяцель Барбікена быў такі-ж вучоны, як Барбікен, такая-ж гордая, адважная, палкая, упартая натура, — адным словам, такі-ж самы янкі. Звалі яго капітан Ніколь, і жыў ён у Філадэльфіі.

Многія, пэўна, памятаюць, якое цікаўнае і палкае саперніцтва ў час грамадзянскай вайны ўзнікла між пушачным ядром і броняю ваенных караблёў: ядро прызвана было прабіваць усякую броню, а броня павінна была паспяхова працівіцца ўсякаму ядру. Гэта, між іншым, павяло да карэннай рэарганізацыі ваеннага флота не толькі ў Амерыцы, але і ў Еўропе. Ядро і броня аб’явілі адно аднаму вайну не на жыццё, а на смерць.

З беспрыкладнай паслядоўнасцю ядро ўсё павялічвалася, а броня ўсё таўсцела. Вядомыя ваенныя судны амерыканцаў: «Мерымак», «Манітор», «РэмТэнесі», «Векгаузен»[1] кідалі велізарныя ядры ў варожыя судны, папярэдне забраніраваўшыся тоўстымі металічнымі абліцоўкамі, а тыя, з свайго боку, адказвалі ім такой-жа ласкай.

Барбікен у час вайны набыў славу як вынаходца і тэхнік па адліўцы вялікіх ядраў, а капітан Ніколь — як вынаходца аховы ад ядраў, як майстра па вырабу самай цвёрдай броні. Барбікен дзень і ноч адліваў у Балтыморы ядры, а Ніколь дзень і ноч каваў у Філадэльфіі броні. Кожны з іх быў заняты думкамі і мэтамі зусім адваротнага напрамку.

Не паспее Барбікен прыдумаць новы снарад, як Ніколь зробіць ужо новую абліцоўку, яшчэ больш таўстую броню. Усё жыццё Барбікена мела мэтаю прабіваць дзіркі, а ўсё жыццё капітана Ніколя — не дапускаць дзірак у броні. Адсюль і ўзнікла іх палкае саперніцтва, якое хутка перайшло на асабістую глебу.

Ніколь Барбікену нават сніўся ў выглядзе непрыступнай броні, аб якую Барбікен разбіваўся на дробныя кавалачкі, а Барбікен сніўся Ніколю ў выглядзе страшнага снарада, які яго, Ніколя, прабіваў наскрозь!..

Хаця абодва вучоныя імкнуліся па двух разыходзячыхся лініях, яны, пэўна, калі-небудзь зышліся-б, насуперак усім аксіёмам геаметрыі, і тады гэта сустрэча кончылася-б дуэллю. Аднак, на шчасце гэтых выдатных грамадзян Злучаных Штатаў, іх заўсёды падзяляла адлегласць з добрую сотню кілометраў, і прыяцелі так клапатліва за імі сачылі, што і пасля вайны Барбікен і Ніколь ні разу не маглі сустрэцца.

Ніхто не адважыўся-б даць пэўны адказ, хто з гэтых двух вынаходцаў здольнейшы, бо рэзультаты іх дзейнасці не маглі яшчэ атрымаць дакладнай ацэнкі. Здавалася, аднак, што ўрэшце броня павінна была ўступіць ядру.

Між іншым, вельмі многія знаўцы сумняваліся яшчэ ў гэтым. У апошні перыяд вайны цыліндра-канічныя снарады Барбікена не маглі прабіць броню Ніколя; яны толькі крыху ўтыкаліся ў яе, як шпількі ў воск. У той дзень філадэльфійскі каваль весела святкаваў сваю перамогу, якую лічыў канчатковай. Ніколь не шкадаваў тады непрыстойных слоў па адрасу свайго праціўніка, але хутка павінен быў згадзіцца, што вельмі паспяшыў. Барбікен замяніў свае цыліндра-канічныя снарады простымі бомбамі вагой у 600 фунтаў, і гэтыя бомбы, не гледзячы на іх малую пачатковую скорасць, прабілі і разнеслі на кавалкі самую тоўстую броню Ніколя, зробленую з самага лепшага метала.

Так абстаяла справа, і перамога, здавалася, павінна была застацца за ядром, але раптам вайна скончылася, — і скончылася ў той самы дзень, калі Ніколь дарабляў новую броню з найлепшай кованай сталі! Гэта быў шэдэўр, свайго роду ўзорнае стварэнне абарончага майстэрства. Капітан Ніколь перавёз новую броню на Вашынгтонскі палігон і паслаў Барбікену прапанову прабіць гэту броню, але Барбікен адмовіўся з прычыны спынення ваенных аперацый.

Разлаваны адказам, Ніколь паслаў новы выклік: выпрабаваць яго броню якімі ўгодна снарадамі — круглымі, канічнымі, дутымі, суцэльнымі, — хаця-б самых неймаверных размераў. Старшыня Пушачнага клуба зноў адмовіўся, відавочна не жадаючы новым сумніцельным вопытам падарваць славу свайго апошняга поспеху.

Упартасць Барбікена распаліла Ніколя. Ён прапанаваў Барбікену нечувана-ільготныя ўмовы: страляць у яго, Ніколя, броню з адлегласці не больш чатырохсот метраў. Барбікен зноў адмовіўся. Ніколь праз газеты паўтарыў свой выклік — на дзвесце метраў. Барбікен адказаў, што не жадае нават і на паўтараста метраў.

«У такім выпадку я прапаную сто метраў, — аб’явіў капітан праз газеты. — Прапаную нават пяцьдзесят метраў, і, акрамя гэтага, я сам буду стаяць ззаду маёй броні».

Барбікен адказаў таксама праз газеты, што ён не будзе страляць нават у тым выпадку, калі капітан Ніколь стане не ззаду, а спераду сваёй броні.

Пасля такога адказу капітан Ніколь палічыў сябе ў праве адкрыта выказваць сваю варожасць да Барбікена, ужываючы і асабістыя нападкі. Ён пісаў, што чалавек, які адмаўляецца выстраліць з пушкі, безумоўна, баіцца прапануемага яму доследа і што наогул сучасныя артылерысты, якія страляюць адзін у аднаго з адлегласці ў дзесяць кілометраў, замянілі асабістую храбрасць матэматычнымі формуламі, а чалавек, які прапануе стаць спакойна ззаду сваёй броні, не менш храбры, чым той, які страляе ядрамі згодна ўсіх правіл майстэрства.

Барбікен нічога не адказаў на гэтыя абвінавачванні. Можа ён і не ведаў аб іх, таму што быў тады ўвесь заняты вылічэннямі для сваёй вялікай справы.

Але гнеў капітана Ніколя дайшоў да параксізма, калі Барбікен паведаміў Пушачнаму клубу аб сваёй славутай справе. Тут была і вострая зайздрасць да поспеху саперніка і ўсведамленне поўнага бяссілля перад ім.

Чым можна зацміць калумбіяду даўжынёю ў трыста метраў?! Ці магчыма выкаваць броню, якая стрымала-б дзевяцітонны снарад?

Капітан Ніколь адчуў сябе спачатку зняважаным, знішчаным, прабітым гэтым страшэнным снарадам. Аднак, ён хутка апамятаўся, стаў на ногі і рашыў раздушыць праект Барбікена цяжкасцю сваіх абвяржэнняў.

Ён заўзята напаў на ўсе работы Пушачнага клуба. Ён напісаў у рэдакцыі мноства пісем, якія газеты, вядома, змяшчалі з задаваленнем з прычыны велізарнай цікавасці публікі да пытанняў, узнятых Пушачным клубам. Ён стараўся знішчыць навуковае значэнне праекта Барбікена, але пры гэтым, трэба прызнацца, не заўсёды захоўваў навуковую сумленнасць: Ніколь не грэбаваў ніякімі довадамі, хаця-б самымі нацягнутымі і неабгрунтаванымі абы толькі ўразіць ворага і падарваць яго рэпутацыю.

Перш за ўсё Ніколь прабаваў абвергнуць лічбовыя даныя камітэта Пушачнага клуба. Ён сцвярджаў, што формулы Барбікена няверныя ці няправільна ўжываюцца ім; Ніколь даходзіў да таго, што проста абвінавачваў Барбікена ў неразуменні першапачатковых асноў балістыкі.

Сярод розных нібы памылак Барбікена Ніколь перш за ўсё адзначыў, што зусім немагчыма даць якому-б там ні было зямному целу скорасць у 11 000 метраў у секунду; затым ён сцвярджаў, на аснове ўласных вылічэнняў, што нават пры скорасці ў 11 000 метраў ядро калумбіяды не вылеціць за межы зямной атмасферы, таму што вага яго вельмі вялікая, і гэтая вага дазволіць снараду падняцца на вышыню толькі трыццаці двух кілометраў, пасля чаго Зямля зноў прыцягне яго да сябе. Больш таго. Нават пры ўказанай скорасці, калі лічыць яе дастатковай, снарад не дасягне мэты, таму што не вытрымае велізарнага напору тых газаў, якія адразу разаўюцца пры ўспалымненні 1 600 000 фунтаў пораху. І апошняе, знутры пушкі будзе такая высокая тэмпература, што снарад, пры вылеце з калумбіяды, увесь расплавіцца і ўпадзе гарачым металічным дажджом на галовы лёгкадумных гледачоў гэтага вар’яцкага стрэлу.

Барбікен-жа рабіў далей сваю справу, не звяртаючы — ці, прынамсі, не паказваючы — ніякай увагі на гэтыя дакоры.

— Нават брывом не павядзе! — усклікаў палкі Мастон, які, вядома, гатовы быў учапіцца сваім жалезным кручком ў Ніколя за яго злосныя і вельмі часта несумленныя нападкі на Барбікена.

Тады капітан Ніколь пачаў атаку з другога боку. Ён пачаў пісаць, што справа Барбікена не толькі бязмэтная і бескарысная, з якога-б пункта не глядзець на пытанне, але і яшчэ надзвычай небяспечная. Яна небяспечная як для грамадзян, якія прыдуць паглядзець на гэтае непрыстойнае прадстаўленне, так і для гарадоў, якія размешчаны паблізу месца будучага стрэлу. Акрамя таго, калі толькі ядро не даляціць да Луны — што не падлягае сумненню, — то яно, відавочна, зноў упадзе на Зямлю. Але энергія падзення такой масы роўна велічыні гэтай масы, памножанай на квадрат скорасці падзення. Яна неймаверна моцна ўдарыцца аб Зямлю, што можа скончыцца катастрофай для той мясцовасці зямнога шара, куды ўпадзе снарад.

«Я, вядома, не жадаю пасягаць на правы свабодных грамадзян Амерыкі, — пісаў Ніколь, — але тут узнікае пытанне аб грамадскай безапаснасці, і таму, безумоўна, неабходна ўмяшанне ўрада, бо нельга рызыкаваць жыццём мноства амерыканскіх грамадзян ва ўгоду фантазіям аднаго чалавека!»

Адсюль відаць, да якіх немагчымых пераўвелічэнняў дайшоў капітан Ніколь. Але, — як гэта не здасца дзіўным, — ён заставаўся зусім адзінокім. Ніхто не падзяляў яго думкі, ніхто не верыў яго злавесным прароцтвам.

«Няхай капітан Ніколь піша, што хоча, няхай выкрыквае на ўсіх скрыжаваннях свае думкі, калі гэта яму падабаецца», — так гаварыў амаль кожны янкі.

Капітан Ніколь апынуўся ў становішчы адваката, справа якога заведама праіграна. Яго чулі, але не слухалі, і ён не адбіў у старшыні Пушачнага клуба ні аднаго прыхільніка, а сам Барбікен не палічыў нават патрэбным супярэчыць свайму злашчаснаму саперніку.

Урэшце капітан Ніколь стаў на апошнюю сваю пазіцыю. Не маючы магчымасці асабіста разлічыцца з Барбікенам, ён рашыў разлічыцца з ім сваімі грашыма. У адзін прыгожы дзень у рычмондскай газеце «Даследчык» з’явіўся, за подпісам капітана Ніколя, выклік Барбікену на некалькі закладаў з прагрэсіўна ўзрастаючымі стаўкамі.

Прадметы закладаў і стаўкі былі наступныя:

1) Пушачны клуб не збярэ сумы, патрэбнай для ажыццяўлення сваёй справы 1000 далараў
2) Адліць чыгунную пушку даўжынёй у трыста метраў практычна нельга, і таму Пушачнаму клубу гэта не ўдасца 2000 далараў
3) Немагчыма будзе зарадзіць калумбіялу, таму што вага ядра выклікае выбух піраксіліна 3000

4) Пры ўспалымненні піраксіліна калумбіяду разарве 4000

5) Ядро не праляціць нават шасці міль уверх і ўпадзе на зямлю праз некалькі секунд пасля стрэлу 5000

Адсюль відаць, да якой ступені азарта давяла капітана Ніколя яго заядлая ўпартасць. Сума ўсіх закладаў дасягала 15 000 далараў: Ніколь рызыкаваў вялікім для яго капіталам — ледзь не ўсімі сваімі зберажэннямі.

Дзевятнаццатага кастрычніка капітан Ніколь атрымаў незвычайную па сваёй кароткасці тэлеграму:

„Балтымора, 18 кастрычніка.
Трымаю.
Барбікен“.

  1. Назвы суднаў, якія набылі ў час грамадзянскай вайны ў Амерыцы найбольшую вядомасць. „Мерымак“ — самае дасканалае ваеннае судно таго часу — належала флоту паўднёвых штатаў. „Манітор“ — вышкавы броненосец паўночных штатаў, узброены буйнакалібравымі гарматамі. Імя „Манітора“ потым пачалі даваць усім невялікім, нізка сядзячым суднам з броневай вышкай.