Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/VIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
VII. Пушка VIII. Пытанне аб пораху
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
IX. Адзін непрыяцель на дваццаць пяць мільёнаў прыяцеляў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ VIII

Пытанне аб пораху

На чарзе засталося пытанне аб пораху.

Грамадская думка чакала яго вырашэння з напружанай трывогай. Размеры снарада і даўжыня гарматы былі ўжо вядомы, і публіка пыталася ў сябе: якая-ж маса пораху патрэбна будзе для стрэлу? Ніколі яшчэ ў гісторыі чалавецтва не загаралася адразу такая вялікая колькасць выбуховага матэрыялу.

Лічыцца агульнавядомым, — і да гэтага часу гэта часта паўтараюць, — што порах быў вынайдзен у ХІV стагоддзі манахам Шварцам, які заплаціў жыццём за сваё вялікае вынаходства. Але цяпер ужо даказана, што паданне гэта з’яўляецца сярэдневяковай легендай, фактычна няправільнай. Пораху ніхто не вынаходзіў. Даўно вядомы быў «грэчаскі агонь», у састаў якога ўваходзіла сера і селітра ў розных прапорцыях. У пачатку гэта была сумесь гаручая і шыпучая; з цягам часу яна ператварылася ў сумесь выбуховую, страляючую.

Шмат людзей ведаюць легенду аб вынаходстве пораху, але толькі некаторыя ясна ўяўляюць сабе яго механічную сілу. Між тым гэта было пытанне вельмі важнае для поспеху справы Пушачнага клуба.

Адзін літр пораху важыць прыблізна 2 фунты; пры загаранні ён развівае амаль умомант газы пры тэмпературы каля 2400 градусаў; пры свабодным расшырэнні гэтыя парахавыя газы могуць заняць прастору ў 4 000 літраў. Такім чынам аб’ём пораху адносіцца да аб’ёму развіваючыхся з яго газаў, як 1 да 4.000. Адсюль лёгка ўявіць сабе той страшны напор, які павінны зрабіць гэтыя газы, калі яны сціснуты ў прасторы, у 4 000 разоў меншай за іх нармальны аб’ём.

Гэтыя асноўныя даныя былі добра вядомы ўсім членам камітэта Пушачнага клуба, і пры адкрыцці паседжання 10 кастрычніка Барбікен даў першае слова маёру Эльфістону, які ў час вайны быў галоўным начальнікам парахавой часткі ў арміі федэралістаў паўночных штатаў.

— Дарагія таварышы, — сказаў гэты выдатны спецыяліст, — прывяду вам спачатку бясспрэчныя цыфры, якія павінны паслужыць асновай для нашых уласных заключэнняў. Дваццацічатырохфунтовае ядро, аб якім нам пазаўчора гаварыў паважаны Дж. Т. Мастон так паэтычна, выкідаецца з гарматы шаснаццаццю фунтамі пораху — толькі шаснаццаццю.

— Ці лічыце вы гэту цыфру правільнай? — запытаў Барбікен.

— Абсалютна правільнай, — адказаў маёр. — На зарад пушкі Армстронга, страляючай васьмісотфунтовым снарадам, ідзе толькі семдзесят пяць фунтаў пораху, а калумбіяда Родмэна, пры двухсотшасцідзесяціфунтовым зарадзе пораху, заносіць поўтоннае ядро на шэсць міль. Гэтыя даныя не падлягаюць ніякаму сумненню: я прысутнічаў пры выпрабаваннях гэтых гармат і асабіста падпісваў у артылерыйскім камітэце пратаколы аб доследнай стральбе з гэтых гармат.

— Зусім правільна, — пацвердзіў генерал.

— З гэтых даных, — казаў далей маёр, — вы бачыце, што колькасць пораху ў снарадзе не павялічваецца прапарцыянальна вазе ядра. Так, у звычайных пушках на ядро ў 24 фунты — 16 фунтаў пораху, г. зн. вага пораху павінна складаць дзве трэціх вагі ядра. Таму, калі-б між вагой ядра і вагой пораху існавалі пастаянныя адносіны, зарад пораху ў калумбіядзе Родмэна (на поўтоннае ядро) павінен быў-бы раўняцца 333 фунтам; між тым аказваецца дастатковым усяго 160 фунтаў, г. зн. менш палавіны.

— Да якога-ж вываду вы прыходзіце? — запытаў старшыня.

— Дарагі маёр, — умяшаўся Мастон, — калі давесці вашу тэорыю да лагічнага канца, дык выйдзе, што пры вельмі вялікай вазе ядра можна зусім абыйсціся без пораху?..

— Мой дружа Мастон жартаўлівы нават у самых сур’ёзных пытаннях, — засупярэчыў маёр, — але няхай ён супакоіцца: я для нашай калумбіяды прапаную такую колькасць пораху, якая цалкам задаволіць яго артылерыйскае самалюбства. Аднак, перш за ўсё я лічу неабходным устанавіць, што ў час нашай вайны, пасля цэлага раду доследаў з самымі вялікімі пушкамі, колькасць пораху на зарад была скарочана да адной дзесятай вагі ядра. Вы бачыце, якая гэта велізарная розніца з існаваўшымі раней адносінамі ў дзве трэці.

— Маёр праўду кажа, — пацвердзіў генерал Морган, — але пытанне аб колькасці пораху залежыць перш за ўсё ад яго якасці, і таму, я думаю, маёр скажа нам цяпер, які гатунак пораху лічыць ён найбольш прыгодным для нашага стрэлу.

— Я прапаную буйназярністы порах, — адказаў маёр, — ён запальваецца хутчэй, чым дробназярністы.

— Гэта так, — засупярэчыў генерал, — але ён хутка засмечвае пушку.

— Ну, вось! — адказаў Эльфістон. — Я гэтага не чакаў. Гэтыя недахопы могуць мець значэнне толькі для пушкі, якая страляе часта і доўга, але ніяк не для нашай калумбіяды, якая стрэліць усяго адзін раз. Нам не пагражае небяспека, што пушка разарвецца; наадварот, для нас неабходна, каб порах загарэўся ў адзін міг, таму што, чым хутчэй загарыцца порах, тым паўней і механічнае яго дзеянне.

— Можна-б узяць дробназярністы порах, — прапанаваў Мастон, — і зрабіць некалькі затравак, каб адначасова запаліць порах з розных бакоў.

— Вядома, і гэта можна, — адказаў Эльфістон, — але гэта надзвычай ускладніць кіраванне пушкай; таму я зноў прапаную буйназярністы порах, які цалкам адхіляе названыя цяжкасці.

— Няхай будзе так, — адказаў генерал. — Я згодзен на буйназярністы.

Да гэтага часу Барбікен не ўступаў у спрэчкі. Ён даў магчымасць гаварыць другім, а сам слухаў. Відаць, ён абдумваў нейкую сваю прапанову. Таму ён толькі запытаў:

— А колькі-ж трэба будзе, па-вашаму, пораху, сябры мае?

Члены камітэта пераглянуліся.

— Дзвесце тысяч фунтаў! — сказаў, урэшце, Морган.

— Пяцьсот тысяч! — засупярэчыў маёр.

— Восемсот тысяч! — крыкнуў Мастон.

На гэты раз і маёр не адважыўся папікнуць палкага сакратара Пушачнага клуба за пераўвелічэнне. Сапраўды, патрабавалася дакінуць да Луны дзевяцітонны снарад, а для гэтага трэба было надаць яму першапачатковую скорасць у 11 000 метраў у секунду.

Настала пауза. Нарэшце, загаварыў Барбікен.

— Дарагія таварышы, — сказаў ён спакойным голасам, — выходзячы з асноўнага палажэння, што сіла супраціўлення сценак нашай пушкі бязмежна, я здзіўлю вас і нават паважанага Дж. Т. Мастона: ён быў вельмі нясмелы ў сваіх меркаваннях. Яго восемсот тысяч фунтаў я прапаную падвоіць.

— Мільён шэсцьсот тысяч фунтаў! — усклікнуў Мастон, падскочыўшы ад здзіўлення.

— Так, не менш.

— Але ў такім выпадку выходзіць па-мойму, што пушка павінна быць даўжынёю ў поўмілі!..

— Відаць, так, — пацвердзіў маёр.

— Мільён шэсцьсот тысяч фунтаў пораху, — казаў далей сакратар камітэта, — будуць займаць прастору каля васьмісот кубічных метраў. Ваша пушка даўжынёю ў трыста метраў — з аб’ёмам усяго каля двух тысяч кубічных метраў — будзе набіта порахам амаль да палавіны. Але тады астатняя прастора ўнутры пушкі не будзе мець дастатковай даўжыні, каб пашырэнне парахавых газаў аказала сваё поўнае дзеянне на снарад…

Меркаванні Мастона былі цалкам правільныя і не дапускалі ніякіх супярэчанняў. Маёр, генерал і нават Мастон разгубіліся. Яны, здавалася, прышлі да невырашальнай супярэчнасці. Позіркі іх спыніліся на старшыні.

— Тым не менш, — сказаў Барбікен, — я настойваю на такой іменна колькасці пораху. Падумайце добра. Мільён шэсцьсот тысяч фунтаў пораху разаўюць шэсць мільярдаў літраў газу. Шэсць мільярдаў! Чуеце?

— Што-ж тады рабіць? — запытаў генерал збянтэжана.

— Што рабіць? — сказаў Барбікен. — Неабходна перш за ўсё скараціць гэтую велізарную колькасць пораху, але без страты для яго рухаючай сілы.

— Надзвычайна! Але якім-жа чынам? — запытаў маёр.

— Я вам зараз скажу, — спакойна і проста адказаў Барбікен.

Слухачы так і ўтаропіліся ў яго вачыма.

— Сапраўды, нічога няма лягчэйшага, — гаварыў далей Барбікен, — як скараціць у чатыры разы аб’ём патрэбны для ўказанай колькасці пораху. Безумоўна, вы ўсе ведаеце тое цікавае вешчаство, з якога складаюцца тканкі раслін і якое называецца клятчаткай.

— Ах! — усклікнуў маёр. — Я вас разумею, дарагі Барбікен.

— Гэтае вешчаство, — казаў далей старшыня, — сустракаецца ў прыродзе ў зусім чыстым выглядзе, напрыклад у бавоўне, якая прадстаўляе сабою пух на насенні бавоўніка. Пры злучэнні на холадзе з азотнай кіслатой клятчатка ператвараецца ў вешчаство, якое зусім не раствараецца, добра гарыць і ўладае вялікай выбуховай сілай. У 1846 годзе Шэнбейн, прафесар хіміі ў Базелі, прапанаваў яго ў якасці пораху для ваенных мэт. Гэта порах, які спачатку называлі нітраклятчаткай.

— Або піраксілінам, — заўважыў Эльфістон.

— Або грымучаю ватай, — дадаў Морган.

— Уласцівасці піраксіліна, — сказаў Барбікен, — для нас асабліва каштоўны. Па-першае, здабыць яго надзвычай лёгка: варта толькі апусціць вату (бавоўну) на пятнаццаць мінут у халодную, моцнай канцэнтрацыі, азотную кіслату, затым прамыць у вялікай колькасці вады, потым высушыць, і — гатовы піраксілін.

— Сапраўды, няма нічога прасцей, — заўважыў генерал.

— Па-другое, піраксілін зусім не баіцца вільгаці, — казаў далей Барбікен, — і гэта асабліва каштоўная для нас уласцівасць, таму што зараджаць нашу пушку прыдзецца некалькі дзён падрад з прычыны велізарнай велічыні патрабуемага зараду. Па-трэцяе, піраксілін загараецца пры ста сямідзесяці градусах, а не пры двухстах сарака, як звычайны порах. Па-чацвертае, хуткасць яго распаду, г. зн. згарання і выбуху, настолькі вялікая, што можна палажыць яго наверсе кучы звычайнага пораху, і піраксілін увесь згарыць раней, чым порах паспее ўспалымніцца.

— Надзвычайна, — заключыў маёр.

— Але ён дарагаваты… — дадаў генерал.

Гэта глупства! — крыкнуў Мастон.

— Урэшце, піраксілін надае снараду скорасць, якая перавышае ў чатыры разы скорасць звычайнага пораху. Я дадам нават, што калі да піраксіліна дадаць калійнай селітры, дык сіла яго павялічыцца ў яшчэ большай прапорцыі.

— А хіба гэта неабходна? — запытаў маёр недаверліва.

— Я гэтага не думаю, — адказаў Барбікен. — Такім чынам, замест мільёна шасцісот тысяч фунтаў звычайнага буйназярністага пораху, дастаткова загатовіць чатырыста тысяч фунтаў баваўнянага пораху. Далей: паколькі можна без усякай небяспекі спрасаваць пяцьсот фунтаў бавоўны ў прасторы 0,764 кубічных метра, то ўвесь наш парахавы зарад зойме ў канале калумбіяды не больш шасцідзесяці метраў. Такім чынам, снараду прыдзецца вытрымаць на астатняй прасторы напор шасці мільярдаў літраў газаў, перш чым ён вылеціць з пушкі ў напрамку да Луны.

Тут ужо Мастон не змог стрымаць свайго захаплення. Ён кінуўся абдымаць свайго друга амаль са скорасцю пушачнага снарада і, канешна, прабіў-бы яго, калі-б Барбікен не быў зроблен з матэрыялу, здольнага вытрымаць нават удары бомбы.

Гэтым закончылася трэцяе паседжанне камітэта Пушачнага клуба. Барбікен і яго смелыя таварышы, для якіх не існавала нічога немагчымага, бліскуча вырашылі складаныя пытанні аб снарадзе, аб гармаце і аб пораху. План быў гатовы, заставалася толькі выканаць яго.

— Ну, гэта ўжо драбніца, сапраўднае глупства, — сказаў сакратар Пушачнага клуба Дж. Т. Мастон.