З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/VII
← VI. Гімн снараду | VII. Пушка Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
VIII. Пытанне аб пораху → |
РАЗДЗЕЛ VII
Пушка
Пастановы, прынятыя камітэтам Пушачнага клуба на паседжанні 8 кастрычніка, усюды зрабілі вялікі ўплыў. Людзі не асабліва храбрага дзесятка проста палохаліся думкі, што ў прастору будзе пушчана бомба вагой каля дзевяці тон. Яны запытвалі ў сябе і іншых: якой-жа велічыні будзе пушка, якая выштурхне такі снарад, ды яшчэ са скорасцю ў адзінаццаць кілометраў? На гэтыя пытанні павінен быў бліскуча адказаць пратакол другога паседжання камітэта.
На другі вечар, 9 кастрычніка, камітэт Пушачнага клуба зноў быў на паседжанні перад гарою сандвічоў і велізарнымі запасамі чаю. Спрэчкі гэтым разам абышліся без прадмоў і патэтычных прамоў.
— Дарагія таварышы, — сказаў Барбікен, — сёння нам прадстаіць вырашыць пытанне аб пушцы: вызначыць яе форму, даўжыню, вагу і матэрыял. Размеры яе акажуцца, напэўна, каласальнымі, але я спадзяюся, што наша амерыканская тэхніка справіцца з усімі цяжкасцямі. Выслухайце-ж мяне і не будзьце скупымі на самыя моцныя супярэчнасці. Я дакладна абдумаў пытанне і супярэчанняў не баюся.
Нешта падобнае на ўхвальнае рыканне вырвалася з вуснаў асобных членаў камітэта ў адказ на рашучую заяву Барбікена.
— Успомнім, сябры, — гаварыў далей Барбікен, — на чым мы ўчора спыніліся. Пытанне цяпер стаіць такім чынам: патрэбна даць першапачатковую скорасць 11 000 метраў у секунду бомбе з трохметровым дыяметрам і дзевяцітоннай вагой.
— Сапраўды, задача такая, — пацвердзіў маёр Эльфістон.
— Працягваю, — пачаў зноў Барбікен. — Ядро, пушчанае ў прастору, падпадзе пад уплыў трох незалежных адна ад адной сіл: 1) штуршка, які прывёў снарад у рух, 2) прыцяжэння Зямлі і 3) супраціўлення масы. Разбярэм гэтыя ўплывы. Супраціўленне масы, г. зн. паветра, амаль не акажа дзеяння. Сапраўды, вышыня колькі-небудзь шчыльнай часткі атмасферы не перавышае 60–70 кілометраў. Пры скорасці ў 11 000 метраў снарад праляціць яе за 6 секунд, і за такі кароткі адрэзак часу можна не браць пад увагу супраціўленне масы. Пяройдзем цяпер да прыцяжэння Зямлі, г. зн. да вагі снарада, — казаў далей Барбікен. — Мы ведаем, што гэтая вага будзе бесперапынна памяншацца адваротна прапарцыянальна квадратам адлегласцей. Вы памятаеце прыклад, які даецца ў курсах фізікі ці, дакладней, механікі: усякае цела, пры свабодным яго падзенні паблізу паверхні Зямлі, праходзіць у першую секунду 5 метраў; калі-б гэтае цела падала з Луны на Зямлю, г. зн. з адлегласці прыблізна ў 380 000 кілометраў ад Зямлі, то за першую секунду яно праляцела-б усяго 173 міліметра. А такая скорасць амаль мяжуе з нерухомасцю. Ітак, нам трэба прыдумаць спосаб процідзеяння сіле зямнога прыцяжэння. Як-жа мы гэтага дасягнем? Толькі сілаю першапачатковага штуршка, г. зн. сілаю напору парахавых газаў.
Барбікен спыніўся.
— Так, вось у гэтым і галоўная цяжкасць, — сказаў маёр.
— Ваша праўда, — адказаў Барбікен, — але гэтую цяжкасць можна перамагчы. Сіла штуршка парахавых газаў залежыць толькі ад даўжыні гарматы і ад колькасці пораху, калі, вядома, лічыць даказаным, што сценкі гарматы вытрымаюць напор парахавых газаў. Таму давайце абмяркоўваць размеры пушкі. Перш за ўсё можна ўстанавіць, што сілу супраціўлення сценак пушкі можна давесці да велізарнай, амаль бясконцай велічыні, бо пушка не прызначана для пераездаў і манеўраў.
— Зусім ясна, — дапоўніў генерал.
— Да гэтага часу, — працягваў Барбікен, — даўжыня самых вялікіх гармат, напрыклад нашых паўночнаамерыканскіх велізарных калумбіяд, не перавышала некалькіх метраў. Таму размеры нашай пушкі здзівяць вельмі многіх.
— Чаму не! — усклікнуў палкі Мастон. — Па-мойму, пушка павінна быць даўжынёй прынамсі каля поўмілі!
— Каля поўмілі! — ускрыкнулі генерал і маёр.
— Так! Каля поўмілі! І таго мала!..
— Ну, Мастон. — адказаў Морган. — Вы ўжо ўзялі цераз край…
— Ніколькі, — засупярэчыў кіпучы сакратар, — і я не ведаю нават, на якой падставе вы сцвярджаеце, што я пераўвялічваю…
— Таму што вы ўжо занадта далёка заляцелі…
— Ведайце, шаноўны судар, — урачыста-патэтычна выклікнуў Мастон, — ведайце, што артылерыст, як і яго снарад, не можа заляцець вельмі далёка!
Справа дайшла-б да сваркі, але старшыня спыніў удзельнікаў спрэчкі і, у сваю чаргу, сказаў:
— Супакойцеся, сябры мае! Будзем сур’ёзна абмяркоўваць гэта пытанне. Зразумела, пушка павінна быць вельмі вялікая, таму што пры падаўжэнні гарматы ўзрастае працягласць напору газаў, якія развіваюцца пры загаранні пораху. Але зусім бескарысна пераступаць некаторыя граніцы…
— Правільна, — пацвердзіў маёр.
— Якія суадносіны ўстаноўлены для даўжыні гарматы? Лічыцца, здаецца, што даўжыня пушкі павінна быць у 20–25 разоў большай за дыяметр ядра, а вага яе ў 240 разоў большай за яго вагу?
— Гэтага мала! — усклікнуў нястрымны Мастон.
— Я з вамі згодзен, мой шаноўны дружа, — адказаў Барбікен. — Сапраўды, калі прытрымлівацца такой прапорцыі, то для снарада дыяметрам у тры метры і вагой у 9 тон пушка будзе мець даўжыню толькі семдзесят пяць метраў.
— Гэта да смешнага мала! — зноў перахапіў Мастон. — Ці не ўзяць ужо тады пісталет?!
— Я той-жа думкі, што названыя размеры былі-б зусім малыя, — сказаў Барбікен, — а таму прапаную ўчацвярыць гэту даўжыню, г. зн. адліць пушку даўжынёю ў трыста метраў.
Генерал і маёр крыху засупярэчылі, але, не гледзячы на гэта, прапанова Барбікена, пры гарачай падтрымцы сакратара Пушачнага клуба, была канчаткова прынята.
— Цяпер, — сказаў Эльфістон, — пытанне аб таўшчыні сценак…
— Я мяркую: два метры. Згодна маіх вылічэнняў гэтага зусім дастаткова і вельмі надзейна, — адказаў Барбікен.
— Вы, канешна, не мяркуеце паставіць такую велізарную масу на лафет? — запытаў маёр.
— А было-б цудоўна! — усклікнуў з захапленнем сакратар.
— Але гэтага нельга выканаць, — адказаў Барбікен. — Не, я думаю адліць гэтую гармату ў зямлі; акрамя таго, трэба звязаць яе тоўстымі абручамі з кованага жалеза ды яшчэ замураваць у тоўстыя каменныя сцены. Такім чынам гэтыя сцены, а таксама і навакольны грунт зямлі будуць удзельнічаць у агульным супраціўленні напору парахавых газаў. Усё разам здольна аказаць цалкам надзейнае супраціўленне каласальнаму выбуху парахавых газаў…
— Ура! — крыкнуў Мастон. — Пушка гатова!
— Яшчэ не, — казаў далей Барбікен. — Прыдзецца пушку яшчэ адліць, — справа надзвычай цяжкая пры такіх велізарных размерах гарматы. А потым прыдзецца абтачыць яе знутры і дакладна калібраваць, каб не дапусціць страт газу між снарадам і сценкамі пушкі; толькі тады ўся рухаючая сіла пораху пойдзе на штуршок…
— Ну, вось і гатова пушка, — зноў перабіў Мастон.
— Яшчэ не зусім, — сказаў Барбікен, жэстам супакойваючы свайго нецярплівага прыяцеля.
— Чаму? — захваляваўся неўгамаваны Мастон.
— Таму што мы не вызначылі яшчэ формы нашай гарматы: ці будзе гэта пушка, гаубіца ці мартыра[1].
— Пушка! — адказаў Морган.
— Гаубіца! — засупярэчыў маёр.
— Мартыра! — крыкнуў Мастон.
Спрэчкі гатовы былі перайсці ў даволі гарачую сварку, бо кожны пачаў пералічаць перавагі сваёй улюбёнай гарматы; але старшыня хутка спыніў спрэчнікаў.
— Сябры мае, — сказаў ён, — я зараз вас паміру. Наша калумбіяда злучыць у сабе ўсе тры тыпы буйных агнестрэльных гармат. Гэта будзе пушка, таму што парахавая камера будзе мець той-жа дыяметр, што і канал. Гэта будзе гаубіца, таму што яна выпусціць бомбу. Урэшце, мартыра, таму што ствол яе будзе ўстаноўлен пад вуглом 90° да гарызонта.
Прапанова Барбікена была аднагалосна прынята камітэтам.
— Дазвольце яшчэ пытанне, — сказаў Эльфістон: — гэта гаубіца-мартыра-пушка будзе наразная ці гладкаствольная?
— Нельга зрабіць яе наразной, — адказаў Барбікен. — Патрэбна вялікая першапачатковая скорасць для ядра, а вы добра ведаеце, што нарэзка некалькі затрымоўвае выхад снарада з пушкі.
— Гэта правільна, — згадзіўся генерал.
— Ну, цяпер закончылі з пытаннем аб гармаце? — запытаў Мастон ужо спакойна.
— Не, гэта яшчэ не зусім так, — засупярэчыў Барбікен.
— Што-ж яшчэ?
— Мы не ведаем, з якога метала будзе гармата.
— Дык давайце зараз-жа вырашым! — усклікнуў неўгамонны сакратар.
— Я гэта і хацеў вам прапанаваць.
Барбікен аб’явіў маленькі перапынак, у час якога кожны з чатырох членаў камітэта з’еў па другому дзесятку бутэрбродаў і запіў іх адпаведнай колькасцю чаю. Пасля гэтага адразу-ж вярнуліся да справы.
— Паважаныя калегі, — пачаў Барбікен, — наша гармата павінна быць вельмі моцнай, цвёрдай, агнетрывалай, неакісляемай.
— У гэтым не можа быць сумнення, — адказаў маёр, — і паколькі прыдзецца скарыстаць велізарную колькасць метала, то няцяжка і выбраць.
— У такім выпадку, — сказаў Морган, — прапаную для калумбіяды найлепшы сплаў з усіх да гэтага часу вядомых: на сто частак чырвонай медзі шэсць частак волава і шэсць — жоўтай медзі (латуні).
— Сябры, — адказаў Барбікен, — я цалкам згодзен з вамі, што гэты сплаў даў самыя лепшыя рэзультаты, але ён вельмі дарагі, і апрацоўваць яго цяжка. Думаю, што можна задаволіцца другім матэрыялам, — надзвычайным матэрыялам, хоць і больш танным. Я галасую за чыгун. Спадзяюся, маёр, што і вы са мной згодны.
— Цалкам згодзен.
— Сапраўды, — казаў далей Барбікен, — чыгун таннейшы за бронзу ў дзесяць разоў; ён добра плавіцца, яго можна проста выліваць у земляныя формы; прытым ён і апрацоўваецца лёгка. Такім чынам мы атрымаем вялікую эканомію і ў грошах і ў часе. Наогул гэта выдатны матэрыял. Я памятаю, у час асады Атланты чыгунныя пушкі стралялі праз кожныя дваццаць мінут, па тысячы разоў кожная, і, тым не менш, ні адна з іх не сапсавалася.
— Аднак, чыгун вельмі ломкі, — заўважыў генерал.
— Так, але і вельмі моцны; акрамя таго, наша пушка, запэўняю вас, не разарвецца, — адказаў Барбікен.
— А калі і разарвецца, — сказаў з асаблівай сур’ёзнасцю Мастон, — дык гэта не ганьба для вынаходцы…
— Вядома, — згадзіўся Барбікен. — Такім чынам, я папрашу нашага паважанага сакратара вылічыць вагу чыгуннай пушкі, даўжынёю ў трыста метраў, з унутраным дыяметрам тры метры і пры таўшчыні сценак у два метры.
— У адзін момант! — адказаў Мастон.
І, як раней, ён напамяць, са здзіўляючай хуткасцю, выпісаў усе патрэбныя яму формулы.
Праз хвіліну ён сказаў:
— Гармата будзе важыць 68 040 тон.
— Чыгун каштуе два цэнты фунт. Колькі-ж будзе каштаваць увесь чыгун?..
— 2 510 701 далараў.
Маёр, генерал і нават Мастон трывожна паглядзелі на старшыню.
— Дарагія таварышы, — адказаў Барбікен, — паўтараю тое, што і ўчора сказаў: не хвалюйцеся, за мільёнамі справа не стане!
Гэтай упэўненай фразай старшыні закончылася паседжанне. Наступнае паседжанне — трэцяе і апошняе — было прызначана на бліжэйшы вечар.
- ↑ Пушкаю называецца доўгая гармата для прыцэльнай стральбы. Мартыра — кароткая гармата для навеснай стральбы. Гаубіца — сярэдняй даўжыні гармата для перакідной стральбы. Даўжыня гарматы вымяраецца не метрамі, а „калібрамі“, г. зн. лікам дыяметраў яго канала; пушка ў 30 калібраў даўжэйшая за дыяметр свайго канала ў 30 разоў.