З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/VI
← V. Аб тым, чаго немагчыма стала не ведаць у Злучаных Штатах | VI. Гімн снараду Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
VII. Пушка → |
РАЗДЗЕЛ VІ
Гімн снараду
Кембрыджская абсерваторыя ў пісьме ад 7 кастрычніка абмеркавала пытанне, зацікавіўшае Паўночную Амерыку з астранамічнага пункту гледжання. Заставалася высветліць тэхнічны бок справы, і вось тут узнікалі цяжкасці, якія ва ўсякай іншай краіне здаваліся-б непераможнымі. Але для янкі гэта было глупства — проста жарты.
Пасля гістарычнага паседжання Пушачнага клуба яго старшыня Барбікен, не трацячы часу, склікаў Выканаўчы камітэт. Камітэт паставіў сабе задачай на працягу трох паседжанняў вырашыць тры асноўныя пытанні: аб пушцы, аб снарадзе і аб пораху. Камітэт складаўся з чатырох асоб, добра кампетэнтных у такіх справах. У яго ўвайшлі: сам Барбікен — з рашаючым голасам старшыні ў выпадку падзелу галасоў пароўну, генерал Морган, маёр Эльфістон і, урэшце, паважаны Дж. Т. Мастон, на якога ўсклалі абавязкі сакратара-дакладчыка.
8 кастрычніка камітэт сабраўся на кватэры ў Барбікена: Балтымора, вуліца Рэспублікі, № 3. Паседжанне адбывалася за сталом, устаўленым велізарнымі бутэрбродамі і адпаведнай чайнай пасудай; такім чынам паседжанне можна было весці без перапынку на вячэру. Сакратар Мастон прывінціў ручку з пяром да свайго жалезнага кручка, і сход прыступіў да справы.
Барбікен адкрыў паседжанне наступнай прапановай:
— Дарагія таварышы! Нам належыць вырашыць адно з найбольш важных пытанняў навукі — пытанне аб руху снарадаў, г. зн. целаў, якія ўкідаюцца ў прастору сілаю амаль раптоўнаю…
— О, балістыка, балістыка! — ускрыкнуў Мастон з захапленнем.
— Рацыянальней за ўсё, здавалася-б, — казаў далей Барбікен, — паставіць спачатку пытанне аб пушцы і прысвяціць яму наш першы вечар.
— Здавалася-б, так! — дадаў Морган.
— Аднак, — сказаў Барбікен, — пасля доўгіх разважанняў мне здаецца, што пытанне аб снарадзе павінна прайсці першым, таму што размеры пушкі будуць залежаць ад велічыні і вагі снарада.
— Прашу слова! — крыкнуў Мастон.
Слова прадаставілі яму з гатоўнасцю, цалкам заслужанай яго бліскучым артылерыйскім мінулым.
— Дарагія мае таварышы! — ускрыкнуў ён натхнёным голасам. — Наш старшыня праўду кажа. Пытанне аб снарадзе павінна быць пастаўлена ў першую чаргу. Падумайце толькі: ядро, якое мы пусцім на Луну, гэта-ж наш кур'ер, наш пасол! І я вельмі прашу глянуць на гэта пытанне і на гэты снарад з грамадскага, з маральнага пункту гледжання!
Новы пункт гледжання на пушачны снарад адразу-ж узняў цікавасць членаў камітэта: яны падвоілі ўвагу.
— Дарагія таварышы! — казаў далей Мастон. — Я буду гаварыць коратка. Не буду спыняцца на ядры матэрыяльным, г. зн. фізічным, — снарадзе, які забівае. Буду гаварыць аб ядры матэматычным, маральным. Ядро, на маю думку, — гэта самая сільная, самая… выбуховая праява магутнасці чалавека. Іменна ў ядры сканцэнтроўваецца, увасабляецца гэта магутнасць!
— О, выдатна! — усклікнуў маёр Эльфістон.
— Сапраўды! — гаварыў далей Мастон з тым-жа ўздымам. — Да зор, да планет чалавек прыбавіў ядро; ядро — гэта паказчык, да чаго можа дайсці скорасць руху на Зямлі. Больш таго, ядро — не што іншае, як нябеснае цела ў мініятуры, а нябесныя целы — толькі вельмі вялікія ядры, якія ляцяць па нябеснай прасторы. Мы ведаем у прыродзе скорасць святла, скорасць электрычнасці, скорасць зор, скорасць планет, скорасць планетных спадарожнікаў, скорасць гуку, скорасць ветру. Але за намі — людзьмі — заслуга стварэння ядра, заслуга стварэння яго скорасці, у сто разоў перавышаючай скорасці чыгуначных паяздоў і самых лепшых рысакоў!
Мастонам заўладала лірычнае захапленне. Голас яго гучэў трапятлівымі нотамі.
— Хочаце лічбаў?! — усклікнуў ён горача. — Вось яны — самыя красамоўныя! Вазьміце скромненькае, маленькае ядро вагой у дваццаць чатыры фунты[1]. Хаця яно рухаецца павольней чым Зямля вакол Сонца ў 76 разоў, але ўсё-ж, пры вылеце з пушкі, яно ляціць хутчэй, чым гук. Скорасць такога ядрышка каля 400 метраў у секунду, 4000 метраў — у дзесяцьсекунд, 24 кілометры — у мінуту, 1440 кілометраў — у гадзіну, 34460 кілометраў — у суткі; значыцца, ужо такое маленькае ядро ляціць амаль са скорасцю кропак экватара пры вярчэнні Зямлі вакол яе асі. За год такое ядро праляцела-б больш 12 1/3 мільёнаў кілометраў. Да Луны яно даляцела-б за адзінаццаць дзён, да Сонца — за дванаццаць гадоў, а да Нептуна, г.зн. да самай граніцы сонечнай сістэмы[2], за трыста шэсцьдзесят гадоў. Вось што магло-б зрабіць наша маленькае ядро — стварэнне нашых рук!.. Што-ж будзе, калі мы створым скорасць большую яшчэ ў дваццаць разоў? Скорасць у восем кілометраў у секунду! Ах, цудоўнае ядро, дзіўны снарад! Я бачу, як ты ляціш! Я пераконаны, што там… на Луне цябе сустрэнуць з тымі пашанамі, якія… абавязаны аказаць пасланцу Зямлі!
І Мастон, усхваляваны, сеў у крэсла. Канец яго прамовы выклікаў галоснае «ура» і сардэчныя віншаванні членаў камітэта.
— А цяпер, — сказаў Барбікен, — аддаўшы шчодрую даніну паэзіі, пяройдзем да справы.
— Мы гатовы, — адказалі члены камітэта, умінаючы бутэрброды.
— Вы ведаеце асноўнае заданне, — гаварыў далей старшыня: — патрэбна надаць снараду першапачатковую скорасць у 11 000 метраў у секунду. Я лічу, што гэта ўдасца. Зараз, аднак, трэба ўспомніць, якія скорасці былі ўжо дасягнуты практычна. Я думаю, што генерал Морган не адмовіцца паведаміць цікавячыя нас даныя.
— Гэта мне няцяжка, — казаў генерал. — У час вайны я быў членам камісіі доследнай стральбы. Магу перш за ўсё сказаць, што пушкі Дальгрэна стралялі на адлегласць да 5 кілометраў з пачатковай скорасцю ў 455 метраў стофунтовымі ядрамі.
— Добра. А калумбіяда[3] Родмэна? — запытаў Барбікен.
— Калумбіяда Родмэна, пры выпрабаванні ў форце Гамільтон, паблізу Н’ю-Йорка, выстраліла ядром вагой у поўтоны на адлегласць да 10 кілометраў, з пачатковай скорасцю 730 метраў — рэзультат, якога ні разу не маглі дасягнуць Армстронг і Палізер у Англіі.
— Ну, і англічане-ж гэтыя!.. — усклікнуў Мастон, грозна памахаўшы к усходу, у бок Англіі, сваім жалезным кручком.
— Такім чынам, — запытаў Барбікен, — гэтыя 730 метраў — найбольшая першапачатковая скорасць, дасягнутая пушачным снарадам?
— Так, — адказаў генерал.
— Я, аднак, заўважу, — засупярэчыў Мастон, — што калі-б мая мартыра не разарвалася…
— Але яна разарвалася… — перабіў Барбікен з дабрадушным жэстам. — Таму за выходны пункт прымем гэту невялікую першапачатковую скорасць у 730 метраў. Патрэбна павялічыць яе роўна ў 15 разоў. Адкладаючы да другога паседжання абмеркаванне спосабаў, якімі можна дасягнуць патрэбнай скорасці, зоймемся размерамі, якія трэба даць ядру адпаведна такой скорасці. Ясна, што тут размова ідзе ўжо не аб ядры ў поўтоны.
— А чаму не? — запытаў маёр.
— Таму што гэта ядро, — хутка перабіў Мастон, — павінна мець вельмі вялікія размеры, інакш на яго не звернуць увагі жыхары Луны… калі толькі яны існуюць.
— Вядома, — сказаў Барбікен, — але ёсць яшчэ больш важная прычына.
— Што вы хочаце гэтым сказаць? — запытаў маёр.
— А тое, што мала стрэліць у Луну і спыніць усякія іншыя клопаты. Трэба яшчэ сачыць за палётам снарада да таго самага моманту, калі ён упадзе на Луну.
— Што?! — усклікнулі са здзіўленнем маёр і генерал.
— Канешна, — упэўнена паўтарыў Барбікен. — Інакш дослед наш застанецца безрэзультатным.
— Але ў такім выпадку, — засупярэчыў маёр, — наш снарад павінен мець велізарныя размеры?
— Ніколькі. Зрабіце ласку толькі выслухаць. Вы ведаеце, да якой ступені ўдасканалення дайшлі цяпер падзорныя трубы. Тыя, у якія назіраюць за Луной, даюць павелічэнне ў 6000 разоў, г. зн. набліжаюць Луну да нас на адлегласць усяго 64 кілометры. А на такой адлегласці прадметы даўжынёю ў дваццаць метраў ужо добра відаць.
— Ну, што-ж вы хочаце? — запытаў генерал. — Няўжо вы думаеце аб снарадзе ў дваццаць метраў?
— Зусім не.
— Што-ж? Можа вы хочаце зрабіць луннае святло больш яркім?
— Іменна так.
— Вось лоўка! — усклікнуў Мастон.
— Гэта вельмі проста, — адказаў Барбікен. — Як вы думаеце: калі паменшыць таўшчыню атмасфернай абалонкі, праз якую прыходзіцца глядзець на Луну, ці не стане хіба луннае святло для нас больш яркім?
— Правільна! — згадзіўся Эльфістон.
— А каб атрымаць такі рэзультат, дастаткова ўстанавіць наш тэлескоп на высокай гары. Мы гэта і зробім!
— Здаюся, здаюся, — адказаў маёр. — Вы надзвычайна ўмееце спрошчваць задачы… І якое-ж павелічэнне спадзяецеся вы такім чынам атрымаць?
— У восем разоў большае, г. зн. у 48 тысяч разоў. Тады тэлескоп прывядзе Луну да нас на адлегласць усяго ў восем кілометраў, а з такой адлегласці можна бачыць прадметы дыяметрам каля трох метраў.
— Выдатна! — усклікнуў Мастон. — Значыцца, наша ядро будзе мець дыяметр тры метры. Гэта цудоўнае ядро!..
— Якраз тры метры.
— Дазвольце, аднак, заўважыць, — зноў засупярэчыў маёр Эльфістон, — што пры гэтым дыяметры атрымаецца такая велізарная вага, што…
— Маёр, дазвольце вас перапыніць! — адказаў Барбікен. — Вагу ядра мы будзем зараз абмяркоўваць, але раней напомню аб тым, чаго дасягнулі ўжо нашы продкі. Канешна, нечага гаварыць аб тым, што балістыка не прагрэсіруе, але ці ведаеце вы, што ў сярэднія вякі рабілі дзіўныя ядры і атрымлівалі рэзультаты, у некаторых адносінах яшчэ больш дзіўныя, чым пры сучасных нашых поспехах?
— Ну, вось яшчэ! — засупярэчыў Морган.
— Дакажыце вашы словы! — з палкасцю ўсклікнуў Мастон, яшчэ больш закрануты такім замахам на гонар сучаснай балістыкі.
— Няма нічога лягчэйшага, — спакойна адказаў Барбікен. — Напрыклад, у 1453 годзе, пры асадзе Канстантынопаля Магаметам ІІ, кідалі каменныя ядры вагой па 1900 фунтаў. Вы разумееце, якіх размераў былі гэтыя ядры?
— Ой, ой! — усклікнуў маёр. — 1900 фунтаў — гэта значная вага…
— На востраве Мальце, у часы рыцарскага Мальтыйскага ордэна, крэпасць мела пушкі, якія выпускалі ядры вагой у 2500 фунтаў.
— Не можа быць! — усклікнуў генерал.
— Урэшце, са слоў аднаго французскага гісторыка, пры Людовіку ХІ у Парыжы была мартыра, якая кідала ядры вагой усяго ў 500 фунтаў, але гэтыя ядры выляталі з Бастыліі, куды дурныя людзі саджалі разумных, і даляталі да Шарантона, куды людзі з розумам саджалі вар’ятаў.
— Надзвычайна! — рашыў Мастон.
— Што-ж мы бачым з таго часу? — казаў далей Барбікен. — Пушкі Армстронга кідаюць ядры толькі 500-фунтовыя, а велізарнейшыя калумбіяды Родмэна — поўтонныя снарады. Выходзіць, што павялічылася дальнасць палёту снарадаў, а вага іх паменшылася. Мы-ж павінны пайсці па другому шляху і выкарыстаць поспехі навукі, каб, прынамсі, падзесяцярыць вагу ядраў Магамета ІІ і мальтыйскіх рыцараў.
— Згодзен, — адказаў маёр. — Які-ж вы мяркуеце ўзяць метал?
— Я думаю, звычайны чыгун, — сказаў генерал Морган.
— Чыгун! Фу!.. — усклікнуў Мастон пагардліва. — Гэта занадта вульгарна для снарада, накіроўваемага на Луну.
— Не будзем вельмі вымагальны, мой шаноўны сябра, — адказаў Морган. — Добры для Луны і чыгун!
— Але дазвольце, — зноў засупярэчыў маёр Эльфістон. — Вага прапарцыянальна аб’ёму; значыцца, пры трох метрах снарад будзе вельмі многа важыць.
— Так, калі ён будзе суцэльна літы, — адказаў Барбікен, — і не, калі будзе дуты.
— Дуты! Значыцца, гэта будзе бомба.
— І можна будзе палажыць туды пісьмы, дакументы, тэлеграмы Луне, — падхапіў Мастон, — узоры твораў Зямлі?!
— Так, гэта будзе бомба, — адказаў Барбікен, — гэта безумоўна неабходна. Суцэльна літае ядро з трохметравым дыяметрам важыла-б больш двухсот тысяч фунтаў — гэта ўжо занадта многа. Але паколькі снарад павінен валодаць пэўнай моцнасцю, я прапаную для яго вагу ў пяць тысяч фунтаў.
— Вы ўжо вылічылі, якой павінна быць таўшчыня яго сценак? — запытаў маёр.
— Калі трымацца ўстаноўленай формулы, — заўважыў Морган, — то, пры дыяметры ў тры метры, таўшчыня сценак павінна быць не менш поўметра.
— Гэта вельмі многа, — адказаў Барбікен. — Размова, заўважце, ідзе не аб тым, каб прабіваць сцены ці металічныя броні. Дастаткова, каб сценкі ядра маглі вытрымаць напор парахавых газаў. Дык вось у чым задача: якую таўшчыню павінны мець сценкі чыгуннай бомбы, каб яна важыла не больш 5000 фунтаў? Наш выдатны матэматык, паважаны Мастон, нам зараз гэта вылічыць.
— Няма нічога лягчэйшага, — адказаў сакратар камітэта.
Ён хутка напісаў некалькі матэматычных формул; з-пад яго пяра выглядвалі розныя х і у, узведзеныя ў квадрат; паказаўся кубічны корань, здабыты Мастонам напамяць. Праз некалькі хвілін Мастон сказаў:
— 50 міліметраў дастаткова.
— Хіба дастаткова? — усумніўся маёр. — Такія сценкі не вытрымаюць напору газаў.
— Не, — адказаў Барбікен, — відаць, не.
— А што-ж тады трэба зрабіць? — запытаў Эльфістон. Голас яго выражаў яўнае неўразуменне.
— Трэба ўзяць не чыгун, а іншы метал, — адказаў Барбікен.
— Медзь? — запытаў Морган.
— Не, медзь вельмі цяжкая; я вам прапаную нешта лепшае.
— Што іменна? — запытаў маёр.
— Алюміній, — адказаў Барбікен.
— Алюміній?! — усклікнулі астатнія члены камітэта.
— Канешна, сябры, вы ведаеце, што вядомаму французскаму хіміку Сент-Клер-Дэвілю ўдалося ў 1854 годзе здабыць чысты алюміній у значнай колькасці. Гэты цудоўны метал валодае бялізной срэбра, нязменнасцю золата, коўкасцю жалеза, плаўкасцю медзі, лёгкасцю шкла, і яго вельмі лёгка апрацоўваць; вы ведаеце, што яго вельмі многа ў прыродзе, бо складае галоўную састаўную частку ўсякай гліны і многіх іншых парод. Урэшце, ён у тры разы лягчэйшы за жалеза, — гэта ледзь не самая важная для нас уласцівасць. Адным словам, алюміній як-бы знарок створан для таго, каб даць самы выгодны матэрыял для нашага снарада.
— Ура алюмінію! — закрычаў сакратар камітэта са звычайным сваім шумным захапленнем.
— Але, дарагі прэзідэнт, — сказаў маёр, — алюміній, здаецца, вельмі дарагі?
— Гэта было раней, — адказаў Барбікен. — Спачатку, пры яго адкрыцці, фунт алюмінія каштаваў ад 260 да 280 далараў, пасля цана ўпала да 28 далараў, а цяпер можна купіць фунт алюмінія за дзевяць далараў[4].
— Аднак, і дзевяць далараў за фунт, — сказаў маёр, які не адразу здаваўся, — цана высокая: успомніце вагу ядра!
— Без сумнення, дарагі маёр, цана вялікая, але не настолькі, каб адмовіцца ад каштоўных якасцей алюмінія.
— Колькі-ж будзе важыць снарад? — запытаў Морган.
— Вось рэзультат маіх вылічэнняў, — адказаў Барбікен. — Шаравы снарад з трохметровым дыяметрам і з таўшчынёй сценак у трыццаць сантыметраў, зроблены з чыгуна, важыў-бы 77 400 фунтаў, а калі яго адліць з алюмінія, вага яго панізіцца да 20 250 фунтаў.
— Надзвычайна! — усклікнуў Мастон. — Гэта якраз тое, што для нас падыходзіць.
— Надзвычайна-та надзвычайна, — засупярэчыў маёр, — але, лічачы па дзевяць далараў за фунт, нават без выдаткаў на ліццё, снарад гэты абыдзецца…
— 182 250 далараў, — перабіў Барбікен, — я гэта добра ведаю. Але, сябры, не клапаціцеся пра грошы: грошай будзе дастаткова для нашай справы, я за гэта ручаюся.
— Золата дажджом пальецца ў нашу касу, — дадаў Мастон. — Ну, як-жа вы надумалі адносна алюмінія? — перапытаў старшыня.
— Прынята! — адказалі члены камітэта.
— Што-ж да формы снарада, — дадаў Барбікен, — то ў даным выпадку яна амаль не мае значэння, бо снарад хутка праляціць праз атмасферу і будзе ляцець праз пустую прастору. Таму я прапаную форму шара. Няхай сабе наша бомба круціцца вакол сваіх восей, як ёй хочацца.
Гэтым закончылася першае паседжанне камітэта, на якім вырашылася пытанне аб снарадзе. Паважаны сакратар Мастон голасна выказаў сваю радасць па поваду рашэння паслаць жыхарам Луны алюмініевую бомбу:
— Няхай гэтыя панове атрымаюць належнае паняцце аб жыхарах Зямлі!
- ↑ Фунт — англійская і амерыканская мера вагі, якая ўжываецца ў гандлі, роўна 453 грамам.
- ↑ У той час Нептун лічыўся крайняй планетай сонечнай сістэмы. Цяпер вядома больш далёкая планета — Плутон.
- ↑ Калумбіядамі называліся вялікія чыгунныя пушкі, самыя магутныя артылерыйскія гарматы таго часу.
- ↑ У той час, да якога адносіцца дзеянне рамана (1865 г.), прымяненне алюмінія было яшчэ навіной і крайне абмяжоўвалася яго высокім коштам. Шырокае прымяненне гэтага метала пачалося толькі з 80-х гадоў мінулага стагоддзя, а асабліва ўпала яго цана з пачатку ХХ стагоддзя, калі для здабычы яго электралітычным спосабам пачалі карыстацца энергіяй падаючай вады.