З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/V
← IV. Адказ Кембрыджскай абсерваторыі | V. Аб тым, чаго немагчыма стала не ведаць у Злучаных Штатах Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
VI. Гімн снараду → |
РАЗДЗЕЛ V
Аб тым, чаго немагчыма стала не ведаць у Злучаных Штатах
Прапанова Барбікена раптоўна ўзняла ва ўсіх Штатах самую жывую цікавасць да астранамічных пытанняў. Кожны шчыры янкі палічыў абавязкам старанна ўзяцца за іх вывучэнне. Магло здацца, што Луна ўпершыню з’явілася на зямным гарызонце, што раней ніхто не бачыў, не назіраў за ёю. Луна ўвайшла, так сказаць, у моду; яна, без шкоды для свайго скромнага выгляду, стала ільвом сезона і заняла — без усякага, між іншым, гонару — першае месца сярод астатніх артыстычных свяціл сезона. Газеты зараз пачалі частаваць сваіх чытачоў старадаўнімі анекдотамі аб Луне.
Успомнілі і ўсе забабоны, звязаныя з іменем Луны. Газеты апявалі яе на ўсе лады, пісалі аб ёй на ўсе лады; збіралі крылатыя славечкі аб Луне; асабліва вялікі попыт быў на лунныя жарты, — адным словам, усіх янкі ахапіла сапраўдная лунаманія.
Навуковыя-ж журналы перадрукавалі пісьмо Кембрыджскай абсерваторыі, падрабязна яго растлумачылі і безумоўна адобрылі. Змяшчаючы мноства папулярных артыкулаў аб Луне, яны стараліся вытлумачыць сваім чытачам усе без выключэння пытанні, якія датычыліся як справы Пушачнага клуба, так і наогул Луны.
Адным словам, хутка для янкі аказалася немагчымым не ведаць чаго-небудзь, што датычылася спадарожніка Зямлі; а з другога боку — нават самыя абмежаваныя старыя місіс павінны былі адмовіцца ад веры ў старадаўнія казкі пра Луну. Навуковыя паведамленні сыпаліся на жыхароў Злучаных Штатаў з усіх бакоў; гэтыя звесткі так і залазілі ў іх мозг праз вушы і вочы. Урэшце немагчыма было, нават пры добрым жаданні, заставацца аслом… у астраноміі.
Да таго часу многія людзі не разумелі, як можна было вымераць адлегласць Луны ад Зямлі. Газеты і журналы зараз-жа растлумачылі, што для гэтага дастаткова было вымераць «паралакс Луны». Зразумела, і слова «паралакс» — для многіх вельмі цяжкое, мудранае, — пераклалі на больш простую мову, растлумачыўшы, што гэта вугал між двума прамымі лініямі, накіраванымі ад абодвух канцоў радыуса Зямлі да цэнтра Луны[1]; нарэшце, каб ніхто не сумняваўся, указвалі, што пры гэтым спосабе вылічэння сярэдняй адлегласці ад Зямлі да Луны, г. зн. 384 тысяч кілометраў, недакладнасць не перавышае сотні кілометраў.
У гэты-ж час і тыя, хто меў самыя сумныя ўяўленні аб руху Луны, даведаліся, — газеты сцвярджалі гэта штодня, — што ў Луны два розныя рухі: адзін — вярчэнне яе вакол асі, другі — абарачэнне вакол Зямлі, прычым поўны абарот у абодвух рухах аднолькавы па працягласці, а іменна — адбываецца ў 27 сутак з трэццю (прыблізна).
Абарачэнне Луны вакол асі стварае для яе дзень і ноч, але гэтыя дзень і ноч складаюць разам такія суткі, якія, згодна зямнога вылічэння, цягнуцца цэлы месяц; значыцца, для Луны працягласць дня — часу, калі з пункту яе паверхні відаць Сонца, — роўна тромстам пяцідзесяці чатыром з трэццю зямным гадзінам; такая-ж і працягласць луннай ночы… Але, на шчасце для жыхароў Луны, — калі яны існуюць, — ноч на Луне вельмі светлая, таму што яе асвятляе… Зямля, святло якой, г. зн. адсвечанае ёю сонечнае святло, роўна па сіле святлу чатырнаццаці лун. Гэта — ноч на тым баку Луны, які звернут да Зямлі. Што-ж датычыцца другога, нябачымага намі боку Луны, то там, зразумела, на працягу кожных 354 начных гадзін пануе поўная цемра, калі не лічыць змрочнага святла, падаючага ад зорак.
Знайшліся, вядома, і сярод янкі малападатлівыя розумы, якія даволі ўпарта не маглі зразумець, што Луна таму заўсёды звернута адною і тою-ж сваёй палавінаю да Зямлі, што на працягу месяца, г. зн. на працягу свайго абароту вакол Зямлі, сама яна толькі адзін раз абарачаецца вакол сваёй асі.
Такім людзям гаварылі: «Схадзіце ў сваю сталовую і пачніце абыходзіць круглы абедзены стол такім чынам, каб увесь час глядзець на цэнтр стала. Калі вы скончыце сваю кругавую прагулку, г. зн. калі вы вернецеся на месца, адкуль пачалі ісці, вы ўбачыце, што за гэты час самі зрабілі поўны абарот вакол сябе, таму што ваша вока паслядоўна абышло ўсе бакі пакоя, і цэнтр стала быў відаць вам з усіх бакоў, хаця вы ўвесь час глядзелі проста перад сабою, не паварочваючы галавы. Ну, вось: сталовая — гэта неба, стол — Зямая, а вы самі былі Луною!» І многія, зразумеўшы, у чым справа, захапляліся прастатой гэтага тлумачэння.
Вяртаючыся да бачымай з Зямлі часткі Луны, трэба для дакладнасці дадаць, што людзі бачаць крыху больш, чым палавіну луннай паверхні. Гэта залежыць ад лібрацыі Луны, г. зн. ад маленькіх яе ваганняў з поўначы к поўдню і з захаду к усходу. З прычыны гэтага зямным назіральнікам адкрываецца ў розны час больш палавіны луннай паверхні, іменна — каля чатырох сёмых яе.
Калі цікаўнасць былых невукаў у астраноміі на гэтым не спынялася, яны маглі прачытаць у дзесятках навуковых журналаў падрабязнае апісанне руху Луны вакол Зямлі. Яны даведваліся тады, што неба, з яго бязлікімі зоркамі, можна параўнаць з велізарным цыферблатам, па якому ходзіць Луна, паказваючы сапраўдны час насельнікам Зямлі; ім растлумачылі, што ад руху Луны залежаць яе фазы, г. зн. розны яе знадворны выгляд; што поўную Луну мы бачым тады, калі яна бывае ў «процістаянні» з Сонцам адносна Зямлі, г. зн. калі Зямля бывае якраз між Сонцам і Луною; што маладзік бывае тады, калі Луна знаходзіцца ў «злучэнні» з Сонцам, г. зн. становіцца між Сонцам і Зямлёй, і, урэшце, што Луна знаходзіцца ў першай ці трэцяй квадры, калі прамыя лініі, што ідуць ад цэнтра Луны да цэнтраў Сонца і Зямлі, утвараюць між сабой прамы вугал.
Адсюль здагадлівы янкі мог і ўласным розумам дайсці да заключэння, што зацменні Сонца і Луны магчымы толькі тады, калі Луна знаходзіцца ў злучэнні ці процістаянні з Сонцам. Сапраўды, у час злучэння Луны з Сонцам Луна можа яго зацміць, стаўшы на шляху сонечных праменняў да Зямлі, і, наадварот, у час процістаяння Луны Зямля становіцца на шляху сонечных праменняў да Луны, і таму магчыма зацменне Луны Зямлёй.
Паколькі Луна бывае кожны месяц, г. зн. у час кожнага абароту вакол Зямлі, адзін раз у злучэнні з Сонцам і адзін раз у процістаянні з ім, дык цікава, чаму-ж зацменні Сонца Луною (у маладзік) і Луны Зямлёй (у часе поўніка) не паўтараюцца штомесячна?
Справа ў тым, што арбіта Луны, г. зн. шлях яе вакол Зямлі, некалькі нахільна да плоскасці шляху Зямлі вакол Сонца, і таму хаця Луна ў кожны свой маладзік праходзіць між Сонцам і Зямлёй, аднак, будучы пры гэтым то па адзін бок (вышэй) плоскасці зямной арбіты, то па другі (ніжэй), яна не затрымлівае сонечных праменняў, накіраваных да Зямлі.
Адносна магчымай для Луны вышыні над зямнымі гарызонтамі поўны адказ давала пісьмо Кембрыджскай абсерваторыі. Кожны янкі даведаўся тады, што найбольшая вышыня Луны залежыць ад геаграфічнай шыраты месца назірання, але Луна можа дасягаць зеніта, г. зн. здавацца ў вышэйшым пункце неба, проста над галавою назіральніка, толькі для назіральнікаў, якія знаходзяцца між 28° паўночнай шыраты і 28° паўднёвай шыраты. Адсюль вынікала ўказанне, што выстраліць у Луну неабходна ў месцы не паўночней 28° паўночнай шыраты і не паўднёвей, чым 28° паўднёвай шыраты; толькі ў такіх месцах можна страляць у напрамку, перпендыкулярным да гарызонта, і тады ядро хутчэй вызваліцца ад уплыву зямнога прыцяжэння, чым пры ўсякім іншым кірунку палёту.
Гэта было ўказанне вельмі істотнае для забеспячэння поспеху барбікенаўскай справы, і грамадская думка клапацілася аб найлепшым выбары месца для ўстаноўкі будучай пушкі.
Адносна агульнага выгляду лініі, апісваемай цэнтрам Луны пры абарачэнні яе вакол Зямлі, пасля пісьма Кембрыджскай абсерваторыі і газетных яго растлумачэнняў кожны янкі паўтараў, што Луна рухаецца вакол Зямлі не па кругу, а па эліпсу, і Зямля знаходзіцца не ў цэнтры гэтага эліпса, а ў адным з яго фокусаў.
Іншыя планеты і іх спадарожнікі таксама рухаюцца па эліптычных арбітах. Тэарэтычная механіка даказвае, што іначай і быць не можа.
Таксама добра было засвоена, што «апагей» — гэта пункт луннай арбіты, найбольш аддалены ад Зямлі, і што Луна бліжэй за ўсё да Зямлі, калі яна праходзіць праз свой «перыгей». Пра ўсё гэта кожны янкі, воляй ці няволяй, даведваўся калі не з падручнікаў і кніг, то з газет ці ад знаёмых. У гарачы час усеагульнага захаплення барбікенаўскім праектам лічылася проста непрыстойным не ведаць такіх рэчаў.
Увогуле Луна набыла велізарную папулярнасць сярод насельніцтва Злучаных Штатаў, і ўся ганарлівасць сапраўдных янкі сканцэнтравалася на адной мэце: заваяваць лунны мацярык і паставіць зорны сцяг Злучаных Штатаў на найвышэйшай яго вяршыні.
- ↑ Ці інакш вугал, пад якім відаць з цэнтра Луны зямны радыус.