З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/II
← I. Пушачны клуб | II. Паведамленне старшыні Барбікена Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
III. Як адгукнуліся амерыканцы на праект Барбікена → |
РАЗДЗЕЛ ІІ
Паведамленне старшыні Барбікена
5 кастрычніка, а восьмай гадзіне ўвечары, густы натоўп напоўніў залы клуба. Усе без выключэння члены, жыхары Балтыморы, з’явіліся па запрашэнню свайго старшыні. Іншагароднія члены выходзілі дзесяткамі і сотнямі з кур’ерскіх паяздоў, прыбываўшых у Балтымору. Зал для агульных сходаў, не гледзячы на сваю прасторнасць, не мог змясціць усіх жадаючых прысутнічаць на паседжанні. Людзі тоўпіліся ў суседніх залах і ў карыдорах, занялі нават амаль палавіну двара, а да яго варот і крах прыціскаўся вялікі натоўп «пастаронніх асоб»: кожны імкнуўся прабрацца наперад, каб хутчэй пачуць што-небудзь пра важнае паведамленне старшыні. Грамадзяне штурхалі адзін аднаго, націскалі, праціскаліся энергічна праз рады.
Іншакраінец, які ў гэты вечар апынуўся-б у Балтыморы, не дабраўся-б да цэнтральнага зала Пушачнага клуба ні за якія грошы, у дні агульных сходаў ніхто з старонніх не меў права ўваходу ў зал; нават найбольш паважаныя ў горадзе асобы і мясцовыя ўлады павінны былі стаяць сярод натоўпу і лавіць наляту паведамленні, якія час-ад-часу перадаваліся з унутраных залаў.
Велізарны зал клуба ўяўляў з сябе вельмі цікавае відовішча. Гэта вялікае памяшканне надзіва добра адпавядала свайму прызначэнню. Лёгкі яго дах — нібы кружава са штампаваных жалезных убораў — трымаўся на высокіх калонах з правільна складзеных пушачных ствалоў; падпоркамі для гэтых калон служылі вялікія і тоўстыя мартыры. Сцены былі маляўніча разрысованы хітрымі ўзорамі з мушкетаў, стрэльбаў, штуцэраў і ўсякай агнестрэльнай зброі, старадаўняй і навейшай. Газавае полымя лілося з тысячы рэвальвераў, згрупаваных асобнымі люстрамі, з цэлых снапоў злучаных паміж сабой пісталетаў, з вялікіх звязак зброі. Пры гэтым дзіўным асвятленні эфектна вылучаліся калекцыі Пушачнага клуба: мадэлі пушак, узоры бронзы і сталі, прастрэленыя мішэні, металічныя дошкі, прабітыя некалі снарадамі гармат членаў клуба, кучы ядраў, гірлянды гармат, — адным словам, усе часткі гармат, усе дэталі артылерыйскай справы.
Надзвычай мастацкі згрупаваныя, калекцыі гэтыя хутчэй нагадвалі дэкаратыўныя прылады, чым жахлівыя гарматы смерці.
У адным з пачэсных куткоў, за пышнаю вітрынаю, красаваўся буйны кавалак «тарэлі» — задняй, найбольш тоўстай часткі пушачнага ствала, пабіты, пагнуты, скручаны ад дзеяння парахавых газаў. Гэта быў каштоўны астатак славутай мартыры пажыццёвага сакратара Пушачнага клуба, найпаважанейшага Дж. Т. Мастона.
Старшыня сядзеў у глыбіні залы, на шырокім узвышэнні, абкружаны чатырма сакратарамі. Крэсла яго, пастаўленае на высокім разбяным пушачным лафеце, мела выгляд мартыры з трыццацідвухдзюймовым жэрлам, пастаўленай пад вуглом у дзевяноста градусаў і падвешанай такім чынам, што старшыня мог у ёй калыхацца. У спёку гэта было вельмі прыемным заняткам. Стол старшыні быў заменены вялікім і вельмі тоўстым кавалкам ліставога жалеза, умацаваным на шасці кароткіх пушках; чарнільніцай служыла надзвычай добра выразаная граната, а званок старшыні дзейнічаў стрэламі, накшталт рэвальверных. Але і такі гучны званок ледзь заглушаў цэлымі залпамі сваіх стрэлаў узбуджаныя галасы палкіх членаў клуба.
Перад старшынёю былі расстаўлены зігзагамі лаўкі для аудыторыі, падобныя на крэпасныя валы і акопы, і ў гэты вечар, вядома, можна было сказаць, што ўвесь гарнізон Пушачнага клуба стаяў «на ўмацаваннях». Члены клуба былі ўсе ў зборы. Яны вельмі добра ведалі свайго старшыню, каб хаця крыху сумнявацца, што ён іх патурбаваў без крайне ўважлівай і, безумоўна, цікавай прычыны.
Імпі Барбікен быў чалавек гадоў сарака, спакойны, няласкавы, з суровым выглядам, указваючым на сур'ёзны, сканцэнтраваны розум. Акуратны, як хранометр, з непарушным характарам, ён амаль не меў рыцарскіх здольнасцей; аднак, яго цікавілі незвычайныя прыгоды, у якія ён укладваў свой практычны дух. Гэта быў выдатны каланізатар з поўначы, прамы патомак «круглагаловых», якія знішчылі дынастыю Сцюартаў, няўмольны вораг рабаўладальнікаў паўднёвых штатаў — гэтых колішніх кавалераў старой Англіі.
Барбікен разбагацеў, гандлюючы лесам. Калі выбухнула вайна, ён з’явіўся адным з першых добраахвотнікаў і хутка, маючы выдатныя здольнасці і веды, быў назначаны дырэктарам артылерыі.
На гэтым пасту ён яшчэ больш праславіўся радам вынаходстваў і здзіўляючай смеласцю практычных думак, значна пасунуўшых наперад поспехі артылерыі паўночных штатаў.
Гэта быў чалавек сярэдняга росту і — што было вельмі рэдкай з’явай у Пушачным клубе — захаваў усе свае канечнасці непашкоджанымі. Рэзкія рысы яго твара здаваліся начэрчанымі вугольнікам і рэйсфедарам, і калі праўда, што для таго, каб угадаць характар чалавека, дастаткова ўгледзецца ў яго профіль, дык профіль Барбікена даваў самыя бясспрэчныя доказы яго энергіі, адвагі і вытрыманасці.
У гэтую хвіліну ён сядзеў нерухома, паглынуты сваімі думкамі; позірк яго быў закрыты чорным шаўковым цыліндрам-капелюшом, які здаецца нібы прывінчаным да галавы амерыканца. Ён не звяртаў ніякай увагі на шумную гаворку сваіх членаў, хаця яны выказвалі ўголас свае меркаванні аб прадмеце яго даклада; другія ва ўпор глядзелі на старшыню, дарэмна імкнучыся разгадаць невядомую ім навіну; але твар Барбікена заставаўся спакойным.
Нарэшце, прабіла восем. Барбікен адразу выпрастаўся і ўстаў, нібы падкінуты пружынай. Увесь зал адразу змоўк. Барбікен загаварыў некалькі ўзвышаным тонам.
— Паважаныя калегі! Ужо вельмі доўга бясплодны свет асуджае членаў Пушачнага клуба на абсалютную бяздзейнасць. Пасля некалькіх гадоў бліскучага ажыўлення нам прышлося пакінуць усе нашы работы і адразу спыніцца на шляху прагрэса. Я не баюся сказаць на ўвесь голас, што для нас крайне патрэбна якая-б там ні была вайна…
— Так, вайна! Неабходна вайна! — ускрыкнуў палкі Мастон.
— Слухайце, слухайце! — пачулася з усіх бакоў.
— Але вайна, — казаў далей Барбікен, — пры цяперашніх акалічнасцях немажліва, і, як-бы не хацёў яе паважаны аратар, які толькі што перарваў маю прамову сваімі палкімі воклічамі, шмат гадоў міне раней, чым на полі бойкі пачуюцца стрэлы нашых гармат. Трэба з гэтым фактам змірыцца. Трэба на другім шляху шукаць выхаду для пажыраючага нас жадання дзейнасці!
Сход адчуў, што старшыня зараз пяройдзе да галоўнай часткі сваёй прамовы. Увага падвоілася.
— Вось ужо некалькі месяцаў, паважаныя сачлены, — казаў далей Барбікен, — як я паставіў перад сабой пытанне; ці нельга нам, не выходзячы за рамкі нашай спецыяльнасці, прадпрыняць якую-небудзь выдатную справу, вартую духа дзевятнаццатага стагоддзя? Ці не дасягнула балістыка такога ўзроўню, які ўжо дазваляе ажыццяўляць велічныя доследы? Доўга я думаў, шукаў, працаваў, вылічваў і пераканаўся, што мы можам прадпрыняць адну справу, якая ў іншых дзяржавах здасца проста нязбытнай. Праект гэтай справы я распрацаваў ва ўсіх дэталях. Ён будзе прадметам майго паведамлення. Справа вартая вас! Яна вартая ўсяго слаўнага мінулага Пушачнага клуба. Яна прашуміць на ўвесь свет.
— Вялікі шум? Моцны гук? — усклікнуў адзін палкі артылерыст.
— Так, вельмі вялікі шум, нават у літаральным значэнні гэтага слова, — адказаў Барбікен.
— Не перашкаджайце! — пачуліся галасы.
— Паважаныя сачлены, — зноў пачаў Барбікен, — прашу цяпер выслухаць мяне ўважліва…
Па сходу прабегла нервовае трапятанне. Паправіўшы ўпэўненым жэстам свой капялюш, Барбікен казаў далей:
— Усе вы, вядома, многа ведаеце аб Луне ці, прынамсі, многа чулі аб ёй. Не здзіўляйцеся, што я пачаў гаварыць аб галоўным свяціле нашых начэй. Можа быць, вам суджана стаць Калумбамі невядомага свету! Зразумейце-ж мяне, падтрымайце мяне — і я павяду вас на заваяванне Луны! Мы далучым яе імя да тых трыццаці шасці штатаў, якія складаюць ад гэтага часу вялікую краіну Паўночна-амерыканскага саюза!
— Ура Луне! — закрычаў у адзін голас увесь Пушачны клуб.
— Луна вывучана вельмі падрабязна, — казаў далей Барбікен. — Ужо даўно і дакладна вызначаны: яе маса, шчыльнасць, аб’ём, яе рух, яе адлегласць ад іншых планет і наогул яе роля ў сонечнай сістэме; лунныя карты складзены не горш, чым зямныя, і лунная фатаграфія дала ўжо здымкі незвычайнага хараства. Адным словам, аб Луне мы ведаем усё, аб чым толькі можна было даведацца пры дапамозе матэматыкі, астраноміі, фізікі і геалогіі. Але да гэтага часу няма яшчэ… прамых зносін з Луной.
Пры гэтых словах уся велізарная аудыторыя заварушылася ад здзіўлення.
— Дазвольце мне, — гаварыў далей Барбікен, — напомніць вам у кароткіх словах аб тых фантазёрах, якім ужо даўно здавалася, што яны дабраліся да сакравенных таямніц спадарожніка Зямлі. У XVII стагоддзі нехта Давід Фабрыцыус хваліўся тым, што бачыў селенітаў — жыхароў Луны — уласнымі вачыма. У 1649 годзе адзін француз, Жан Бадуэн, выдаў кнігу пад назвай: «Падарожжа, зробленае на Луну Дамінікам Ганзалесам, іспанскім шукальнікам прыгод». Амаль у той-жа час Сірано-дэ-Бержэрак — француз, ваенны і паэт — апісаў экспедыцыю на Луну ў кнізе, якая мела велізарны поспех. Пазней другі француз, — трэба прызнаць, што французы вельмі цікавяцца Луною, — вядомы Фантэнель, напісаў «Множнасць заселеных светаў» — адну з самых цікавых кніг свайго века. Але навука ідзе наперад, нешкадуючы ніякіх шэдэўраў! У 1836 годзе з’явілася брашура на французскай мове — пераклад аднаго артыкула журнала «Н’ю-Йоркскі амерыканец», — у якой расказвалася, што славуты астраном Джон Гершэль у час сваёй экспедыцыі на мыс Добрай Надзежды зрабіў такі ўдасканалены тэлескоп, ды яшчэ з «унутраным асвятленнем», што мог бачыць Луну як-бы з адлегласці васьмідзесяці крокаў. Гершэль, быццам-бы ясна ўбачыў на Луне пячоры, у якіх жылі бегемоты. Ён бачыў зялёныя горы, нібы аблямованыя залатым кружавам; бачыў бараноў з рагамі са слановай косці, белых коз і жыхароў, падобных на людзей, але з перапончатымі крыллямі, як у лятучых мышэй. Гэта брашура, напісаная амерыканцам Ніколэ, мела вельмі вялікі поспех[1]. Хутка, аднак, высветлілася, што гэта была навуковая містыфікацыя, і французы першымі пасмяяліся з яе.
— Пасмяяліся з амерыканца! — усклікнуў Мастон. — Вось і зачэпка для вайны!..
— Супакойцеся, мой дарагі дружа! Перш чым пасмяяцца, французы самі пабывалі ў дурнях, таму што спачатку паверылі нашаму земляку. У заключэнае дадам, што нейкі Ганс Пфааль з Ротэрдама, напоўніўшы шар новым газам, здабытым з азота, які аказаўся ў шмат разоў лягчэйшым за вадарод, падняўся на ім і дасягнуў Луны праз 19 дзён. Гэтае падарожжа, як і папярэдняе, было, вядома, фантастычным, але яго прыдумаў адзін з любімых пісьменнікаў Амерыкі, чалавек геніяльнага розуму, хаця і дзіўнага. Я маю на ўвазе Эдгара По.
— Ура Эдгару По! — усклікнуў сход, наэлектрызаваны прамоваю старшыні.
— Я скончыў са спробамі, якія назаву чыста белетрыстычнымі і зусім недастатковымі для ўстанаўлення сур'ёзных зносін Зямлі з Луной. Былі, між іншым, і ўдумлівыя, навукова абгрунтаваныя спробы завязаць зносіны з Луной. Так, напрыклад, некалькі гадоў назад адзін германскі матэматык прапанаваў арганізаваць навуковую экспедыцыю ў сібірскія стэпы. Там можна было-б, на яго думку, паставіць велізарнейшыя геаметрычныя фігуры, і прытым настолькі яркія, што яны будуць відны з Луны. Можна было-б устанавіць магутнейшыя светлавыя кропкі, напрыклад велізарныя электрычныя «вольтавы дугі», на аднолькавай адлегласці адна ад адной, і кідаць іх святло ўверх, у напрамку да Луны, пры дапамозе адпаведных рэфлектараў-люстраў. Атрымаліся-б рады агнявых кропак, агнявыя лініі, ясна бачныя ноччу нават на такой адлегласці, як ад Луны. Між іншым ён прапанаваў ізабразіць так Піфагораў трохвугольнік[2].
«Усякая разумная істота, — сцвярджаў германскі матэматык, — павінна зразумець навуковае значэнне гэтай фігуры. Таму селеніты, калі толькі яны існуюць, адкажуць такой-жа фігурай, і тады лёгка будзе ўстанавіць геаметрычны алфавіт, які дасць магчымасць людзям абменьвацца думкамі з жыхарамі Луны».
Але праект германскага вучонага не здзейсніўся, і да гэтага часу не ўстаноўлена ніякіх зносін, ніякай сувязі між Зямлёй і Луной. Аднак, я ўпэўнены, што такую сувязь можна ўстанавіць і што яе ўстановіць практычны геній амерыканцаў. Ёсць сродак дасягнуць Луны! Сродак просты, лёгкі, верны! Я хачу вам аб ім сказаць…
Страшны шум, цэлая бура воклічаў віталі гэтыя словы Барбікена. Усе слухачы былі зачарованы, захоплены аратарам.
— Слухайце, слухайце! Ды змоўкніце-ж! — пачалі крычаць з усіх бакоў.
Калі хваляванне сунялося, Барбікен загаварыў голасам яшчэ больш глыбокім і сур’ёзным:
— Вы ведаеце, якіх поспехаў дасягнула балістыка за апошнія гады, і разумееце, да якой высокай ступені ўдасканалення маглі-б дайсці агнестрэльныя гарматы, калі-б вайна не скончылася так хутка! Вы таксама ведаеце, што кідальную сілу паравых газаў можна давесці амаль да бязмежнасці. І вось, выходзячы з гэтых прынцыпаў, я паставіў перад сабой пытанне: хіба немагчыма разлічыць як след дастатковыя размеры гарматы, яе супраціўленне, кідальную сілу зараду і іншае, — хіба немагчыма, паўтараю я, пусціць з такой гарматы ядро на Луну?
Тут адбылося нешта невыабражальнае. З тысячы ўсхваляваных грудзей вырвалася вялізнае «ой». Ашаламленне аудыторыі было поўнае!.. На хвіліну змоўклі, наступіла глыбокая цішыня, як часта бывае перад бурай. І сапраўды адразу загрымеў гром: гром крыкаў і апладысментаў, такі гам, што ад яго задрыжэў увесь велізарны зал сходу. Барбікен імкнуўся гаварыць сваю прамову, але хіба гэта было магчыма? Толькі праз дзесяць мінут дасягнуў ён таго, што яго пачалі слухаць.
— Дайце мне скончыць, — спакойна казаў Барбікен. — Я абмеркаваў гэтае пытанне з усіх бакоў і, на аснове бясспрэчных вылічэнняў, магу сцвярджаць, што снарад, маючы пачатковую скорасць адзінаццаць кілометраў у секунду і правільна накіраваны, павінен даляцець да Луны. Таму, паважаныя сачлены, я маю гонар прапанаваць вам зрабіць гэты маленькі дослед.