Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/I

З пляцоўкі Вікікрыніцы
I. Пушачны клуб
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
II. Паведамленне старшыні Барбікена

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ І

Пушачны клуб

У час грамадзянскай вайны ў Паўночнай Амерыцы (1861–1865 гг.)[1] паміж паўднёвымі рабаўладальніцкімі штатамі і паўночнымі, якія патрабавалі знішчэння рабства, узнік надзвычай уплывовы клуб у Балтыморы, галоўным горадзе штата Мерыленд, саюзніку паўночных штатаў. Вядома, з якою сілаю раптоўна ўзняўся тады ваенны дух амерыканцаў — гэтага народу прадпрыемцаў, гандляроў і механікаў. Звычайныя гандляры кідалі свае прылаўкі і праз некалькі месяцаў рабіліся капітанамі, палкоўнікамі і генераламі. Вельмі добра абыходзячыся без дыпломаў ваенных вучылішчаў, яны хутка сталі роўнымі ў ваенным «майстэрстве» са сваімі еўрапейскімі сабратамі і, як яны, не шкадуючы пораху, куль, а, галоўнае, людзей, навучыліся атрымліваць бліскучыя перамогі.

А у артылерыйскай навуцы — у балістыцы — амерыканцы нават перавышалі еўрапейцаў. Нельга сказаць, каб амерыканскія прыёмы стральбы дасягнулі большага ўдасканалення, чым у еўрапейцаў, але амерыканцы пачалі вырабляць гарматы такіх буйных калібраў, што іх снарады праляталі нечуваныя да таго часу адлегласці; у параўнанні з велізарнымі амерыканскімі пушкамі і мартырамі[2] адпаведныя гарматы англічан, французаў і прусакоў маглі здавацца пісталетамі.

Тут яшчэ няма чаму здзіўляцца. Янкі[3] — першыя механікі ў свеце; яны нібы родзяцца інжынерамі, як італьянцы — спевакамі. Зразумела, што і ў артылерыйскую навуку яны ўнеслі сваю смелую, часам дзёрзкую вынаходлівасць. Адсюль — іх велізарныя пушкі, намнога менш карысныя, чым іх швейныя і пішучыя машыны, але зробленыя таксама ўмела і дзіўна. І ў той час усе здзіўляліся «цудам» такіх амерыканскіх будаўнікоў, як Парот, Дальгрэн, Родмэн; іх вядомым еўрапейскім калегам — Армстронгу, Палізеру і Трэй-дэ-Балье — аставалася толькі скланіцца перад поспехамі новых заморскіх пушачных майстроў.

У час страшэннай кровепралітнай барацьбы паўночных штатаў з паўднёвымі артылерысты карысталіся асаблівай пашанай. Усе газеты і журналы Паўночнай Амерыкі з захапленнем паведамлялі аб іх вынаходствах, і захапленні друку перадаваліся шырокай публіцы. Не было, здаецца, такога дробнага крамніка ці нават простадушнага гультая, які не ламаў-бы сабе галавы над вынаходствам новых пушак ці над вылічэннем вар’яцкіх траекторый[4] для іх снарадаў.

А калі ў амерыканца ўзнікне ідэя, ён шукае таварыша для сумеснай работы; калі думкамі сойдуцца трое, дык адзін з іх зараз-жа выбіраецца старшынёю «саюза», абодва астатнія — сакратарамі; чацверты залічваецца ў «справаводы», і гатова «бюро», г. зн. канцылярыя; калі-ж сюды далучыцца і пяты, дык склікаецца «агульны сход», які пастанаўляе арганізаваць «таварыства» або клуб.

Так здарылася і ў Балтыморы. Першы, хто вынайшаў новую пушку, уступіў у саюз з першым-жа, хто згадзіўся пушку адліць, і з першым-жа, хто ўзяўся яе абтачыць. Гэта і склала «ядро» Пушачнага клуба. Праз месяц Пушачны клуб налічваў ужо 1833 сапраўдных члены і 35365 членаў-спаборнікаў.

І не ўсякага яшчэ прымалі ў Пушачны клуб. Кандыдат у сапраўдныя члены павінен быў прадставіць пасведчанне, што ён вынайшаў ці, прынамсі, удасканаліў якую-небудзь пушку ці іншую агнестрэльную зброю. Трэба яшчэ сказаць, што вынаходцы пятнаццаціствольных рэвальвераў, верцячыхся штуцэраў, шабель-пісталетаў і іншых вычурных і прытым «дробных» гармат не карысталіся пашанай: на першым месцы былі артылерысты, якіх на ўвесь голас расхвальвала грамадская думка.

— Павага, якую яны набываюць, — усклікнуў аднойчы адзін з самых вучоных аратараў Пушачнага клуба, — знаходзіцца ў прамых адносінах к «масам» іх пушак і прама прапарцыянальна[5] «квадратам адлегласцей», дасягаемых палётам іх снарадаў.

Лёгка сабе ўявіць размах амерыканскай вынаходлівасці пасля арганізацыі такога спецыяльнага клуба. Ваенныя гарматы пачалі прымаць каласальныя размеры, а снарады, пры выпрабаваннях гармат, пачалі пералятаць цераз усе вылічаныя і дазволеныя адлегласці, часта пападаючы ў бязвінных падарожных, якіх яны пераразалі папалам… Хутка ўсе гэтыя вынаходствы пакінулі далёка ззаду сучасныя ім еўрапейскія гарматы, якія, у параўнанні з амерыканскімі, пачалі здавацца зусім малых, амаль нязначных размераў.

Новыя амерыканскія гарматы прыносілі свае смяротныя плады: пасля кожнага іх стрэлу праціўнікі падалі цэлымі радамі, нібы каласы пад касою. Руйнуючы агонь напалеонаўскіх пушак вырашыў лёс славутых бітваў пры Іене і Аустэрліцы і лічыцца «класічным» у ваеннай гісторыі. Але гэта былі толькі «красачкі» артылерыйскай «прадукцыйнасці»! У час амерыканскай вайны, у бойцы пры Гетысбургу[6], канічны снарад, выпушчаны з наразной пушкі, забіў насмерць сто шэсцьдзесят тры воіны поўдня. Такі-ж адзін родмэнаўскі снарад, пры пераправе цераз р. Патамак, забіў не больш і не менш як трыста воінаў поўдня. Неабходна таксама ўспомніць аб вялізнай мартыры, вынайдзенай Дж. Т. Мастонам, выдатным членам і пажыццёвым сакратаром Пушачнага клуба.

Мартыра Мастона пабіла ўсе існаваўшыя да таго часу рэкорды «знішчэння»: ад першага яе стрэлу было забіта трыста трыццаць сем чалавек, праўда, не снарадам, а самой мартырай, якая разарвалася пры першым-жа выпрабаванні…

Што яшчэ можна дадаць да гэтых красамоўных лікаў? Нічога, і таму чытач, напэўна, не будзе аспрэчваць наступных вылічэнняў статыстыка Піткерна: калі падзяліць лік афяр артылерыйскага агню (у час амерыканскай грамадзянскай вайны) на лік членаў Пушачнага клуба, дык на кожнага члена гэтага папулярнейшага ў Штатах клуба прыдзецца «ў сярэднім» па дзве тысячы трыста семдзесят пяць з дробам чалавек — забітых!

Такім чынам у захапленні вайною, адзінымі клопатамі гэтага вучонага клуба стала знішчэнне роду чалавечага, а ўдасканаленыя баявыя гарматы былі прыроўнены да гармат цывілізацыі…

Неабходна, аднак, дадаць, што члены Пушачнага клуба не абмяжоўваліся вынаходствамі і вылічэннямі. Яны плацілі і ўласным жыццём для росквіту сваёй справы. Сярод членаў Пушачнага клуба былі афіцэры ўсіх рангаў: ад паручыкаў да генералаў; ваенныя ўсіх узростаў: і навічкі ў вайсковай справе, і закончыўшыя ўжо сваю ваенную кар’еру. Многія члены клуба ляглі на полі бойкі, і імёны іх запісаны ў ганаровую кнігу клуба, а ў астатніх, што вярнуліся з вайны, засталіся нязгладжаныя сляды іх храбрасці, У клубе — у яго членаў ці замест іх членаў — можна было знайсці цэлую калекцыю кастылёў, драўляных ног, штучных рук, гумавых сківіц, срэбраных чэрапаў і платынавых насоў. Вядомаму нам статыстыку Піткерну мы абавязаны яшчэ наступнымі цікавымі вылічэннямі: ён даказаў, што ў Пушачным клубе на чатырох чалавек прыходзілася толькі па адной руцэ (сапраўднай), — і то нехапала невялікага дробу, — і толькі па дзве нагі (сапраўдных) на шасцярых.

Але храбрыя артылерысты мала звярталі ўвагі на такія «недахопы». Яны цалкам уцяшаліся «поспехамі» паўночнаамерыканскіх пушак. Яны ганарыліся імі: весткі, напрыклад, аб тым, што пры новай бітве лік забітых і раненых перавышаў разоў у дзесяць лік выпушчаных снарадаў, былі для іх сапраўднай урачыстасцю.

Надышоў, аднак, дзень, — гэта быў сумны, прыкры для членаў Пушачнага клуба дзень! — калі жывыя ўжо не забівалі адзін аднаго. Быў падпісаны мір. Змоўклі стрэлы, заціх грукат гармат; пушкі з накрытымі і апушчанымі жараламі былі размешчаны па арсеналах, ядры складзены ў кучы. Паступова зніклі крывавыя здані; на палях, добра ўгноеных чалавечым мясам і крывёю, буйна разрасліся баваўняныя плантацыі. Парвалася жалобнае адзенне, сціхлі пакуты.

Для членаў Пушачнага клуба настаў «мёртвы сезон» — поўнае беспрацоўе.

Праўда, некаторыя нястомныя вынаходцы ўсё яшчэ праектавалі гіганцкія бомбы і нябачаных размераў гранаты, але чаго варта тэорыя без практыкі? Залы Пушачнага клуба хутка абязлюдзелі. Замест ранейшых многалюдных, жыццёвых, дзейных, шумных сходаў, сцены Пушачнага клуба бачылі толькі заспаных афіцыянтаў ды рэдкіх наведвальнікаў, якія таксама часам засыналі ад нуды.

— Проста да роспачы можна дайсці! — усклікнуў аднойчы ў пакоі для курцоў Пушачнага клуба храбры Том Гентэр.

Ён падставіў свае драўляныя ногі да самага каміна і не заўважыў, як канцы іх пакрыху абвугліваліся.

— Няма работы! І спадзявацца няма на што! — казаў ён далей. — Проста дарма жывеш на свеце! Дзе той час, калі раніцой нас будзілі вясёлыя стрэлы пушак?

— Мінуў шчаслівы час! — адказаў заўзяты Білсбі, машынальна імкнучыся развесці рукамі, якіх у яго не было. — Добры быў час! Бывала, вынайдзеш мартырку; тут-жа яе адальюць, і — марш з ёю на першае выпрабаванне проста па ворагу! Затое і начальства, бывала, пахваліць і руку пацісне. А цяпер генералы вярнуліся ў свае канторы і, замест снарадаў, выпускаюць… бясшкодныя кіпы бавоўны са сваіх складаў. Будучае артылерыі ў Амерыцы рысуецца мне ў самых цёмных фарбах!

— Правільна, Білсбі! — крыкнуў палкоўнік Блемсберы. — Страшэннае расчараванне!.. Нашто пакінулі мы свае заняткі, свае дамы, сваю родную Балтымору? Нашто рабілі мы геройскія ўчынкі на полі бітвы? Няўжо толькі для таго, каб праз два-тры гады застацца без нічога?.. Сядзі цяпер без работы, заклаўшы рукі ў кішэні!

Праўду кажучы, ваяўнічаму палкоўніку цяжка было-б паказаць, як ён закладвае рукі ў кішэні: кішэні ў яго былі, а рук не засталося.

— Ніякай вайны нават не прадбачыцца! — сказаў тады папулярны Дж. Т. Мастон, чухаючы гутаперчавы чэрап жалезным кручком сваёй былой рукі. — Ні аднаго воблачка на палітычным гарызонце!.. І гэта — у такі час, калі ў артылерыйскай навуцы асталося яшчэ столькі прабелаў! Аб сабе магу, напрыклад, сказаць… Я сёння раніцой закончыў чарцяжы новай мартыры — такой мартыры, якая можа нават змяніць законы вайны!..

— Праўда? — усклікнуў Том Гентэр, якому мімаволі ўявілася карціна апошняга «выпрабавання» высокашаноўнага Мастона.

— Сапраўды так! — адказваў Мастон. — Але навошта мне было столькі працаваць, ламаць галаву над страшэнна цяжкімі пытаннямі? Народы Новага Свету нібы згаварыліся жыць у вечнай згодзе. Чыталі вы апошні нумар «Трыбуны»? Як добра высвятляе яна, колькі няшчасця павінна прынесці чалавецтву разрастанне насельніцтва, набываючае проста недапушчальныя размеры!

— Аднак, Мастон, — засупярэчыў палкоўнік Блемсберы, — у Еўропе не бяздзейнічаюць. Адна нацыянальная варожасць колькі выклікала ў апошні час войнаў! Там прадбачыцца яшчэ новая вайна…

— Дык што-ж?

— Можна было-б паспрабаваць наладзіць там што-небудзь: добрыя балістычныя доследы…

— Што вы, што вы! — усклікнуў Білсбі. — Займацца балістыкай для… чужых?

— Усё-ж лепш, чым зусім ёю не займацца! — засупярэчыў Блемсберы.

— Вядома, лепш! — дадаў Мастон. — Але, ведаеце, не варта пра гэта і думаць.

— Чаму-ж? — запытаў Блемсберы.

— А таму, што ў іх, у Старым Свеце, паняцці аб ваеннай кар’еры і правілы надання ступені чына для нас, амерыканцаў, зусім не падыходзячыя. Гэтыя людзі не здольны зразумець, што можна стаць выдатным генералам, нават галоўнакамандуючым, не праслужыўшы спачатку падпаручыкам, а потым паручыкам і капітанам, — пакуль не пройдзеш цэлую лесніцу чыноў… Гэта-ж адно і тое, што сцвярджаць, нібы нельга быць добрым артылерыстам, калі не ўмееш сам пушкі адліваць! Значыцца, погляды ў іх…

— Недарэчныя! — заключыў Том Гентэр, абструваючы шырокім нажом ручку свайго крэсла. — Так, нам застаецца толькі садзіць табак або чысціць кітавы тлушч!

— Як! — усклікнуў Мастон грамавым голасам. — Мы састарэем і памром, не скарыстаўшы апошніх гадоў нашага жыцця на ўдасканаленне агнестрэльных гармат? Нам не будзе выпадку выпрабаваць дальнасць нашых стрэлаў? Паветра не асвеціцца больш агнём нашых пушак? Вы забываеце заўсёды магчымыя міжнародныя цяжкасці, якія дазволяць нам аб’явіць вайну якой-небудзь заатлантычнай дзяржаве! Няўжо французы не затопяць ніводнага нашага карабля? Няўжо англічане не парушаць калі-небудзь міжнароднага права, — ну, напрыклад, павесяць трох-чатырох нашых землякоў?

— Не, Мастон, — адказаў палкоўнік Блемсберы, — не дачакацца нам такога шчасця! Не здарыцца ніводнага інцыдэнта, а калі і ўзнікне, мы не зможам скарыстаць яго. Нацыянальная чуткасць Злучаных Штатаў слабее з кожным днём; хутка ўсе мы станем бабамі!..

— Праўда, наш урад зусім пазбаўлен нацыянальнага гонару. Мы часта знімаем шапкі перад іншымі дзяржавамі! — дадаў Білсбі.

— Больш таго — нас зневажаюць! — зрабіў вывад Том Гентэр.

— Святая праўда! — падхапіў з новаю сілаю Мастон. — У паветры носяцца тысячы прычын для аб’яўлення вайны, і іх не хочуць скарыстаць! Наш урад клапоціцца аб эканоміі ног і рук для людзей, якія не ведаюць, што ім рабіць з гэтымі рукамі і нагамі! Ды няма чаго далёка шукаць гэтай прычыны: хіба Паўночная Амерыка раней не належала англічанам?

— Безумоўна, належала! — усклікнуў Том Гентэр, ярасна мяшаючы вуголле ў каміне канцом свайго кастыля.

— Ну, — дадаў Мастон, — дык чаму-ж Англіі, у сваю чаргу, не належаць амерыканцам?

— Вось гэта правільна! — усклікнуў палкоўнік Блемсберы. — Зусім правільна!

— А схадзіце — парайце гэта прэзідэнту Злучаных Штатаў! — закрычаў Мастон. — Як ён вас прыме, а?

— Дрэнна прыме! — працадзіў Білсбі праз свае чорныя зубы, зацалеўшыя ад вайны.

— Дык няхай ён, — казаў далей Мастон, — на наступных выбарах не разлічвае на мой голас, клянуся гонарам!..

— І нашых яму не мець! — дружна пацвердзілі астатнія ваяўнічыя інваліды.

— Ну, а пакуль, — сказаў Мастон у заключэнне, — калі мне не дадуць магчымасці выпрабаваць маю новую мартыру на сапраўдным полі бітвы, я выходжу з членаў Пушачнага клуба і выязджаю з Балтыморы. Лепей пахаваю сябе жывым у саванах.

— І мы зробім тое-ж самае! — падхапілі таварышы ваяўнічага сакратара Пушачнага клуба.

Так абстаялі справы ў клубе. Рознагалоссе нарастала з кожным днём, клубу пагражала ўжо небяспека распаду. Але адна зусім нечаканая падзея папярэдзіла катастрофу.

На другі дзень пасля апісанай гутаркі члены клуба атрымалі наступнае цыркулярнае пісьмо:

„Балтымора, 3 кастрычніка.

Старшыня Пушачнага клуба мае гонар паведаміць сваіх сачленаў, што на агульным сходзе 5-га чысла гэтага месяца ён зробіць інфармацыю, здольную ўзбудзіць у іх вялікую цікавасць. З прычыны гэтага, ён найпакорна просіць членаў клуба афяраваць сваімі чарговымі справамі і прыбыць на гэта паседжанне.

З вельмі сардэчным прывітаннем
ваш Імпі Барбікен, С.П.К.“
[7]


Апошнія літары абазначалі „Старшыня Пушачнага клуба“.

  1. Раман напісаны ў апошнім годзе гэтай вайны.
  2. Мартыра — кароткая артылерыйская гармата для навеснай стральбы.
  3. Мянушка жыхароў Злучаных Штатаў Амерыкі.
  4. Шлях палёту цела.
  5. Намёк на закон сусветнага прыцяжэння, адкрыты Н’ютонам: два целы прыцягваюцца з сілаю, прама прапарцыянальна здабытку іх мас і адваротна прапарцыянальна квадрату аллегласці між імі.
  6. Крывавая бойка 1863 г., у якой перамаглі паўночныя штаты.
  7. Памянёныя ў гэтым раздзеле Парот, Дальгрэн і Родмэн — асобы гістарычныя. Яны сталі вядомымі ў амерыканскую вайну сваімі вынаходкамі ў галіне артылерыі. Парот вынайшаў асобую сістэму чыгунных наразных пушак буйнага калібра. Капітан Родмэн, вынаходца другога тыпу наразных гармат, прыдумаў таксама прыбор для вымервання ціску парахавых газаў і першым ужыў у артылерыі буйнасярністы порах. Адмірал Дальгрэн (па паходжанню швед) вынайшаў цяжкія марскія гарматы, названыя яго іменем. „Гаубіца Дальгрэна („калумбіяда“), — піша гісторык паўноч.-амер. вайны, — была ў 1861 г. самай магутнай гарматай, якая калі-небудзь была на вадзе. Снарады Дзльгрэна ляцелі на вялікія адлегласці і прабівалі самыя тоўстыя барты караблёў“. Усе тры названых вынаходцы належалі да арміі паўночных штатаў.
    У амерыканскую вайну з’явілася безліч вынаходстваў, заняўшых пэўнае месца ў ваеннай тэхніцы: магазінныя наразныя стрэльбы (прататып сучасных кулямётаў), буйнакалібравыя пушкі (Родмэна і Парота), бронесудны з вежамі („маніторы“), мінныя судны, першыя падводныя лодкі. Жуль Верн насміхаўся з вынаходніцкай гарачкі амерыканцаў, таму што разам з карыснымі вынаходствамі з’яўлялася нямала і самых недарэчных выдумак. „Вынаходствы, — чытаем мы ў гісторыка гэтай вайны, — сустракаліся недарэчныя і наіўныя; былі і такія, якія вынаходцам каштавалі жыцця, — напрыклад, Джэмсу, загінуўшаму пры разрыве сваёй наразной пушкі, або Гонту, якога ўтапіла яго падводная батарэя“.
    Каб зразумець сэнс імені „Дж. Т. Мастон“ (асобы выдуманай), трэба ведаць звычай амерыканцаў (і англічан) пры выбары імені ў гонар якой-небудзь асобы далучаць да выбранага імені таксама і прозвішча гэтай асобы. Калі, напрыклад, Тамсон жадае назваць свайго сына ў гонар Аўрама Лінкольна ён дае яму імя: Аўрам Л. Тамсон, — дзе літара Л паказвае, у гонар якога Аўрама названы Тамсон. Літара Т у імені „Дж. Т. Мастон“ таксама ўказвае на прозвішча чалавека, іменем якога названы Мастон.